Можа, таму дзеці нашы спакойна чытаюць страшныя казкі на ноч?
Аднойчы я набыла ў кнігарні шыкоўна выдадзеную кніжку казак Караткевіча: на вокладцы ляцела залатое лісце, а на адным з лістоў сядзела, трымаючыся кіпцюрыкамі за край, калмаценькае чарцяня.
Толькі дома я зазірнула ў самыя казкі.
Цмокі, ваўкалакі, чэрці, ведзьмакі, страшэнныя хвастатыя кацяры з крывавымі ўсмешкамі, нейкія вужакі ў каронах, прыгажуні на дне балоцістай ракі…
Такія казкі ў майго народа.
Між іншым, мае дзеці зусім не спужаліся – з вялікім задавальненнем разглядалі яны і катоў, і мертвых прыгажунь, рагаталі над вужамі і ладзілі з падручных матэрыялаў залатыя лісцікі і чарцянят… Сапраўдныя дзеці краіны ваўкалакаў.
Успамінаецца мне яшчэ адно беларускае дзіця.
Прыгожы смарагдавы бераг Лыбедзі, сонца, вецер, воля. Непаслухмяная палачанка Рагнеда нарэшце адна з сынам: пакінула абрыдлыя кіеўскія палаты і пакоі крывавага свайго мужа. Ён наязджае зрэдку, п’яны, валіцца спаць і потым з’язджае, але ж гэта можна трываць. Здаецца, можна трываць. Асабліва калі не памятаць той страшнай ночы, калі за смелую Рагнедзіну водпаведзь рабынічу быў зруйнаваны Полацак і забіты ягоны князь Рагвалод. Сёння яна гэта памятае, таму трываць болей немагчыма. Рагнеда бярэ меч, і чорны цень яе знікае ў цемры пакоя. Крык, гукі барацьбы, полымя свечкі кідаецца па сценах. Цяпер меч у руках Уладзіміра і зараз ён апусціцца на Рагнедзіну галаву.
– Бацька! Ты тут не адзін!
Меч апускаецца долу. З братамі ён біўся, з цясцём – да смерці, але ж каб з сынам… З сынам – не. І імчыцца Рагнеда з Ізяславам дадому, да сініх азёр, да чорных лясоў, да рудай заслаўскай зямлі, шэры воўк і маці-ваўчыца, якая праз тры пакаленні паўторыцца ў легендарным сваім праўнуку-чарадзею.
А што дрэннага, нарэшце, у тым, каб ператварыцца на колькі дзён у ваўка?
Цішыня, сцюдзёны начны мароз, ледзяны подых ветру – і ты, моцны, нябачны, чароўны, недасяжны ані для якіх цмокаў…
Праўда, не кожнаму чарадзейства па плячы, і не кожны асмеліцца перадаць нашчадкам гэткую небяспечную спадчыну.
Вось старая фотакартка, на якой дзiўны чалавек з дзiўным позiркам, калматы, у неахайна накiнутым палiто, з пераблытанымi пасмамi доўгай барады. Я гляджу на фота, i мне не зразумела: у канцы ХІХ стагоддзя, калi фотаатэлье было – па пальцах пералiчыць, калi чалавек збiраў грошы не адзiн год i рабiў толькi адну даражэнную фотакартку не дзеля прыгажосцi, а дзеля святой справы падману смерцi i забвення, чаму гэты чалавек выглядае так, нiбы знянацку злоўлены фотамайстрам? Нiбы зацягнулi яго ў гэтае фотаатэлье волакам, учапiўшыся ў бараду i каўнер падзёртага палiто? Але чаму тады ў яго такi дзiўны позiрк, у якiм не адбiлася жудасная барацьба за фотаздымак, а вiдаць адно толькi дзiцячае здзiўленне ды спалох? Чаму ён так не падобны да рэспектабельных, набрыялiненых, урачыстых сялян, якiя прыходзiлi да фатографа, саромелiся, сцiскалi ў руках шапкi i чынна-высакародна глядзелi ў чорную дзiрку цудоўнага апарата?
Аказалася, гэта той самы чарнакнiжнiк, наш продак, пра якога iншым разам успамінала бабуля, заўсёды панiжаючы голас да шэпту.
Гэты чалавек, ад якога чамусьцi не захавалася ў родавай памяцi нi iмя, нi канкрэтнага яго месца знаходжання ў генеалагiчным спiсе (цi то прадзед бабкi Насты, цi то брат Агаты, але ні тое, нi другое не супадае з часам з’яўлення фотамастацтва), жыў у канцы ХІХ стагоддзя ў Лунiнцы. Яго і да цяперашняга часу памятаюць там, i не толькi ў сем’ях нашчадкаў, бо валодаў ён дзiўнай здольнасцю знаходзiць згінулых i вяртаць iх дадому.
