Ну, і як скончыць гэтую гісторыю, я не ведаю. Ці сустрэнуцца яны? Ці пойдзе ён у дом насупраць, бо смага і надта хочацца піць, а гэтую дзяўчыну ён ужо нібыта і ведае? Ці назаўтра іх пагрузяць у цяплушкі і павязуць на Ізвестковую? Ці ўначы яго супроць сцэнару заб’юць крымінальнікі, а яна пра гэта так і не даведаецца? Ці даведаецца? І яго ўжо няма, а яе жыццё, дадатковае, атрыманае ва ўзнагароду, будзе цягнуцца яшчэ ажно да 2012 года – узнагароджваць, дык напоўніцу?
Ці, можа, як у кіно, яна проста наважыцца прайсці міма, зусім-зусім побач, паслізнецца на чырвонай гліне, і ён падхопіць яе і абыякава адвернецца, увесь у сваіх чорных думках, і на гэтым – усё?
20
– Спадарыня Дамейка! – голас Рычарда ў слухаўцы ажно пырскаў ад смеху. – Скарга на вас, даражэнькая! Спадар Сямёнаў прасіў вас не турбаваць, але ж я вырашыў, што вы павінны ведаць.
Дамейка нават узняла брыво, хоць і ведала, што яе ніхто не бачыць і маляваць свае пачуцці на твары няма патрэбы.
– Скарга? Адкуль?
– Ну як адкуль? Скаргі бываюць толькі там, дзе існуюць жывыя людзі. Мёртвым жа не баліць, так у вас кажуць? З вашага Цэнтра, канешне.
Марына адчула непрыемны холад недзе ў жываце. Пачалося. Толькі выпусці літаратуру ў белы свет да беларускага чытача – адразу пачнуцца скаргі.
– Вы можаце даслаць мне гэты ліст?
– Ужо даслаў, спадарыня Дамейка, калі ласка, разгледзьце і абмяркуйце з вашымі спецыялістамі. Гэтая дама заплаціла за месяц і будзе тут яшчэ тры тыдні. Трэба, каб яна засталася задаволеная.
Яна паклала слухаўку з выразным адчуваннем, што Рычард чакаў зусім іншай рэакцыі. Можа, дарэмна Марына адразу натапырылася і заняла глухую абарону. Ну прыняла б пас ад Рычарда, пасмяяліся б разам, пажартавала б што-небудзь наконт скаргаў ад жывых і мёртвых і не стаяла б зараз адна ля сваіх стэлажоў з памятным яшчэ са школы страхам перад дарослымі цёткамі, якія чымсьці надта незадаволеныя.
Напэўна, Марына і ёй выпісала «Знак бяды». А можа, яе дачцэ. А можа, у іх здарыўся кагнітыўны дысананс паміж элітным адпачынкам на беразе акіяна і патрабаваннямі чытаць літаратуру на нейкай сялянскай мове. А можа, яе дзядуля некалі з палымянымі вачыма змагаўся супраць беларушчыны. А можа, яна сама працавала ў тым інтэрнаце, з якога выключылі хлопцаў за спеў «Магутны Божа» на першавераснёўскай лінейцы. Усё магчыма, насамрэч, і чаму Дамейка да гэтай хвіліны стаіць, разгубленая, ля стэлажоў і марнуе час замест таго, каб адкрыць ліст ад Рычарда, – невядома.
Па праўдзе, Дамейка ніколі не была радая таму, што так натхняла Сямёнава – апошняй магчымасці беларускай кніжцы мець свайго чытача. Навошта? Чытач у кніжцы заўсёды чытае не аўтара, а самога сябе. Ну так, беларускае слова жыве, пакуль яго чытаюць, але з гэтага нараджаецца цалкам лагічнае і крыўднае пытанне: жыве – і што? Няўжо ж добрая нямецкая ці шыкоўная французская кніжкі аказвалі б меншае тэрапеўтычнае ўздзеянне на дэпрэсуючых дам, якіх так лёгка можна ўпэўніць у чым заўгодна і дзівавацца эфекту плацэба.
Сямёнаў лічыў, што літаратура жыве толькі з чытачом. Дамейка лічыла, што літаратура жыве толькі з даследчыкам. Так, даследчык можа выхаваць чытача і падарыць яму незлічоныя багацці літаратуры, перадаць, як перадаецца каштоўная спадчына ад верніка адданаму неафіту, як перадаецца востры цяжкі меч ад Артура Ланцэлоту, з запаветам вайстрыць і змагацца. Што літаратуры з гэтых цётак і дзядзек, не здольных зразумець і сотай часткі таго, што закладвалася ў радок?
– Ну ты і павучыха, Мара, – пасмейваўся Сямёнаў. – Ну што ты так шкадуеш людзям слова?
– А навошта яно ім? Гэта ж нашая асабістая казка – чытайце, літаратура ратуе. Яны гэтаксама паверылі б і ў тое, што галубіны памёт ратуе.
