Гэта толькі ў вас там у падручніках яны ніколі не сустракаліся разам, Купала, Багдановіч і Дубоўка. У мяне яны сустракаліся, і яшчэ як! Во гэта была вечарына: выкшталцоны, шляхетны Купала, размаўляе павольна, спакойна, граматычна дасканала, смакуючы дзеепрыметныя звароты і розныя складаназлучанасці, громагалосы Дубоўка са сваёю шырокай і бурнай, сакавітай, неабсяжнай мовай і Максім, радасна ўсхваляваны, шчаслівы аднадумцамі, са стараннымі «дж» і «дз», акуратнымі, ладна пабудаванымі сказамі і ледзь чутнымі паўзамі між словамі – успамінае, падбірае, узважвае. Выпіваюць, канешне: Купала – віно, Дубоўка, зразумела, гарэлку, Багдановіч – сваю гарбату, абавязкова каб без цукру. Не, Валодзя панастойваў, канешне, пажартаваў, пляснуў сябра па плячы, але хутка адвязаўся, бо гэтаму Багдановічу, браткі, і гарэлкі не трэба – так рагоча. Гэта ён на людзях ціхі, а са сваімі – агонь. Гадзіну балююць, другую, Купала гальштук расслабіў, Дубоўка ўжо песню зацягнуў, Багдановіч – ну падпяваць, ні слыху, ні голасу, але ж кулаком па калене пастуквае, рытм трымае. Раніцой на вуліцу выйшлі. Хутка сонца ўстане. Куды ж яно дзенецца.
Карацей кажучы, напэўна, я ўсё ж такі не зусім здаровая па медыцынскіх мерках. У наяўнасці – праблемы з успрыняццем рэчаіснасці і прасторава-часавая шызафрэнія.
Але ад таго, што я паставіла сабе дыягназ, мне не лепш. Бо яна не адступае, гэтая ці то тэле-, ці то эмпатыя. Ні пры якіх абставінах.
Я, напрыклад, сапраўды адчуваю, як пахне ў той камеры ў Бутырцы, дзе мае хлопцы сустрэліся – Дубоўка з Бабарэкам.
Раней такія гісторыі патыхалі сырым сенам і восеньскім дажджом, бо менавіта так пахла на паштовай станцыі Залазы ў той вечар, калі Пушкін раптоўна сустрэўся з вязнем Шлісельбурга, ліцэйскім сваім таварышам, дзекабрыстам Кюхельбекерам, якога этапавалі ў Сібір («Мы кінуліся адзін адному ў абдымкі. Жандары нас расцягнулі. Фельд’егер узяў мяне за руку з пагрозамі і лаянкай – я яго не чуў. Кюхельбекер апрытомнеў»). Цяпер гісторыі патыхаюць інакш.
З кута – ажно вочы рэжа – цягне экскрэментамі, і я ледзь магу прыстасавацца і пачынаю плакаць, бо вочы страшэнна баляць і дыхаць немагчыма, і не тое каб проста фізічна немагчыма, а ў дадатак яшчэ сорамна і зневажальна, і тады нейкі агромністы дзядзька, збіты, худы, але відавочна «свой», туліць мяне да грудзей, і я дыхаю ягонай кашуляй – таксама не фіялкі, але ўсё ж лепей. Я забіваюся некуды ў кут, на нейкія анучы ці што там, кажу: «Уладзімір Мікалаевіч, пакуль я побач, дайце хоць падцырую што, якія гузікі падшыю». І ён пачынае бязгучна, але заразліва рагатаць, і тут зноўку расчыняюцца дзверы, і ўваходзіць… Не, тое немагчыма! Адаме, браце! Яны кідаюцца адзін адному ў абдымкі. Бабарэка апрануты ў нейкае рыззё, якое распаўзаецца на целе, і, калі ён садзіцца побач з Дубоўкам, я бачу на ягонай спіне два чырвоныя рубцы, кожны – з далонь, і я ведаю, што гэтыя зоркі яму выразалі ў польскім палоне. Ён не сядзіць на месцы, ад хвалявання то ўстане, то нават прабяжыць два крокі перад нарамі, і тады я бачу