У той час на Беларусi прападала без вестак безлiч народу. Сыдуць на заробкi, цi ў войска, цi ў сталiцу за таварам пададуцца, цi проста ў суседнюю вёску па карову выправяцца – і няма. Дзень, другi, год, дзесяць. Няма. I што рабiць, як шукаць, у каго прасiць дапамогi? Нават сёння, калi ёсць мабiльныя тэлефоны, мiлiцыя i розныя пошукавыя тэлеперадачы, людзi, бывае, знікаюць назаўсёды, а тады…
А чарнакнiжнiк уважлiва слухаў. Потым цяжка i доўга маўчаў. Потым пытаўся: «А ты насамрэч хочаш, каб ён вярнуўся?» I пытаўся пра гэта яшчэ два разы. I толькi калi наведвальнiк цвёрда казаў: «Хачу! Якi ні вернецца, любога – без ног, без рук, хворага, п’янага – прыму!» – толькi тады чарнакнiжнiк браўся за справу.
Нiхто не ведаў, як i што ён рабiў. Дакладна вядома толькi, што была ў яго нейкая кнiга, якую нiкому i нiколi не давялося бачыць, i што менавiта яна дапамагала чараўнiку адшукваць дарагiя сэрцу страты.
Часам у сваёй кнiзе чарнакнiжнiк бачыў, што той, каго шукаюць, памёр цi загiнуў, часам – што жыве ў iншай сям’i, дзетак нарадзіў, хатку зладзiў, часам бачыў засмучанага вандроўнiка, якi прабiраецца дадому праз перашкоды… У асаблiва складаных выпадках перапытваў: «Насамрэч хочаш, каб вярнуўся? Калi вернецца, не будзе табе жыцця…»
Адна з жанчын, якая дваццаць гадоў чакала мужа, на кожнае пытанне чарнакнiжнiка адказвала: «Так, хачу! Няхай не будзе мне жыцця, няхай цяжка, няхай усе, што заўгодна, толькi каб вярнуўся!»
I тады чарнакнiжнiк прамовіў:
– Добра, я яго вярну. Прывяду ў Лунiнец. Ён будзе iсцi па тваёй вулiцы. У якi дзень i час – не скажу. Калi не прапусцiш, пазнаеш яго – ён застанецца з табой. Не пазнаеш альбо праспiш – вернецца туды, адкуль прыйшоў.
I тая жанчына два тыднi стаяла ля плоту, часам правальваючыся на хвiлiну ў сон, часам нават страчваючы прытомнасць, але вiсла на драўляных частаколінах, каб толькi дачакацца свайго чалавека.
I нарэшце дачакалася. Убачыла i пазнала. Не падмануў чарнакнiжнiк.
Нягледзячы на тое, што наш таемны продак нiкому не зрабiў нiчога кепскага, наадварот, толькi добрае i тры разы перапытваючы, у Лунiнцы яго не любiлi. I лiчылi не чараўнiком, а ведзьмаком. I баялiся. Мая бабуля нават назвала б гэтую легенду «праклён нашаго роду», так, як яна называе тую дзiўную фотакартку, з якой я пачала свой аповед.
Але чаму «праклён»? Таму, што чалавек ведаў i ўмеў крыху болей за суседзяў? Таму, што паўгорада павiнны былi дзякаваць яму, а падзякi ён нiколi ні ад каго не дачакаўся? Таму, што ў яго быў такi дзiўны позiрк, у якiм вiдаць адно толькi дзiцячае здзiўленне ды спалох? Таму, што нi з кiм з нашчадкаў ён не падзялiўся нi ведамi, нi кнiжкай? Вiдаць, таму i не падзялiўся, што на ўласнай скуры спазнаў, што гэта за шчасце такое – быць чарнакнiжнiкам.
Але з тае пары ў кожнага з нашага роду, асаблiва ў жанчын, нечакана здараюцца дзiўныя хвiлiны, калi бачыш тое, што адбываецца за тысячы кiламетраў, цi, напрыклад, сняцца сны пра тое, што адбудзецца толькi заўтра, i ты са здзiўленнем прачытаеш пра гэта ў газеце…. I асаблiва добра мы адчуваем сваiх родных, калi яны ад’язджаюць некуды далёка i калi так патрэбна iм наша няспынная думка аб iх бяспецы…
12
Тыдні ішлі, і паліцы стэлажоў патроху запаўняліся. Марына выпрацавала для сябе агульную сістэму, згодна з якой у цэнтральнае сховішча ішлі кнігі, якія ўяўлялі сабой альбо найбольш поўны варыянт збору твораў, альбо яшчэ пры жыцці мовы былі бібліяграфічнай каштоўнасцю. Да іх дадаваліся грунтоўныя біяграфічныя і крытычныя даследаванні, калі існавалі – дык і таўшчэзныя альбомы накшталт купалаўскай энцыклапедыі, асобныя паліцы займалі тамы «Беларускага Кнігазбору» і Залатой калекцыі, астатняе пакуль што адпраўлялася ў ангар, раскладвалася па вялікіх драўляных скрынях, пазначаных лічбамі, і ўносілася ў рэестр. Адначасова Марыніны лабаранткі, студэнткі-славісткі на вакацыях, сканавалі ўсе кнігі і стваралі электронную бібліятэку – на серверах і на дысках. Туды ішло ўсё: і каштоўнае, і некаштоўнае, і тое, што не ўваходзіла ў спіс Дамейкі, і тое, што стаяла на паліцах, – галоўнае, каб па-беларуску. Няхай будзе.