У такія хвіліны ўсё падавалася нішчымным: і мары, і справы. Яна раптам убачыла галечу і ўбоства сваіх паліц, сваіх поглядаў, сваіх памкненняў, яна зразумела, што свет вакол рухаецца некуды, а яна – сядзіць у куточку, люляючы колішнія свае эмоцыі і пачуцці з нагоды калісьці прачытаных кніг… Вакол свістаў скразняк. Трэба было хутчэй зачыняць вокны і дзверы. Але Дамейка трымалася наросхрыст. Зараз. Няхай прадзьме.
Гэта быў уласны механізм Дамейкі ў такіх выпадках: пратрымацца, пакуль магчыма, надыхацца свежага паветра, запусціць да сябе антыподаў з іхнімі таночкамі і спевамі, прагна напіцца наваколля, павыштурхваць госцейкаў – і хуценька зачыніцца на ўсе замкі.
Па дарозе дадому Марына зайшла ў крамку, якая змяшчалася на першым паверсе трохпавярховіка ў самым пачатку іх вуліцы. Гаспадарыла ў крамцы пажылая італьянка – спакойная, павольная і чамусьці маўклівая, што разбурала шматлікія нацыянальныя стэрэатыпы наконт італьянцаў. Набор прадуктаў тут быў досыць звычайны, але заўсёды было к’янці – тое самае, якое Дамейка калісьці ўпершыню пакаштавала ў Фларэнцыі па два еўра за бутэльку, і ніякае Брунэла, няхай сабе і Мантальчына, не маглі супернічаць з улюбёным просценькім к’янці. Тры бутэлькі віна, гронка чэры, сыр і каўбаса. Цэлы банкет.
– Сямёнаў? Вітанкі. Што робіш? Заходзь да мяне. Так, будзем баляваць. Нічога не здарылася. Настрой такі. Нічога не бяры. Усё ёсць. Давай.
Сямёнаў неадкладна з’явіўся, адчыніў дзверы ледзь не з нагі і ўспрыгнуў на падаконнік.
– Чорт, як я люблю, Мара, твой такі настрой! Апошні раз ён быў такім гадоў дваццаць таму, ці не? За паўгады да Патрыка. Я ўсё-ё-ё памятаю пра цябе, Дамейка, зацані.
– Пайшоў ты. Настрой ты мне не сапсуеш, а паветра – можаш, дык не трындзі. Адкрывай к’янці.
– Ёсць, капітан! Дамейка, а гарачае што-небудзь будзе? Ну абрыдла ўжо есці сыр з каўбасой. Ты што, зусім не гатуеш? Ты ж гатавала некалі.
Марына моўчкі паставіла на агонь патэльню, высыпала з пачкі ненатуральна белыя равіёлі, зверху – зялёныя слупочкі замарожанай спаржавай фасолі, лыжку смятаны. Накрыла крышкай.
– Во, гэта я разумею. Чараўніца. Хаця паямо.
– Ну, давай, Багдане, налівай. Сёння я цябе не баюся. Сёння ты мяне бойся.
Марына адчувала баявы імпэт і сёрбала к’янці агромністымі глыткамі.
– Ну, Сямёнаў, давай выкладвай. Што за ліст ты даслаў Рычарду?
– Даведалася ўжо. Гаўкала твой гэты Рычард.
– Ай, Багдане, кінь. Проста раскажы.
– Проста расказваю. Я ўнес прапанову адкрыць санаторый для дэпрэсуючых беларусаў на базе нашага архіва.
– Як гэта?
– Ну, Мара, ну паразважай. Дэпрэсія – гэта што? Гэта страта глабальнага сэнсу. А сэнс – ён дзе? У мове. А мова дзе? У нас. Вяртанне да вытокаў, індывідуальны падбор літаратуры для тэрапеўтычнага чытання, афірмацыі на роднай мове, пастаноўка моўнага апарату дзеля сакральнай сувязі з падсвядомасцю, аднаўленне генетычных кодаў пры дапамозе граматычных сувязяў.
– Сямёнаў, што за плот з лебяды? Ты блазна, Сямёнаў!
– Не, я зачытваю будучыя рэкламныя ўлёткі, Марачка. І ты пабачыш, як запрацуе нашая кансерваваная прыгажуня.
