І тады над ноўтбукам, і пасля Марына так і не склала інструкцыі для бібліятэк і замест яе напісала доўгі спіс з персаналіямі і назвамі. На свой уласны густ і розум.
Але ж фуры везлі і везлі безліч не ўнесеных у спіс кніжак, і ужо было бачна, што яны не размесцяцца на паліцах, што Марыне давядзецца самой вырашаць, куды іх дзяваць, і, хутчэй за ўсё, гэта будзе завод па перапрацоўцы паперы, але ж пусціць пад нож жывыя кніжкі – гэта ж немагчыма!
Сваю бібліятэку Дамейка прывезла з сабой. Не маючы ніколі ўласнае кватэры, яна ўсё роўна назбірала за жыццё з чатыры сотні тамоў, і добра, каб там былі нейкія рарытэты ці кніжкі, якія абавязкова патрэбна мець у папяровым выглядзе, накшталт збору твораў Караткевіча ці Быкава. Не. Бібліятэка Дамейкі выглядала на прытулак састарэлых: разам з неблагімі выданнямі і зборамі твораў у ёй сустракаліся відавочна непатрэбныя падручнікі, прычым не заўсёды філалагічныя, тры тамы Этэль Ліліан Войніч, амаль увесь Бальзак у выглядзе парэпаных брашурак у мяккіх вокладках, з дзясятак кніжак пра дзекабрыстаў, якімі яна захаплялася ў дзяцінстве, том Канта і два тамы французскіх структуралістаў, і ў дадатак – ажно дзве «Рэйдавых у паходзе», кніжкі, якія яна ніколі не чытала, але шкадавала выкінуць. Гэтая «Рэйдавая ў паходзе» чамусьці заўсёды ўваходзіла ў прызавы набор пераможцы алімпіяды па беларускай мове, прычым на розных алімпіядных узроўнях, і калісьці ў Марыны іх было ажно шэсць, але ж чатыры з іх Дамейка раздарыла сяброўкам: у яе дзяцінстве кніжка лічылася лепшым падарункам, нават такая.
Яны і зараз ляжалі недзе ў шафах – хворыя, нялюбыя, але жывыя. А куды іх дзець і як прыпарадчыць?
Пра гэтую гару, якую грузчыкі выносілі з фураў, страшна было і думаць. Куды? Як?
Чамусьці больш за ўсё Дамейка баялася, што яна пачне разбіраць кнігі – і зноўку знойдзе зборнічак Новіка-Пеюна, як гэта ўжо было аднойчы. Ёй прапанавалі прыехаць і забраць любыя кніжкі з хатняй бібліятэкі памерлага навукоўца, з ёю прыехалі яшчэ чацвёра ахвотных, і яны раскладалі здабычу па чатырох стосах, а на падлогу кідалі тое, што нікому не патрэбна. І першай кніжкай, якую яна адкінула, быў зборнічак Новіка-Пеюна. Ён не быў патрэбны ёй ніякім чынам, але ж яна памятала яго з лістоў Зоські Верас, гэтага кволага, вечна хворага дзеда, колішняга сябра маладосці спадарыні Людвікі, які сваімі рукамі рабіў нейкія альбомы пра беларускія гімназіі пачатку стагоддзя. Уласныя яго творы былі таксама кволымі і часам хваравітымі, да сур’ёзнай літаратуры мелі няшмат дачыненняў, але ж у іх працягвалася, гарэла яшчэ ягонае жыццё, і Дамейцы падавалася, што яна не кніжку на падлогу кінула, а чалавека ў бездань нябыту.
– Мара! – Сямёнаў гарлапаніў з самай вяршыні, з акна свайго кабінета, нібыта гэта не Маямі, а які-небудзь Віцебск, мікрараён Білева. – Мара! Сардэчна запрашаю цябе на піва! Чакай унізе! Не падымайся! Валізку нясу!
Удваіх праца пайшла хутчэй.
– Ды не хвалюйся ты, Марачка, разбярэшся, ты вырашай праблемы па меры паступлення. Зараз трэба прыняць груз? Прымай. Заўтра трэба будзе падымаць наверх? Заўтра і будзеш сумаваць. Мы гэтыя кніжкі ў санаторыі па платных рэцэптах адпускаць будзем. Пабачыш, як пойдзе. Яшчэ кошт як заломім – тваім класікам і сучаснікам і не снілася. Дарагія лекі – гэта ж любімы радок у бюджэтах нашага народу. Вы за колькі зубы палячылі? За пяцьдзясят даляраў? О, дык гэта вы не палячылі. Гэта вам так, дзіркі пазатыкалі. Во я палячыў дык палячыў – на штуку! – Сямёнаў шапялявіў, гэта, пэўна, была неблагая пародыя на кагось знаёмага, але ж Марыне было чамусьці не смешна, хаця перспектыва выпісаць усю гэтую гару па рэцэптах уражвала.