скрозь лахманы на ягоных грудзях сінія шнары ад нашага ўжо, савецкага катавання – такія шнары пакідае гумавы шланг, калі біць ім наводмаш. Яны размаўляюць, але я амаль нічога не чую, а больш – не разумею, бо яны не сказамі і нават не словамі размаўляюць – маўчаннем і позіркамі. І раптам Дубоўка кажа: «А во, Адаме, глядзі, што ёсць у мяне, – і дастае з кішэні нейкія паперчыны. – Гэта “Шыльёнскі вязень” Байрана. Пераклаў». Бабарэка падхопліваецца, бяжыць да падаконніка. «Аловак давай! Трэба, каб і ў мяне было!» – і так і стаіць, у гэтым цяжкім, перанасычаным аміякам паветры, з гэтымі незагоенымі ранамі, стаіць ля склізкага падаконніка камеры Бутырскай турмы і перапісвае вершы. Я ведаю, што жыць застанецца менавіта Адамава копія, бо Дубоўкава загіне падчас ператрусаў, але ж гэта я ведаю, Бабарэка – не, і ўсё ж перапісвае, а Дубоўка сядзіць на нарах, прытуліўшыся да сцяны, і вочы зажмурыў, і я бачу, што ні пах гэты, ні анучы гэтыя, нічога навокал яго не зневажае – сядзіць сабе паэт, і пляваў ён на ўсё гэта недасканалае наваколле.
Я бачу ўсё.
Я бачу шклянку з суніцамі, якія маладзенькая медсястрычка Валя прынесла хвораму студэнту, які не сёння, дык заўтра памрэ ў белым доме ля сіняй бухты. Суніцы нагрэтыя майскім сонцам, і з іх на дно шклянкі бяжыць крывавы сок, і яны паміраюць, бо той, для каго іх неслі, больш не хоча суніц.
Я бачу падрапаныя шпалеры на той сцяне, у якую ў смяротным адчаі ўтаропіўся невысокі, немалады ўжо чалавек: ён ляжыць на ложку спіной да ўсіх, толькі што ён усадзіў нож сабе ў жывот, і ён прагне смерці, але смерці не будзе – будзе шпіталь, ахова, ветлівые людзі ў цывільным і яшчэ дванаццаць гадоў бясконцай ганьбы і паразы. І тую выкшталцоную плітку хола ў маскоўскім гатэлі таксама бачу: калі глядзець на яе з пятага паверха, у праём лесвіцы, і быць пры гэтым адчайна п’яным, яна пачынае кружыцца ў пачварным карагодзе і раптам абяцае вечнае вызваленне.
Канешне, я не выходжу з дваццаць чацвёртага і не імчуся да Максімавага помніка. Я – дарослая жанчына, і мне яшчэ ніколі не быў патрэбны не тое што псіхіятар, але і нават псіхолаг. Я еду сабе далей, выходжу ля Нямігі, падымаюся ўгору, і тут, ля клуба Дзяржынскага, раптам чую аднекуль з сутарэнняў стрэлы. Адзін. Другі. Трэці. Чацвёрты. Я ведаю, што я не злічу іх, гэтыя стрэлы, і ведаю, што раніцой нкусаўцам паклічуць спецыяльную масажную каманду, і масажысты будуць прыводзіць у прытомнасць іх пальцы, бо застрэліць за адну ноч сто чалавек – гэта вам не мяхі варочаць, гэта цяжкая праца. І я ўжо чую пах адэкалону – тыя, хто страляў, не выходзілі на вуліцу, пакуль не вымываліся цалкам у адэкалоне, бо не пойдзеш дадому ўвесь у водары крыві і смяротнага жаху. І я раптам кідаюся на іншы бок вуліцы, бо вунь ён ідзе, нейкі мужчына, ад якога на дзесяць метраў патыхае адэкалонам…
І нічога немагчыма зрабіць для гэтых хлопцаў. Нічога. Ані зашыць кашулю, ані падаць вады, ані пазашпільваць гузікі. Хіба што ўспамінаць, пакуль жывеш: як яны там, нашыя хлопцы, у сваёй вечнасці? Ці паелі?..
