Самы стары з Севярынцаў, якіх я бачыла на свае вочы, быў мой дзед Павел. Паколькі з вайны ён вярнуўся без нагі, а значыцца, быў не вельмі спрытным у справе дагледзець унукаў, дык, бывала, ён прывязваў каго з нас доўгай вяроўчынай да лавачкі ля веснічак – і тады сядзеў і сачыў за намі. Даўжыні вяроўкі якраз хапала, каб мы дабеглі да шашы – і не скочылі пад машыну. Гуляць з дзедам, няхай сабе і на вяроўцы, было добра – ён ніколі і нічога нам не забараняў, а часам – адпаведна нашаму настрою – спяваў якую смешную песеньку ці загадваў пакручастую загадку.
Ён быў на вайне толькi два тыднi. За гэтыя чатырнаццаць дзён ен паспеў прайсцi пехам не адзін дзясятак кіламетраў, апынуцца ці не ў самай крывавай мясарубцы вайны за Радзіму – бойцы на рацэ Проні, атрымаць ордэн Чырвонай Зоркi, найвышэйшую ўзнагароду для простага салдата, i страцiць нагу.
Канешне, усiх Паўлавых нашчадкаў страшэнна цiкавiла гiсторыя ордэна. Але Павел Пятровiч не надта быў гаваркi наконт вайны наогул, i наконт ордэна ў прыватнасцi. Толькi з часам з нейкiх абрыўкаў размоў ды недасказанасцяў за сяброўскiмi бяседамі з’явiлася, нарэшце, паданне пра ордэн. Паколькi першым, хто запiсаў i лiтаратурна апрацаваў гэтую гiсторыю, быў ягоны сын Кастусь, дык я прыводжу паданне ў яго рэдакцыi: «Тата мой не забiў нiводнага немца, ды вось парадокс: якраз, лiчы, за гэта атрымаў ордэн “Чырвоная Зорка” са штампiкам у пасведчаннi “Сапраўдна без фатаграфii” i факсiмiльным подпiсам “Сакратар Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР А. Горкiн”.
А было, як запомнiлася з аповедаў, так.
…Падчас разведвальнай вылазкi з лейтэнантам, камандзiрам узводу, афiцэр i радавы Павел Севярынец мелiся накапаць бульбы на адным з гародаў толькi што адбiтай у гiтлераўцаў вёсачкi. Кухнi не паспявалi за iмклiвым наступленнем, а харчавацца i падсiлкоўвацца трэба было пастаянна.
Камузвода iшоў з аўтаматам i штык-нажом на рамянным трэнчыку, а баец-навабранец – з рыдлёўкай i вядзерцам. Не паспелi i бульбiну падняць, як з-за адной з хат пачулася стралянiна. Разведчыкi-бульбакопы залеглi ў баразну.
– Глянь ты, адзiн нейкi дурань затрымаўся, – ацанiў iмгненна абстаноўку лейтэнант. – Ён – адзiн, нас – двое. Вось табе, Паша, штык-нож, пракрадзешся з тылу i, пакуль я буду перастрэльвацца з фрыцам, прырэжаш гада.
– Ды я, таварыш лейтэнант, нават пеўню галаву не магу адсекчы, а тут жа чалавек як-нiяк, – жахнуўся салдацiк.
– Па-першае, не чалавек, а фашыст. А па-другое, за невыкананне загаду па законах ваеннага часу… – прывёў самыя пераканаўчыя аргументы камандзiр, у якога вайна забрала цi не ўсю радню, разам з жонкай i малымi дзеткамi…
Новаспечаны дыверсант выглянуў з-за хлява якраз у той момант, калi здаравенны, мо, пад два метры ростам (цi то ў страха вочы вялiзныя?) немчурына мяняў ражок з патронамi. Зручны момант! Аднак, успрыгнуўшы на спiну працiўнiка, неспрактыкаваны салдацiк змог толькi шкрабануць вастрыём ляза наеты карак акупанта. Той вокамгненна скiнуў з сябе хударлявага чырвонаармейца i сцiснуў учэпiстымi пальцамi горла…
Калi небарака ачомаўся, лакальны эпiзод Вялiкай Айчыннай быў вырашаны на карысць савецкага салдата: галава фрыца з пасмамi акрываўленых рудых валасоў валялася асобна ад тулава, а спрытны лейтэнант выцiраў штык-нож ад крывi аб траву… На гэты раз навабранец страцiў прытомнасць ад жудаснага вiдовiшча…
А ў гiтлераўца былi з сабой, у палявым планшэце, важныя дакументы.
Камандаванне не паскупiлася на падзяку: абодва разведчыкi атрымалi па ордэне з рук камандзiра палка».
Але ж самай каларытнай з усіх была мая баба Маруся.
