Дамейка не адказвала. Яна скінула чаравікі яшчэ на вуліцы і зараз бегла басанож па лесвіцы. Было спякотна і дымна, і тут таксама ляцела зверху нейкае палаючае павуцінне, тоўстае, страшнае.
– Стой, Мара! – роў Сямёнаў, пераскокваючы праз усходы. Ён дагнаў яе ўжо на другім паверсе, але не стаў спыняць, схапіў за руку і пацягнуў далей, наверх.
– Багдане, што гэта, тэракт? – цяжка дыхаючы, глытаючы словы, выдыхнула Марына.
– Адкуль я ведаю, Мара! – Сямёнаў вылаяўся. – Навошта мы туды, звар’яцела?
Марына рэзка спынілася. Яны былі на трэцім.
– Што рабіць, Багдан, яно ж усё згарыць?!
– А ты што, рукамі будзеш выкідаць?
– Так, рукамі выкідаць! Гэтага ж больш цяпер нідзе… – і яна зноўку кінулася па сходнях.
Сямёнаў бяжыць побач. Пяты, шосты, сёмы, восьмы. Спякота нясцерпная. Дзверы заклініла. Сямёнаў з разгону высаджвае іх зусім. Яны кідаюцца да стэлажоў, Багдан выбівае шкло – і туды ляцяць кніжкі. Марына хапае з паліц усё, не разбіраючы, і шпурляе ўніз. Сямёнаву ўдаецца выкідаць цэлыя шэрагі. Уніз, уніз!
– Мара! А калі патушаць?
– А калі не? – крычыць яна і працягвае сваю справу.
Раптам раздаецца нейкі гук – ці то гул, ці то вой – і на вачах усхваляваных сведак вежа Калегіі павольна складаецца. Акіян ускіпае побач з набярэжнай.
Вакол лётае ўсё тое ж гарачае, павольнае, сівое павуцінне і чорны попел…
Чалавеку, які шмат працуе на зямлі, баяцца смерці не выпадае. Бо ў прыродзе смерці няма. Нават агонь, які весела і пяшчотна забівае сухія бярозавыя паленцы, апранутыя ў прыгожыя белыя кашулі, нават агонь забівае іх не цалкам – заўтра раніцай я акуратна выберу попел, ссыплю яго ў спецыяльнае вядзерца, і калі надыдзе вясна – буду сыпаць яго пад кожнае зярнятка. Попел прарасце гарохам альбо капустай, расквітнее ружай альбо саспее наліўным яблыкам, і доўга яшчэ, перакопваючы зямлю, я буду знаходзіць у глебе чорныя вугольчыкі, якія відавочна даказваюць – вось тут была лунка, вось тут была градка. Кастрычнік – месяц не гэтага, а наступнага жыцця, менавіта ў кастрычніку пачынаецца будучы сакавік, і тое зялёнае пёрка маладзенькага часнаку, якое, калі пашчасціць, праклюнецца цераз зіму акурат у Дзень Святога Патрыка, толькі падасца нам маладзенькім, бо нараджэнне ягонае пачалося ўвосень.
У кастрычніку разбіваюцца грады пад часнык і цыбулю, раскладваецца гной пад вясновыя пасадкі, па бульбянішчы шчодрымі жменямі разлятаецца азімы рапс, уважлівае гаспадарскае вока прыкмячае непатрэбныя летам посцілкі, рагожкі, дошчачкі, ватоўкі – усё, чым можна атуліць ад марозу гібіскус, ружу ці гартэнзію. Думкі бягуць далёка-далёка наперад, пераскокваюць праз зіму: вось гэтую галінку абрэжу, вось гэтую ямку засыплю, а тут будзе кветнік, а вось тут запляту ружу…
Мне падабаюцца малюнкі, на якіх яны сустракаюцца разам – восень і старая шляхецкая сядзіба. Тлустая зеляніна векавога парку ператвараецца ў сухое золата пад нагамі выпадковых мінакоў – так і жыццё, якое калісьці струменіла праз белыя вокны вялікага дома, пакінула па сабе сухое золата ўспамінаў. Апошнім часам мне перастала падабацца мастацкая літаратура – у ёй няма і сотай долі таго сапраўднага, немагчымага, непераноснага, але адзінага насамрэч драматычнага, што складае сутнасць чалавечага жыцця.
Апошні раз у гэтым годзе галю газон, каб з-пад снегу ён выйшаў смарагдавым, свежым, адноўленым, але ўсё ж такі з тымі самымі маргарыткамі леташняга ўспаміну.
Восень – добры час. Гэта не паміранне, не вечар жыцця, не перадсмяротны сон – гэта абяцанне нараджэння. Новае жыццё пускае карэнні ўжо цяпер – бадзёрымі вусамі трускавак, цыбулінамі нарцысаў і цюльпанаў, адводкамі парэчкі, вішнёвым саджанцам. Восень кранае траву пальцамі жоўтых кляновых лістоў. Наперадзе зіма. Каму сон, а прыродзе – ціхая, упартая праца – зберагчы карэньчыкі і галінкі, абжыцца ў зямлі, умацавацца, адчуць сябе на сваёй зямлі гаспадаром, пакуль не прыехалі шумныя і клапатлівыя дачнікі з мангаламі і надзіманымі басейнамі.
Калі прыехаць на лецішча ў пачатку снежня або ў студзені, абавязкова адчуеш сябе нязваным госцем – тут ідзе жыццё не для цябе, удумлівае, засяроджанае, схаванае пад снег, і гэта не сон, і ні ў якім разе не смерць – гэта нібы калектыўнае несвядомае прыроды, апрацоўваючы ўражанні мінулага года, удумліва фармулюе законы і правілы года наступнага.
Увосень я наноў раблю градкі – у наступным годзе я зусім па-іншаму спланую свой гародчык. Разрасліся яблыні, і гародніну трэба перасяляць на лепшае месца – былыя сонечныя палянкі сталі цяпер цяністымі куткамі саду. Зразаю дзёран, аббіваю з яго зямлю, і крышыцца ў маіх руках вільготная чорная зямля з рэшткамі вугалькоў – калісьці, даўным-даўно, тут ужо былі градкі, потым – газон, цяпер – зноў градкі…
Перакопка для мяне – самы шчаслівы занятак. Запусціш рукі ў зямлю, перабіраеш там камячкі і каменьчыкі, якія рассыпаюцца ў пальцах, і праз рукі ў зямлю сыходзіць усё благое, усё цяжкае, назапашанае за тыдзень. Перабіраючы зямлю, я заўсёды чамусьці думаю пра тых, каго ўжо няма – думаю пра сваіх бабуляў і дзядуляў, пра знаёмых, якія рана адышлі, думаю пра Міцкевіча, пра Бабарэку, пра Дубоўку, і яны прыходзяць да мяне не старонкамі хрэстаматый – роднымі людзьмі, у чалавечых сваіх вышынях і слабінах. Іх жыццё ўспамінаецца мне так, як быццам я яго таксама пражывала – не ў летняй сваёй мітусні, а ў золаце таго, чым яно насамрэч было напоўнена і дзеля якіх недзе там, на векавечнай і міласэрнай вяршыні, яно было задумана.
Восень паўнюткая абяцанкамі: у наступным годзе ўсё будзе зусім інакш. Усё будзе лепш, больш значна, больш правільна, таму што год пражыты нездарма – ён быў цяжкім і ўрадлівым, ад яго гнуцца паліцы склепа і зацішныя закуткі памяці, куды я склала ўсё важнае і патрэбнае, дзеля чаго гэты год здарыўся.
Жыццё працягваецца. Смерці няма.