– Ты, Мара, канешне, тыповая беларуска, тут не паспрачаешся. Ты ж дрыгва. Бульк! Упаў у твае сны Багдановіч. Праглынула. Зацягнула цінай. Ціхенька, спакойненька занатоўваеш яго ў каштоўны бурштын – не для людзей, не для свету, нават не для музея, для сябе, для свайго дрыгвянага дна. Бульк! О! Дубоўка ўпаў. Бульк! Бабарэка. Яны ж так і знікаюць, так і зніклі, Мара, у вашых асабістых літаратуразнаўчых нетрах. Ці вы неслі іх свет людзям? Ці вы распавядалі пра свае адкрыцці на кожным павароце? Ці вы хваляваліся, каб вашыя веды пра іх сталі ведамі агульнымі? Ды не. Шкадавалі людзям літаратуры. Ну, і сядзі цяпер ля сваіх стэлажоў, а падманутыя табой пацыенты будуць патрабаваць ад цябе пляжных раманаў – што, маўляў, за самоту вы нам тут падсоўваеце? Давайце нам «Дзённік Брыджыт Джонс» на гэтай вашай мове.
Часам Мара думала, што Сямёнаў у нечым мае рацыю. Але толькі часам. І толькі ў нечым. Бо яна добра памятала, як рэзка адмаўляліся ад беларускай літаратуры звычайныя чытачы напрыканцы ХХ стагоддзя. Адзін хлопчык – вельмі разумны, таленавіты, цікавы – крычаў аднойчы на Дамейку амаль у істэрыцы: «Я ненавіджу гэтую вашу мову і не падыходзьце да мяне з ёй!» Гэта здарылася, калі Марына кансультавала яго з навуковай працай. Праца была па гісторыі еўрапейскага фэнтазі, і Марына параіла дадаць да матэрыялаў «Сем камянёў», – шыкоўнае фэнтазі Аляксея Шэіна. Англійскія фэнтазі ў працы былі, рускія – былі, чэшскія нават – былі, а беларускае выклікала істэрыку.
Чаму так?
Марына не ведала.
– Ну, Мара, ну падумай сама, – аднойчы патлумачыў ёй Сямёнаў, – ну хто ходзіць гуляць па балоце? Гуляюць па лузе ці па лесе. А балота – яно, канешне, вельмі карыснае і вельмі цудоўнае, яно хавае шмат загадак і гісторый, але ж гуляць там непрыемна і небяспечна. Яны і не гуляюць.
– Нейкая бязглуздая метафара, – раздражнілася тады Дамейка.
– А ты пачакай-пачакай. Ты яшчэ пабачыш, што гэта – не метафара.
Але ліст быў зусім не наконт «Знака бяды».
«Кіраўніцтву санаторыя пры Міжнароднай Лінгвістычнай Калегіі. Просім растлумачыць самаўпраўныя дзеянні супрацоўнікаў санаторыя па забеспячэнні пацыентаў лекавай літаратурай. У верасні мінулага года тут адпачывала і праходзіла лячэнне мая дачка. Ёй былі выпісаны творы Уладзіміра Караткевіча і вершы Аркадзя Куляшова, а таксама пераклад «Яўгена Анегіна» вышэйадзначанага паэта. Згодна з прэйскурантам, яна аплаціла два тыдні карыстання трыма кнігамі – агульным лікам тысяча пяцьсот долараў».
У Дамейкі пацямнела ў вачах. Сямёнаў з’ехаў з глузду. Гэта ж якая адказнасць, высвятляецца, ляжала на Дамейцы ўвесь гэты час! Але ж і спрытнюга! Ніхто і ніколі так не зарабляў на беларускай літаратуры, як гэта рабіў Сямёнаў. Ну, цяпер зразумела, што гэта за ліст і якімі будуць усе іншыя. Дзіўна, што першы прыйшоў толькі зараз.
Далей – болей.
«Уся наша сям’я была задаволена вынікамі лячэння, і тады ў сакавіку пашчасціла набыць курсоўку мне. Мае дыягназы значна больш складаныя, чымсьці ў дачкі, але менеджар маёй турфірмы запэўніла мяне, што і такія складаныя выпадкі не з’яўляюцца праблемай для супрацоўнікаў адмысловага цэнтра. Я знаходжуся тут ужо тры тыдні, хутка скончыцца тэрмін, аднак па сёння мне прапісаны толькі Колас на трыста долараў. Я пыталася ў сваіх дактароў, але яны кажуць, што кнігі выпісваюцца выключна экспертам Камісіі і яны нічога зрабіць не могуць. У бібліятэцы, куды я звярнулася па іншыя кнігі з прапановай аплаціць па найвышэйшых тарыфах, мне нічога не далі, спаслаўшыся таксама на эксперта. Я не разумею, і для мяне дзіўна – вам не патрэбныя грошы? Вам шкада кніг? Чаму бібліятэка не адкрыта для чытачоў? Чаму я павінна чытаць толькі тое, што мне прапісвае нейкі эксперт? Чаму я не магу карыстацца кнігамі, як мне заўгодна, бо я маю грошы і жаданне? Чаму чалавеку са складанымі дыягназамі прапісваюць простае і таннае лячэнне? Ці ёсць нейкая ўправа на дзеянні эксперта?»
Дамейка пырснула ад смеху. Бач! Недадалі ёй літаратуры! Ат, змагарка! Дзе ж ты была, цётачка даражэнькая, дзе ж былі грошы твае і твой імпэт яшчэ дзесяць год таму?
– Багдане! – пакуль яна набірала нумар, смех пераўтварыўся ў крыўду. – Нешта пацыенты твае на мяне скардзяцца.