Мінск… Як я магу яго не любіць? Ён урос у мяне, стаў маім целам і душой: вось Кастрычніцкая і Карла Маркса, любыя вуліцы майго заліхвацкага студэнцтва. Уручча – тут здымалі першыя кватэры, вось Ляўкова і светлай памяці Чэрвенскі рынак з ягонымі найтаннейшымі джынсамі і гарэшкамі са згушчонкай. Вось Усход, сто трыццаць трэці дом, яшчэ няма сіняга шкла нацыянальнай бібліятэкі, і раніцай па-над сонным праспектам ляціць легата каровінага мыкання і сінкопамі ўпрыгожваюць яго пеўні.
Ці забудуся на цябе, прыстань душы маёй, старая Ленінка? Густая ліпавая ліпеньская спёка, раскоша старых дрэваў панікоўкі – і твая доўгачаканая прахалода, адзінота тваіх чытальных залаў і цёмных калідораў. Бібліятэчная цішыня, якую тады яшчэ не парушалі шоргат сканераў і шэпт ксераксаў, а толькі шапаценне кніжных старонак і хуткі бег уласнага почырку, якім ты перапісваеш сугучныя тваім думкі з таўшчэзных кніг на квадратныя карткі. А буфет? Ці памятаеце вы гэты буфет – маленькі, цесны, утульны, дзе заўсёды па-хатняму пахлі булачкі і катлеты і стаяла да касы інтэлігентная чарга галодных, але добра выхаваных людзей?..
17
Толькі адна паліца ў цэнтральнай зале заставалася пустой – тая, дзе павінен быў стаяць Колас. Там ляжала ў адзіноце «Новая зямля», займаючы месца астатнім творам, але Марына марудзіла і марудзіла, не рашаючыся ўзяцца за класіка.
Яна ніколі не магла чытаць нічога коласаўскага, акрамя «Новай зямлі» і пары—тройкі вершаў. З вершамі было зразумела: Дамейка адчувала ў іх няшчырасць і дзяржаўную замову. Але ж яна не магла чытаць і прозу. Ані «На ростанях», ані «Дрыгву», ані аповеды «Родных вобразаў». Нібыта тыя гузікі, якімі зашпільвалася ягоная моцная, ладна скроеная і прафесійна пашытая проза, былі надта вялікімі, ці наадварот, надта малымі для пальцаў Дамейкі, і калі яна спрабавала іх расшпіліць, надзейна трымаліся ў петлях. Марына бачыла, што гэта – добрая проза, але чытаць яе не магла. Усё гэта было нейкае чужое, нечалавечае, асабістых чытацкіх падыходаў да Коласа ў Марыны не было.
Да таго ж ніводная дэталь з біяграфіі пісьменніка не цікавіла Марыну, а яна з самага дзяцінства чытала кнігі толькі тады, калі яе цікавілі аўтары.
Каменны, зачынены ад свету, незразумелы Колас не раскрываўся перад ёй.
Зусім іншая справа – Кузьма Чорны. Ягоныя «Пошукі будучыні» Марына чытала разы са тры – не таму, что падабаўся сам па сабе раман, а таму, што ёй хацелася паразмаўляць з гэтым чалавекам.
Былі тры сказы, якія складалі своеасаблівы код, пры дапамозе якога Дамейка адчыняла дзверы ў прозу Чорнага.
Адзін яна неяк прачытала ў ягоным дзённіку: «Божа, напішы за мяне мае раманы, так мне маліцца, ці што?» – за колькі месяцаў да смерці запісаў знясілены, збяднелы, спакутаваны чалавек, якому было дадзена звыш меры – усяго, акрамя шчасця. Марына, якая не мералася з Чорным ні талентам, ні пакутамі, чамусьці цалкам разумела гэты ягоны зварот да Усявышняга, бо таксама часам малілася гэткімі ж словамі наконт сваіх няісных раманаў і таксама разумела, што іх не будзе.
