Але рабіла выгляд, што мне няўцям.
«Ганка, нам трэба ісці, – звярнуўся да мяне хлопец. – Паразважай тут сама пакуль што. Вось тут цыбулінка (ён дакрануўся цёплай далонню да маёй схаладнелай рукі), а тут – часначынка (зноўку – цёплы дотык), здагадаешся, што з імі рабіць».
І зніклі.
У будане шавяльнуўся Цімоха. Муражок у адным месцы крыху палысеў – напэўна, калі я папраўляла на лапніку пухавік, пашкодзіла маладзенькі дзёран. Я адшукала пад сасной дручок і выкапала дзве ямінкі: адну, неглыбокую, для залатой цыбулінкі, другую – паглыбей – для срэбнай часначынкі. Апусціла падарункі ў зямлю. Цыбулінка адразу заўтулілася, закамфорцілася, прыціраючыся залатымі бачынкамі да норкі, а часначынка крыху пападскоквала, шукаючы сваё месца. Я зірнула апошні раз на водбліскі Месяца на шалупінні сваіх падарункаў – і засыпала ямінкі зямлёй.
«У кожным незразумелым выпадку…. – раптам успомніўся мне вэб-жарт, – што там звычайна прапануюць? У кожным незразумелым выпадку кладзіся спаць?»
Не. Класціся спаць – не наш выпадак. Наконт спаць – гэта выйсце хіба што для малых дзяцей.
Калі што незразумела – саджай цыбулю з часнаком. Так, менавіта гэта прапанаваў мне Той, хто павіншаваў мяне з Калядамі.
Я сядзела ля будана. У мяне быў свой дом, зладжаны ўласнымі рукамі. У будане пасопваў Цімоха. У мяне быў свой сын. А недзе там, у цёплым чэраве зямлі, ціхенька, але настойліва, укараняліся мае цыбулінка і часначынка. У мяне была свая справа і надзея на свой ураджай.
А значыцца, пражывём.
«Ну вось што нарабілі! – пачуўся здалёк сварлівы голас маўкі. – Цяпер і на паляну не зойдзеш! Апаскудзілі сваім часнаком! Так марыла выспацца, а каралеўна гэтая ўвесь цымес сапсавала! Што ты пхнеш мне свае драныя посцілкі? Прэч адсюль, небарака…»
10
З навыкамі аналізу ў Дамейкі заўсёды было дрэнна. Ёй пашчасціла, што кафедра традыцыйна не патрабавала ад сваіх аспірантаў аналітычных звышздольнасцяў. Бо з такім апаратам пазнання рэчаіснасці, які быў ў Дамейкі, яна б наўрад ці абаранілася, напрыклад, на кафедры славянскага мовазнаўства. Часцей за ўсё Марына не разумела, а адчувала свет вакол сябе: адчувала алюзіі і рэмінісцэнцыі, адчувала чужы тэкст пасярод арыгінальнага, адчувала, дзе паэт прытрымліваецца традыцыі, а дзе – у паэтычным раздражненні пачынае расхістваць шаблон. Таму яе артыкулы і эсэ, а пазней і дысертацыя ўспрымаліся заўсёды як новае слова ў паміраючай навуцы: бо тэкст зіхацеў і пераліваўся геніяльнымі прадчуваннямі, парадаксальнымі здагадкамі і таленавітымі прасвятленнямі. Гэта была не навука, а пралог да навукі, які, на жаль, стаўся прыгожым, але легкаважным эпілогам.
Нарэшце, і да сваіх, і да чужых, за рэдкім выключэннем, навуковых здольнасцяў Дамейка ставілася звышіранічна. У гэтым былі вінаватыя ў першую чаргу сацыяльныя сеткі, куды патроху перамясцілася навуковая дыскусія – і адразу стала многае зразумела.
Насамрэч, аднойчы любы акаўнт, які, натуральна, значна разумнейшы за свайго гаспадара, такі дапрыгаецца. Бо здарыцца так, што ў нейкай філалагічнай размове, павольнай і шчыра прысыпанай інтэлектуальнымі лайкамі, твой лепшы віртуальны сябра аднойчы запытае: «А ці памятаеш ты гэтае эсэ Кундэры? Там, у другім абзацы, якраз…»
І пакуль ты, падтрымліваючы рэномэ свайго інтэлектуальна няўрымслівага акаўнта, нервова забіваеш у Гугал «эсэ Кундэры чытаць анлайн», да гутаркі ўжо далучаюцца іншыя паважаныя людзі: «Мне Кундэра-эсэіст падабаецца болей за Кундэру-раманіста» – «Але ж ягоныя эсэ французскага перыяду – гэта так штучна!» – «Маеце рацыю, чэшскі Кундэра значна больш натуральны»…
О матка боска! Ён чэх. Усё жыццё думала, што румын. Французскі перыяд… Значыцца, па-французску таксама піша. Ага. Зараз, зараз мы напішам які-ніякі каментарчык…
«Э-э-э…»
Любенькі фэйсбучак. Як прыемна, што можна накінуць капялюшык-нябачнік, абярнуцца ваўкалакам і пабегаць па Вікіпедыях, пакуль гаворка плыве ў выгодным для цябе рэчышчы. А то і сысці.
У вуснай гаворцы так не зробіш, не. Даводзіцца выблытвацца. Тут вельмі дапамагае дасканалае веданні спісаў літаратуры, якія паныла вывучаліся ў пачатку кожнага філфакаўскага семестра: «Ёлкі, што яшчэ за Піндар? Падазраю, якая там лірыка… Вой, а Еўрыпід, братка, колькі ж накатаў! І ўсё трагедыі, усё трагедыі! Ага, Сафо, ну гэтую пачытаем…» Канешне ж, да першага семінара ні Еўрыпіда, ні, натуральна, Сафо, але ж, памятаючы парадак аўтараў у спісе, бадзёра дакладаеш выкладчыку: «Паэтычныя традыцыі Піндара ўдала выкарыстоўвае вялікі трагік Еўрыпід, чыя творчая спадчына добра захавалася да нашых дзён, але ж найбольшых вышынь спалучэнне Піндаравай лірыкі і Еўрыпідавай трагедыйнасці дасягнула ў творчасці знакамітай Сафо...»
