– Памятаю-памятаю. Табе ж не падабалася гэтая школьная самадзейнасць.
– Як не падабалася? Усё падабалася мне. Можа тады і хацелася нейкага лоску і еўрарамонту, але ж зараз мне падаецца, што гэта так па-сапраўднаму – школьная самадзейнасць, чэшкі, балонікі, серпанцін і дрэнная фанаграма… Чаму ў нас ніколі не было такога свята якога-небудзь свайго святога…
– Не, ну чаму не было? Дзень славянскага пісьменства быў…
– О? Я нават не ведала. Было нешта такое афіцыйнае – ты гэта маеш на ўвазе? Не, я не пра тое. Якое-небудзь такое свята, якое можна было б святкаваць разам. И каб гэтае свята было не прымусовым, не афіцыйным, каб яно не было спаганена нашымі рознымі райаддзеламі адукацыі, ідэалагічнымі ўпраўленнямі ці наогул Міністэрствам спорту і турызму. Як Новы год, разумееш?
– Ну дзе ж ты бачыла несапсаваны Новы год? – хмыкнуў Сямёнаў. – Са снежня ўсім крамам і кафэшкам ужо дураць галовы: дзе вашыя гірлянды, дзе вашае ўпрыгожванне? А карпаратывы? Ты паспрабуй не пайсці на навагодні карпаратыў. Ага. І наогул напішы на сцяне, што ты ў гэтым годзе на Новы год напляваў і ёлку не ставіў. Палова тваіх фрэндаў пачне настойліва запрашаць у госці, другая палова – паліваць цябе брудам за тваю антыкалядную пазіцыю. Не, Мара, беларус без прымусу не разумее нічога, нават святаў.
– Багдан, а ты не думаеш, што ўсё гэта таму, што пакуль што не з’явілася сапраўднага свята, такога, каб усё ж такі не прымушалі? Хіба ж ірландцаў прымушаюць святкаваць Патрыка? Хіба ж амерыканцаў выганяюць на святочныя дэманстрацыі на Дзень Удзячнасці? Не, і там, я ўпэўненая, ёсць людзі, якім не патрэбна святочная індычка, але ж між іншым… Ты ж памятаеш, Багдан, мы ж з табой колісь хадзілі таксама ў тую «Чабурэчную» на дваццаць пятага сакавіка, памятаеш? Гэта мелася быць такое свята, лепей за Патрыка, але ж не стала – чаму? Мы былі такімі самотнымі, Багдан, такімі надта сур’ёзнымі, усё шукалі нейкія коды наяўнасці, а знаходзілі коды адсутнасці, а можа, трэба было паглядзець на ўсё гэта нейкімі дзіцячымі вачыма? Ну вось табе, табе што хацелася б святкаваць усёй краінай?
– Мне? Мне – Воршу.
– Цьфу. Вашыя гэтыя мужыцкія забабоны. Як можна святкаваць вайну? Было ж у нас усё гэта, вайна ў якасці галоўных дзяржаўных святаў. Не дапамагло.
– Ну, Купалле тады.
– Не, Купалле не падыходзіць – яно надта агульнае. У рускіх Купалле, ва ўкраінцаў Купалле, трэба нешта сваё.
– Ну, тады Дзень Кансервацыі, Марачка. Што можа быць больш нашае, чым той дзень, калі нейкія дзядзькі і цёткі грукнулі алоўкамі і вырашылі забіць мову ў загадным парадку.
Дамейка нават не знайшлася, што адказаць.
– Ды не крыўдуй, Мара. Ты паглядзі на гэта з іншага боку. Паглядзі, колькі народу прыпала зараз да чыстых крыніц. Як алені, з кален п’юць святую тваю і ніяк не нап’юцца. Ну няхай ніхто на мове не размаўляе, за выключэннем нас з табой і звар’яцелых канадскіх бабулек з беларускай дыяспары, ну няхай на ёй не прызнаюцца ў каханні, дык затое і не сварацца, не забіваюць і не паміраюць. Крыніца – яна, ведаеш, вельмі псуецца, калі пачынае бегчы паўнаводнай ракой праз буйныя прамысловыя цэнтры. Чым не свята, га?
Цяпер яны ішлі моўчкі. Дамейцы раптам стала абыякава і нецікава. Увесь рамантычны імпэт некуды знік. Ідэя з агульным выратавальным святам, якая яшчэ хвіліну таму падавалася ёй натхняльнай і разумнай, раптам скукожылася да знакамітага адкрыцця анекдатычнага фізіка: «Банан вялікі, а ягоная скурка значна больш». Ёй падалося, што наогул людзі нічога не вырашаюць у лёсах моў, яны проста падпарадкоўваюцца нейкім гістарычным працэсам. Вось яна, Дамейка, падпарадкаваная працэсу памірання і кансервацыі. І Сямёнаў, між іншым, таксама. І таму, што яны вельмі паслухмяныя выканаўцы, ім даецца бонус ад лёсу – працягваць займацца тым, што для іншых сталася нежывым.
І ўсё ж такі раз-пораз вобразы нейкіх святаў узнікалі перад вачыма Дамейкі. То гэта было Свята арцыбіскупа Альберта, з сярэднявечным карнавалам, рыцарскімі турнірамі, батлейкамі і балаганамі на рынкавых плошчах, і каб прадавалася ўсё таннатанна, і каб вулічныя музыкі, жывыя скульптуры і прыгожыя залацістыя бомчыкі на гнуткіх палачках кожнаму дзіцёнку, які прыйдзе на свята.
