– А, дайшоў лісцік? Так, Марачка, так, кансерватарка мая дарагая, скардзяцца. Мала выпісваеш, шкадуеш.
– Слухай, Сямёнаў, а што гэта за кошты ў цябе такія астранамічныя?
– Чаго ж астранамічныя, Мара? Сапраўдная літаратура не можа каштаваць танна. Гэта яе незваротна псуе. Яна павінна быць з’явай элітнай і статутнай. Хопіць, яна ўжо паналежала народу і школьнікам у межах праграмы, цяпер карыстаюцца нармалёвыя людзі і просяць яшчэ. Выпішы ты ёй, калі ласачка, яшчэ чаго на тысячу трыста, каб было, як у дачкі, бо яна ж не адстане.
– Багдан, дык хай яны самі ходзяць у бібліятэку, я ж аддала па дваццаць асобнікаў вам на пяты паверх…
– Э, не, ты мне тут не пачынай. Нахадзіліся ў бібліятэкі. Зараз толькі па рэцэптах. Мара, не палохайся, гэта ўсё будзень. Ведаеш, колькі тут такіх неспатоленых? Дзясяткі. Проста што да цябе не пускаем. Во, прарвалася адна.
– Багдане, ну як ты не зразумееш мяне. Гэта ж нейкі жах насамрэч. Зараз я павінна ў цябе запытацца: ну, і каго мне выпісаць на тысячу трыста? І ты павінен мне адказаць: ага, Гарэцкі ў нас па шэсцьсот, Арлоў па трыста пяцьдзясят, дык дай ёй Гарэцкага, двух Арловых і на рэшту – Новіка-Пеюна, так? У што ты пераўтвараеш літаратуру? І сядзе яна, цётухна тая, і будзе тлустымі пальцамі старонкі пераварочваць…
– Мара, ты інтэлектуальная расістка. Чаму ты не паважаеш чытачоў з тлустымі пальцамі? Глядзі, не кажы такое Рычарду. Усё, каханенькая, цалую за вушкамі, да мяне прыйшлі.
Дамейка ажно ледзь не заплакала. На тысячу трыста! Бабарэку ў ягоны апошні дзень сцюдзёнага таёжнага кастрычніка? Дубоўку, які сядзіць, прытуліўшыся да сцяны, у чэбаксарскім бараку і сціскае, нібыта жалезнымі абручамі, свінцовымі рукамі галаву? Зоську Верас, празрыстую, амаль без слыху бабульку, якая перабірае танюткімі жоўтымі пальцамі сухое лісце колішніх газет?
– Мара! – Сямёнаў, напэўна, схамянуўся, успомніўшы, што ўвечары ім сустракацца. – Марачка, не мучайся, выпішы ёй, калі ласка, Мележа і Куляшова, і не што-небудзь, а «Сцяг брыгады», і дадай «Лісце каштанаў» Караткевіча, бо яна некалі вучылася ў Кіеве. Гэта будзе тое, што трэба, і мы вырашым яе праблему.
– Сямёнаў, а нельга зрабіць неяк так, каб мяне вашыя праблемы болей не тычыліся?
– Можна-можна. Гэта ўсё праз недагляд. Адміністратарку звольнім сёння ж.
– О матка боска, не трэба толькі звальняць ніякіх адміністратарак.
– Вохці ж, мая прыгажуня, ну калі ты так просіш, дык не будзем! Усё, заняты. Цалую.
