Ён падняў і іншыя справы беларусаў – дзесяць дзедавых тамоў скончыліся, адпачынак – не, да таго ж думаць пра тое, што твае родныя і суседзі аказаліся такой свалатой, было немагчыма, і хацелася даведацца на свае вочы, а ці ва ўсіх было гэтак жа. Было, канешне, гэтак жа, а паколькі сярод іншых спраў Бабурчыку трапіліся і справы двух газетчыкаў, якія колісь працавалі ў Мінску, дык пайшлі адкрывацца жахлівыя падрабязнасці і пра вядомых на Беларусі асоб.
«Каты і даносчыкі, бойцеся. Архівы адкрытыя, і я не прапушчу ніводнага прозвішча!» – напісаў тады Бабурчык у сацыяльнай сетцы і з наступнага дня пачаў выкладваць свае спісы: імёны саксупаў, імёны іх ахвяраў, нумары спраў. Прозвішчы следчых. Прозвішчы тых, хто ставіў подпісы на актах. Распачалася страшэнная бура: хто такі гэты Бабурчык, ніхто не ведаў, дзе шукаць на яго ўправы і якой яна можа быць, ніхто не ведаў таксама. Кантактаваў ён з сусветам толькі праз фэйсбук, жыў на здымнай кватэры ў Кіеве – паспрабуй адшукай. Але ж адшукалі, канешне, спрабавалі паразмаўляць, папрасіць, патлумачыць, нават прыкрыкнуць, але Бабурчык спыняцца не хацеў і не мог. Побач з ім цяпер увесь час знаходзіліся кіеўскія журналісты, валанцёры прывозілі і адвозілі яго ў архіў, калі было трэба, перавозілі ягоны няхітры скарб з кватэры на кватэру, і помста сталася няўхільнай.
Цяпер ён ужо не чытаў справы ўважліва. Як у ліхаманцы, перагортваў пажаўцелыя пратаколы, даведкі, паказанні, выпісваў імёны, а ўвечары посціў здабыткі ў сацыяльнай сетцы. Палёгкі не было – дзед, худы, спакутаваны, з нейкім каўтуном на галаве, з вар’яцкім позіркам, стаяў перад вачыма. Ён, гэты дзед, бялявы хлопчык у вязанай камізэльцы з таго бабінага фотаздымка, не паказаў анічога. Ніводнага прозвішча не было ў пратаколах ягоных допытаў.
«Дзеці катаў і даносчыкаў, вы павінны ведаць, кім былі вашы дзяды і бацькі», – распачынаў ён кожны свой пост, і інтэрнэт трэсла ліхаманка. Часам у каментарах здараліся страшэнныя бойкі і ўвесь час ліўся бруд на аўтара паўсядзённых выкрыванняў, але Бабурчык каментароў не чытаў – ён проста рабіў тое, што рабіў.
Аднойчы Бабурчык спужаўся: пад адным з даносаў ён пабачыў імя і прозвішча свайго бацькі. Аслупянеў. Аказалася, не – то быў нейкі Трафім Бабурчык, цёзка. Але з той хвіліны стала сапраўды страшна раптам знайсці кагосьці з блізкіх. Няхай не тут. А раптам у мінскіх архівах?
А потым праз аднаго з валанцёраў Бабурчыку перадалі ліст з Мінску – дрэнную копію з дакумента. Ён ледзь успомніў. Ён тады толькі-толькі распачынаў кар’еру ў камсамоле, малады, упэўнены, святы вернік у абнаўленне ідэй і парадыгм. Яго папрасілі даць характарыстыку аднаму таварышу з райкама, і ён даў. Папрасілі праўду – ён і напісаў праўду. Таго таварыша ён ведаў з дзіцячага садка, і ягоны неўраўнаважаны характар добра папсаваў нерваў шматлікім сябрам-таварышам. Той таварыш сапраўды хутка знік з камсамольскага гарызонту, потым з’явіўся ў палітыцы, зноў знік. Бабурчык памятаў, што была там нейкая драматычная гісторыя з турэмным тэрмінам і выездам за межы краіны – карацей, выглядала як няўдалае і сапсаванае жыццё.
Бабурчык прыйшоў дадому, выдаліў усе свае акаўнты – і знік. Сетка яшчэ са два тыдні пагаманіла і супакоілася.