8
– Спадарыня Дамейка! – Рычард дагнаў яе амаль ля дзвярэй хола. – Спадарыня Марына, ці ёсць у вас вольны час? Я б хацеў запрасіць вас на каву, ёсць у мяне да вас адна размова.
– О, так, Рычард, я цалкам вашая, – Марына шырока ўсміхнулася. Ёй падабаўся бос – па-чалавечы, і зараз ёй асабліва прыемна было паразмаўляць з ім, дый нарэшце і кавы папіць. Учарашнія перажыванні выплакаць не ўдалося, і Марына спадзявалася нейкім чынам прагаварыць іх з босам.
– Цалкам не трэба, – падхапіў жарт Рычард. – Пакіньце трохі сябе для справы.
Дзверы адчыніліся. Гэта была адна з сімпатычных фішак інжынераў, якім ЮНЭСКА замовіла праект будынка Калегіі, – дзверы, якія захоўвалі дадзеныя па супрацоўніках: фота ў поўны рост, антрапаметрыка, голас. У выніку не трэба было ані прапускоў, ані замкоў, ані аховы: дзверы адчыняліся, калі трэба было выйсці ці ўвайсці супрацоўніку Калегіі, і заставаліся нерухомымі, калі чалавек быў для камп’ютара незнаёмы. Сямёнаў у першы дзень гуляўся з дзвярыма, мо, з паўгадзіны. Дамейцы ва ўсім гэтым падабалася галоўнае: не было такога часу, калі б яна не магла трапіць у свой кабінет. Свята, уікэнд ці проста ноч – калі ты свой, ты можаш зайсці.
– Люблю наш хмарачос! – Рычард любіў выкарыстаць добра ўтворанае аўтэнтычнае слова. Беларускую мову ён вывучыў калісьці, разбіраючыся ў асаблівасцях усходнеславянскіх моў, і казаў дзесьці, што, ведаючы па адной мове з трох славянскіх групаў, вывучыць астатнія – справа некалькіх месяцаў. Ён наогул ведаў, можа, з два дзясяткі моў няблага, і яшчэ колькі – як чытач.
– І я люблю. Адчуваю сябе тут як дома. Лепей нават за дом.
– А што, няўтульна ў службовай кватэры? – занепакоіўся Рычард.
– О не, утульна, дзякую. Але ж калі прывыкаеш жыць працай – на працы адчуваеш сябе лепш.
– О, я ведаю, што вы і ўікэнды праводзіце ў Калегіі. Шчыра кажучы, мне гэта не падабаецца. Маладая прыгажуня павінна бавіць вольны час зусім інакш. Спадзяюся, ваш новы сусед крыху адцягне вашу ўвагу ад працы – усё ж такі зямляк, калега і чалавек цікавы. Вы ведалі яго раней?
– Так, мы вучыліся ў адной ВНУ і сустракаліся ў інтэрнаце, а потым я сачыла за яго поспехамі – ён даволі вядомы на ніве апошняй беларушчыны паэт і публіцыст.
– Так, я бачу, ён красамоўны хлопец. Мяне здзівіла адна рэч. Выбачайце, але буду казаць як ёсць. Сёння ён даслаў мне па карпаратыўнай пошце адзін вельмі цікавы праект. Даслаў напрамкі, мінуючы вас, Марына. Чаму ён так зрабіў? Вы – ягоны непасрэдны кіраўнік. Чаму ён не ўзгадніў яго з вамі?
– А-а-а… што за праект?
– Вельмі, вельмі цікавая рэч, спадарыня Дамейка. Але ж запытайцеся ў яго самі. Азнаёміцеся – абмяркуем разам.