Другі яна аднойчы пачула ад адной старой жанчыны – тая выступала перад кафедрай са сваімі ўспамінамі, было няёмка і цяжка, апавядальніца адчувала сябе відавочна няўтульна, але ж спяшалася распавесці, бо да таго, як яе запрасілі выступіць перад навукоўцамі, ніхто ёй не цікавіўся, і было зразумела, што больш цікавіцца не будзе. Проста выйшла такая дырэктыва – правесці сустрэчу, несапраўдныя ветэраны вайны ўсім паспелі абрыднець, а ўспаміны пра пісьменнікаў – гэта было нешта новенькае. Жанчына гэтая была дачкой не вельмі вядомай пісьменніцы, ведала і бачыла шмат каго з літаратараў, і сярод іншых – Чорнага, які калісьці заляцаўся да мамінай сястры. Дамейка памятала той сардэчны боль, які яна раптам адчула, калі жанчына сказала роўным, стомленым голасам: «Ён прыходзіў сярод зімы, у завіруху, і цётка Ніна казала: “Кузёмка, ну што ты ішоў у такое страшнае надвор’е”, а ён глядзеў на яе сваімі блакітнымі вачыма і адказваў: “Якое ж яно страшнае? Цудоўнае надвор’е, ціха, ветру няма”».
А трэці ёй напісала сяброўка ў сацыяльнай сетцы. У той дзень яны заехалі на Вайсковыя могілкі і пасадзілі на магілцы Чорнага браткоў, якім не знайшлося месца ў балконных кашпо. Расады ў Марыны заўсёды было шмат, а кашпо – толькі чатыры, браткі выраслі нягеглымі, аддаваць іх камусьці было сорамна, усе тэрміны высадкі кветак праходзілі, і трэба было тэрмінова некуды тыркаць гэтыя кволенькія раслінкі, а за магілай Чорнага якраз глядзелі адны толькі валанцёры, і Дамейка завезла кветкі туды. І ўвечары сяброўка напісала: «Слухай, а ты ведаеш, што ў Чорнага сёння дзень нараджэння?» І гэтае супадзенне – нешчаслівыя, але ж такія прыгожыя кветкі, пасаджаныя на дзень нараджэння нешчаслівага, але такога прыгожага чалавека, – зрабіла Чорнага для Марыны зусім родным.
Сюжэты і героі Чорнага з тых самых ненапісаных раманаў, якія і Бог не мог бы напісаць, нягледзячы на гарачыя малітвы, сустракаліся Дамейцы ўвесь час, пакуль яна жыла на Беларусі. Марына выразна бачыла: вось гэта – ягоны, уласна ягоны сюжэт, у якім толькі той самы шчыры і пяшчотны Кузёмка мог бы заўважыць зерне расповеду пра вечнае. Аднойчы Марына паехала да сяброўкі – хаваць яе любімую бабулю, і там ёй сустрэўся адзін з тых раманаў, які так і не дачакаўся свайго аўтара.
Маруся паехала са свайго хутара ў вялікае жыцце яшчэ якой прыгажуняй.
Замест сукенкі – амаль новая цяльняшка, якую нягрэблівы бацька зняў з забітага немца, трохі панасіў сам, а потым аддаў дачцэ, маўляў, у горад едзе дзяўчо – няхай там выглядае пазамежнаму.
Цяльняшку тую падпярэзалі нейкай хусцінкай і выйшла амаль прыгожа: ростам Маруся была метр з кепкай, а немец – два з гакам, так што нават каленкі былі прыкрытыя паласатым падолам.
Замест боцікаў – бахілы, і да таго ж рознакаляровыя. Адзін – сіні, другі – чырвоны. Іх пашыў крушынаўскі шавец за адно «дзякуй», таму што ў бацькі Марусі грошай зусім не было, а матэрыялу на бясплатнае было толькі два кавалкі дрэнна апрацаванай гумы.
Між іншым, нягледзячы на пасляваенны час, такіх прыгажунь у Жыровіцкім сельгастэхнікуме болей не было. Канешне, не «шанэлі» з «дзіёрамі», але і сукенкі, і паясы, і боцікі ў дзяўчат былі больш цывільныя, чым у Марусі. Таму, калі гэтая паласатая шпынька метр сорак у рознакаляровых «дрыгватопах» выйшла адказваць да дошкі ў першы навучальны дзень, аўдыторыя зарагатала ўпокат.
