У Міцкевічавым «Пане Тадэвушу» ёсць адзін герой – стары Войскі, ахоўнік былых легенд, паданняў, судовых спрэчак і векавечнай варажнечы шляхецкіх родаў. Шляхта п’е, смачна закусвае, збірае грыбы ці палюе на зайца, а Войскі сядзіць у адзіноце і пераглядае свае запісы. Бясконцыя сюжэты, якія абавязкова перакрыжуюцца, і яшчэ на ягоных вачах.
Чамусьці менавіта такая легенда – самая старая з тых, што я ведаю пра сваіх продкаў. Вось яна.
Пабралася Агата са старым панам не па сваёй волi – паслухалася бацькоў. Не тое, каб жадалi яны з багацеем параднiцца, не тое, каб разлiчвалi на неблагія даброты-выгоды. Бацькi Агаты таксама не лапцямi з чыгуноў сёрбалі: мелi і добрыя хаты, і спраўную гаспадарку. Але ж час iшоў, дачка ўжо занявесцілася i нават пачала марнець, а зяця ў хату не вяла – не падабалiся ганарлівай Агаце анi мясцовыя шляхцiцы, анi залётныя гусары. Як размаўлялi з дачкой бацькi, чым яе ўлагоджвалі – невядома, але самы настойлiвы з жанiхоў неўзабаве стаў мужам. Пасадзiлi бацькi Агату ў вазок, следам – тры вазы з пасагам, развiталiся слёзна і з цяжкiм сэрцам засталiся дома адны.
Казалi, вельмi старалася Агата быць добрай жонкай. Фiранкi на вокнах чысцюткiя, падлога вышараваная да бляску, на двары – кветкi, у пограбе – паляндвiцы. Муж на парог – на стале пiрог i iншыя прыкметы шчаслiвага сямейнага ладу. Стары пан жонку маладую не вельмi песцiў – калi-нікалi i пугай перажагне, i паразмаўляць не вялікі мастак, ды i аб чым з бабай размаўляць, з дурніцай.
Але ж неўзабаве з’явiўся ў тым маёнтку малады хлопец. Не скажу, каб Апалон Бельведэрскi, наадварот – невысокi, каржакаваты, чарнявы, да таго ж жанаты. Але ж Агата з таго часу страцiла спакой і раўнавагу.
На дзіва, яна стала больш ласкавай з апастылелым мужам, бо сорамна было нават самой сабе прызнавацца, што закахалася, як жа ж так, не маладая дзеўка, мужняя жонка.
Але не з тых была Агата, хто пагодзiцца прамяняць сваё шчасце на прыстойны выгляд на людзях. Як яны зладзiлi з хлопцам – невядома, але праз якi час прыйшла яна да мужа i сказала як ёсць: люблю Янкеля, с табой жыць не буду, прабач, адпусцi.
Не адпусцiў. Муж Агаты як звар’яцеў: зачыняў дзверы на засаўкі, вартаваў ля акон, прывязваў жонку да бэлек, збіваў да паўсмерцi ды брыдка лаяўся.
Рабiў ён гэта дарэмна. У адну ноч Агата, перарэзаўшы путы, выслiзнула з хаты, калi знямоглы, стомлены хатнімі бойкамi і вiном, захроп муж. Дабегла да жытла каханка, загадала таму збiрацца. Ён падхапiўся, паспрабаваў супакоiць гаротніцу, прыгалубiць, пашкадаваць, пачаў угаворваць – спалохаўся, карацей кажучы. Не! Збiрайся! Бяжым!
I калi яны, не хаваючыся, неслiся па вулiцы ў калёсах з драбінамі, спынiла Агата цвёрдай рукой каня, падскочыла да дабротнага панскага дома, вывела з хлява кароў, выгнала з-пад павеці курэй, кiнула ў акно абярэмак саломы і падпалiла хату разам з п’яным мужам.
Пасялiлiся ўцекачы ў маленькім гарадку, дзе нiхто не ведаў нi пра ганарлівую Агату, нi пра яе пана. Каму нарэшце расказала яна праўду пра свае ўцёкi – мо бацькам цi дочкам на смяротным ложку – не ведаю, але доўга потым жылi хлопец з Агатай у ладным доме з чысцюткiмi фiранкамi i да бляску нашараванымі палавiцамi.
