Хавалі Марусю ў спякотны ліпеньскі дзень. Яна ляжала маленькая, метр з кепкай, багатая труна здавалася бясконцай і нейкай не бабінай, нібыта з чужога пляча, як тая цяльняшка са здаравеннага немца.
Была на бабе цёплая, не па сезону, сіняя з паласой сукенка, шэрыя панчохі, хустка ў кветку… І шыкоўныя тапкі: малінавыя, з чорнай падэшвай, вышытыя залатымі галінкамі, смарагдавымі лісцікамі і бурштынавымі ягадкамі.
18
Часцей, чым гэта можна было б уявіць сабе, Марына раіла пацыентам Быкава. Потым яна наогул стала дадаваць быкаўскія аповесці да кожнага свайго спісу, найперш – «Знак бяды», потым – «Альпійскую баладу» ці «Жураўліны крык», а то і «Сотнікава». Псіхолагі, з якімі Сямёнаў за Марынінай спіной узгадняў спісы, спачатку былі ў шоку і спрабавалі Быкава забараніць, бо, на іх погляд, лячыць дэпрэсіі і суіцыдальныя настроі ваеннай прозай было занадта смелым эксперыментам. Калі Марына даведалася пра гэтыя ўзгадненні, Сямёнаў ледзь не страціў ложак і стол і тры дні яны зусім не размаўлялі, але нейкім чынам гэты хітры ліс усё ж такі знайшоў нейкія больш ці менш правільныя словы, і Марына злітасцівілася, і нават пагадзілася з тым, каб псіхолагі падзялялі з ёю адказнасць за літаратурныя лекі.
Тлумачыць псіхолагам, між тым, Марына нічога не стала і працягвала выпісваць «Знак бяды» нават у самых цяжкіх выпадках.
Быкаў Марыны быў не такім простым, якім падаваўся школьнымі настаўнікамі сямёнаўскім псіхолагам. Перш за ўсё, гэты Быкаў пісаў не пра вайну.
Вайна, канешне, была, асабліва для быкаўскіх сучаснікаў, якія ці дакладна ведалі, ці адчувалі розніцу паміж акопнай праўдай і кніжнай яе версіяй. Але Марыніна пакаленне ведала вайну ўжо з быкаўскіх аповесцяў, і гэтая прорва паміж вайной і афіцыёзам ужо не так кружыла галаву. Вайна падручнікаў і газет, контурных мапаў і артыкулаў у гістарычных часопісах была такой, якой апісаў яе Быкаў, прызма быкаўскіх аповесцяў імгненна адсякала розную лухту і дазваляла чытаць паміж радкоў. Гэтая быкаўская вайна стала ўласнымі Марынінымі ведамі пра акопы, партызанаў, паліцаяў і карнікаў, таму Дамейка чытала ў Быкава зусім пра іншае. Дарэчы, так чыталі Быкава, здаецца, толькі яе аднагодкі, бо ўжо праз пяць год месца быкаўскай вайны зноў заняла вайна з плакатаў.
Пачалося якраз са «Знака бяды». З самай першай старонкі. З куста шыпшыны і каменных прыступак, якія засталіся ад хаты Петрака і Сцепаніды Багацькаў. Гэтая дэталь была настолькі яскравай, такой сапраўднай, што займала дыханне – ну сапраўды, так і бачыўся той шэры пагорак, той рэдкі хмызняк, тое чорна-рудае лісце абапал узлеску, куст шыпшыны… Падыходзіш бліжэй, па сівой траве, якая сцелецца недагледжанымі пасмамі па колішніх градках. Спатыкаешся – бо прыступкі. Так, тут стаяла хата, сюды прыйшлі немцы, сюды наведваліся паліцаі, адсюль пацягнулі ў невядомасць Петрака, тут падпаліла сябе Сцепаніда… Проста шыпшына і прыступкі, такія бачныя і сапраўдныя, і ў іх – нейкім незвычайным чынам – уся гісторыя.
А потым Марыну раптам як працяла. Шыпшына. Сцепаніда. Гэта ж Стэфанія – імя, якое паходзіць ад грэчаскага – «вянок», ці лепш – «вянец». Імя галоўнай гераіні нейкім дзіўным чынам рыфмавалася з прыгожай калючай кветкай, беларускім цярновым вянцом. А прыступкі… Божачкі ж мае! «Ты, Пётр, камень, і на табе пабудую я царкву сваю…» Пётр, камень. Каменныя прыступкі, на якіх пабудаваны ўвесь аповед. Пятрок Багацька, гаротны муж няшчаснай Сцепаніды.
Усё ж такі засталіся яны на сваім хутары, і Пятрок, і Сцепаніда, адзін – прыступкамі, другая – шыпшынай, і нішто іх адсюль цяпер не вырве. Паспрабуйце, дастаньце з-пад зямлі прыступку ці выкарчуйце шыпшыну! Не так і лёгка.
