А я люблю той незаўважны, але існы пыл і попел. Я думаю пра тых людзей, якія трымалі ў руках гэтыя кнігі, думаю пра тыя хвіліны, якія перажываліся за гэтымі літарамі. Мне падабаецца чытаць паметкі на палях і знаходзіць у кніжках закладкі – гэта бывае рэдка-рэдка, хіба што разжывешся якой-небудзь бібліятэкай былой настаўніцы ці студэнткі філфака. Вось у гэтым зборы твораў Пушкіна, які адкрывалі апошні раз, мо, гадоў з сорак таму, між старонак ляжыць яшчэ пыл часоў Савецкага Саюза, яго ўжо даўно няма, а пыл – ёсць, тут, у кніжцы, і Пушкін з цікавасцю ўглядаецца ў шэрае павуцінне тае далёкай пары… Навукоўцы кажуць, што між старонак кожнай кніжкі, якая стаіць у хатняй бібліятэцы, траціна ўсяго пылу – гэта вулканічны попел, які носіцца вакол планеты ўдзень і ўначы, бо вулканы ў нас працуюць кругласутачна. Мая кніжка, якая затрымала і захавала ў сабе неўтаймаваны вулканічны попел – ці не найвялікшая каштоўнасць свету?
Кніжка – адзінае сховішча існага. «Свет існуе, каб быць апісаным у кнізе», – здаецца, так казаў Наваліс, маладзенькі паэт, каханак пятнаццацігадовай Сафі Кюн. Фройляйн Сафі пайшла з жыцця ў пятнаццаць, яе несуцешны жаніх – праз пятнаццаць год, палова жыцця для таго, хто асуджаны на смерць у трыццаць, але ж і Сафі, і Наваліс, і іх каханне жывуць па сённяшні дзень, і вулканічны попел сучасных вулканаў пакрывае сівізной графічныя завіткі іх выкшталцоных фрызур.
А хаця б вось такая кніжка – «Літоўская кухарка»! Паўтары сотні год таму патомны віленскі выдавец Адам Завадскі неяк заўважыў за сямейнай вячэрай: «Было б няблага, каханая Вінсэнта, каб нехта сабраў нашыя літоўскія шляхетныя стравы. Магнацкая кухня – найсмачнейшая ў свеце, а мы ўхваляем французскі круасан ды англіцкі бекон. Але ж тутэйшыя паны лічыліся самымі выкшталцонымі гурманамі Еўропы! Ах, які жаль, што няма ў нас такога даследчыка, які падняў бы такую выдатную справу! А грошай, колькі б грошай зарабілі!»
Трэба заўважыць, што ва ўсёй Расійскай імперыі ў той час не было ніводнай уласнай кулінарнай кніжкі. Знакамітая Алена Малахавец яшчэ толькі збірала свае рэцэпты, і гаспадыні выкарыстоўвалі на кухнях здабыткі французскіх ды англіцкіх кулінараў.
Вінсэнта ўсхвалявалася. А і сапраўды! Пухнатыя пудынгі, крохкія мельшпэйзы, чароўныя паштэцікі, наліснікі і грыбкі – хто ведае, што такое сапраўдная шляхецкая кухня блаславёных часоў ВКЛ, той ведае, што такое сапраўдная смаката! Літвінскія гаспадыні гатавалі сур’ёзна: каб было лёгка, але сытна, проста, але вытанчана, з будзённых прадуктаў, але эксклюзіўна.
І яна ўзялася за справу. Скрупулёзна, метадычна, па дробачках, збірала яна рэцэпты магнацкай кухні – у старадаўніх кнігах, па цётках і бабулях, па летапісах і хроніках. Нарэшце, энцыклапедыя была сабраная. Адам выдаў яе ў самы кароткі час: у 1854 годзе кніга пабачыла свет.
І адразу стала падзеяй! Адам выдаваў і выдаваў, друкаваў дадатковыя наклады, прасіў Вінсэнту аб удакладненнях і працягах – 15 разоў «Літоўская кухарка» выходзіла з Віленскай друкарні! Яе можна было наўпрост чытаць, як дэтэктыў ці авантурны раман: са старонак з рэцэптамі паўставала Вялікае Княства з яго велічным, прыгожым і гераічным побытам, з яго заможнай шляхтай і вытанчанымі звычаямі.
