Але часцей за ўсё выпісваўся Брыль. Спачатку Мара аддавала ягоныя кніжкі кліентам так, як і ўсе – у падарунак, у векавечнае карыстанне, бо склады трэба было вызваляць, а кніжак там было зашмат. Але ж асобнікі Брыля сталі прыкметна разыходзіцца. Яна перавяла астатнія на чытальную залу і заказала ў электронным каталогу сотню дыскаў з запісам збору твораў. Аднойчы яна нават папрасіла Сямёнава вярнуць Брыля ў сеціва, у адкрыты доступ, на што Сямёнаў фыркнуў так выразна, што Марына сышла, не чакаючы палымянай лекцыі на маркетынгавыя тэмы. Сямёнаў ужо ведаў, што Янка Брыль творыць цуды: згодна статыстыцы, менавіта тыя, каму Марына выпісвала «Гуртавое», «Ліпу і клёнік», «Птушкі і гнёзды», і асабліва – «Ніжнія Байдуны», пакідалі найлепшыя водгукі і дэманстравалі найвышэйшыя вынікі. Хутка Марына наогул стала дадаваць Брыля – хаця б «Гуртавое» – да кожнага спісу, які складала для Цэнтра.
Яна і сама перачытвала чырвоны томік «Кнігазбору» ўжо, мо, соты раз – з любой старонкі. Проста адкрывала, дзе адкрываецца, і чарговы раз прабягала вачыма знаёмыя да літары радкі, ужо не надаючы ўвагі ані сюжэту, ані героям, ані нават завершанасці сказаў, а проста гойдаючыся на нейкай асаблівай хвалі брылеўскага сінтаксісу. Брыль нязменна нагадваў Марыне жоўтае жытнёвае поле – цёплае, ласкавае, набрынялае летнім сонцам, шчодрае і сумнае, хутка сыпане зернем на бязлітасны ток.
Аднойчы Марына спыніла прыгарадны аўтобус, выйшла ля калгаснага жыта і пайшла ўскрайкам поля. Калі б тады побач быў Сямёнаў, яна б ніколі не зрабіла таго, што зрабіла, бо Сямёнаў заўсёды неміласэрна здзекаваўся з розных кранальных эстэтычных штампаў накшталт цюльпанаў на Восьмае сакавіка, коцікаў на маніторы ці вянкоў з дзьмухаўцоў, што, дарэчы, не перашкодзіла яму потым прадаваць вышымаечкі і вышыкедзікі направа і налева. Але Сямёнава не было, і Марына ішла, як хацела: кранала рукой калоссе, ірвала валошкі і рамонкі, раскусвала спелае зерне і жмурылася на сонцы. Гэта была сапраўдная раніца Брыля – светлая, спелая, добрая, з лёгкім, але адчувальным, такім пранізлівым сумам ад таго, што ўсё вакол такое прыгожае, а недзе нехта памірае, плача ці камусьці нешта невыносна баліць.
Марына любіла чырвоны томік «Кнігазбору», яго складалі апавяданні, ад самых ранніх да апошніх, аповесці і мініяцюры, і эвалюцыя пісьма Брыля была бачна ў ім як на далоні: першыя аповедзікі, тыя, каторыя яшчэ – літаратура, і нават на нейкіх старонках – літаратуршчына, і ад старонкі да старонкі – акуратнае, асцярожнае, далікатнае пазбаўленне ад прыдуманага і сыход у сапраўднае.
У Брыля Дамейка навучылася іншы раз ісці да чужога сэрца напрасткі – у асобных выпадках не мудрыць, не хітрыць, не шукаць адпаведных слоў і выразаў, а казаць у вочы галоўнае, сапраўднае, такое, што звычайна кажуць толькі каханым. Спакойны, шчыры тон Брыля, у якім ніколі не прачытваўся адчай, а заўсёды толькі сум і свет, яна вельмі любіла і вельмі шкадавала, што мала хто размаўляў з ёй такім тонам.
Амаль кожнаму выпісвала Марына і «Родных дзяцей» Ніла Гілевіча.
Вось ёсць такія кнігі ў свеце, якія сваімі рытмамі і фанетыкай наўпрост ставяць чалавеку на месца глузды. Гэта як з Моцартавай гармоніяй: кажуць, гукі акордаў з п’ес геніяльнага аўстрыйца найбольш адпавядаюць хвалям і рытмам чалавечага арганізму, таму, калі паслухаць Моцарта, фізічна паздаравееш, бо кожны орган, падпарадкоўваючыся ідэальнай музычнай хвалі, пачне працаваць як след. Тое самае і з некаторымі кнігамі: яны настройваюць на ідэальнае існаванне і сэрца, і галаву. Пасля іх не застаецца перапуджаных думак, збалелых нерваў, пытанняў без адказу, трывогі ці жаху – адна толькі ўпэўненасць у агульнай гармоніі і касмічным шчасці для кожнага з нас.