І пайшла, пайшла раскручвацца зашыфраваная аповесць Быкава. Вось Яхімоўшчына, хутар, на якім пластаюцца ў жаданні свайго шчасця руплівыя Пятрок і Сцепаніда. Шэрая, няплодная зямля, на якой добра родзіць адно толькі бульба і лён. Дарога з горада ў мястэчка, па якой туды-сюды коціцца то адна, то другая вайна. І галоўнае, нікому той хутар па вялікім рахунку і не патрэбны, бо што там з гэтых корпалаў сялянскіх возьмеш, але ж вады папіць, пераначаваць ды здзерці з гаспадароў апошнюю скуру – чаму ж не? Хто ад такой спакусы адмовіцца? І рабуюць, і руйнуюць, проста па дарозе, кожны, хто міма пройдзе. Ну гэта ж на далоні: зямля пры дарозе, багатая на ваду, бульбу і лён… Краіна наша, руплівая і няшчасная, як Яхімоўшчына.
Далей, далей, расшыфруем тэкст. Ну добра, Петраку і Сцепанідзе няма іншага шляху, як застацца на сваёй зямельцы камянём у зямлі ды шыпшынай пасярод паляны. Але ж дзе іх дзеці? Дзедзе… Федзька на вайне, мо, ужо і забілі, ні слыху, ні голасу. Феня з’ехала ў горад і там таксама згубілася, ды і наогул, нават у суседзяў з мястэчка з дзецьмі нешта не тое: не бачна іх у аповесці. Адзін быў Яначка Ганчарык, белагаловы хлопчык, на вачах якога застрэліўся брат-камсамолец, якога прымусілі раскулачыць сваю нявесту, дык Янка анямеў, а потым і наогул знік – загінуў ад недарэчнай кулі.
І ў гэтай зямлі, шчодра палітай слязьмі і крывёй, ля гэтай шыпшыны, ля гэтых прыступак, у празрыстым хмызняку, ляжыць бомба, якую схавала Сцепаніда.
Ляжыць, бо ніхто яе не знайшоў. Добра схаваная. А што будзе, калі раптам мірны ўжо трактар пачне араць цяпер калгасны пагорак? А што будзе, калі знойдуць яе дзеці, якіх мамка выправіць па грыбы? Не бачна шчасця на гэтай зямлі, не бачна спакою.
Дамейка чытала «Знак бяды» безліч разоў, і кожны раз адкрываліся ёй новыя і новыя сэнсы, адзін другога сапраўдней і страшней. Але ж ад гэтай праўды – пра зямлю, пра цябе, пра гісторыю – станавілася чамусьці лёгка і чыста. Нібыта нехта асцярожна выціскаў з галавы солад і сіроп глянцавых уяўленняў пра зямлю, на якой ты жывеш, – і ты глядзеў навокал чыстымі і мудрымі вачыма.
Ну сапраўды, паспрабуй падмануць селяніна, сказаўшы яму: «Во, глядзі, на гэтае поле мы прывезлі машыну гною, тут у цябе зараз бульба вырасце – кожная з конскую галаву». І пачне селянін нешта там вырошчваць, а яно ж не расце, бо ніякага гною няма – адна мана. А скажы яму праўду, маўляў, дрэнная зямля, братка, старайся ўжо, як можаш, дык ад такой праўды і мэтанакіраванага старання і бульба, можа, вырасце. Быкаўская праўда пра краіну і людзей давала разуменне, што рабіць, а чаго не рабіць.
І шкада, што мала хто хацеў мець гэтае разуменне.
Гэтак жа чытаўся «Сотнікаў» ці пазней «Ліквідацыя» – не гісторыяй пра дрэннага Рыбака і велічнага Сотнікава, а гісторыяй пра зямлю, на якую прыходзяць чужыя людзі з чужымі ідэаламі, памкненнямі і мэтамі. І яны не запытаюцца ў цябе нічога, а толькі забяруць у цябе апошняга барана, падставяць пад кулі тваіх дзяцей – ну, і загінуць гераічна побач з табой, як жа іначай. І няма выйсця на гэтай чужой для цябе вайне. Хацеў жыць сабе, дзетак панараджаў, а вось яно як выйшла.
З дзецьмі ў быкаўскіх аповесцях амаль заўсёды здараліся трагедыі. Марына заўважыла гэта даўно, амаль з першых прачытаных аповесцяў, і потым з асаблівай пільнасцю прыглядалася: а тут, у гэтым сюжэце, ці ёсць дзеці? І што з імі? І заўсёды было нешта не тое.