Дамейка падумала, што было б няблага, каб і яна хутчэй прызвычаілася да Цэнтра і навучылася спакойна пералічваць пісьменнікаў на грошы і назад. Гэта было б добра і для Дамейкі, і для пісьменнікаў, і для грошай. Яна і сапраўды апошнім часам атрымлівала значна больш, чым раней, але самае крыўднае было ў тым, што вялікія грошы былі ёй непатрэбныя. З кожным павелічэннем яе прыбытку проста павялічвалася сума, якую Дамейка штомесяц пералічвала на дабрачынныя рахункі, але і гэтае пералічэнне не прыносіла ёй задавальнення, бо даўно было механічным. Любыя падарожжы, калі б ёй карцела падарожнічаць, аплочвала б Калегія, жытло – таксама, і яна магла б здымаць якія заўгодна апартаменты, але ж і апартаменты былі ёй нецікавыя. Яна ведала, што і Сямёнаў – чалавек у быце зусім непатрабавальны, навошта тыя грошы былі яму? Ён жа зарабляў іх з відавочным задавальненнем. Напэўна, мае нейкія рэвалюцыйныя планы, падумалася Марыне. Што ж, няхай. Няхай хоць бы так рэалізуецца тое векавечнае чаканне найлепшага жыцця, якім перапоўнена была ўвесь час памерлая літаратура.
А ці памятаеш ты, як мы з табой пасварыліся наўпрост на вуліцы, ля вялікага кветніку, там, дзе працаўніца Валгаградская перакрыжоўваецца з ціхмянай вулачкай Кедышкі? Ты маўчаў, і ў цябе нібыта зводзіла зубы ад болю, а я крычала і махала рукамі, і ў чатыры бакі свету кацілася паўз нас гарадское жыццё, і жухлі бегоніі на кветніку, і сыпалі чырвонымі пялёсткамі на шэры асфальт…
А яшчэ, памятаеш, мы сядзелі на ўскрайку Севастопальскага парка на нейкім бервяне, і была вясна, і нейкі надта радасны сабака ўсё бегаў вакол нас і з усёй дурной веснавой моцы тыцкаў чорным носам у леташняе лісце?
А як чакалі цягніка на Беларускім вакзале і пайшлі ў краму набыць што-нішто на дарогу, і насыпалі прадавачцы на касе з паўкілаграма іх манетак, бо навошта яны нам дома?
А тое халоднае возера, здаецца, то была Вілія, памятаеш? Ты плыў да вострава, мерна і ўпарта адштурхоўваўся ад сіняй вады, а я стаяла на беразе і глядзела, як ты нарэшце даплыў і, задаволены, упаў на жоўты пясок, раскінуўшы стомленыя рукі?
А той дом, стары-стары, пасярод некалі раскошнага газону, пабітага без належнага нагляду вяснушкамі дзьмухаўцоў – мы здымалі дачу, і вокны ў тым доме пачыналіся ад самай падлогі, і былі там высокія-высокія рыплівыя прыступкі?
А як міналі Лунінец і ў акно раптам заляцела воблачка попелу і засыпала мае валасы, і белую сурвэтку на стале, і нашыя кілішкі, дзе плюхаўся бурштынавы каньяк, і ты ўсё шкадаваў яго выліваць?
А як мы з табой выйшлі ў Мясаце і бадзяліся там па лясах і палях, нібыта ў пошуках грыбоў, хаця быў чэрвень, было сонца, была трава і мяккія пагоркі пад зялёнымі дубамі, і водар чаромхі, і пацалункі ветрыка, а грыбоў якраз і не было?..
А як пякло сонца на Рэвалюцыйнай, і мы амаль беглі да праспекту, маладыя і моцныя, і павярнулі да паштамта, і на прыступках вялікай жоўтай будыніны ты, страшэнны хуліган, хадзіў на руках?
А ўспомні яшчэ: як ішлі, не, амаль беглі па жоўтай дарозе і разам уголас чыталі – не, крычалі, чамусьці менавіта крычалі – вясёлымі, дурнымі галасамі шчымлівы верш Антона Рудака, які абодвум нам страшэнна падабаўся – так, што мы з табой, не дамаўляючыся, вывучылі яго на памяць.
– Не па-кі-дай за са-бо-ю да-ро-гі на-зад! – крычала я, і дыханне займала ад раптоўнага шчасця.
– Ча-ста вяр-ну-цца скла-да-ней чым ру-шыць на-перад! – дэкламаваў ты, уздымаючы рукі…
не пакідай за сабою дарогі назад
часта вярнуцца складаней чым рушыць наперад
рэзкі ўдар сярод трасы па тармазах
не пакідае шанцаў прарвацца на іншы бераг
не пакідай без нагляду сваіх віроў