– Ты, Мара, ніякая жонка будзеш камусьці, – прыгаворваў Сямёнаў. – Толькі такі валацуга, як я, можа есці тры разы на выходны дзень марожаныя бліны з курыцай. Ніхто іншы такое цярпець не будзе! Ты б хоць які фудблог пачытала, ці што…
– Ніколі не разумела людзей, якія пішуць фудблогі. А тых, хто іх чытае, тым больш.
– А гэта ты дарэмна, Мара, ежа – крыніца натхнення. Я б такі натхнёны быў, калі б ты мне паштэтаў з гусінай пячонкі падала ці якую запечаную рульку. Насамрэч не мову трэба было спачатку ратаваць, а баб на кухні пазаганяць…
Дамейка скрывілася:
– Ай, усё, Сямёнаў. Было б пра што казаць, няма чаго слухаць.
– Добра, гэта я ляпнуў. Але ж, Мара, ну сама ўспомні, якія рыжыкі падавалі за сталом у Міцкевічавых Сапліцах…
– Ну дык і прамянялі яны карону на рыжыкі. Дарэчы, нешта ніякіх рыжыкаў я там не памятаю. Кулеш са скваркамі ў Вераніцына памятаю, а рыжыкаў у Міцкевіча – не. Кулеш я магу. Увечары будзе.
– О, не, Марачка, гэта без мяне. Я блінамі напхаўся, дзякуй табе, даражэнькая. А наконт фудблогаў ты падумай. Між іншым, і Міцкевіч, і Вераніцын з тым куляшом, і Караткевіч – тыя яшчэ фудблогеры. Вось каб ты іх так дзецям называла ў школе, мо, па сёння б чыталі і не займала б ты агульнага ангара сваімі неразабранымі кніжкамі.
– Карацей, я так разумею, што ва ўсім вінная я, так?
Сямёнаў зарагатаў і падняўся мыць посуд, бо Дамейка і посуд мыла зрэдку, а Сямёнаў арганічна не выносіў брудных талерак.
Ну так, фудблогер з Вераніцына быў бы добры. Наогул дзіўна, што ён болей нічога не напісаў, а можа, напісаў, ды, па сваім беларускім лёсе, тыя кніжкі згінулі недзе на прасторах імперыі, а мо, ляжаць дзе ў чарговай скрыні з неразабранымі паперамі, якія, канешне ж, не будуць разабранымі ніколі.
А з гісторыі «Тараса на Парнасе» наогул мог бы атрымацца выдатны літаратуразнаўчы дэтэктыў – шкада, што ў свой час наогул ніхто не здагадаўся напісаць які-небудзь развясёлы падручнік па белліце, дзе, сапраўды, былі б фудблогеры Міцкевіч і Караткевіч, «Узвышша» як элітная сацыяльная сетка, сцэнар квэста па «Новай зямлі» ці дэтэктыў з «Тарасам на Парнасе». Можа, і не дапамагло б, але ж пісаць такое, напэўна, было б весела.
Калі Дамейка вучылася ў школе, «Тарас на Парнасе» лічыўся творам ананімным, і дзякуй Богу, бо ў тагачасных падручніках усе аўтары чамусьці выглядалі дрэнна. Нейкія старыя нецікавыя дзядзькі ў чорных гарнітурах. Нават Максім Багдановіч выглядаў на ўсе сорак. Прыгожага з іх не было ніводнага, так што ў выпадку з «Тарасам на Парнасе» можна было хаця б уявіць, што напісаў гэта хтосьці нарэшце малады і нарэшце прыгожы.
Тым больш, што ў якасці адной з версій настаўніца прапанавала ім студэнтаў Горацкай акадэміі. Студэнты – гэта было добра. Яны былі хаця б маладыя.
Трэба сказаць, што і сам «Тарас» быў сімпатычным – нарэшце хоць нешта сонечнае сярод бясконцых зацірак, Аліндарак, закапаных пад курган гусляроў і іншых пакутнікаў. Праз літары адчувалася: добрай была тая гулянка, на якой тыя студэнты пачалі здзекавацца з антычнай міфалогіі.