14
Дамейка даўно ўжо вырашыла, што літаратуру з шасцідзясятых па васьмідзясятыя яна паставіць разам, на чатырох вялікіх паліцах цэнтральнага стэлажа, і там прадублюе і Караткевіча, і Быкава, і Брыля, не зборамі твораў, якія ўжо стаялі на імянных месцах, а асобнымі выданнямі, знакавымі, культавымі, каб стварыць атмасферу часу – калі беларушчына нібыта пачала ўвасабляцца ў літаратуры няхай сабе і не сусветнага, але ж сур’ёзнага рэгіянальнага значэння і ўплыву.
Дарэчы, пра сусветнае значэнне ў Дамейкі калісьці была гарачая спрэчка з адным дацэнтам, уплывовым філфакаўскім функцыянерам, праз рукі якога праходзілі ледзь не ўсе падручнікі для школы. Чаму менавіта ён стаяў на чале падручнікавага працэсу, Дамейка ніяк не магла зразумець, бо да беларускай літаратуры дацэнт гэты ставіўся з відавочнай пагардай.
Але ж Марына зараз хлусіла сама сабе. З дацэнтам у яе была, як казалі тады на філфаку, «гісторыя» – на адным з банкетаў, здаецца, пасля чыёйсьці абароны, яны селі разам, загаварылі наконт алюзій і рэмінісцэнцый Рыльке ў паэзіі Куляшова, і так добра пайшла ў іх размова, што прачнулася Марына з хворай галавой у дацэнта дома, і пасля былі доўгія і незразумелыя месяцы «гісторыі», дацэнт настойваў, а яна ўсё цягнула з апошнім скандалам і нарэшце ад яго сышла. І з тае пары дацэнт ставіўся з відавочнай пагардай да Дамейкі і адначасова да ўсяго таго, што яе тычылася.
Аднойчы на навуковым савеце – справа ішла ўжо да закрыцця кафедры беларускай літаратуры, і Дамейку разам з яе магістрантамі перавялі на кафедру славістыкі – ён, ужо на той час прафесар, пачаў пырскаць слінай і крычаць на Марыну: «Што вы сунецеся на савет з такімі тэмамі? Мы не будзем нават разглядаць ніякія «Уплывы творчасці Дубоўкі на ўкраінскую літаратуру ВАПЛІТЭ», бо не было ніякіх уплываў, вы разумееце? Што вы цягнеце ў літаратуру другасную паэзію? Вам што, няма чым заняцца на кафедры славістыкі? Вам не хапае Пушкіна ці Някрасава? Як вы можаце, ведаючы «Анегіна», сур’ёзна ставіцца да «Пурпуровых ветразяў»? Ну вывучайце ягоныя метафары, ну корпайцеся ў ягоных словатворах, але ж ніякіх уплываў, ніякіх алюзій, вы разумееце? Вашыя гэтыя Купалы, Коласы, Сасноры, Кацюбінскія, Лесі, чорт іх бяры, Украінкі ніякага дачынення не маюць да сур’ёзнага літаратуразнаўства, і каб я не бачыў іх у тэмах, вы зразумелі?!»
Спіч гэты выглядаў на той час яшчэ неверагодна, але ж прафесар быў насамрэч уплывовым функцыянерам, і праз яго часцяком з філфакам размаўлялі людзі з самага верху, і навуковы савет зразумеў, што справа насамрэч сур’ёзная. А хутка беларускія тэмы наогул пачалі закрываць, бо літаратура гэтая не мела сусветнага значэння, і хіба ж можна будаваць сучаснае канкурэнтаздольнае літаратуразнаўства на неканкурэнтаздольным матэрыяле? Магістранты Дамейкі яшчэ абараніліся па журналісцкай спадчыне Восіпа Сянкоўскага і беларускіх тапонімах у творчасці Дастаеўскага, але хутка і такія тэмы зрабіліся непрахаднымі.
Якая, нарэшце, палёгка, што ўся гэтая мітусня засталася ў мінулым і зараз выглядала проста па-дзіцячы.
Марына, дарэчы, не любіла сучаснасць у літаратуры менавіта з-за гэтай мітусні, паўсядзённай валтузні і мільгацення. Чысценькія, выкшталцоныя вокладкі навюткіх кніжак, яшчэ не зведаўшых ані чытацкай любові, ані крытычнага гвалту, ніколі яе не вабілі. І нават потым, калі гэтыя самыя кніжкі – не ўсе, а толькі тыя, якія по розных прычынах траплялі «у абойму» – пачыналі круціцца ў колах літаратурнага працэсу, не цікавілі яе. Так, яна чытала іх амаль усе – праз сілу, выконваючы літаратуразнаўчы абавязак. Часам гэтае чытанне сучаснікаў уяўлялася ёй нейкім абрыдлым шлюбным абавязкам, сэксам па прымусе, і яна ўпотай радавалася, што хаця б кахацца яна можа па жаданні, а не па абавязку.
