Таму, што ставіць з Купалы, Марына не ведала. Любы збор твораў, любое «Выбранае» змяшчалі шмат таго, за што Купалу цяжка было любіць – няшчырага, выпакутаванага, нецікавага. Дамейцы было вельмі крыўдна, што не знайшлося чалавека, які выдаў бы збор твораў сапраўднага Купалы – якога не скарылі, не паламалі, не пасадзілі на ланцуг ля гаспадарскай сядзібы. Захаваць усё тое, што было напісана сэрцам, пазбавіць цэнзуры, выкінуць усё несапраўднае, як гэта паспеў зрабіць Глеб Лабадзенка з Быкавым і Караткевічам… Але ж Купала на той момант быў ужо залакіраваны да непазнавальнасці глянцам школьнай праграмы, бязлітасных літмантажоў і школьных сценгазет, намаляваных шкалярамі да тыдняў белмовы.
Да таго ж антыбальшавіцкіх балад 1918 года нараджэння наогул нідзе не было – ані ў адным выданні. Атрымлівалася, што поўнага збору твораў свайго класіка Беларусь так і не займела. Дык што ставіць на паліцы?
– Мара! Я прыйшоў! Давай абмяркоўваць маю прапанову. Бо ў мяне зараз нейкі затык – чытаю Бушлякова і не магу вярнуцца да працы. Хочацца чытаць і не хочацца кансерваваць, а мая ж прапанова – з гэтай галіны.
І Сямёнаў расказаў.
Справа была сапраўды цікавая. Марына даўно не ўглядалася ў Беларусь, як некалі не глядзела на сябе ў люстэрка: гляне на грыўку, каб толькі не зачапіць позіркам кірпаты нос, невыразныя вочы і тонкія вусны, – і подбежкам. Калі прыязджала па справах, нават галавы не падымала, ніколі не гартала газет і даўно ні з кім не сустракалася, бо насамрэч у размовах з мясцовым насельніцтвам, якое некалі было сяброўкамі, знаёмымі і калегамі, у яе пачынаў сціскацца мозг. Яны жылі сваім немудрагелістым жыццём, чыталі кніжкі, якія прапаноўвалі модныя літаратурныя блогеры, хадзілі на спектаклі, на якія ў апошніх форумах былі самыя вострыя водгукі, спрачаліся па культуралагічных пытаннях, то бок нельга было сказаць, што людзі жылі без культуры, але пра тую культуру размаўляць Марыне было сумна, а пра тую, пра якую цікава было Марыне, не разважалі яны. Здаецца, ну дык ты без культуры паразмаўляй! Але тут было яшчэ складаней, бо ва ўсіх былі дзеці, хаты, лецішчы і машыны, а ў Дамейкі нічога, акрамя адыходзячай у нябыт літаратуры невялікай краіны, не было. Фрэндстужкі сацыяльных сетак таксама віравалі недзе ў раўналежнай рэальнасці. Такім чынам, тое, што расказваў Сямёнаў, стала для Марыны непрыемнай, але відавочна перспектыўнай навіной.
Апошнім часам у Паўночна-Заходнім краі быў зафіксаваны істотны рост самагубстваў, прычым без звычайных прычын накшталт нешчаслівага кахання, фінансавых праблем ці падлеткавых максімаў. Паспяховыя дарослыя людзі, эканамічны патэнцыял краю, сямейныя, усталяваныя ў жыцці. Мужчыны, жанчыны. Ні смяротных запісак, ні яшчэ якога тлумачэння. Спосабы – самыя розныя, але вось гэтая канчатковая невытлумачальнасць – аднолькавая.
Пачалі вывучаць. Дакапаліся да колішняга досведу прыбалтыйскіх краінаў падчас савецкае русіфікацыі, потым – да статыстыкі суіцыдаў судзецкіх немцаў (і хто яе вёў, тую статыстыку, а вось бач ты), і нават да нейкага артыкула «Кур’ера варшаўскага» за 1865 год, у якім аналізаваліся дадзеныя па самагубствах сярод паспалітага люду былых польскіх земляў, якія ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі. Іх было вельмі няшмат, але ўсё роўна больш, чым у суседзяў.
– Слухай, Сямёнаў, неяк выглядае на фальсіфікацыю. Ну якая статыстыка самагубстваў па судзетах? І тым больш у «Кур’еры варшаўскім»?
– Ведаеш што, Мара, усё вакол нас наогул – фальсіфікацыя. Твае гэтыя палічкі – таксама фальсіфікацыя, пагадзіся, адносна таго, што было насамрэч.
Дамейка праглынула камяк у горле. Няхай сабе.
Карацей кажучы, высветлілася: пазбаўленыя падсвядомай магчымасці далучацца да пэўнай культурнай супольнасці, не, не так, не да «пэўнай», а менавіта да той, якая найлепш карэлявала з умовамі іхняга жыцця – не толькі сацыяльнымі, але і кліматычнымі, гістарычнымі, ментальнымі – людзі страчвалі генеральную матывацыю і пры самай малой правакацыі разлічваліся з жыццём.
– Нейкая лухта.