Потым, ва ўніверсітэце, ім расказвалі, што хутчэй за ўсё «Тараса на Парнасе» напісаў Дунін-Марцінкевіч. А можа, ВярыгаДарэўскі. Ну, ці Васіль Рыпінскі.
У Дуніна-Марцінкевіча Марыне верыць не хацелася – да ўсіх хрэстаматыйных класікаў яна была перадузятая, і здавалася, што, калі раптам сапраўды гэта напісаў хто-небудзь з іх, паміж радкоў бурлеска ў тую самую хвіліну прачытаецца адвечная беллітаўская песня пра цяжкую долю працоўнага люду і прыгнечанага палясоўшчыка, які нават паесці ў жыцці толькі і мог, што за казачным сталом. Да таго ж Дунін-Марцінкевіч зусім не падабаўся Марыне на фотаздымках. Не вытрымліваў канкурэнцыі з горацкімі студэнтамі.
У Арцёма Вярыгу-Дарэўскага верыць хацелася больш. Дамейцы падабаўся гэты сімпатычны і рахманы віцебскі чыноўнік, просты калежскі асэсар з дзіўным і бяскрыўдным хобі: ён збіраў беларускі фальклор. Вярыга-Дарэўскі шмат пісаў пра Беларусь і беларусаў, але па-беларуску друкавацца тады было нельга, і ён рабіў гэта па-польску і па-руску, а беларушчыну захоўваў у сваім знакамітым альбоме, які так і ўвайшоў у гісторыю як «Альбом Вярыгі-Дарэўскага», і большая частка ранніх беларускіх твораў Сыракомлі, Каратынскага, Кіркора, Дуніна-Марцінкевіча вядомая нам менавіта з яго.
Яму было пад пяцьдзясят, калі па Беларусі пачаліся выступленні каліноўцаў, і ён выйшаў на вуліцы Віцебска плячо да пляча з маладымі паўстанцамі, быў арыштаваны і сасланы ў Сібір, там і памёр. Ён мог напісаць «Тараса на Парнасе», сімпатычны беларускі дзядзька з маладым сэрцам – так і быць, Марына была з гэтым унутрана згодная.
Яшчэ прасцей было з Вікенціем Равінскім, шляхціцам з-пад Смаленска. Ён – хоць і пад пытаннем – лічыўся найбольш верагодным аўтарам такой жа вясёлай і смешнай «Энеіды навыварат», так што і «Тараса» цалкам мог напісаць. Былы баявы афіцэр, ветэран Напалеонаўскай кампаніі, герой Шэнграбенскай бітвы – хай бы ён быў аўтарам «Тараса».
Самае цікавае, што і тады, калі Марына вучылася ў школе, і тады, калі ва ўніверсітэце, праўда пра аўтара «Тараса на Парнасе» ўжо была вядомая.
Яе адшукалі ў дваццатыя гады нашага стагоддзя. Прафесар навюткага, толькі што створанага БДУ Міхась Піятуховіч знайшоў рукапісныя хрэстаматыі беларускага збіральніка літаратурнага фальклору Аляксандра Рыпіньскага, у якіх чорным па белым значылася аўтарства «Тараса на Парнасе». Рыпіньскі, даследчык беларускіх тэкстаў канца ХІХ стагоддзя, зрабіў неверагоднае: сабраў ці ледзь не ўсё існае літаратурнае па-беларуску і, у адсутнасці цэнзурных дазволаў на публікацыю, проста напісаў ад рукі будучыя падручнікі для будучых беларускіх школ. Іх, зразумела, шукалі і знішчалі, таму што беларускае слова было пад забаронай, але адзін такі сшытак захаваўся, яго Піятуховіч насіў у партфелі, нікому не даваў у рукі, і толькі самыя-самыя выбітныя студэнты БДУ маглі яго ўбачыць на свае вочы і даведацца, хто ж быў аўтарам знакамітага нашага развясёлага бурлеска.
