Завіруха пастаралася выбяліць чорныя пагоркі і дэкараваць крухмальнымі карункамі ялінкі, але ж на ўскрайку леса хоцькі-няхоцькі панавала змрочная вусціш. Наперадзе слалася бязмежнае поле, ззаду рыхтаваўся наваліцца на мяне кашчавы зімовы лес.
І не пытайцеся, якім чынам мы апынуліся на гэтым узлеску. Я сама не ведаю. Неяк так здарылася: жыццё ішло-ішло, падзеі адбываліся-адбываліся, а потым нелагічна раптоўна – бац! – і ззаду дыхае здань лесу.
Дарэчы, калі б я апынулася тут адна, не было б праблем. Легла б лежмя, дзе стаю, успомніла б усё жыццё ды заплюшчыла б вочы: паміраць дык паміраць. Але ж побач – зусім скачанелы і знямоглы Цімоха: «Каватай капаць… такат капаць… я каватай купіць…» З Цімохам паміраць было ніяк немагчыма.
Таму я цяжка ўздыхнула (я заўсёды ўвечары цяжка ўздыхаю, асабліва калі ведаю, што гэта пачуе муж; няхай зразумее, што жыццё маё не надта лёгкае) і, учапіўшы Цімоху за каўнер, павярнулася спіной да поля: «Бжжжжж… Каватай едзе…. Бжжжж…. Мама каватай…. Дрррр-бжжж…. Ціма каватай…»
Ля высачэзнай елкі мы спыніліся.
Усё, як я і думала: на суседняй сасне вылупіла шэрыя вочы сава, пад елкай ля каранёў калупаўся ў носе меланхалічны лясун, на пні скруцілася захутаная ў леташняе лісцё маўка, а ўверсе, там, дзе з неба падаў на зямлю месяцовы прамень, таўклі мак малыя чарцяняты.
Значыцца, заўтра падмарозіць.
«Мама, ба-бай!» – працягнуў Цімоха. Натуральна, адпачыць не перашкодзіла б. Але ж як тут уладкавацца, у зімовым лесе? Не барукацца ж з маўкай за ворах цёплага лісця! Я пасадзіла Цімоху пад елку, падштурхнула яго пад махнаты бок лесуна – займі дзіця, байбак! – і пачала плесці будан.
Калі прышпіліць да зямлі рагулямі шырокія лапы вялікай елкі ды прасунуць паміж імі праз адну розныя галінкі, сухія травіны, памёрзлыя пруты здзічэлага вінаграду ды іншае гнуткае лясное вецце, атрымаецца, між іншым, шыкоўны будан: унутры раптам стане цёпла-цёпла, снег паволі растане ад цёплага дыхання і знікне, высунецца мяккі густы муражок. А водар, гэты неверагодны водар зімовага лесу! Карацей кажучы, праз паўгадзіны я не толькі пабудавала хатку, але і нанасіла ў яе лапніку, кінуўшы на яго сваё шыкоўнае норкавае футра.
Але ж, пэўна, вы зразумелі: ніякага футра насамрэч не было. Кінула я на лапнік звычайны кітайскі пухавік, але даражэнькі мой Цімошык быў ужо такі няшчасны, такі маленькі і такі бездапаможны, што мне вельмі хацелася падаслаць яму менавіта норкавае футра – вялікае, мяккае, густа-пухнатае, каб паклала хлопца на адну палу, другой накрыла – і адчула б сябе годнай маці.
Праз колькі хвілінаў Цімоха, захутаны ў пухавік і закалыханы мамінымі пацалункамі, ужо пасопваў носікам на яловым ложку, а я сядзела ля парога свайго будана і чакала ў лесе пераменаў у лёсе.
На небе тым часам замігцела зыркая зорка.
Маўка неспадзеўку заварушылася на сваім мулкім ложку, замармытала: «Прыпёрлася, цаца ў пухавіку… Не было клопату… Зараз пачнецца – пойдуць кагалам каралі, цары, чараўнікі і мудрацы, ігліцы ім у голаў, зноўку давядзецца ў гушчары хавацца…» Лясун падскочыў да сяброўкі і падсунуў пад яе калматую галаву жоўта-зялёную падушку з леташняга імху: «Ну, не крыўдуй, не хвалюйся, мо, яшчэ не прыйдзе ніхто!» «Ага, не прыйдзе! – заенчыла маўка. – Заўсёды прыходзілі, а тут не прыйдуць!»