Дамейка распісалася ў дакументах, прабеглася па ангары, кінула вокам, ці не парассыпаліся кніжкі, дазволіла ахове зачыніць памяшканні і ўздыхнула. Чаго яна, нарэшце, хвалюецца? Усё роўна апошняя інстанцыя – яна, Марына. Зробіць так, як палічыць патрэбным.
Але ж ля самай брамы Дамейку спынілі: невялічкі белы бусік уязджаў у двор. У Марыны ажно заняло дыханне: лонданская бібліятэка! Планавалі прымаць яе заўтра, але, відаць, добрай была дарожка – паспелі сёння.
– Багдане, гэта ж з Лондана!
Марына ніколі не была ў Лондане, і нават ніколі не гутарыла жыўцом ні з кім з той дыяспары. Гэта ў Канадзе ў яе былі і прыяцелькі, і аднакурсніцы, ведала яна чэшскіх беларусаў і, зразумела, літоўскіх, лонданскія падаваліся ёй казачнымі – няіснымі ў рэальнасці, але ж, магчыма, адзінымі напраўду існымі ў культуры. Лонданская бібліятэка, якой яе ўяўляла па каталогах і артыкулах Марына, падавалася менавіта такой беларускай бібліятэкай, якой яе задумваў Бог.
І нават апошнія дзесяцігоддзі яе існавання, калі не стала айца Аляксандра Надсана і калі ў ёй наогул перасталі з’яўляцца людзі, уяўляліся Дамейцы такой агульнай метафарай беларускай культуры: прахалодная, выкшталцоная, сабраная з выключнай любоўю і амаль поўнай адсутнасцю перспектыў, ідэальна створаная і нікому не патрэбная, у самым сэрцы Еўропы, такі куточак, у якім застыў час.
Ёй было вельмі, вельмі шкада, што яна не была асабіста знаёмая з айцом Аляксандрам. Яна тады якраз уваходзіла ў зеніт сваёй філалагічнай славы, паспяхова рухалася па нешматлюдных лесвіцах кар’еры беларускага літаратуразнаўцы і ў прынцыпе магла б перасекчыся з ім ці то на канферэнцыі, ці то на семінары, але не давялося.
Наогул гэта было вельмі дзіўна. Калі проста запісаць на паперы, дык у беларусаў было ўсё, каб мець уласную культуру на ўласнай мове. Усё: урокі мовы ў школе і ў ВНУ, канферэнцыі і семінары ў акадэмічных залах, прэзентацыі і абмеркаванні ў кнігарнях, чытанні ў музеях і нават бібліятэка ў Лондане. Але ж калі прыгледзецца: на ўроках было так сумна, што зубы зводзіла, на канферэнцыях толькі і чакалі, што банкета, у кнігарні і ў музеі хадзілі адны і тыя ж дваццаць апантаных невядома якой ідэяй чалавек, а ў бібліятэку ў Лондане ніхто не ездзіў і не хадзіў, бо тамтэйшыя беларусы пакрысе пачыналі размаўляць і жыць па-ангельску, а тутэйшым – тым самым дваццаці – не хапала грошай не тое што да Лондана, а нават далей за Варшаву.
Аднойчы, праўда, распачаўся ўздым – такі сур’ёзны і прыгожы, што многія нават вырашылі, што гэта тая самая хваля Адраджэння, якая нарэшце скончыцца перамогай. Мова раптам стала моднай і разам з ёй уся беларушчына. І пайшло, як на дражджах: вышыванкі, праекты, сайты, сацыяльныя сеткі…
Калі б Дамейка тады была побач з Сямёнавым (а ён тады нібы гойсаў на метафарычным кані наперадзе кожнай святочнай калоны ў вышыванках), яна б нагадала яму, што любая мода заўсёды праходзіць, што гэта яе такі жыццёвы цыкл, і ён не можа быць іншым, мода жыве ну няхай тры гады, ну няхай дзесяць, але яна ўсё роўна сыдзе, і будаваць культуру на модзе – неабачліва. Але ж яны там, у конным авангардзе, упіваліся паветрам беларушчыны, і не дакрычацца было да іх.
Дамейка, праўда, і не крычала. Агіда на Сямёнава нейкім чынам распаўсюдзілася і на вышываначнае адраджэнне. І калі хваля пайшла ў адкат, пакідаючы за сабой каляровыя абгорткі, жоўтыя шкілецікі і розную твань, нават з палёгкай выдыхнула. Гэтая шумная папсовая беларушчына нават крыўдзіла яе: мова і літаратура Дамейкі пакутліва нараджаліся ў тоўстых сшытках цытат і назіранняў, у бясконцых архіўных гадзінах, а тут – гэй, гэй! – нейкія неафіты ў святочных уборах з «Пагоняй» пад пашкаю і з «Малітваю» на рынгтоне.