Такой кнігай былі «Родныя дзеці» – ідэальная беларуская кніга. Пушкінскі, а дакладней – анегінскі пяцістопны ямб, аказалася, ідэальна пасуе і да беларускага жарціку, і да анекдоту, і да закаханай усхваляванасці, і для цяжкага роздуму, і да лірычнага замілавання, прычым не проста да закаханасці і замілавання, а да беларускіх варыянтаў гэтых пачуццяў – асцярожных, непразмерных, нібыта сарамлівых, патаемных.
Ну і, канешне, сам сюжэт – такі просты, але ж такі напружаны, такі нескладаны, але ж такі для кожнага зразумелы. У псіхатэрапеўтычным уздзеянні «Родных дзяцей» можна было не сумнявацца.
Марыніны дні цяпер сталі зусім аднолькавымі: з раніцы і да абеду яна разбіралася з дыягназамі і выпіскамі, бо пацыентаў усё большала і замовы дактароў станавіліся ўсё больш падрабязнымі, дый яна ўцягнулася ў гэтую гульню і праводзіла шмат часу за пошукам патрэбных менавіта гэтаму чалавеку менавіта з такой унутранай хваробай кніжак, потым – абед, зрэдку – з Сямёнавым, які гарэў на працы, часцей – у блаславёнай адзіноце, і пасля абеду – у сябе, побач са стэлажамі.
Паліцы на стэлажах амаль усе ўжо былі занятыя. Марына асмялела і больш не вагалася, калі разважала, каго з пісьменнікаў паставіць тут, а каго пакінуць у сутарэннях Цэнтра. Яна рабіла ўсё на свой густ і на свой погляд, і не было ў свеце нікога, перад кім яна павінна была б трымаць справаздачу.
Апошнім часам яна займалася хронікамі – з дапамогай Кійске Мара атрымала з нямецкіх бібліятэк два экзэмпляры хронікі Стрыйкоўскага і зараз сама, без дапамогі лабарантак, уручную, пераводзіла яе ў электронны фармат. Гэта не было марнаваннем часу – Дамейка адшукала ў Стрыйкоўскага адну хвалюючую старонку і зараз, разбіраючы літары і складаючы словы, зацята думала.
Гэта быў аповед пра каранацыю Міндоўга, запісаны Стрыйкоўскім з апорай на сведчанні біскупа Холмскага Генрыха Гайдэнрайха. Гайдэнрайх распавядаў, што каранаваць Міндоўга прыбыў Альберт Другі, адначасова – арцыбіскуп рыжскі, армскі і прымас Ірландскі. Гэта сёння мы не памятаем таго Альберта, а ў той час ён быў хіба адзіны такі на ўвесь свет – за ім захоўвалася рыжская кафедра, заснаваная яшчэ самім Святым Патрыкам, і права каранаваць перадавалася яму ад самога святога, з рук у рукі. І вось нібыта гэты самы Альберт – ці нехта з ягонага атачэння, ці сам Гайдэнрайх, перадаючы словы сваіх герояў – і быў першым чалавекам на зямлі, які назваў землі, перадаваемыя Міндоўгу, Альба Рутэнія.
Альба Рутэнія. Словы гэтыя звіняць крышталём і пераліваюцца мільёнамі агеньчыкаў, калі іх асцярожна, намацваючы языком, перадаюць адзін аднаму стары, сухенькі Альберт, потым – ягоныя памагатыя, потым – высачэзны, шыракаплечы Гайдэнрайх і, нарэшце, бярэ ў рукі тоўсценькі жвавы Стрыйкоўскі. Альба Рутэнія. Крышталь ціха звініць, але яго чутно нават у сырых кутах вялікай залы з паўкруглымі столямі, і Альберт задаволена хістае сам сабе галавой: прыгожа атрымалася, як тут і было. Альба Рутэнія, арцыбіскупства рыжскай кафедры пад уладай Святога Патрыка, прыгожая зямля з паслухмянымі людзьмі ў славу Гасподню і на ўсе вякі. Альба Рутэнія. Новая сястра туманнай Ірландыі, населеная смарагдавокімі неўрамі, срэбнаскурымі ваўкалакамі, белагаловымі волатамі і залатакосымі валатоўкамі, па якой разліваюцца нябесным блакітам азёры і сцелюцца пяшчотным дываном пярэстыя травы. Цяжкой працай будзеце здабываць хлеб свой, а я дам вам спакой сэрцу і асалоду вачам, пагорак, на якім сядзе стомлены працай высокі шыракаплечы хлопец, рэчку, на якую будзе ён глядзець, ажно пакуль не адпачне ягонае добрае сэрца, і траўку, на якую побач з ім апусціцца дзяўчына.