Як прыгаварыла! Хруп-хруп-хруп-хруп… Нехта крочыў па той самай сцежцы, па якой прыйшлі мы з Цімохам.
«Добры вечар, гаспадынька, у хату! – той, хто гаварыў, быў вельмі стомлены, але ветлівы. – Прымайце гасцей, спадарыня!» З-за сасны, на якой лыпала вачамі маўклівая сава, паказаліся трое: бадзёры сівы дзядзька, адно ў адно – мой універсітэцкі настаўнік, прафесар Мікалаеў, з ім – малады чарнявы хлопец пры акулярах і нейкі дзед-барадзед у дзівацкім палітоне.
Лясун выбег насустрач гасцям, паслужліва разнімаючы дратву калючага малінніку: «Сюды, сюды, даражэнькія, але ж мы тут па-свойску, не паспелі, выбачайце, пан Мікалаеў…» З цемры занэндзіла маўка: «Запытай, ці можна мне не хавацца ў гушчар! Ну няхай я тутака паляжу!» Лясун замітусіўся яшчэ больш: «І вы, пан Янка, калі ласачка, праходзьце, і ты, дзед Мацей, даўно не бачна… Не звяртайце ўвагі, дурная баба, паенчыць дый заціхне…»
«Не, – рашуча адсунуў лесуна ўбок Мікалаеў, – нячысцікі на паляне лішнія. І сам гэць адсюль, чарцяка!»
«Прафесар, ды няхай, – усміхнуўся Янка, – на які ляд іх гнаць? Няхай сярод людзей пабудуць, з выхаваўчымі мэтамі!»
Мікалаеў паціснуў плячыма, ледзь чутна ўздыхнуў і з усмешкай звярнуўся да мяне: «Ну, гаспадынька, паказвай сына!»
Я ажно падскочыла. «Што значыцца, прабачце, паказвай? Навошта? Ён спіць!» – і раскінула рукі, перакрываючы ўваход у будан.
Дзед-барадзед стрымаў Мікалаева: «Ну і трэба табе гэтыя фармальнасці, братка? Усё ж як на далоні: кабета, будан, зорка, малы. Хіба тут бывае па-іншаму?»
Мікалаеў зноўку ледзь чутна ўздыхнуў (дарэчы, мне падалося, што шматзначна ўздыхаць мы з ім вучыліся ў аднаго і таго ж настаўніка): «Але ж, спадарства, менавіта фармальнасці ствараюць традыцыю. Надаюць, так бы мовіць, сэнс. Складаюць сакральнасць. Карацей кажучы, неяк будзе будзённа без фармальнасцяў. Да таго ж – кабета нас не зразумее, калі мы зробім тое, што трэба, без фармальнасцяў».
«А што трэба з кабетай рабіць?» – усхвалявалася я.
«Ай, пані, не звяртайце ўвагі! – пашкадаваў мяне хлопец у акулярах. – Проста калі маці з сынам раптам трапляюць у неспадзяванку, а над імі запальваецца зорка – мы павінны адшукаць іх і падараваць… ну, кожнай па-рознаму. Вам, напрыклад, загадалі перадаць залатую цыбулінку і срэбную часначынку».
«Ай, я ж казала, прыйдзецца хавацца ў гушчар!» – усхапілася маўка і, румзаючы, падалася з паляны. Лясун таксама падскочыў: «Як не сорамна, спадарства, як не сорамна, мы былі такія радыя, а вы – цыбулінку! Дык яшчэ б дабро адну цыбулінку, а то ж і часначынку!»
Я паглядзела ўверх. Чарцяняты круціліся ў нейкім чароўным віры, які сыходзіў на нішто і знікаў недзе ля Месяца.
«Хто загадаў?»
Мікалаеў… Не, зараз ён не ўздыхнуў. Ён хітра паглядзеў на мяне, падміргнуў і працягнуў ледзь не какетліва: «Ну-у-у… хтохто… здагадайся!»
Дзед Мацей сурова зірнуў на Мікалаева і незадаволена буркнуў: «Цьфу, балбатун… З кім даводзіцца працаваць!»
Але я нават не заўважыла падтэксту. Таму што я здагадалася.