А назаўтра Сямёнаў перабраўся са свайго шостага паверху да Дамейкі на чацвёрты.
Калі ты раптам ставіш сабе за мэту даведацца нарэшце, які ёсць гэты чалавек на самой справе, дык не забудзься да гэтага як след падрыхтавацца. Бо чакаюць цябе на гэтым сумнеўным шляху адны непрыемнасці. Праўда, як у той казцы, хто гэты лес жывым пройдзе – таму яблынька сама ў падол яблыкаў насыпле, печка сама піражкоў напячэ, а гусі-лебедзі… А гусейлебедзяў ужо не будзе.
Спачатку ўсё будзе такое салодкае-салодкае – і прыгожы, і далікатны, і не п’е, і не паліць, і кветкі, і падарункі, і вы ж паглядзіце, які чараўнік. Такіх не бывае. І чым больш лыжак цукру будуць сыпаць у гэты любоўны напой, тым больш будзе смага праўды: а які ж ты насамрэч, чалавеча? Пакажы мне свае змурачкі, свае дзірачкі на шкарпэтках, будзь злым, ці расчараваным, ці стомленым, ці несправядлівым, бо іначай я не змагу цябе любіць.
Гэтыя веды небяспечныя для жывых людзей, але ж якія бязлітасныя яны да мёртвых! De mortuis aut bene aut nihil, бо мёртвы ўжо не апраўдаецца і нічога не патлумачыць. Але як быць, калі да таго, хто памёр, ты неабыякавы? Як быць, калі ты папраўдзе хочаш, каб ён жыў? Быць aut bene aut nihil не атрымліваецца ў жывых. Толькі ў мёртвых і забытых.
Пушкін піша князю Вяземскаму ў Маскву: «Навошта ты шкадуеш страчаныя Байранавыя дзённікі? Чорт з імі! Дзякуй Богу, што яны страчаныя! Ён пакінуў споведзь у сваіх вершах, незнарок, у захапленні самой паэзіяй. Калі б ён пісаў халоднакроўную прозу, ён бы ілгаў і хітраваў, калі трэба – зіхацеў бы шчырасцю, калі трэба – пэцкаў бы ворагаў. Пакіньма дурную цікаўнасць для натоўпу і будзьма заадно з геніем. Натоўп прагне запісак і споведзяў, бо радуецца ў подласці сваёй, калі зневажаецца высокае і слабее магутнае. Калі апрылюдніваецца якая-небудзь брыдота, натоўп – у захапленні: «Ён такі ж малы, як мы, такі ж брыдкі, як і мы!» Брэшаце, нягоднікі! Ён малы і брыдкі – але не такі, як вы, інакшы».
Мо, таму і сыходзяць у нябыт любыя класікі – бронзавыя, адпаліраваныя, напоўненыя ў металічных сваіх постацях натхненнем іншага ўжо мастака, несапраўдныя ў сваёй дыямантавай велічы, мёртвыя, у якіх нельга закахацца. Тыя, хто калісьці любіў іх, любіў прагна і аддана, бо куміра, які памёр раней за цябе, немагчыма разлюбіць, таксама сыходзяць – і пакідаюць нашчадкам толькі бронзу. З бронзы не распаліш вогнішча. З бронзы не народзіш кветку. І стаяць яны сярод абыякавага свету, колішнія геніі, ідэальныя, прыгожыя, мо, калі і малыя, і брыдкія, але не так, іначай, а нікому справы да іх няма, толькі сфатаграфавацца на вяселле.
У Варшаве ў гарадскім парку стаіць, склаўшы рукі за спіной, Баляслаў Прус. Выдатнае месца: ён бачыць усіх – яго не бачыць ніхто. Мара для чалавека, які вядзе калонку ў штодзённай газеце. Ён ужо ведае ў сваёй бронзавай вечнасці, што калонку таксама надрукуюць у акадэмічных выданнях, і яна таксама, разам з «Лялькай», увойдзе ў залатыя фонды, дыямантавыя спісы, пярлінавыя нізкі і гэтак далей, таму ён вельмі спакойны і нават пасміхаецца. Хударлявая дзяўчына ў джынсах і сонечных акулярах шпарка-шпарка крочыць, амаль бяжыць, праз парк. Яна турыстка, у яе толькі дзве гадзіны вольнага часу, а потым яны ад’язджаюць у Кракаў, і трэба прабегчы ўсё Новае Място, і яна нават палохаецца, калі бачыць між дрэваў бронзавую постаць: аёячкі, помнік, ледзь не мінула! Яна падбягае да мяне і суе мне ў рукі свой мабільнік: «Пліз, пліз, фота». Секунда – і яна ўжо ля Пруса, абапіраецца рукой на ягонае калена і шчасліва ўсміхаецца. Фатаграфую іх абодвух, задаволеных тым, што яны акуратна выконваюць свае абавязкі – і помнік, і турыстка.