Для яе беларуская літаратура, пра якую варта было б казаць, думаць і рэфлексаваць, скончылася недзе на Быкаве, Караткевічу, Адамчыку з Пташнікавым ды Панчанкам, Гілевічу, Бураўкіну з Барадуліным, Някляеве, і тыя, хто быў апасля, не выклікалі асаблівых эмоцый, пачуццяў і жаданняў.
Марына часам нават зайздросціла тым сваім калегам, якія займаліся сучаснасцю: вір кволага, але ж існага працэсу захопліваў іх з галавой. Самой Дамейцы той вір падаваўся звычайным веснавым раўчуком, які робіць невялічкі віражык ля купкі камянёў, толькі што накіданых выпадковым хлопчыкам. Заўтра будзе сонейка ці, наадварот, мароз, ручай высахне ці заледзянее, і Дамейку зусім не цікавіла ягонае недаўгавечнае і летуценнае быццё. У ім не было легенды, не было сюжэту, не было подыху гісторыі – нейкая мышыная валтузня амбіцый, грашовых заканамернасцяў і асабістых крыўд.
Часам цікавілі паэты – летапісцы паўсядзённых настрояў. Яны рэдка падымаліся вышэй за сённяшні дзень, але ж гэтая асаблівая суаднесенасць твайго і чужога, якія раптам супалі ў канкрэтнай кропцы прасторы і ў канкрэтны момант часу, заварожвала. Марына разумела, што менавіта тыя радкі, якія хвалююць сёння, хутчэй за іншыя сыдуць у багну забыцця, бо пададуцца праз год не вартымі ўвагі і незразумелымі, а важнымі будуць якраз тыя, якія падаваліся занадта «агульнымі» ў той паўсядзённасці. Але лавіла момант, радавалася, што паэзія ўсё ж жыве, нешта лямантуе, пра нешта разважае, няхай і ледзь чутна.
Але яе ніколі не цікавілі сучасныя празаікі. Яна нават не кожную кніжку дачытвала да канца, насуперак прынцыпу, настолькі відавочнай была тая самая нецікавая паўсядзённасць у кожным радку. Нават гістарычныя раманы – за рэдкім выключэннем раманаў Рублеўскай ці Далідовіча, аповесцяў Арлова і некаторых іншых – бачыліся ёй усяго толькі падробкамі, бо сучаснасць тырчэла з іх ва ўсе бакі, а гісторыя была надта ж неапрацаванай, каб у яе можна было паверыць.
Не, яны былі глыбокімі і таленавітымі, усе тыя празаікі апошніх часоў, але ж проза жыве часавай адлегласцю і ад прадмета, і ад чытача. Мабыць, таму Міцкевіч і Пушкін калісьці вырашалі тыпова празаічныя праблемы ў паэтычных творах, і «Пан Тадэвуш» з «Анегіным» сталіся літаратурнымі з’явамі. Але ж празаік, які здолее пераадолець сучаснасць, перафармуляваць яе ў мастацкі твор, павінен быць не менш за Лермантава, Тургенева, Дастаеўскага ці Талстога, а такіх пасля Быкава на Беларусі нешта не нараджалася. Прынамсі, так ёй уяўлялася. Можа, і памылкова.
Да таго ж сучаснасць лёгка збівала асабісты літаратуразнаўчы прыцэл Дамейка, і тады ёй падавалася, што Стась Карпаў нічым не горшы за Арцюра Рэмбо, а Валярына Кустава ці Наста Кудасава лёгка параўноўваліся ёю з Ахматавай.
Марына, канешне, ведала агульнапрыняты табель літаратурных рангаў і, зразумела, да прозвішча Шэкспіра не саромелася дадаваць эпітэт «геніяльны», а да прозвішча Рудака – саромелася, але ж сам-насам з кніжкамі Шэкспіра не перачытвала ніколі, а Карпава – кожны дзень. Таму ёй часам было цяжка зразумець, як людзі так лёгка адрозніваюць, які твор і які пісьменнік маюць сусветнае значэнне, а які – не, які верш варты таго, каб яго ўключалі ў падручнік, а які – не. Сама яна так і не знайшла ніводнага крытэрыя «добрай» ці «дрэннай» літаратуры.
Такая вось сумяціца думак і пачуццяў.
Дамейка ведала таксама, што ўсе яе разважанні – як і любыя іншыя – былі вельмі спрэчнымі, але ж зараз спрачацца, дзякуй богу, ужо не было з кім. Спрачацца яна не вельмі любіла.