Але ж, халера, Кундэра… А каб цябе… Нейкіх эсэ панапісваў, дзе ж яно, тое, якое патрэбна? І, напэўна ж, чэшскага перыяду, бо французскі – гэта, кажуць, штучна.
Дарэчы, пра перыяды. Больш за ўсё з курса рускай літаратуры любіла адказваць біяграфію Астроўскага, таго, які пра Кацярыну Кабанаву. А ўсё таму, што біяграфія ягоная, падзеленая, як і ўсе біяграфіі, на перыяды, запаміналася на раз-два: дарэформенны і паслярэформенны. Усё, далей можна не вучыць, трэба толькі ведаць, што за рэформа. Ну і, натуральна, шпарыш пяць хвілінаў пра тое, як у дарэформенны перыяд драматург адстойвае ідэі адмены рабства, а ў паслярэформенны – аналізуе няспраўджаныя спадзяванні інтэлігенцыі. Што? Дзе гэта бачна ў драме «Навальніца?» Як гэта – дзе? А бунт Кацярыны? А яе імкненне да волі? А Кабаніха, якая наследуе рысы барыні з тургенеўскай «Му-му»? Кацярына магла сігануць у Волгу толькі ў парэформенны перыяд, бо ў паслярэформенны яна б ужо ведала, што і там волі нямашака.
Матухна ж мая, ратуйце, якое ж вялікае эсэ! І гаворка на фэйсбуку, галоўнае, з Кундэры ніяк не збочыць. Ужо нехта пра экзістэнцыю пачаў, раманы ўзгадваюць… А што ж ён там напісаў, Кундэра гэты? «Хазарскі слоўнік»? Не, тое, здаецца, не ён. «Замак»? Не, гэта дакладна не заходнеславянскае. Хаця ж нешта такое чэшскае адчуваецца ў гэтым «Замку», хто ж яго напісаў, ліха твае матары… Нейкі смурны дзядзька, занадта філасофскі. Ну, калі занадта філасофскі, то, пэўна, немец, бо там у іх Кант і Гегель, але ж чаму мне мроіцца ў гэтым нешта заходнеславянскае?
А пра Гегеля філфакаўскі жарцік памятаеце? Кожны філолаг павінен адрозніваць Гегеля ад Гогаля, Гогаля ад Бебеля і Бебеля ад Бабеля. З Бебелем, канешне, пытаннечка, але ж чакайце, мне б Кундэру неяк абмеркаваць з паважанымі людзьмі.
Так. Чытаць няма як. Тым больш раманы – там нехта напісаў, што раманіст ён не вельмі, навошта ж час марнаваць. І так яшчэ колькі нечытанага. Фармулюем. Кундэра – заходні славянін, значыцца, цяжкая гістарычная спадчына, праблемы самаідэнтыфікацыі, наслаенне культур і постімперскі сіндром. Ага. З’ехаў у Францыю. Эмігрант з усімі наступствамі. Піша па-французску. Новы моўны досвед, здрадніцтва роднай мове. Сюды і гэтага, з «Замкам», нешта ж ёсць падазрэнне, што ён таксама нейкі чэх, але і немец. Парадоксу дабавім, каб не пець ва ўнісон з каментатарамі, не дарэмна ж я пястую свой акаўнт як звышінтэлектуальны. Ну, паехалі.
«Эсэ чытала, так. Але ж для мяне Кундэра – гэта такая інфернальная сумесь нацыянальных і асабістых комплексаў непаўнавартасці, дарэчы, звычайная для заходнеславянскай мастацкай думкі, што я не магу ставіцца да ягоных высноў інакш, чым да суб’ектыўнага пункту гледжання таленавітага раманіста. Мне, дарэчы, і французскія эсэ не падабаюцца – змена мовы не можа прайсці без следу».
І спрацоўвала! Марына нават ведала тры абароны дысертацый, якія адбыліся менавіта дзякуючы вось такім выкрунтасам у сацсетках.
Таму Дамейка заўсёды зачытвалася Бабарэкам.
Ёй імпанавала ў ягоных артыкулах менавіта тое, чаго бракавала ёй самой: уменне паглядзець на кожную з’яву з усіх магчымых бакоў, уменне разгледзець прычыны і наступствы, уменне пабудаваць з рэштаў слоў прыгожы будынак сэнсу. Бабарэка не адчуваў – ён спачатку дазнаваўся, а потым – ведаў.
Дамейцы падавалася, што і наконт «Узвышша» ён усё ведаў. Калі Дубоўка ўляцеў у арышт на поўнай хадзе, як цягнік, перад якім раптам зніклі рэйкі, то Бабарэка крочыў у сваю цяжкую будучыню, хладнакроўна ўсведамляючы, чым гэта скончыцца. Ён ведаў, што досыць аднаго толькі артыкула, у якім ён падрабязна, звышлагічна, аналітычна раскладзе на пралетарскім крыжы Дубоўку і Пушчу – і ён уратуецца, як уратаваліся іншыя. Але такіх артыкулаў ён не напісаў. Замест іх – падрабязны, скрупулёзны, такі адметны, па-бабарэкаўску метадычны расповед для следчых: чаму ўзвышанцы не здраднікі.
Ці па праўдзе яны патрэбныя літаратуры, літаратурныя крытыкі?