У Мінску на лавачцы сядзіць Адам Міцкевіч. Помнік зроблены з патаемным намерам: палова лавачкі вольная, каб можна было сесці побач з геніем і зрабіць годны здымак. Міцкевіч, як заўсёды, з хрэстаматыйна натхнёным тварам, у паліраванай крылатцы, з рамантычным бантам на шыі. Помнікі не ставяць сапраўдным паэтам, бо немагчыма мець пасярод гарадскога скверу незасланы ложак, на якім ужо з тыдзень ляжыць няшчасны паэт, маўчыць і паліць, і ні слова не кажа, і не звяртае ўвагі на сяброў, бо Марылька Верашчака заручылася з Путкамерам, з Ковенскай гімназіі яго звальняюць, свет навокал пусты і подлы, а таго, дзе хацелася б жыць, наогул няма. І расказаць у адным помніку гісторыю любай Шыманоўскай, такой шчырай і такой смелай у сваім апошнім каханні сталай жанчыны да маладога хлопца, гісторыю, якую на самым піку абарвала бязлітасная халера – і, сумуючы па каханай, Адам бярэ за жонку яе дачку. Ці не таму няшчасная Цэліна ўсё жыццё вагалася паміж здароўем і шаленствам, ці не таму Міцкевіч з апошніх сіл цягнуў і цягнуў пастромку пастылага сямейнага жыцця? Але ж як ты прымусіш сябе разгарнуць «Пана Тадэвуша», калі ты не ведаеш, што ў ім на другой старонцы ўжо з’явіцца тая самая Марылька Верашчака – і гісторыя кахання, няшчасця і шаленства пачнецца наноў?
А гэта эстонскі Ківіыль – тут стаіць помнік беларусу Яну Скрыгану. Ён прыходзіў у літаратуру, калі на ніве беларушчыны шчыравалі Дубоўка і Бабарэка, Пушча і Чорны, вяртаўся з лагеру – калі ўзыходзіла зорка Куляшова і Караткевіча, мо, таму напрыканцы дваццатага стагоддзя беларускія дзеці не чыталі ягоных кніжак яшчэ больш безнадзейна, чым яны не чыталі Куляшова і Караткевіча, але ж каб яны ведалі тую гісторыю, з якой усё пачалося…
А пачалося феерычна. У Расонах – калі хто не ведае, дык гэта амаль край беларускай зямлі – адкрылася секцыя «Маладняка». Дваццатыя гады, час імкнецца наперад па ўсёй краіне, мінаючы Расоны. Секцыя месціцца ў халодным і бязлюдным дамку райкама, і ў кабінеце яе кіраўніка, неўтаймаванага футурыста і першага расонскага хулігана Паўлюка Шукайлы вісяць два партрэты: Карла Маркса і самога Шукайлы. Гэта ўсё, што закінула новае жыццё ў гэты лясны край. Шукайла – хлопец прабіўны, ён тырчыць у Мінску, бо Расонаў яму малавата. Таму і ўранку, і ўночы нязменную маладнякоўскую варту на межах літаратурнай Беларусі нясе Янка Відук – класны псеўданім, праўда? Гэта вам не вясковы Скрыган – жорстка, пановаму, падпісаўся – як адрэзаў.
Янка Відук, як на працу, ходзіць у стылы кабінет з намаляванымі Марксам і Шукайлам, піша там вершы, зрэдку пацягвае таннае вінцо і марыць пра будучыню. Каб вы ведалі, у Расонах гэта рабіць цяжкавата.
І аднойчы наш Янка бярэ – і дасылае паштоўку ў цэнтральнае бюро «Маладняка». Хто чытаў гэтую паштоўку – адразу зразумее: моцна напісана! Распаволена, шчыра, смела. З такім талентам у Расонах – гібель. Дык ён і піша: здароў, Бабарэка, Пушча, Дубоўка і іншыя шмэндрыкі! Хлопцы, ё-маё, ад вас нічога не слыхаць, ніхто сюды не едзе, я тут гібею адзін, але ж не здаюся. Злева намаляванае ЦБ «Маладняка» ў поўным складзе, з голымі пузамі і нагамі-галінкамі, справа над подпісам – шчырыя сяброўскія мацюкі. Так і пайшло ў ЦБ – з пузамі і мацюкамі.