Па праўдзе, Марына разумела, чаму так. Яна часта думала: як маглі людзі, якія прайшлі вайну, ці людзі, якія вырваліся з канцлагераў, потым заводзіць дзяцей? Адна толькі думка пра тое, што твайму дзіцёнку трэба будзе выскокваць з акопа з аўтаматам ці што ён стане задыхацца ў бітком набітай камеры ад атрутных пахаў выпаражняў, павінна была б забіць любыя надзеі на працяг свайго рода. Навошта нараджаць дзіця? На вайну ці на пакуты?
Дамейка сама ніколі не сумавала, што ў яе не было дзяцей. Так, канешне, калі б тады Сямёнаў не кінуў яе такім пачварным і невытлумачальным чынам, яны б нарадзілі каго-небудзь, і Марына памятала, што ёй часам гэтага вельмі ж хацелася, а потым не стала Сямёнава, і болей побач не было такіх мужчын, ад якіх яна б не чакала такога ж выбрыку. Пра тое, каб нараджаць дзіцёнка для сябе самой, як гэта рабілі некаторыя сяброўкі, якім таксама не пашчасціла, яна не хацела думаць, бо не магла нават уявіць сабе, што ёй прыйдзецца адмаўляцца ад звыклага існавання дзеля бясконцых турбот і хваляванняў за малое. Ды і навошта? Нарадзіць – і потым трэсціся ўсё жыццё? То вайна, то пандэмія, то проста нечая абыякавасць, якая сыдзецца клінам менавіта на табе.
«Ну нарадзілі ж цябе твае бацькі!» – пацёпвалі плячыма сяброўкі.
У яе ніколі не было нейкіх там асабіста цёплых адносін з маці. Тая, флегматычная, не вельмі прыгожая жанчына, трымала хатнюю гаспадарку, і гэта было для яе нейкай адтулінай, бо працавала яна ў бухгалтэрыі, зорак з неба не хапала, ніколі вышэй за другога бухгалтара не ўзнімалася, затое дома на кухні роўных ёй не было: і супы, і пірагі, і мяса – усё выходзіла вельмі ж смачным, але такім жа спакойным і па вялікім рахунку – звычайным. Проста смачная ежа.
А потым бацька сышоў. Разам з ім не стала і дадатковай бабулі з дадатковым дзядулем – ва ўсіх дзяцей іх было па тры ці ажно па чатыры, а ў яе – толькі адна, маміна.
Вострае жаданне разабрацца са сваімі каранямі ўзнікла ў Дамейкі толькі тады, калі памерла маці – бабулі не было ўжо даўно. У каго было дапытвацца?
Але яна заўсёды з нейкім замілаваннем у сэрцы чытала даследаванні лёсаў чужых сем’яў – даследаванні шматстаронкавыя, сыходзячыя каранямі ў сярэднявечча, а то яшчэ і далей.
Любімай яе гісторыяй была гісторыя роду Луцкевічаў герба «Навіна»: ад гісторыі суворага Яна і прыгажуні Сафіі, ад няпростых лёсаў Антона і Івана – да звычайнай жаночай гісторыі іх дачкі Эміліі.
Аднойчы Марына трапіла на канцэрт Данчыка і сядзела ў першым радзе побач з выкшталцонай, прыгожай жанчынай, у раскошы сівізны і пражытых гадоў, і жанчына аказалася мамай Данчыка. «Пані Юля, пані Юля, хадземце!» – бегала побач бялявая дзяўчына, калі Данчык ужо прымаў букеты. Юля Андрусышына, дачка той самай Яніны Шабуні, якую калісьці даўно-даўно, у іншай гісторыі, насіў на руках у свае ракуцёўскія канікулы маладзенькі Максім Багдановіч, унучка самой Эміліі, прыгожай, але ж не надта шчаслівай шляхцянкі герба «Навіна». Потым Марына не раз здзіўлялася: трэба ж, і яна адчула подых шматвекавой гісторыі, патрымаўшыся дзве гадзіны за тую ж самую ручку тэатральнага крэсла, за якую трымалася Юля Андрусышына з роду Луцкевічаў.
«Напэўна, – думала Марына, – трэба мець асаблівую смеласць – цягнуць нітку свайго роду праз усе выпрабаванні лёсу, а яны ж абавязкова будуць у нашчадкаў людзей, якія жывуць у краіне ля вялікай дарогі пад знакам бяды».
Гісторыя нашай сям’і багатая на легенды, як гісторыя любой беларускай сям’і, бо землі нашы ўвесь час жылі цяжкім і драматычным жыццём, і кожнаму пакаленню даводзілася рабіць няпросты выбар, і кожнаму пакаленню даводзілася адказваць за выбар бацькоў. Кагосьці з нас і па сёння чакае сваё бязлітаснае дзікае паляванне, кагосьці – свой неадменны подзвіг. Ведаем мы пра гэта ці не – нічога не мяняецца, але, канешне, лепей ведаць.