І, здаецца, нічога не змянілася – тыя ж картопля і мука, кураняты і яйкі, бурак і гарбуз, але ж з-пад твайго відэльца выходзіць то паштэт, то мельшпэйз, то андрута.
А Алена Малахавец, дарэчы, амаль чвэрць сваёй кніжкі спісала менавіта з «Літоўскай кухаркі» і выдала праз шэсць год у Пецярбургу, не спаслаўшыся на крыніцу.
16
Між тым Цэнтр адкрыўся. Марына заставалася ў баку ад гэтай справы, толькі падпісваючы, часам с заплюшчанымі вачамі, тыя дакументы, якія не маглі прайсці па інстанцыях без візы адзінага афіцыйнага эксперта па памерлай мове. Астатнім кіраваў Сямёнаў. Кіраваў самааддана, як кажуць, гарэў на працы, дамоў прыходзіў апоўначы і адразу валіўся спаць. Дамейка нічога не распытвала, хаця часам ёй вельмі хацелася даведацца, што і як будзе зарабляць Калегія на мове, але ж было страшна пачуць што-небудзь зусім непрымальнае і потым не ведаць, як на гэта забыцца.
Карацей, некаторы час Марына не ведала, што і рабіць з гэтым цяжкім досведам чужога паламанага жыцця. Таму зараз яна і дакранацца не хацела да чужых гісторый, ад якіх Сямёнаў планаваў лекаваць людзей кніжкамі няіснай цяпер ужо літаратуры.
Але з кожным днём справы Цэнтра займалі ўсё больш і больш часу.
– Мара! Слухай, тут такая гісторыя. Дзяўчына, дваццаць год, дэпрэсія, суіцыдальныя настроі. Псіхолаг ужо працуе, нават будзем падключаць псіхатэрапеўта. Дык просяць у цябе выпісаць ёй штонебудзь светлае, рамантычнае, лёгкае такое, але ж не зусім без вагі, бо яна дзяўчына няпростая, шмат чытае, амерыканцаў перад усім, таму «Міколка-паравоз» не падыдзе.
– Багдане, рабілі б вы ўсё гэта без мяне. Я вось параю штонебудзь, а яна возьме і з даху саскочыць.
– Мара, не хвалюйся, твая справа не асноўная, а дапаможная. Каб не скокнула, глядзяць іншыя дактары з іншымі сродкамі. А ты давай, вяртай чалавеку жаданне жыць і змагацца. Ну што табе самой было б прыемна пачытаць у стане апошняй паняверкі?
Мара ўздыхала і выпісвала Міхася Стральцова і Уладзіміра Караткевіча.
Яна не хадзіла ў Цэнтр і не знаёмілася з пацыентамі, яна толькі атрымлівала замовы дактароў, перакладзеныя на цынічную сямёнаўскую мову: «што-небудзь для жанчыны, якую пяць раз кідалі каханкі», «глыбокія вершы для хлопца, які толькі-толькі завязаў», «што-небудзь для пажылых чайлдфры», «рэлакс для ветэрана бойкі за Данецк». І Марына выпісвала, каб выдалі са склада: Яўгенію Янішчыц і Ларысу Геніюш, Анатоля Сыса і Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава і Міхаіла Пташнікава. Абразлівыя сямёнаўскія дыягназы яна перакладала на мову жаночага паразумення і падбірала такія кніжкі, у якіх адна чалавечая пакута і выгадаваная на гэтай пакуце мудрасць размаўлялі з іншай пакутай зразумелай ім абедзвюм мовай.
Сказаць па праўдзе, працэс выпіскі гэтых рэцэптаў Марыну найчасцей раздражняў. Ну чаго было гэтым цёткам і дзядзькам не чытаць тыя ж самыя кніжкі, але ж у свой час? Чаго было ім не размаўляць сваёй мовай і ратавацца сваім словам? Не, забілі мову – цяпер ездзяць на ўзбярэжжа акіяна чытаць Барадуліна.
Ці вось гэта – псіхатэрапеўты. Калі Марына з’язджала з дому на працу ў Калегію, гэта ўжо стала павальнай модай – асабісты псіхатэрапеўт. Да яго ўжо ішлі нават і без патрэбы, бо калі ты не ходзіш да спецыяліста, дык ты нейкі неадукаваны. А што хадзіць да іх, калі ўсе рэцэпты псіхічнага здароўя былі распрацаваны і апісаны сто год таму?
Калісьці Марына і сама лячылася менавіта ў Дубоўкі.