Навошта стары Альберт намаляваў менавіта такую Альба Рутэнію, надта прыгожую, каб быць сапраўднай, Дамейка не ведала, але адчувала, што менавіта такой бачыў гэтую зямлю спадчыннік Святога Патрыка, стары, які часам рабіўся чуллівым і наіўным, як дзіця.
Беларусь я аб’ехала амаль усю, і сярод безлічы беларускіх дарог ёсць у мяне свае ўлюбёнцы.
На першым месцы майго ўласнага аўтарэйтынгу – дарога Магілёў-Бабруйск, адзначаная на аўтамабільных мапах як рэспубліканская траса Р93. Утульная, вузкаватая, але роўненькая, бяжыць яна праз бярозавыя гаі і светлыя хвойнікі, і ты не паспяваеш стаміцца, таму што ад Магілёва да Бабруйска можна даехаць літаральна за гадзіну. Асабліва прыгожа на Р93 восенню: залатыя, чырвоныя, срэбныя, стаяць абапал дарогі тонкія бярозы і асіны, жаўцеюць палі, квітнее рознакаляровымі аблокамі неба.
На другім месцы – славутая наша М1, магістраль БрэстМінск-мяжа РФ. Мне падабаецца на ёй усё: і тэрміналы платнае дарогі, і стракатыя светлафоры на пад’ездах да гарадоў, і бяскрайнія палі, і чырвоны зубр ля Баранавіч (ці бачылі вы, як грозна палыхае ён у промнях захаду?), і крумкачы ля Кобрына, і асабліва – знакамітая кавярня «У Валянціны» ля Івацэвічаў. Калі ні едзеш – ля «Валянціны» заўсёды безліч аўтамабіляў, грузавікоў, вялізных фур і суровыя дзядзькі, сусветны дальнабой, павольна і важна соўкаюцца па асфальтаванай пляцоўцы.
У «Валянціне» – найлепшая кухня на ўсёй брэсцкай трасе, а мо, і наогул пры дарогах Беларусі. Не, там не падаюць фуа-гра і вустрыц, але галубцы і дранікі, бульба і салата там такія, як у роднае бабулі.
Мая асабістая бронза – у трасы Р82, Акцябрскі-ПарычыРэчыца. Калі збочыць з гэтай дарогі крыху раней за Рэчыцу і праехаць па таямнічых грунтоўках скрозь сасновыя бары, акурат патрапіш да любай маёй Унорыцы. Але ж і да Унорыцы на дарозе ёсць на што паглядзець: празрыстыя сасоннікі з жоўтай травой, у якой абавязкова сядзяць шакаладныя баравікі, заможныя вёскі з намаляванымі на платах бусламі, залатое збожжа па бяскрайніх прасторах і разваротнае кола ў саміх Парычах: направа – бязлесыя гарачыя сонечныя ўзгоркі, налева – стогадовыя таполі і зялёны холад.
Мне падабаецца кола ля Бабруйска, на якім заўсёды шматлюдна і дзе ў кожнага ёсць рамантычны выбар паміж сонечнай Гомельшчынай і воблачнай Магілёўшчынай. Падабаецца мост праз Днепр па дарозе з Бабруйска на Жлобін, ля якога заўсёды стаяць рыбакі са свежым уловам. Падабаецца з’езд на Кобрын, калі ты ўжо стаміўся ад бясконцай дарогі на Брэст і можаш адпачыць ля невялічкае сіняе царквы пасярод утульнага горада. Падабаецца пад’езд да Мазыра, жоўты пясок гарадскога пляжа, блакітная спіна Прыпяці і зялёныя абдымкі мазырскіх паркаў.
Падабаюцца мне сырыя дарогі Віцебшчыны, на якіх так лёгка схавацца ў імглістых ямінках і наблізіцца да сонца на грунтоўных узвышшах. Падабаецца імклівая бярозавая М6, па якой так нечакана хутка даімчыш да Гародні.
А як мне перадаць сваю любоў да цябе, Віленскі шлях? Не будзе такіх словаў і такога сінтаксісу, які распавёў бы чытачу пра ўсе твае таямніцы і загадкі. Толькі бясконцыя перыяды мернага гулу рухавіка, толькі дзеепрыметныя звароты палёў паміж пералескамі, толькі невялічкія ставы, неабавязковыя, як уводныя словы, але ж такія незаменныя менавіта тут…
Мне падабаюцца беларускія дарогі. Часам мне падаецца, што пра нацыю шмат чаго можна сказаць, гледзячы з акна аўто.