Думаю, менавіта з таго дня і пачаўся ў Марусі пункцік па абутку. З першага ж заробку яна купіла сабе боцікі, а на рэшту – падарункі для бацькі, мамы і сястрычак. Боцікі былі файныя і, дзякуй богу, аднолькавыя. Грошай, праўда, на квіток дадому не засталося, і таму ехала Маруся на прыступачцы вагона, трымаючыся за парэнчы і ў ліхаманцы чытаючы «Ойча наш». Але ж дабралася і горда ўвайшла ў хату, прытупваючы абцасамі.
З тае пары боцікі ў Марусі не пераводзіліся. Сукенкі маглі і перавесціся, таму што да сукенак не было ёй ніякага часу: шлюбам Маруся пабралася з аднаногім інвалідам (і за тое, дзякуй Богу, пасля вайны мужыкоў з дзвюма нагамі дзе на ўсіх набярэшся?), у таго інваліда братоў малых поўна хата і матка памерла, малых даглядзі, агарод пасадзі, свёкра з мужам накармі, карову падаі…
Потым сваіх трох сыноў нарадзіла. Круціся вакол хаты, як хочаш, каб і паесці, і надзеці, і пагуляцца… Мала-памалу выгадавала спачатку мужніных сірот, потым сыноў у людзі выправіла, хату старую падправіла, мэблю купіла…
Але ж пра боцікі не забывалася.
Калі сыны прывозілі да маткі на лета сваіх дачок, Марусіных унучак, перш-наперш баба глядзела на дзявочыя ногі: што за басаножкі на прыгажунях? І калі ўбачанае бабу Марусю не задавальняла (а яно яе амаль заўсёды не задавальняла), з серванта даставаліся грошы і баба з унучкамі накіроўвалася ў горад за абноўкамі. Куплялі шмат: і на лета, і на восень, і на зіму адразу. І абавязкова бралі таксама і бабе: то новыя шыкоўныя тапкі, то блішчастыя гумавыя боты, то модныя чаравікі «на вашае, дзеўкі, вяселле».
Дарэчы, ад бабы дзецям і ўнукам даставаліся не толькі чаравікі ды боцікі. Маленькая, але дужая нейкай незвычайнай жаночай сілаю, якая дазваляе рана падымацца, позна класціся, усе паспяваць і ні на што не забывацца, Маруся кожны ўраджайны месяц ладзіла харчовыя перадачы з агарода па ўсіх накірунках: мужніным братам і іх сем’ям, сынам з жонкамі, унукам у студэнцкія інтэрнаты…
Яна ведала ўсе іхнія дні народзінаў і гадавіны вяселляў, перасылаючы падарункі і грошы якраз да святочнага стала. Маруся лётала з агарода ў лес, з лесу на раку, з ракі ў хату на неймаверных хуткасцях: паспрабуй паспей усё, калі на табе такая сям’я. Чаравікі сталі замяняцца тапкамі: лягчэй. Але ж і тапкі заўсёды былі самымі моднымі —з вышытымі кветкамі ці птушкамі.
З нейкага часу пачала баба Маруся ўпотай збіраць на смерць: паклала на верхнюю палічку небагатай сваёй шафы цемна-сінюю сукенку ў чорную паласу, шэрыя панчохі, хустку ў буйныя кветкі… Але з абуткам былі праблемы: ніводныя з параў, што сустракаліся Марусі ва ўнівермагах, не падаваліся вартымі сур’езнай падзеі.
Яна купляла спачатку чаравікі, але ўсе яны былі нейкімі легкадумнымі. Тады перайшла на тапкі: сур’ёзныя, зручныя, мяккія, каб на тым свеце не цяжка было таўксціся ў чэргах да апосталаў. Шмат якія з тых чаравікаў і тапкаў было потым раздадзена бабай Марусяй па знаёмых ды незнаёмых: не падыходзілі.
Тым часам да бабы ўжо прывозілі праўнучак. Баба Маруся, як ніхто іншы, разбіралася ў дзіцячай абуткавай модзе, нейкім чуццём угадваючы трэнды і тэндэнцыі: ведала, калі проста адваліць кампліментаў, а калі – зазірнуць у сервант…
Калі Маруся захварэла, ніхто спачатку нават не спужаўся. Ну і што, восемдзесят сем год, наша баба яшчэ на хаду, бадзёрая, вясёлая, як кажуць, пазітыўная, яшчэ ў красавіку сама пад лапату бульбу саджала – выкараскаецца!
А яна не выкараскалася.