У архіўнай тэчцы, у якой захоўваюцца дакументы Мінскай філіі, пасля гэтай паштоўкі ляжаць нецікавыя пратаколы паседжанняў, нейкія справаздачы і заявы, і раптам – о, знаёмы почырк, знаёмыя інтанацыі! Заява: эй, таварышы, ды я ж пажартаваў! Даруйце мне, проста я тут сяджу адзін, а ніхто не едзе, не піша! Прашу прабачэння ў ЦБ, не выключайце мяне, я ўсё патлумачу! Я ж тут не проста так, я вершы пішу. І вершы даданыя – акуратныя стаўбцы ямбаў і дактыляў. І зноў маўчыць тэчка – пратаколы, справаздачы, ведамасці. Сумнавата, шчыра кажучы. Таму, як старому знаёмаму, радуешся почырку неўтаймаванага расонскага футурыста Відука: эй, цэнтральнае бюро! Дык што такое? Я ж вам вершы паслаў, дзе крытыка ці пахвала? Як мне тут, у Расонах, літаратурай займацца, калі я адзін тут? І што вы думаеце? У наступным пратаколе паседжання ЦБ векавечнае маўчанне старэйшых таварышаў нарэшце прарываецца: «Слухалі: справу Янкі Відука. Пастанавілі: выключыць». Бо каму спадабаецца такое несупыннае расонскае бамбаванне?
І да чаго ж хочацца пачытаць, што ж выйшла з гэтага Янкі Відука, узгадаванага ў расонскай адзіноце, і ці насамрэч тая адвага маладзецкая, якая па сёння хуліганістым сонцам ззяе ў архіўнай тэчцы, плёскаецца залатым морам на старонках ягоных кніг?
Але ж навошта натоўпу чытаць кнігі? Навошта натоўпу ведаць, якім сапраўды быў Байран? Мо, усё насамрэч справядліва ў свеце, і адны павінны фатаграфавацца з помнікамі і жаваць хрэстаматыйную жуйку пра ідэальных пісьменнікаў, а іншыя – млець ад асалоды адкрыцця над архіўнымі лісткамі? Можа, насамрэч літаратура – занятак элітны, і не трэба варушыць дарагі сэрцу попел колішняга генія дзеля таго толькі, каб узняць наклады нецікавых ужо яму пасмяротных выданняў?
9
На працу яны пайшлі пешшу – пра тое, каб калыхацца на мяккіх рысорах сямёнаўскага опеля, немагчыма было і падумаць. Марыне падавалася, што яна ідзе і нясе сваю хворую галаву, нібы акварыум, паўнюткі мітуслівых рыбак. Рыбкі, праўда, усе як адна, былі каляровымі, з даўгімі шляхетнымі хвастамі, таньчылі ці то танга, ці то мазурку мазавецку, і несці іх было збольшага прыемна, але ж страшна: не так павернешся – і што-нішто выплюхнецца на брукаванку. Сямёнаў быў жывей за ўсіх жывых, прыплясваў у такт рыбінаму гапаку, раз-пораз абдымаў Дамейку за неафіцыйныя месцы і ля кожнага кафэ прапаноўваў «зайсці на піўко».
І толькі ля ўваходу ў Калегію Марына ўспомніла пра той дзіўны санаторый.
– Багдане… Мы ж зусім забыліся на тваю прапанову… А Рычард запытаецца…
– Не запытаецца, Мара. Потым, потым. Гэта чакае. Праходзь, прыгажунька мая, у нас наперадзе працоўныя подзвігі на кансерватарскай пожні. Увечары я табе ўсё яшчэ раз патлумачу. Напэўна. Калі не будзе больш цікавых спраў. А яны будуць.
Рыбкі ў акварыуме разам плёхнулі хвастамі па крыштальнай вадзе – і Дамейка зажмурылася.
Недзе а дванаццатай стала значна лепш – галава ўжо не кружылася, і Марына здолела выпіць гарбаты. За паліцы яна пакуль што не бралася, перабіраючы дыскі з аудыёспектаклямі і адкідаючы відавочна непатрэбныя. Учарашняя прафесійная драма і асабліва ўласная істэрыка сёння падаваліся ёй глупствам: кансервацыя – працэс адпрацаваны, у экспертаў на руках ёсць усе неабходныя інструкцыі, а ўсё, што па-за інструкцыяй, кожны робіць, як пажадае. Калі Рычард прыдумаў яе менавіта такой – значыцца, такой яна быць і павінна. Урэшце рэшт, адначасова з папяровымі кнігамі будзе паўнюткая электронная версія, асобна – тое, што Марына паставіць на паліцы, асобна – усё астатняе, з экспертнымі каментарамі, прадметнымі ўказальнікамі, сістэмай пошуку і гіперссылкамі. Электронны архіў ствараўся асобна, гэтым займаліся практыканты на другім паверсе Калегіі – лічбавалі, адшуквалі ў сеціве, афармлялі ў базу – і Марына планавала займацца гэтым крыху пазней, у якасці змены віду дзейнасці, якая, як вядома, ёсць лепшы адпачынак.