Адным такім студэнтам быў Антон Адамовіч, малады публіцыст, літаратурны паплечнік Уладзіміра Дубоўкі і Адама Бабарэкі – гэта менавіта ў яго ўспамінах застанецца запіс аб сшытку Рыпіньскага. Сам сшытак згіне ў пажарах беларускай гісторыі: прафесара Піятуховіча арыштуюць у 1937 годзе, тады ж і расстраляюць, паперы яго часткова знішчаць, часткова замкнуць у архівах. Антон Адамовіч таксама будзе арыштаваны, сасланы, вернецца ў Беларусь у 1941 годзе, будзе супрацоўнічаць з акупацыйнымі ўладамі, з’едзе з імі ў Нямеччыну, адтуль – у Амерыку, і таму ягоныя ўспаміны з нататкамі пра сшыткі Рыпіньскага і аўтарства «Тараса на Парнасе» доўга будуць пад забаронай.
У 1973 годзе знакаміты архівіст і літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў пачне пошукі сапраўднага аўтара: яму ўдасца прачытаць успаміны Антона Адамовіча, і звестка пра сшыткі расстралянага прафесара насамрэч усхвалюе яго. Ён адправіцца ў беларускія архівы і пачне метадычна, крапатліва правяраць усіх датычных: людзей з імем Канстанцін, людзей з імем па бацьку Васільевіч, людзей з прозвішчам Вераніцын – таму што менавіта гэта імя стаяла пад тэкстам «Тараса» ў хрэстаматыі Рыпіньскага.
Вы можаце сабе ўявіць аб’ём гэтай архіўнай працы? Гэта сапраўдны навуковы подзвіг – адшукаць у архівах былой імперыі звычайнага чалавека з даволі звычайным імем.
Але Кісялёў знайшоў.
Кастусь Васільевіч Вераніцын, прыгонны, адпушчаны на волю, уладкаваны ласкамі былога гаспадара ў прыходскае вучылішча Гарадка, пецярбургскі студэнт, потым – студэнт Горацкай акадэміі, чыноўнік Міністэрства шляхоў і паведамленняў, стацкі саветнік і паэт.
Хутчэй за ўсё, Косцік быў познім пазашлюбным сынам памешчыка Васіля Бондырава, чыім імем і падпісана яго вольная. Родны сын Васіля, Міхаіл Бондыраў, хадайнічаў перад гарадоцкімі ўладамі, каб таленавітага хлапчука прынялі за казённы кошт у вучэльню. Калі юнак пачаў пісаць, ён вырашыў абзавесціся прозвішчам больш мілагучным – і стаў Вераніцыным (а мо, тут была замяшаная якаясь горацкая прыгажуня Вераніка?). «Тараса на Парнасе» ён напісаў, калі быў студэнтам Горацкай акадэміі – маладым, адважным, жартоўным хлопцам «з простых». Яго натхніла і ўсхвалявала з’яўленне на літаратурным небасхіле Піцера таленавітага самавука з Украіны Тараса Шаўчэнкі – такога ж, як і ён, прыгоннага, такога ж, як і ён, паэта. Менавіта таму хвацкі герой, які трапіў на Парнас, носіць такое зразумелае імя.
Як жыў і як памёр Кастусь Вераніцын – невядома. Ні дакументаў, ні магілы пакуль не адшукалі. Таму ёсць шанец спадзявацца, што жыў ён сытна і весела, смачна еў, шмат спаў, была ў яго каханая жоначка і прыгожыя дзеткі, таму і закінуў ён гэтую пісаніну, бо быў вельмі шчаслівым чалавекам.
Гэта немагчыма распавесці каму іншаму, чаму яны сябры. Хто зразумее цябе ў стагоддзе планшэтаў і смартфонаў? Якім жа кароткім сталася стагоддзе папяровай кнігі: яшчэ пры Пушкіне, якіх дзвесце гадоў таму, кніга была каштоўнасцю, рэдкай госцяй звычайнай хаты, і якім хуткім, нібы метэарытны дождж, аказалася яе пераможнае шэсце па фанерных шафах са шклянымі дзвёркамі! Раз-пораз мне тэлефануе нехта са знаёмых: ці не трэба табе зборы твораў, а то мы тут выкідаем… І сапраўды выкідаюць: сіняга дванаццацітомнага Пушкіна, карычневага з золатам – Талстога, шакаладнага Чэхава, сіняга Лермантава… І людзей можна зразумець: гэта ж колькі пылюкі, колькі розных мікраарганізмаў, колькі арагавелых лускавінак і нават вулканічнага пылу тояць у сабе папяровыя кніжкі!