Тое, што Дубоўка, бадай, адзіны наш паэт, які ўводзіў у верш самога сябе, Уладзіміра Дубоўку, у якасці героя, заўважала, канешне ж, не толькі Дамейка, але ж мала хто разумеў.
Між іншым, сустракаліся вершы пра Янку Купалу і ў Янкі Купалы, але ж не забудзем, што Янка Купала – псеўданім, а пра Івана Луцэвіча вершаў у Купалы няма. Канешне, Дубоўка не быў першаадкрывальнікам такога прыёму: ён стаў так рабіць следам за Маякоўскім і Ясеніным, але ж Дубоўкава інтэрпрэтацыя такога героя – адметная і для траўмаванага гістарычным вопытам беларуса – вельмі актуальная. Дубоўка быў самым, бадай, яскравым паэтычным прыкладам самапрыняцця і сапраўднай любові да сябе. Чаму сучасныя беларусы яшчэ толькі пачыналі вучыцца: прыняцце сябе, свайго лёсу, свайго досведу, сваіх рэакцый і сваіх рашэнняў, дазвол самому сабе на пачуцці, імкненне вывучыць найперш за ўсё сябе самога і свой уласны сусвет – Дубоўка ў гэтай справе быў выдатны майстра.
Крытыкі часта папракалі яго – і пры жыцці, і пасля – тым, што ён цягнуў у верш сваю ўласную паўсядзённасць, якая быццам бы нецікавая нікому, акрамя яго. А Дубоўка якраз і сцвярджаў каштоўнасць сваёй уласнай паўсядзённасці як прадмета лірычнага даследавання. Не сваю эмоцыю як ілюстрацыю агульначалавечых заканамернасцяў, а дзеянне агульнай заканамернасці ў сваім уласным жыцці, прыгажосць паўсядзённага чалавечага праяўлення, хараство канкрэтнага чалавека, не «увогуле» – а менавіта гэтага, самога сябе, Уладзіміра Дубоўкі.
Сяргей Ясенін з вершаў Ясеніна – часцей за ўсё не вельмі шчаслівы чалавек, які заблукаў у лабірынтах часу і лёсу.
Уладзімір Маякоўскі з вершаў Маякоўскага – адзінокі, акрываўлены, увесь навыварат.
Уладзімір Дубоўка з вершаў Дубоўкі – прыгожы волат і справядлівы суддзя.
Цікава чытаць успаміны Дубоўкі пра іншых пісьменнікаў. Там заўсёды будзе больш пра самога Дубоўку, чым пра якіх іншых пісьменнікаў. Прычым Дубоўка там будзе ў выглядзе такога небаракі, сімпатычнага, але ж крыху смешнага, а той, пра каго ўспамінаецца, – у выглядзе гуру, паважанага чалавека, да якога Дубоўка прыйшоў пацікавіцца нечым, і сам працэс гэтай цікаўнасці будзе значна важней за адказы гуру.
У беларусаў такую асабістую пазіцыю прынята было лічыць эгацэнтрычнай і эгаістычнай. А насамрэч гэта – адзіна шчырая пазіцыя прыстойнага чалавека. Якое мы маем права павучаць, ацэньваць, асуджаць іншых людзей, калі мы не знаем, не ўмеем адэкватна ацаніць саміх сябе? І больш таго: ці можам мы любіць іншых, калі не ўмеем любіць саміх сябе? Думаю, тое стаўленне да іншых, якое было ўласціва Дубоўку – шляхетнае, вельмі прыстойнае, ветлівае і сардэчнае, – ішло менавіта адсюль, ад любові да сябе, ад поўнага прыняцця самога сябе.
За гэтым яны і хадзілі да псіхатэрапеўтаў, а можна было проста пайсці да Дубоўкі. Ён вельмі любіў сябе – любіў фатаграфавацца, прыгожа апранацца, любіў дэманстраваць сваю неверагодную фізічную сілу, любіў падпісваць людзям на святы паштоўкі, якія рабіў сам (каб вы бачылі тыя арнаменты і кветкі!), любіў паказваць і дарыць мэблю, якую сам зрабіў, вельмі любіў усё, што рабіў уласнымі рукамі, і пры гэтым трымаўся вельмі сціпла і годна, бо непрыгожа гэта атрымліваецца якраз тады, калі чалавек сябе не любіць і нервуецца, што і іншыя могуць яго не любіць.