рыбаў у глыбіні птушак паміж аблокаў
пушчаў палёў зуброў і астатніх звяроў
ровараў грузавікоў трактароў мотаблокаў
цэркваў і замкаў вёсак і гарадоў
песняў і казак здымкаў лістоў успамінаў
нават калі па іх не засталося слядоў
нават калі лёс нічога ад іх не пакінуў
у выніку шэрагу папераменных поспехаў і параз
у вечнай вайне паміж кепскім і штораз горшым
не пакідай суцяшаць сябе тым што ўсё гэта не ў першы раз
зрэшты і з гэтым таксама не перабольшвай
не азірайся на тых хто застыў пры дарозе стаяць слупом
у гэтай гульні не разлічваючы на выйгрыш
не пакідай намаганняў ісці самастойна і насупор
помні пра тое што ты па сабе пакінеш
як пакідае пісьменнік музыка мастак
літарамі на паперы фарбамі на мальберце
сімвалы веры надзеі любові як знак
усяго чаго нельга пакінуць вось так
каб не ўмерці
Пакуль жывеш, ускладаеш асаблівыя надзеі зусім на іншыя моманты свайго жыцця – маўляў, як жа прыемна будзе мне ўспамінаць гэтую хвілінку, а як соладка – гэтую. Але ўспамінаецца зусім іншае, тое, што калісьці прамінуў, але вось яно, жыве, казыча пахамі той самай чаромхі, якой, мабыць, таксама ўжо няма.
Час лякуе, і мне зараз значна прасцей. Як было ў класіка: паганая істота чалавек, да ўсяго прывыкае. Гэта, напэўна, выглядае на здраду, але я і смяюся, і цікаўлюся новымі кнігамі, і з апетытам ем, і хаджу з Марынай у боўлінг, і толькі калі пабачу, як горне да сябе якуюсь дзяўчыну нейкі малады чалавек, толькі тады ў мяне спыняецца сэрца і стынуць рукі ад вялікай крыўды. Так, банальна. Нават сорамна прызнавацца.
«Яны жылі доўга і шчасна і памерлі ў адзін дзень» – гэта казка зусім не пра сапраўднае каханне. Што ты ведаеш пра чалавека, калі ты не ведаеш, як ён сыходзіў? Што ты ведаеш пра ягонае жыццё, пра мэты, накірункі і сэнсы? Гэта як кніга: пакуль ты не прачытаў апошняга слова, ты ніколі не можаш сказаць, пра што яна была. Каханне, тое самае, пра якое часам марыцца, і не толькі ў дзяцінстве, пачынаецца тады, калі ты адчуў на сваёй шчацэ апошні подых таго, хто быў для цябе даражэйшым за ўвесь сусвет. Толькі цяпер ты ведаеш яго да канца.
Гэтых ведаў адзін пра аднаго вам не хапала тады, калі ад невыноснага шчасця быць побач вы спляталіся ў адно ў чаканні агульнай імгненнай непрытомнасці. Гэтых ведаў не хапала, калі ламалі рукі ў немагчымасці зразумець – ну чаму? Чаму менавіта так? Чаму ты сказаў гэтыя словы, яны ж немагчымыя? Апошні подых тлумачыць усё – і выбачае ўсё.
Разабраць архівы нашага жыцця, раскласці па фондах і вопісах нашыя дні і гады, паставіць на стэлажы драмы і камедыі нашых будняў, звычайных будняў звычайных людзей, якія раптам становяцца раманамі і аповесцямі, адшукаць галоўнае і не забыцца паставіць на палічкі няважнае, але ж любімае, здзівіцца, што засталося не тое і не такое, і навучыцца з гэтым жыць.
Гартаць старонкі, якія гартаў ён, гатаваць на святы ягоныя любімыя стравы і казаць выпадковым гасцям, саромеючыся да бяссільных старэчых слёз: «Ён такое надта любіў», гуляць па тых самых вуліцах і заўсёды спыняцца на скрыжаванні ля чырвоных бегоній… Ён будзе жыць яшчэ столькі, колькі жыву я.
Тут яно і спраўдзіцца – тое самае пра «жылі доўга і памерлі ў адзін дзень».
21
Яны ішлі па набярэжнай. Кастрычнік дыхаў прахалодай. Сямёнаў трымаў Дамейку за руку, і яна нечакана для сябе ўспомніла той апошні дзень, калі ўсё раптам абрынулася, каб потым пачацца наноў у іншым свеце, у якім ужо шмат чаго не было. Успамінаць было чамусьці небалюча, і Марына нават паганяла туды-сюды ў галаве прыгожы гладзенькі мячык успамінаў. Ён катаўся, абмінаючы вострыя куты, і зусім не турбаваў Дамейку. Нарэшце яна ўздыхнула з палёгкай – усё, здаецца, усё дрэннае скончылася.
– Шкада, што тут ніхто не адзначае Дзень Святога Патрыка, праўда? Я б схадзіла на канцэрт. Нават на такі, як тады, памятаеш?