Дамейцы тады падавалася, што вось яно, нарэшце, тое, чаго не хапала беларускай літаратуры. Здавалася, зараз свежы вецер агульнаеўрапейскай цікавасці прадзьме ўсе куты і лабірынты нашай літаратуры і сонца чытацкай увагі сагрэе кожны парастак. Але так не здарылася: Нобелеўку расцягнулі па сотнях форумных ветак, надсадзілі галасы ў спрэчках, наша яна ці не наша, і ўсё магчымае натхненне субліміравалася ў чарговую «бульбасварку».
«Галасы Утопіі» Дамейка вельмі любіла. Яна іх чытала адразу па выхадзе, усе – па-руску: спачатку, яшчэ школьніцай – «У вайны не жаночае аблічча» і «Апошні сведка», потым, таксама на ўроках – «Цынкавых хлопчыкаў», ва ўніверы – «Чарнобыльскую малітву», якую так і не дачытала да канца, бо сэрца займалася нейкім незвычайным, халодным жахам, і, нарэшце, «Час сэканд-хэнд».
Марына добра памятала, што ледзь не кінула «Час» на трэцяй старонцы: першыя інтэрв’ю падаваліся ёй зусім нецікавымі. Дзевяностыя яна добра памятала, памятала тую чароўную адпаведнасць гістарычнага часу свайму асабістаму маладому і бадзёраму настрою на змены, матэрыяльных цяжкасцяў яна тады амаль не заўважыла, бо была студэнткай, а калі гэта студэнты жылі багата? Карацей кажучы, мінорны лад чужых успамінаў падаваўся ёй нават няшчырым. Але яна з упартасцю вечнай выдатніцы пераваліла першыя два аповеды, крыху зацікавілася, калі пачала чытаць успаміны былой супрацоўніцы абкама, і, нарэшце, нырнула ў сюжэт з галавой.
Ахвяры, ахвяры, ахвяры – Марына чытала гэтыя гісторыі і мімаволі чакала: а ці будуць аповеды карнікаў? Яны ж таксама яшчэ жывыя – тыя, хто расстрэльваў, тыя, хто пісаў даносы, яны ўсе жывуць побач, бо немагчыма, каб засталіся адны ахвяры. Наадварот – карнікаў і даносчыкаў павінна было выжыць больш. Іх прысутнасць Марына адчувала нават скурай – і ёй стала цяжка ездзіць у грамадскім транспарце. Але ў кніжцы іх пакуль не было – толькі ахвяры. А дзе ж тыя, якія катавалі? Дзе ж тыя, якія стралялі? Гэтае пытанне спружынай сядзела ў кнізе, не давала адкінуць яе дзеля іншага, больш спакойнага чытання. Да галасоў, запісаных Алексіевіч, у Марынінай свядомасці дадаваліся, усплывалі іншыя галасы – голас Максіма Гарэцкага, які так нечакана і так страшна апісаў расстрэл у «Дзвюх душах», голас Макара Шалая, ад якога толькі і засталося, што адчайныя жарты са следчых у пратаколах перадсмяротных допытаў, голас Адама Бабарэкі ў апошніх лістах… І раптам…
Гэтае інтэрв’ю – не аповед ад першай асобы, а пераказ успамінаў памерлага цесця – Марына памятала да літары. Упершыню кат размаўляў з ёй сам-насам, няхай і ў пераказе. І не важна, што Марына не ведала ні яго імя, ні яго прозвішча – яна адчувала, што ён такім і быў.
Проста чалавекам, дарэчы. Які проста працаваў. Так, на такой складанай і бруднай працы. Але ж калі не ён, то хто? Хто бараніў бы краіну ад ворага? Хто выводзіў бы ў расход тых, хто стаяў на смерць на шляху маладой краіны?
Марына ведала, што так яно і было, але калі раней гэта было здагадкай пісьменнікаў, зараз з ёй размаўляў ён сам.