Сямёнава не было бачна, а Дамейцы хацелася б, каб ён прыйшоў – было не вельмі прыемна думаць, што ён зараз проста працуе. Але недзе пад абед хваляванне крыху суцішылася, ужо атрымлівалася думаць не толькі пра Сямёнава, замест успамінаў пра сённяшнюю ноч пачалі прабівацца парасткі аналізу таго, што адбылося, і Марына вырашыла неадкладна заняцца паліцамі.
Сёння яна хацела ставіць Купалу. Але ж як падступіцца?
Са школьных часоў Марына памятала гэтае рытмічнае:
Быў час, калі Дамейка нават засынала толькі з «Курганам», прагаворваючы першыя радкі і падпарадкоўваючыся няўмольнаму рытму. Пасля, праўда, цяжка было чытаць – сэнс знікаў, заставаліся толькі гэтыя хвалі бездакорнага анапесту, найлепшы ўзор сілаба-тонікі, каштоўнай як яна ёсць.
І сам Купала доўгі час быў для яе паэтам і толькі. Да іншых кніжак яна заўсёды прыходзіла праз біяграфіі, ёй было цікава чытаць тых, хто вабіў як чалавек. У літаратуру яна ўваходзіла праз біяграфічныя нататкі і партрэты, не любіла чытаць вершы непрыгожых паэтаў і ніколі не адкрывала кнігі празаікаў, пра якіх ведала толькі «нарадзіўся, вучыўся, атрымаў Ленінскую прэмію, памёр». Гэтаксама было ў яе з людзьмі: калі яна не ведала асабіста аўтара нейкай думкі, і сама думка яе не надта захапляла. Але з Купалам было не так: ёй хапала адных толькі ягоных вершаў, каб захапляцца. Да таго ж любы біяграфічны пошук спараджаў страх знайсці што-небудзь непрыемнае. Купала жыў у такія гады, калі ты альбо сядзеў, альбо даносіў, альбо і тое і другое адначасова. Купала не сядзеў, таму – лепей не ведаць. У дачыненні да Купалы Дамейка прытрымлівалася звычайнай беларускай традыцыі: пра Купалу альбо добра, альбо нічога.
Што гэта было такое, што за цалкам некрытычнае стаўленне да паэта? Марына ніколі не магла сама сабе патлумачыць. Але яна цалкам разумела, чаму НКУС ніводнага разу не арыштавала Купалу, хаця і прозвішча ягонае ў расстрэльных спісах ішло спачатку ў дзясятцы, а потым – самым першым. Калі Марына запытвалася, чаму ўсё ж такі не кранулі, ёй звычайна адказвалі: «Баяліся народнага гневу, бо Купала быў усенародны ўлюбёнец». Насамрэч усенародныя ўлюбёнцы ў хвіліну ператвараліся ва ўсенародных пудзілаў, дастаткова было толькі даць каманду, але ж з Купалам было нейкае чараўніцтва. За гэтага чалавека можна і з косамі на Дом ураду пайсці.
Хаця сам Купала ж казаў Дубоўку: «Ты, Уладзя, Пушкін, я толькі перад табой Дзяржавін», але ж любоў ад чытача меў і мае пушкінскую. Дамейка на ўласныя вочы бачыла апошні трыумф гэтай любові, калі цягам некалькіх гадоў прагрэсіўнае грамадства прасавала Бахарэвіча за «Гамбургскі рахунак», у якім была змешчана брыдкая пародыя на Купалу пад імем «Каяна Лупакі». Было бачна, што Бахарэвіч жадаў як лепш – паказаць гэтую бездань, якая ляжала паміж Купалам да першага самагубства – і Купалам пасля яго, паміж Купалам нязломленым – і Купалам пераламаным, але ў сваім гэтым жаданні не разлічыў сілу чытацкай любові да Купалы, такой любові, якая жартачак не разумее. Акрамя Купалы так любілі ў нас яшчэ Максіма.
Уласна кажучы, на гэтым і была пабудавана наступная гульня. Каб знішчыць Купалу, трэба было знішчыць любоў да яго, і яе знішчылі. Сярод студэнтаў, да якіх Дамейка прыходзіла на семінары, аматараў купалаўскай паэзіі не было зусім. «Курган» і «Бандароўну» ў школах больш не чыталі, «Тутэйшых» у тэатрах не паказвалі, а за «мужык-беларус, сівы сам, белы вус» любіць было немагчыма. Аднойчы Марына запыталася ў бібліятэцы адной правінцыяльнай школкі, што ў іх ёсць Купалы, і ёй прынеслі зборнік першых пасляваенных месяцаў, які распачынаўся сталініянай, а потым ішлі адны «белыя вусы» шматпакутных беларускіх мужыкоў.