Пра яе па праўдзе можна складаць легенды. Шмат чаго ў яе жыццi было легендарнага i гераiчнага. I калi раскулачвалi бацьку i дзецi з дарослымi грызлi кару ды варылi лебяду… I калi бралася шлюбам з аднаногім Паўлам Севярынцам, бо шкада стала: хлопец без нагi з вайны прышкандыбаў, а ў яго на шыi братоў малых гронка i сястра-немаўлятка, бацька стары, а матка памерла… Цi калi амаль нежывога ўнука, ад якога адмовiлiся гарадскія лекары, выратавала зёлкамі ды шэптамi… Як вазiла пошту праз Днепр на лодцы ў любую непагадзь пры любой хвалі… Можна было б расказаць пра шматлiкiя бабiны праекты па зборы на маштабныя святкаваннi шматлiкай раднi, пра тое, як людзi, якiя проста ехалi мiма Марусiнай хаты i зайшлi вады напіцца, станавiлiся таксама блізкімі i атрымоўвалi пажыццёвае права на адпачынак у цудоўнай Унорыцы дый багатыя вясковыя ссабойкi… Можна распавядаць пра велiзарныя пакункі з прадуктамі, якiя баба рэгулярна цягала на аўтобусную станцыю i рассылала па адрасах сваiх дзяцей i ўнукаў ледзь не кожны месяц… Але наогул легенда – жанр надта дробны для такой постацi, як баба Маруся. Да таго ж яна сама якую пажадаеш легенду магла сплясці ў момант ды распавесці яе так выразна i смачна, што нiякi артыст не здолеў бы. Таму проста цытую:
Ты ж ведаеш, Анька, Шкрэбаў, тых, якiя жывуць ля дарогi да лесу? У iх яшчэ стагi сена леташнiя стаяць, гнiюць. Гэты ж Шкрэба таксама iнвалiд. Наш дзедушка iнвалiд, i ён. Толькi наш дзед настаяшчы iнвалiд, а пра Шкрэбу я табе раскажу. Празналi яны, што iнвалiдам i сена бясплатна даюць, i льготы ўсякiя, i пенсiя ў iх пабольша. I сталi яны думаць, як бы i iм iнвалiдамi здзелацца. Ага, думаюць, трэба з урачамi пасаветавацца. Павезлi ў Рэчыцу да ўрачэй яечкi, мяса, кабана спецыяльна забiлi, падаркi ўсякiя. Думалi ўрачы, думалi, што са Шкрэбам рабiць, i прыдумалi: уставiлi яны яму пластмасавае сэрца, зашылi ў грудзi i напiсалi, што iнвалiд. Ты чуў, ты бачыў, што прыдумалi? I цяпер iм i сена, i пенсiя, i забор калхоз пакрасiў. А наш дзедушка так i не папросiць нiчога нiколi, хоць i самы настаяшчы iнвалiд.
Ты пытаешся, як там Вiка? Нармальна Вiка. Сыночка нарадзiла, у Рэчыцы жыве. Бацька iхны, праўда, кiнуў iх, Вiка адна малога росцiць. Спрабавала яна на работу ўстроiцца, хацела ў прасцiтуткi пайсцi. Ага… Пайшла яна туды на сабяседаванне, ну, туды, дзе там хто ў прасцiтуткi гэтыя набiрае, але ж не прынялi яе, сабяседаванне яна не прайшла. Рашыла яна тады закончыць жыццё самаўбiйствам. Пазванiла ў мiлiцыю i кажа: «Прыходзьце да мяне, пажалуста, я тут жыццё самаўбiйствам буду заканчываць, так за сынам маiм прысматрыця». Ну, мiлiцыянер ёй кажа: «Пачакайце, жэншчына, пакуль што самаўбiйствам жызнь не канчайце, я зараз прыду». Прыйшоў, пагаварыў з Вiкаю, ну, яна i перадумала. Работае там дзесьцi ў Рэчыцы цяпер…
Цi веру я ў Бога? (Смяецца) Не знаю, унучачка. Калi ён ёсць, дак у мяне ж у кожным куточку iконы паразвешаны, у ручнiчках, усё як трэба… А калi яго няма, дык iконы ж тыя есцi не просяць…
Э-э-э, Анька, пра Васiля ты пытаешся…. Памёр летась Васiль. Пайшоў кароў пасвiць, ды i ўпаў там. Вечарам каровы iдуць, а пастуха няма. Маня, жонка ягоная, пабегла на поле, а ён ляжыць. Яна думала, ён п’яны, а ён мёртвы. Ну, паклiкала мужыкоў, прывезлi яго… Ага… Похараны Маня харошыя здзелала, очэнь харошыя… I стол накрыла, людзей назвала, багата так усё… Ну, i прычытала яна над гробам тожа харашо, так (прыпамiнае, дзелавiтым тонам): «Ах, ты ж мой Васiлёчак… На каго ж ты мяне пакiнуў?.. Як жа ж я цяпер без цябе?..» Карацей, харашо так прычытала, правiльна, маладзец.