І ён быў проста чалавек, які любіў сваіх унукаў і які бываў рады адпачынку, які прыходзіў на працу ўжо стомлены, які таксама здаваў грошы на дні народзінаў калег і адзначаў Новы год. Проста праца ў яго была – страляць. Розныя бываюць на свеце працы.
Марына ведала, што ўжо за адно гэтае інтэрв’ю Святлане Алексіевіч варта было даць Нобелеўку.
Але ж мова… Да чаго ж шкада, што тая мова была не той.
І самае крыўднае тут – што яна і не магла быць іншай, тая мова.
Гэта было праблемай: пісаць беларускія кнігі напрыканцы існавання мовы. Немагчыма было напісаць нармалёвы гарадскі раман, бо гараджане не размаўлялі на беларускай мове, і тыя дыялогі, прымусова перакладзеныя на яе, выглядалі ненатуральна. Немагчыма было напісаць нармалёвую падлеткавую аповесць, бо падлеткі таксама не размаўлялі па-беларуску. Немагчыма было напісаць раман пра адносіны мужчыны і жанчыны, бо яны таксама будаваліся па-расейску, а калі па-беларуску – дык на раман нечага не хапала. І нават пра каханне жанчыны да жанчыны – здавалася б, невычэрпная тэма – напісаліся хіба некалькі аповедзікаў, і тыя не сягалі далей даволі банальнае эротыкі. Мо, таму, што пагаманіць між сабой па-беларуску гераіням усё ж такі было няма пра што. Адзінае, што выглядала сучасна і натуральна па-беларуску, – гэта фэнтазі, бо ў прыдуманых сусветах можна размаўляць як заўгодна, і гістарычныя раманы, бо сапраўды былі ж такія часы, калі на беларускай мове размаўлялі.
Можна было, канешне, пісаць яшчэ пра вёску і вайну, гэта было цалкам натуральна, але ж папярэднія пакаленні пісьменнікаў заэксплуатавалі гэтыя дзве тэмы да немагчымага.
Мне час ад часу хочацца напісаць апавяданне з такім фантастычным сюжэтам: нібыта адна жанчына за добрыя паводзіны і сумленнае жыццё атрымлівае ад вышэйшых кіраўнікоў Зямлі і Неба гран-пры.
Прыходзіць анёл і кажа: «Ну, жанчына ты наша дарагая, прасі, што хочаш». І яна запытвае: «А яшчэ адно жыццё?»
«Хм, – кажа анёл, – гэта гледзячы якое». І яна адказвае: «Разумееш, быў адзін чалавек – у мінулым, я ніколі яго не ведала, толькі чытала ў кніжках. Дык вось: а можна, я пражыву яшчэ адно жыццё побач з ім? У яго была жонка, я разумею, я не змагу пражыць ягонай жонкай, але хаця б сабакам, хаця б ягоным кубкам, хаця б суседкай па лесвіцы ці выхавацелькай ягоных дзяцей, я не прашу зашмат, проста побач». «Хм, – яшчэ раз кажа анёл, – мне трэба параіцца». «Парайся, анёлачак, родненькі, толькі б з ім побач». Назаўтра прыходзіць анёл: «Так, – кажа, – можна. Толькі дамовімся: ты будзеш жыць у горадзе Свабодным, а ён там будзе працаваць…» «Дык тамака ж ён у лагеры будзе, анёлачак, у лагеры, зэкам…» – «Ну, так, зэкам. Будзе будаваць дом побач з тваім. Гэта ўсё, што мы можам. Ты згодная?» – «Згодная, згодная, няхай так, калі інакш немагчыма». Анёл быў пайшоў, але ў дзвярах азірнуўся: «А, і яшчэ. Май на ўвазе: мазгі мы не адключаем: кожны, хто жыве другое жыццё, усё ўсведамляе і пра мінулае, і пра сучаснае, і барані цябе Божа сказаць хоць слоўца пра тое, што табе вядома і навошта ты тут знаходзішся. Маўчы, ажно каб нават катавалі. А калі скажаш…» – і называе ёй якуюсь страшэнную кару. «Добра, добра», – пагаджаецца няшчасная жанчына.