Вось каб яны тады адшукалі нейкія кручкі і дзіркі ва ўсіх тых маладзёнах, якія раптам пачалі пець і размаўляць на беларускай мове, каб зачапілі б за іх Багдановіча і Дубоўку, каб працавалі б глыбей, а не стрыглі б хуткія грошы на магніціках і вышымаечках, тады – можа быць. Але мода так і засталася ўсяго толькі модай. Бо на баку моды не было людзей сур’ёзных, а на баку людзей сур’ёзных не было моды. І яны, як гэта заўсёды здаралася на Беларусі, так і не паразумеліся: філасофская вертыкаль і эстэтычная гарызанталь.
Канешне, Сямёнаў бы сказаў тады: ах ты ж мая разумнічка, выдатнічка ж ты мая, а што прапануеш? Як зрабіць так, каб замацаваць нашыя шанцы?
Марына была рада, што піва сёння не будзе. Сямёнаў з ягоным шумам і гамам не пасаваў да настрою вечара.
Яна асцярожна падняла скрынку з лонданскімі інкунабуламі і пайшла да ліфта. Як добра, што ў Калегіі можна было працаваць і ўначы.
«На поўнач ад алізонаў жывуць скіфы-земляробы. Яны сеюць хлеб не на ежу, а на продаж. А вышэй за іх жывуць неўры, а на поўнач ад неўраў, здаецца, ужо бязлюдная зямля. Неўрам давялося пакінуць сваю краіну з-за цмокаў, таму што не толькі іх краіна спарадзіла мноства гадаў, але яшчэ больш прыпаўзло іх з пустыні. Неўры, відаць што, чарадзеі. Скіфы сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на колькі дзён пераўтвараецца ў ваўка, а потым зноўку становіцца чалавекам». Гэтыя словы – урывак з «Гісторыі» Герадота, напісанай за пяцьсот год да Нараджэння Хрыстова. Між іншым, першыя словы ў сусветнай літаратуры, якія тычацца беларусаў.
Племя паміж скіфамі і пустыняй. Людзі, якія вядуць несупынную барацьбу з балотнымі цмокамі. Ваўкалакі. Нашыя паўказачныя продкі.
Дарэчы, не толькі Герадот страшыў чытачоў беларускімі ваўкалакамі.
Сэр Мантэгю Саммерс, каталіцкі святар ХVІІІ стагоддзя, вядомы тамтэйшы даследчык акультызму, аўтар кнігі «Гісторыя вядзьмарства і дэманалогіі», таксама сцвярджае: найбольшая колькасць цмокаў і ваўкалакаў ва ўсёй Еўропе – менавіта на ўсходзе Польшчы дый у заходняй расійскай дрыгве. Канешне, сэр Мантэгю меў на ўвазе Беларусь, але ж на той час разнастайныя цмокі і гады амаль знішчылі краіну казачных неўраў, падзяліўшы яе паміж моцнымі дзяржавамі, нават уласнага імя не пакінулі.
А вось знакаміты рускі фалькларыст Афанасьеў імя краіны ваўкалакаў памятаў: «У нас казкі пра злосных цмокаў захаваліся на Украіне і Беларусі; гэта нябожчыкі, якія пры жыцці былі ваўкалакамі і наогул людзьмі дрэннымі, сярод якіх самазабойцы, вераадступнікі і тыя, на якіх накладзены бацькоўскі праклён».
Дарма, далібог, дарма Афанасьеў гэтак пакрыўдзіў ваўкалакаў. Нашыя казкі – пра іншых ваўкалакаў.
Было ж калісьці: князь наш Усяслаў Брачыслававіч усе землі навакольныя ад Полацка да Кіева сакаліным вокам пільнаваў, моцаю тура бараніў, хуткасцю ваўкалака вымяраў. Людзям чыніць суды, радзіць князям гарады, а сам уночы ваўком рыскае, з Кіева паспявае да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінае. Яму ў Полацку пазвоняць Ютрань рана званы Святое Сафіі, ён той звон чуе ў Кіеве і шэрым воўкам імчыць дамоў. Нешматслоўны, замкнёны, цьмяны, пра што думае – не зразумееш. Як ішоў ён князям ужо кіеўскім з кіянамі на войска Ізяслава Яраславіча, свайго, атрымліваецца, роднага дзядзькі, які магутнае войска сабраў на землях мінскіх і полацкіх – не страшыўся, не пужаўся, але ўначы раптам кінуў усё і збег шэрым зверам у родны Полацак, хаця ні здраднікам, ні баязліўцам ніколі не быў. Чаму так зрабіў – невядома, але ж ніводнага палачаніна ці мінчука на поле бітвы не палегла. Мо, памятаў тую бойку на халоднай рацэ Нямізе, калі галовы сцялілі снапамі, малацілі цапамі харалужнымі, на такі жываты клалі, веялі душу ад цела. Пераможная была тая бойка, але ж якое крывавае жніво… Паўстагоддзя на княжым пасадзе і добрая памяць чалавечая на тысячу год наперад – во такія ў нас ваўкалакі.