Пакуль яны ўладкоўваліся на адкрытай тэрасе кавярні, пакуль Рычард высвятляў у афіцыянта асаблівасці сённяшняй віннай карты, пакуль рабіў заказ, Дамейка змагалася з жаданнем зноў расплакацца. «Нешта не тое зрабілася з жалезнай ледзі, – спрабавала яна жартаваць з сябе. – Другі дзень вочы на мокрым месцы».
– А пагутарыць я хацеў вось пра што, Марына. За апошнія два тыдні мне прыйшло адразу тры лісты. Адзін – ад беларускай дыяспары ў Таронта. Другі – ад дыяспары з Варшавы. Трэці – ад аўстралійскай. Абураныя рашэннем, пратэстуюць, тое-сёе. Канешне, гэта цалкам вытлумачальна – на тое яны і дыяспары, і ў нас не толькі з беларусамі такое становішча. Ведаеце, з таго часу, як Калегія распачала сваю дзейнасць, мы стала перапісваемся з дыяспарамі, якія амаль нічога сур’ёзнага не рабілі дзеля моў, пакуль яны былі жывымі, так бы мовіць, у метраполіях, але ж не прапускаюць зручны момант, каб пашумець над мовай мёртвай. Але мы мусім супрацоўнічаць, бо некаторыя з дыяспар маюць сур’ёзныя сувязі, у тым ліку ва ўрадах і фондах, ад якіх залежыць нашае фінансаванне, таму сварыцца нам не трэба. Таму, спадарыня Марына, трэба будзе вам крыху пастарацца па сувязях з грамадскасцю. Толькі акуратна. Нам трэба сябраваць. Дыяспары – гэта такая падтрымка…
– Я вывучала праблематыку нацыянальных дыяспар, калі рыхтавала экспертнае заключэнне. І зносілася з прадстаўнікамі. Там мова ўжо колькі год – дэкаратыўная. Для святаў. Для ўласных, так бы мовіць, Дзён Святога Патрыка. Але ж пагаджуся, добрая нагода заявіць пра сябе і зымітаваць бурную дзейнасць.
– Я ведаю, Марына. Але ж не трэба выкідаць гэтую карту з калоды. Гэта ж толькі фраза – «мёртвая мова». Можа, толькі зараз і пачынаецца яе сапраўднае жыццё, – Рычард дапіў віно і нечакана падміргнуў Дамейцы. – Вы ў нас супрацоўнік новы, шмат чаго яшчэ не ведаеце, жывяце замкнёна, працуеце апантана, між іншым вашыя калегі ведаюць шмат чаго цікавага з жыцця мёртвых моў. Таму раю вам, Марыначка, менш працы – больш зносін з грамадой. Дарэчы, спадар Сямёнаў як раз у трэндзе. Паразмаўляйце з ім.
Колькі ўжо разоў у жыцці Марына падала некуды, як тая Аліса ў трусіную нару. Уласны сусвет, які яна старанна будавала ўнутры, аздабляла рознымі прыладамі і начыннем, затыкала пухам і пер’ем шчыліны і дзіркі, раптам чамусьці пераўтвараўся ў вір, куды зацягвалася ўсё пабудаванае, яна ляцела-ляцела паўз сцены іншых сусветаў і раптам – ба-бах! Глухі ўдар, імгненны боль у вантробах – і ты ў антыподаў. Аказваецца, увесь свет вакол цябе жыве зусім па іншых правілах. Аказваецца, ёсць нейкае іншае жыццё за яе ўласным унутраным «мкадам». Самую сябе ў гэтыя хвіліны Марына бачыла нібы звонку: хударлявая замкнёная жанчына, з дзявочым тварам і няяркімі вачыма. Так, унутры яе віраваў космас, які штодзённа нараджаў і забіваў планеты, зоркі і чумацкія шляхі, але звонку яна была халоднай і нецікавай, бы галыш на пляжы Зурбагана.