Але ж і пешшу можна часам абысці сваю найвялікшую любоў – горад, у якім ты адчуваеш сябе шчаслівым.
Еду міма Нямігі – там, адкуль з моста адкрываецца від на Траецкае, на гатэль «Беларусь», на Палац Спорту, на вуліцу Багдановіча… Што з маімі вачыма? Я не бачу чыжоўскага гмаху, яго праглынуў міласэрны свіслацкі туман. Аблокі, сатканыя на ягоных кроснах, ахутваюць Сабор – і вось ён ужо выглядае на той, які будзіў мінчукоў тысячу год таму. За Саборам бачу я абрысы касцёльнага будынка – адно з самых цудоўных месцаў у маім горадзе, архіў літаратуры і мастацтва ў старажытных мурах, лёсы, справы і думкі неспакойных сыноў маёй зямлі.
Пісьменнікі, паэты, музыкі – яны ўсе розныя. Ёсць сярод іх геніі і самазванцы, натхнёныя таленты і зацятыя працаўнікі, мужныя героі і вартыя жалю здраднікі, а часцей за ўсё – тыя, у кім адшукаеш і таго, і другога, і трэцяга, але ж усе яны падобныя адным – усе яны незвычайна эмацыянальныя. Нават на пажаўцелых канвертах, якія часам суправаджаюць старэнькія, шэранькія паштовачкі і запіскі, бачна: вось тут літара расперазалася, паляцела за адведзеныя друкарняй рамкі, бо на штэмпелі вясна, і душа паэта адгукаецца яе спевам, а вось той жа почырк скукожваецца і падціскае кіпцюрыкі – значыцца, у лісце будзе нешта трывожнае ці крыўднае. І калі вам кажуць, што быццам бы той ці іншы паэт быў стрыманы на эмоцыі, не верце. Не бывае паэтаў, стрыманых на эмоцыі. А калі і бываюць, дык знешняя далікатнасць не павінна ўводзіць у зман. У кожным мастаку заўсёды віруе бурлівы акіян, і лепей за архівы гэтага не ведае, напэўна, ніхто. Колькі сапраўднага, чалавечага, кранальнага, не залакіраванага вёрсткамі, карэктурамі і друкам хаваецца тут!
Фонд 27, вопіс 1. Фотаальбом – такія былі папулярныя ў Савецкім Саюзе, дзерманцінавая вокладка, тоўстыя кардонныя старонкі, беленькая папяросная паперачка між імі. На зялёнай вокладцы – чырвоныя макі. «О Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет». У гэты альбом Дубоўка – зусім ужо стары – уклейваў выразкі з часопісаў «Вясёлка» і «Бярозка», дзе друкаваліся ягоныя казкі. Адзіны ягоны сын Алік загінуў, пакуль Дубоўка быў у лагеры: знайшлі з хлопцамі бомбу і паспрачаліся, ці ірване яна, калі кінуць яе ў вогнішча. Ані дзяцей, ані ўнукаў. Але ж альбом такі, што любому ўнуку за шчасце пагартаць! На кожнай выразачцы сінім чарнілам пазначана: год, месяц, тыраж. Праўда, недзе з дзясятай старонкі, там, дзе даты ўжо пачынаюцца з 197_, краі выразак няроўныя: у складальніка ўжо і вочы не надта бачаць, і нажніцы не надта ўпэўнена трымаюцца ў руцэ. Альбом запоўнены амаль цалкам – засталася адна старонка. Ён бачыў, што старонак становіцца ўсё менш. Бачыў, што вось яна – апошняя.
Калі выйсці з архіва і стаць спіной да ягоных дзвярэй – праз адхон Замкавай гары, шумную вуліцу і знаёмыя будынкі пабачыш чорны шкляны гмах новабудоўлі. Раней там была легендарная «чацвёрка», інтэрнат БДУ, мой першы мінскі дом. Бацькі-студэнты прынеслі мяне з радзільні ў інтэрнат філфака на Паркавай. Яны жылі ў былой радыёрубцы, а татаў аднакурснік, таксама жанаты і таксама малады бацька, – у былым умывальніку, і ягоны сынок замест калыскі спаў у засланай мякенькімі пялюшачкамі ракавіне.
Мы потым сустрэліся з гэтым маім першым «умывальным» суседам на першым курсе філфака, у «дзясятцы», інтэрнаце на Карла Маркса, у тым самым пакоі, балкончык якога навісае над паголенай вуліцай акурат насупраць уваходу на факультэт. Гэта быў наш пакой, і на пaры мы хадзілі ледзь не ў тапках і першыя свае цыгарэткі высмальвалі, унутрана здзіўляючыся мярзотнаму смаку гэтай агульнапрынятай забавы, менавіта на гэтым балконе.