Таму яна цешылася, калі мела справу з відавочнымі рэчамі. Беларуская літаратура шасцідзясятых-васьмідзясятых актыўна выдавалася, перакладалася і нават чыталася, аповесці Быкава ўплывалі на сусветную пасляваенную прозу, Караткевіч адкрываў новую старонку ў гістарычнай раманістыцы нават для рускамоўных пісьменнікаў, дык тут, напэўна, і дацэнт не паспрачаўся б – было яно, сусветнае значэнне. Як мінімум – для славянскага свету.
Таму Марына ставіла іх разам, культавымі выданнямі, асобнай паліцай – тагачасныя літаратурныя часопісы. Янішчыц, Вялюгін, Разанаў, Стральцоў, Сіпакоў, Сыс, Барадулін, Вярцінскі – гэта ўжо былі вершы, з якімі можна доўга размаўляць, і кніжкі былі – з тых, якія, памятаючы смяротна параненага Пушкіна, абводзіш апошнім позіркам і шэпчаш: «Бывайце, сябры».
Ёсць такія лёсы, якія ў кароткім – і нават у некароткім – пераказе нагадваюць вострасюжэтныя раманы, бо ў іх майстэрскі пераплецены пакручастыя сюжэты, падманы і адкрыцці, здрады і дараванні, каханне і нянавісць, нараджэнне і смерць. Здаецца, нехта надта ж таленавіты асабіста сачыў з «горніх высяў», каб своечасова перакрыжоўваць патрэбныя сцежкі, адкрываць патрэбныя брамкі і зацягваць жалезнымі прутамі патрэбныя вокны.
Калі б звычайны, зямны пісьменнік прыдумваў менавіта такія сюжэтныя павароты, гэта выглядала б надта літаратурна і відавочна рукатворна: сустрэча Пушкіна і Кюхельбекера на пастаялым двары, абдымкі Дубоўкі і Бабарэкі ў бутырскай камеры, адзінокая апошняя раніца ў белым дамку ля сіняй бухты ці вузенькі кавалачак голага камня на гары Машук і паяц Мартынаў з гарачым ад стрэлу пісталетам – павольна сыходзіць уніз і змяняецца чорным навальнічным небам. Зараз хлыне дождж.
У гэтых лёсах кожная падзея выглядае як метафара, кожны прадмет – як мастацкая дэталь. Вось Максім, пахілы, хворы, схіліўся над пашарпаным сталом канцылярыі губернскай харчовай камісіі – яму засталося жыць паўгода, і ён нарэшце вырваўся з-пад бацькавага тыранічнага нагляду і, выканаўшы ягоную каменную волю «толькі калі скончыш ліцэй», ён скончыў кляты ліцэй, і нават не забіраў атэстат, і паімчаў у прыфрантавы Мінск, каб памерці ў краіне сваёй мары. Кожны дзень яму выдаюць цукар пайком, бо харчовая камісія можа сабе гэта дазволіць, але ён п’е пустую гарбату, а цукар складае ў мех, і мех гэты перад ад’ездам сам прыцягне ў беларускую сталоўку – няхай аддадуць тым, хто ў нястачы. Сухотны студэнт з тэмпературай пад сорак цягне мех з цукрам вуліцамі ваеннага горада – калі б гэта хто напісаў у кніжцы, падалося б пафасным перабольшаннем.
А гэта Пушкін, высланы чыноўнік з Пецярбурга, імчыць па пыльнай жоўтай дарозе: наперадзе горы, за спіной бурная рака. Чэрвень, спякота, чаканая адзінота. Насустрач цягнецца самотная арба, на ёй – некалькі грузінаў. «Што везяце?» – «Грыбаеда». Зусім выпадкова, нечакана, на забытай богам вясковай дарозе апошні раз перасекліся шляхі Пушкіна і Грыбаедава. Маладога бліскучага дыпламата, паэта, кампазітара, драматурга везлі з Тэгерана, дзе яго разарваў на кавалкі звар’яцелы натоўп. Напад на расейскую амбасаду быў чаканы, але, як гэта часцяком бывае, і нечаканы адначасова: некалькі бяззбройных супрацоўнікаў місіі і Грыбаедаў са шпагай. Пазнаць трупы было немагчыма, так здзекаваліся з іх раз’юшаныя злачынцы, і толькі чорная стужка на хворай руцэ – след няўдалай колішняй дуэлі – сведчыла неабвяргальна: то быў Грыбаед. І тая колішняя дуэль набывала зусім іншы сэнс.