І вось яна там. Усе дзеці як дзеці – равуць і смокчуць мамкіны цыцкі, а яна ляжыць, вочы раскрытыя, на ілбе змурачка, нешта сабе думае, мамка пужаецца – карацей, як заўсёды з такімі дзецьмі, якія выпрасіліся пажыць другім наваратам. Расце ціха, паслухмяна, а то, бывае, сядзе ля дома на лавачцы і сядзіць, нечага чакае. З аднаго боку, залатое дзіця, а з другога – страшна.
Але ж і горад такі – страшны. Нараджаецца ён разам з гэтай незвычайнай дзяўчынкай: яна – у 1912, ён – у 1911. Бацька яе разам з іншымі такімі ж авантурыстамі едзе ў векавую тайгу будаваць чыгуначную станцыю. Маўляў, тут кожнаму будзе дадзена па шэсцьсот сажан зямлі, лес на сядзібу, праца і грошы. Чаму б не паехаць? Пішуць пісьмо імператару: ці можна мы горад свой Аляксееўскам назавём? У гонар цэсарэвіча? Можна. Называюць.
Пакуль дзяўчынка расце, скідаюць цара, забіваюць цэсарэвіча, горад становіцца Свабодным. Усе радуюцца, а яна напружваецца яшчэ больш: хутка, хутка… Ужо назва змянілася, цяпер хутка. І праўда, час бяжыць крыху хутчэй: садок, школа, першае месца работы – прадавачкай у краме. «Дачушка, а мо ты паехала б у Хабараўск, павучылася б там, ну што ты прадавачкай?» – «Не! Не! Я не паеду! Мамачка, родненькая, не патрабуй!» Першы раз дзіця падобнае на дзіця – раве, капрызіць, пратэстуе. Ну няхай, усё ж побач, таксама добра.
Свабодны будуецца, чыгунка будуецца, і вось прыязджае першы цягнік з чорнымі людзьмі аднекуль з захаду. Сярод іх розныя: і худыя знямоглыя, і нахабныя тоўстыя, і з мацюкамі, і са сціснутымі ад нянавісці зубамі, і з сабачымі вачыма, каб толькі скібку хлебца кінулі, і яна нават часам захлынаецца ад радасці – ну ўсё, хутка, хутка. Горад Свабодны насцярожана маўчыць і затойвае дыханне, і толькі Ніна-прадавачка ўсміхаецца ўпотай, ніколі раней пільным свабадчанам не было бачна, каб тое дзіўнае дзіця хаця б употай пасміхалася.
Зручна пабудавалі Свабодны: цягнікі ідуць і ідуць. Хутка побач з Нінчыным домам будуецца цагляны гмах: лагерная адміністрацыя. Ён прыедзе сюды ажно праз сем год, але яна пачынае падводзіць вочы і павязваць шаўковую хустачку – а раптам…
Праз сем год у Свабодным – страшная калатнеча. Людзей – мільёны. Хто тут зняволены, хто вольнананяты, хто ахова, хто адміністрацыя – цяжка зразумець. Часам яны і самі не ведаюць. Прыгожая прадавачка мясцовай крамы з напаўшалёным позіркам трывожна аглядае кожнага, хто ўваходзіць у краму.