Але ж ці паспеў крыкнуць словы апошняга свайго праклёну няшчасны муж сваёй вераломнай жонцы?
Часам здаецца – паспеў.
Так пачынаецца наша нітка па кудзелі. Клубок па мячы ўецца зусім па-іншаму.
Iшоў адзін салдат дадому. Адкуль ён з’явiўся i дзе быў ягоны сапраўдны дом, нiхто не ведае, ды i сам ён, напэўна, не ведаў. Кажуць толькi, што цягнуўся ён з поўначы, з «севера», адтуль, адкуль даляталi халодныя вятры ды золкія дажджы. Дваццаць пяць гадоў адбыў ён у рэкрутчыне ў царскiм войску, забыўся на бацькоў, братоў, дзевак з тае далёкае вёскi, адкуль яго некалi забралі ў салдаччыну i кiнулi ў сцюдзёную цемру iмперскай поўначы.
Таму было гэтаму салдату, з аднаго боку, маркотна, а з iншага – добра. Ён жа не быў прывязаны да апастылай неўрадлiвай пашы, якой-кольвечы мутнай лужыны ці гарэлага поля. Уся зямля твая, дзе хочаш, там спынiся: скiнь шапку, зладзь хатку.
Вось i тупаў салдат, азіраў наваколле, выбiраў. То вузкiя рэчкi яму не падабалiся, то занадта балоцiстыя берагi возера, то лясныя гушчары з гадзюкамi, то агромнiстыя, раскiданыя па ваколіцах шумныя вёскi.
Цягнуўся салдат дадому, а дома ўсё не было. Аднак ён пошукаў сваiх не спыняў, бо куды спяшацца…
Пад вечар спякотнага дня падышоў салдат да вёсачкi. Нiткай цягнулася яна ўздоўж высокага берага Дняпра. Небагатыя хаткi, калодзежы па вулiцы, гародзiкi збягаюць ад платоў да абрыву, i блакітнае палатно ракi недзе ўнiзе. А за вёскай – лес, сосны ды бярозы, i мурог па невялiчкiх курганчыках на ўзлеску. Адразу побач з апошняй хатай – ціхмяныя могілкі з белымi ручнiкамi на крыжах i слуп, на якiм пара буслоў гадуюць трох малых буслянятак.
Спусцiўся салдат да Дняпра. Агледзеў жоўты бераг, кашлаты вербалоз, астраўкi пасярод плынi.
– Рыбы будзеш даваць? – спытаўся ў рэчкі.
– Ну, калi паклонiшся маiм карчам, высокiм берагам ды пойменным лужынам – бяры, колькi здолееш з’есцi.
– А чаўны не будзеш тапiць?
– Ды на якi ляд мне патрэбны твае чаўны? Плавай сабе, толькi ваду не муці.
– А бялiзну мыць можна?
– Ну, калi адзiн ручнiк з твайго багацця прыбяру, дык ужо не пашкадуй, дзядзька, не лайся…
Спадабаўся салдату Дняпро. Свой мужык, зразумелы. Дамовiцца можна.
Так i застаўся салдат на высокiм беразе Дняпра. Зладзiў хатку, прывёў з другога канца сяла сцiплую дзяўчыну, нарадзiў дзетак. Гэта i былi першыя Севярынцы, «людзi з севера» на Дняпры.
Колькi з таго часу севярынцаўскiх ручнiкоў ды кашуль сплыло па Дняпры – не пералiчыць, але нiхто не шкадаваў: бяры, стары, на асабiстыя патрэбы!
З тае пары ўсе Севярынцы сэрцам назаўжды прыкiпелі да роднае вёскi. Дзе б нi былi – вяртаюцца туды цi на адпачынак, цi на лекаванне, цi проста так, думкi ў парадак прывесцi. Нiякiя моры-акiяны не патрэбны iм – толькi дадому, на высокi бераг Дняпра. А чаго ж – самi ж выбралi, нiхто не прымушаў…