I яшчэ адна каларытная замалёвачка. Аднойчы баба Маруся таемным шэптам паклiкала мяне з хаты ў агарод. Зайшлi мы за хлеў, у высокую зелянiну. Тут баба раптам скiнула з сябе мурзатую хатнюю сукенку, вокамгненна нырнула ў святочнае ўбранне, сунула старое адзенне мне ў рукi i зашаптала:
– Праз тры гадзiны вынесеш мне гэтае сюды ў гарод. Хацiм з дзеўкамi троху пасядзець, суседа нашага прыгласiлi, стол накрылi… Я халоднае ўзяла, агурочкаў, рыбы той з халадзiльнiку, тут во, у батве схавала. Дзеду нiчога не гавары, я не хачу, штоб ён знаў. Калi запытае, скажаш, што травы пайшла свiнням рваць…
Было тады нашай гулёне восемдзесят гадоў.
19
Ужо колькі часу Дамейка карпела над сваімі стэлажамі, а праца ўсё не заканчвалася. Наадварот, яе станавілася ўсё болей і болей. Пошук годных імёнаў і вартых твораў нагадваў Дамейцы лясны сунічнік: пакуль бярэш чырвоныя, налітыя праменнямі сонца і водарам лесу ягады, бачыш чырвань смакаты праваруч, глядзіш на яе, баючыся страціць у зеляніне лакіраваных лісцікаў, толькі ступіш у іх бок, а там, крыху далей – яшчэ болей, яшчэ прыгажэй. Марына дзівілася сама з сябе: здаецца, навуковы супрацоўнік, палова жыцця ў літаратуразнаўстве, а як школьніца: палічыла, што дваццаць пяць стэлажоў – досыць для беларускай літаратуры. Маўляў, колькі той літаратуры. А яе вунь колькі!
Месца на паліцах імкліва таяла: у першым шэрагу вольнымі сярод іншых так і стаялі пакуль што паліцы Коласа і Гарэцкага, трэці і чацвёрты шэрагі былі застаўлены пад завязку, заставаліся пяты і цэлы ангар кніжак на двары.
Трэба было неадкладна апрацаваць самую галоўную паліцу з пятага шэрагу – паліцу першага айчыннага нобелеўскага лаўрэата.
Зразумела, Дамейка ставіла толькі пераклады – усе пяць кніг «Галасоў Утопіі» паспелі перакласці на мову на хвалі радасці ад рашэння Нобелеўскага камітэта. Ды што там радасць – стала відавочна, што на перакладах абавязкова заробіш, і за справу ўзяліся. Прэміяльнае пяцікніжжа, побач – жыццяпіс Святланы Алексіевіч і шыкоўна выдадзены альбом з фотаздымкамі, гісторыяй стварэння пенталогіі і адпаведнай літаратурнай крытыкай.
Дарэчы, менавіта ў тых, хто пісаў па-руску, зараз заставаўся адзіны шанец апрацоўваць і захоўваць для будучыні беларускі свет у слове – праўда, у рускім слове. Беларусы даволі лёгка і паспяхова ўключыліся ў літаратурны працэс, які віраваў вакол тытульнай нацыі, і кожны год нехта з этнічных беларусаў абавязкова атрымліваў якую-небудзь рускую літаратурную прэмію.
У свой час Дамейка была ў першых шэрагах тых, хто лічыў, што галоўнае ў нацыянальнай літаратуры – не мова, а менталітэт, і этнічныя беларусы, нават калі пішуць па-руску, распавядаюць свету пра беларускі погляд на існае, таму сёння яна магла б не хвалявацца за лёс беларускага светапогляду. Але менавіта зараз яна раптам усвядоміла, што, калі памірае мова, з ёй памірае і літаратура. Рускамоўныя пісьменнікі маглі лічыць сябе беларускімі толькі тады, калі побач з імі былі беларускамоўныя калегі, бо іх рускамоўны беларускі свет можна было б з нечым параўноўваць і ідэнтыфікаваць, а зараз яны нічым, ну наогул нічым не адрозніваліся ад пісьменнікаў рускіх. Гэта было дзіўна, але гэта было так. І як толькі беларускамоўныя кніжкі зніклі з беларускіх бібліятэк і кнігарняў, усе яны адразу і без усялякіх акалічнасцяў сталі лічыцца рускімі пісьменнікамі.
Зусім не так было ў той кастрычніцкі дзень, калі Нобелеўскі камітэт агучыў сваё рашэнне.