Далей можна даць розныя гісторыі, якія з Нінай здараюцца: ці то нехта з лагернай адміністрацыі пачынае заляцацца, ці то нехта прыгожы кахае, а яна, сцяўшы вусны, маўчыць і церпіць, ці то раптам успыхвае ўзаемнае каханне паміж Нінай і якімнебудзь прыгожым і моцным (альбо знясіленым і сухотным) высланым і ён альбо памірае, альбо яго вывозяць, альбо Ніна рве з ім адносіны і потым цэлую ноч сядзіць на ложку, раскачваецца і глядзіць на металічную шышку на спінцы ложка. Карацей, шмат што можна дадаць, гледзячы, ці захочацца апавяданню перарастаць у аповесць, а то і ў раман, бо калі панараму Аляксееўска-Свабоднага даць у гістарычнай перспектыве і дадаць герояў, хопіць і на раман, галоўнае – нагнаць атмасферу, закруціць спружыну паміж сталёвымі стрыжнямі чакання і жыцця, сапраўднага і летуценнага, фантастычнага і рэальнага, мяняючы люстэркі і пункты адліку.
І вось эпізод перад развязкай: раніцой Ніна збіраецца на працу – ці то яна якраз у віры кахання, ці то ў роспачы расстання, ці то ў спакойным, адчайным чаканні, гэта залежыць ад папярэдніх сюжэтных рашэнняў – і раптам у акне бачыць яго. Як яна прапусціла? Іх, напэўна, прывезлі раней, бо трэба ж уладкаваць, размеркаваць, задакументаваць, падзяліць на брыгады… Насупраць дома, дзе жыве Ніна (мама ўжо памерла, бацькі таксама няма, на ўвесь дом ад суседзяў – водар пустой капусты і старэчай мачы), капаюць яму пад барак для вольнанаёмных. Вось ён – высокі, худы, прыгожы, родны, той, дзеля каго…
Напэўна, тут не трэба даваць ніякіх псіхалагічных каментароў і апісанняў унутранага стану гераіні, а трэба прыдумаць адну, але ж трапную дэталь, накшталт ахматаўскай «я на левую руку надела перчатку с правой руки». Не ведаю, якую – амаль усе, якія прыходзяць у галаву, выглядаюць надта пафасна.
З дэталямі так заўсёды. Напрыклад, насамрэч Ніна пасля апошняй гутаркі з тым прыгожым (ці кволым) Міхасём сядзела на ложку, раскачвалася і глядзела ў чорнае акно. Але прыйшлося прыбраць акно і даць металічную шышку на спінцы ложка, бо акно – пафасна, а шышка – мо, і не зусім удала, бо штучна, але ж знішчае «літаратуршчыну».
І вось яна бачыць яго. Кожны дзень, кожную раніцу. І потым пакутуе і курчыцца ад нябачнага болю ў падсобцы, бо не можа збегчы з працы да яго. І наогул нічога не можа. А як да яго падысці? Яна ўгаворвае загадчыка крамы (Спіць з ім? Ці ён стрыечны брат яе маці? Ці былы каханак? Ці проста добры чалавек?), сыходзіць на месяц з крамы і проста стаіць, стаіць ля акна і глядзіць, глядзіць на будаўнікоў. У яе заўсёды, кожны дзень, смачна нагатоўлена, бо раптам ён зойдзе па ваду? Ці яна нарэшце зразумее, як яму тую ежу перадаць? Яна вар’яцее ля таго акна кожны дзень з першых пяці, баіцца выходзіць з дому, бо раптам ён зойдзе па ваду (Чаму па ваду, яна не ведае, але чамусьці чакае менавіта гэтага, мо, яна забылася, і анёл тады нешта казаў пра ваду?), бо раптам ён зойдзе, а яе няма.
Можна сабе ўявіць усю тую страшэнную калатнечу, якая ў ёй адбываецца за гэтыя першыя пяць дзён. І ў шосты. І ў сёмы.
І той, худы і высокі, даўно яе заўважыў, між іншым. Нейкае перапуджанае дзяўчо тырчыць у акне насупраць дзень і ноч. Некага чакае. Ён глядзіць на яе, калі дазваляюць паліць, і думае пра сваё.
Толькі не пісаць, пра што! Як бы ні карцела, ні свярбела, як бы ні хацелася ўявіць сябе спрычыненай да ягоных думак – не пісаць…