А то гэта было свята Торвальда Вандроўніка, вікінга, хрышчонага ў Ірландыі, таго самага, што нібыта хрысціў Полацак за два гады да нападу князя Уладзіміра, свята восеньскае, халоднае, а таму з вогнішчамі на рынкавых плошчах, з гарачымі каўбаскамі і хмельным півам ва ўтульных кавярнях, з велічнымі паўночнымі дракарамі пад белымі ветразямі на астываючых рэках і абавязковай традыцыяй завяршаць гэты дзень дома, ля каміна, у пухнатым скандынаўскім пледзе з малінавым грогам у высокай шклянцы.
То гэта быў Максімаў дзень – і каб у гэты дзень усім школьнікам адмянялі ўрокі, і яны маглі прыходзіць у бібліятэкі і бясплатна есці там пірожныя і торты, і чытаць вершы, і дурэць адзін з адным у якіх спаборніцтвах ці на розных каляровых батутах, а замест бомчыкаў каб раздавалі блакітных матылькоў з паперы на срэбных дроціках.
Ці, можа, няхай бы гэта было вялікае студэнцкае свята імя Вераніцына, і пачыналася б яно з Горы-Горацкай акадэміі, і як толькі там, у Горках, самы гарласты студэнт з апошняга паверху акадэміі пракрычыць якое-небудзь адпаведнае выпадку слова, па ўсёй краіне кожны ўніверсітэт ці каледж у спецыяльных строях сваіх устаноў выходзіць на вуліцы, і каб цякло ракой піва, смачнае і якаснае, ад якога не балела б галава, а толькі радавалася б сэрца, і каб былі спаборніцтвы ў выступоўчым мастацтве, і паэтычныя слэмы, і спевы пад гітару, і гоман і крык да раніцы. І тут няхай бы раздавалі што-нішто дзецям, напрыклад, нейкія сцяжочкі з выявамі ўніверсітэцкіх гербаў, і як прыемна было б браць герб таго ўніверсітэта, у які ты марыш паступаць.
Ці, нарэшце, Свята грыбнога палявання – ціхае-ціхае з раніцы, пакуль нашыя ўдзельнікі шукаюць свайго шчасця пад елкамі і асінамі, і шумлівае з абеду, з духмяным грыбным супам па ўсёй краіне, з бясплатнымі дранікамі-галянікамі, з кірмашамі і зноўтакі рынкам. І дзецям – марцыпанавыя ды шакаладныя грыбкі на цукровых ножках.
Старыя суворыя дзядзькі ад культуры, вусатыя і пахмурныя адраджэнцы, заўсёды крывіліся і пляваліся на розныя Хэлоўіны і Дні Святога Валянціна. А што плявацца? Дайце вы людзям Дзень Ваўкалака замест Хэлоўіна ці Святую Рагнеду замест Валянціна, хаця і Рагнедзіна свята тэарэтычна невясёлае. Марына задумалася: а ці былі ў беларусаў светлыя гісторыі кахання? Калі і былі, дык пра іх нешта ж не распавядалі, а пра што распавядалі – такое каханне было вельмі ж несвяточным. Добра, няхай застаецца пакуль што Святы Валянцін.
Марына ўспомніла, вакол якіх падзей спрабавалі аб’яднацца беларусы. Вакол Дзядоў, сумнага свята памерлых, вакол Чарнобыля, страшнага свята набрынялых радыяцыяй жывых, вакол ваяўнічай Воршы і знясіленага, палітага чатырохгадовай крывёй траўня сорак пятага. Ну так, былі калісьці Дажынкі, але ж і гэтая добрая ідэя была з першага дня свайго жыцця надзейна сапсаваная адміністрацыйным рэсурсам.
«Дарэчы, чаму б не арганізаваць гэтыя святы ціхенька ў Багданавым Цэнтры?» – падумалася Дамейцы. Але ж гэтая думка ў той жа момант рассыпалася ў пыл: ціхія, малалюдныя, святы гэтыя страчвалі свой смак і водар. Гэта толькі разам святкаваць, беларусамі. Але дзе ж іх цяпер збярэш.
Яны выйшлі на набярэжную, і Марына па звычцы ўзняла вочы на свой дзявяты паверх з белымі шторамі.
– Багдан! Што гэта?!
Будынак Калегіі займаўся. З верхніх паверхаў клубамі валіў чорны дым, з вокнаў раз-пораз вырывалася полымя. Над акіянам плылі калматыя аблокі страшэннага вогнішча.
– Што гэта, Багдан?!
Марына стала, аслупянеўшы, раптам узвыла – і пабегла, шпарка, як ніколі не бегала, да ўваходу ў Калегію.
Сямёнаў вылаяўся і кінуўся за Дамейкай.
Гарэла страшна. Цяпер, калі яны падбягалі ўсё бліжэй, было бачна: з вышыні падалі нейкія камякі, палкі, дошчачкі, нейкія анучкі і каменьчыкі, полымем былі ахоплены і паверхі ніжэй. За спінамі Дамейкі і Сямёнава ўжо скавыталі паліцэйскія і пажарныя сірэны, і літаральна праз імгненне пасля таго, як Сямёнаў ускочыў праз абыякавыя да трагедыі дзверы ў хол Калегіі следам за Марынай, паліцэйскія ачапілі плошчу перад будынкам.
– Мара, стой!