– Гэта, Мара, не лухта. Гэта, канешне, пэўнае дапушчэнне, такая тэорыя, мабыць, вульгарная, магчыма, інтэлектуальна бедная, але ж, Мара, шматабяцальная. Разумееш, мая дзяўчынка, дэпрэсія, суіцыдальны настрой – гэта такія тонкія рэчы, побач з якімі спрацоўваюць як строга навуковыя метады, так і пэўныя дапушчэнні. А што, калі наш паўночна-заходні суіцыд будзе вылечвацца памерлай літаратурай і нябожчыцай мовай? Калі дэпрэсуючыя спадарыні атрымаюць магчымасць прыгожа і стылёва лекавацца кніжкамі і аўдыраваннем? Ты толькі падумай, Мара. Колькі гэта грошай! Які гэта праект! Рычард лічыць, што гэта геніяльны праект.
– Ну-у-у… Мне б не хацелася камерцыялізаваць нашую справу…
– О-о-о, пачалося. Марыначка, ну якая ж гэта камерцыялізацыя? Нарэшце літаратура будзе рабіць тое, што яна павінна рабіць: выратоўваць людзей! Сапраўднае мастацтва марыла аб такой магчымасці ад моманту нараджэння! Гэта ж надае сэнс усім іхнім пакутам! Сгарэць, каб выратаваць жыццё чытачам!
Марыну перасмыкнула. Сямёнаў відавочна хібіў.
– Слухай, Багдан. А што, калі я не пагаджуся, санаторыя не будзе?
Сямёнаў усміхнуўся:
– Будзе, Мара. Усё роўна будзе. Насамрэч яны адчыняцца пры кожнай кансервацыйнай зале. Праз тыдзень вы будзеце абмяркоўваць на паседжанні архітэктурны праект. Для цябе, Марачка, нічога не зменіцца: будзеш сабе кансерваваць сваіх хлопцаў у зручным для цябе рытме. Проста недзе з дзвюх да шасці да тваіх паліц будуць падыходзіць кволыя дзяўчынкі і самотныя старыя і сыходзіць з тваіх залаў з чароўнай усмешкай на шчаслівым твары. Ну гэта я абагульняю. Механізм узаемадзеяння санаторыя і архіва трэба будзе ўдакладніць.
Дамейка адчула нейкі холад у грудзях. Усё, што адбывалася, было настолькі нелагічным – ад тону Сямёнава і да зместу ягоных размоў…
– Багдан, злітуйся, я не разумею нічога. Ты размаўляеш са мной, нібыта гэта ты – мой кіраўнік, а не я – твой. У мяне зараз такое адчуванне, што вы з Рычардам даўно і неяк злачынна знаёмыя, а я – нейкая пешка ў вашай гульні. Я нават не магу думаць пра ваш гэты санаторый, я наогул не разумею, што адбываецца. Чаму ты, чалавек невядома адкуль, колькі ты тут працуеш, прыходзіш да мяне з прапановай, якая, аказваецца, ёсць справаю даўно вырашанаю паміж табой і маім кіраўніком? Пакуль я гэтага не ўразумею, я не магу думаць ні пра што іншае.
Сямёнаў засмяяўся.
– Марачка, не бяры да галавы. Проста ёсць мужчынскія размовы і мужчынскія справы. Мы паразмаўлялі з Рычардам, ён даведаўся пра мой працоўны і беспрацоўны шлях – і прапанаваў кіраваць санаторыем. Ну не ты ж, акадэмічны вучоны, будзеш ім кіраваць?
– Канешне не! – усхапілася Марына.
– Ну, мы так і зразумелі. Тым больш, што без цябе, без тваёй плённай працы ў архіве нічагуткі не будзе. Ты ідэальная на сваім месцы. А я буду ідэальны на чале санаторыя – там павінны быць чалавек з мовай у актыве і з практычнымі навыкамі кіраўнічай працы ў рэзюмэ. Вось і ўсё.
– Не ведаю, Багдан. Мне трэба ўсё гэта як след абдумаць.
– Думай-думай. Але моцна не задумвайся. Рабі, што робіш і проста ведай, што хутка тое, што ты робіш, стане карысным не толькі для цябе.
Напэўна, упершыню за шмат гадоў Дамейка адчула сябе цалкам разгубленай. Справа, якую прапаноўваў ёй Сямёнаў, была настолькі простай і нібыта прыўкраснай, што ў ёй абавязкова павінны быў хавацца нейкі канцэптуальны недахоп. Яна зіхацела такімі зоркамі і такімі сонейкамі, што ў ёй проста не магло не быць чорных дзірак і смяротных ямін. Досвед пільнага чытача літаратуры мінулага стагоддзя сцвярджаў адну простую ісціну: не бывае ніводнай светлай ідэі, якая не павярнулася б да чалавека сваім пачварным бокам. Таму Дамейка не верыла ў светлыя ідэі і сыходзіла ў паняверку ад кожнай прамовы, выказанай з палымянымі вачыма.
Марына ніколі не ўваходзіла ані ў партыі, ані ў гурткі, ані ў недзяржаўныя арганізацыі, бо ўсе яны падаваліся ёй зярнятамі тых чорных падзеяў, якія заўсёды ў гісторыі чалавецтва суправаджалі палымяныя прамовы і прыгожыя лозунгі. «Я сама сабе партыя, – думала Дамейка, – і калі кожны, як і я, будзе проста ціхенька рабіць сваю справу, дык чалавецтва абавязкова зажыве лепш». А што да барацьбы за ўладу, палітычных кірункаў, грамадзянскай самасвядомасці і іншых забабонаў, дык Марына лічыла іх звычайнымі маркетынгавымі хадамі, толькі што ў палітычнай сферы. Любыя занадта актыўныя маладзёны і маладзёнкі яе палохалі і напружвалі, і калісьці гэта была адзіная прычына радавацца, што Сямёнаў сышоў.
Навокал было цёмна і страшна.