– Добра, гэта заўтра. А чаму мне адразу не сказаў? Я ж твая кіраўніца, Сямёнаў. Чаму мне не паказаў?
– Э-э-э… – Сямёнаў пачухаў патыліцу. – Што, таксама проста сказаць?
– Ага, проста скажы.
– Знарок. Я ведаў, што ты пакрыўдзішся і паклічаш мяне на разборкі. Мы ўжо два тыдні з табой жывём і працуем поплеч, а ты яшчэ ні разу не паклікала мяне на разборкі. Хоць якія. Я хацеў раскалупаць твой панцыр. Бач, не памыліўся.
Як пашэнціла Сямёнаву, што яны сёння пілі к’янці. Першая бутэлька пакрысе скончылася, адкрылі другую, тут-сют – распачалі і трэцюю.
Моц к’янці – у мяккасці. Яно ўваходзіць у цябе ціха-ціха, нібы ліпеньская ноч, цяплейшая за чэрвеньскія дні. Яно мае той жа малекулярны склад, што і спакой тваёй душы, і проста займае сваё месца ў стузаным за дзень чалавеку. Нічога няма залішняга ў к’янці: ані рэзкіх нот у смаку, ані высокага градусу. Ты б і не заўважыў яго, п’ючы як крынічную ваду, але ж як не заўважыць гэтую чароўную мяккасць, якая разліваецца па целе, па руках, па нагах, па сэрцы? Ад к’янці ў галаве раскручваюцца спружыны і парахнеюць цвікі, і замест яду думак пачынае струменіць к’янці, мяккае, антыінтэлектуальнае к’янці, простае і сапраўднае, як вада.
– Слухай, Мара, я не памятаю, што я там за лухту нёс табе, калі тлумачыў, чаму прыехаў. Ты не вер. Насамрэч усё было не так.
– А ты не тлумачыў.
– Усё адно не вер. Я скажу зараз – зараз можна верыць. Калісьці я думаў, Мара, што шчасце запануе на свеце, калі мы ўсе разам пачнём размаўляць на мове і чытаць літаратуру. На нашай мове і нашую літаратуру. Гэта нас аб’яднае, і мы разам паляцім да зор. Ну, ты памятаеш, я быў малады, дурны і неадукаваны. Але думаў так доўга. Потым я зразумеў, што мова і літаратура насамрэч нікога не аб’ядноўваюць. А калі аб’ядноўваюць, то не да канца і не тых. Потым аказалася, што і я не хачу аб’ядноўвацца ні з Васем з аўтаваза, ні з Кейстутам з Гародні. Бо ў нас усё такое рознае. Калі мовай валодаюць адзінкі, ты яшчэ можаш знайсці паразуменне. Калі сотні – можаш наладзіць дыялог. А калі сто адзін – усё, капец. І потым. Што яднае нас, няўжо мова? Калі нас будзе шмат, сярод нас усё адно будуць дурні і інтэлектуалы, забойцы і героі, бо чалавек існуе чалавекам незалежна ад мовы, на якой размаўляе. У нас нават гісторыі няма агульнай, бо кожны ведае толькі тое, што ведае. Сваю ўласную казку. Не. Я не хачу чужых казак. І я зразумеў, што хоць ты і павучыха, але маеш рацыю больш за мяне. Калі па праўдзе, дык я заблытаўся, Мара. Жыццё прайшло, а навошта. Вось і прыехаў. Акрамя цябе, мне няма з кім аб’ядноўвацца па мове і літаратуры.
Нешта было смешнае і дзіцячае ва ўсіх гэтых тлумачэннях, але яны ўжо ішлі за чацвёртым к’янці, крамка была, вядома, зачыненая, але ў Марыны быў нумар тэлефона гаспадыні, і яны патэлефанавалі пажылой італьянцы з гэткай жа прастатой, з якой калісьці грукаліся ў пакой, дзе на канапе з гарэлкай спала белабрысая Зойка. І Зойка ўставала, і падымала палову канапы, і нават запісвала ў сшытак чырвоным алоўкам «803 – доўг 2 бут.». Паднялася і італьянка, спусцілася ўніз і вынесла ім дзве к’янці, і яны пайшлі на набярэжную, селі на парапет, цягнулі віно наўпрост з бутэлек, спявалі «Акіян Эльзы» і цалаваліся.