А ён і не супраціўляецца. Ну паламаны дык паламаны. Галоўнае – жывы.
Хітры Дубоўка! Той, якога лічылі напалоханым. Ён быў той яшчэ гарэза, няхай сабе ўжо і з барадой. Вось у цэнтральнай газеце, самай савецкай з магчымых, з відавочным каяннем цытуе самога сябе:
І працягвае: «Але таварышы, якія чыталі рукапіс мой перад здачай у рэдакцыю, асабліва Максім Танк, Максім Лужанін і Анатоль Вялюгін, ніяк не згадзіліся з такой трактоўкай. «Выкінь ты, – казалі яны, – гэтую меланхолію! Тым больш што ў нас не караблі, а адзін магутны карабель-дрэдноўт савецкай літаратуры. Разам і паплывём!» Я ўзяў да і выкрасліў гэтае месца са свайго твору, а пачакаўшы крыху, свой стары човен паставіў у затоку, а сам разам з усімі добрымі таварышамі выехаў на самы струмень, дзе няспынна падаёмся наперад пад цудоўнымі, авеянымі баявой славай штандартамі Камуністычнай партыі».
Дамейцы было відавочна: ну гэта ж хітры ход старога ліса! Працытаваць верш, які інакш ніколі не пабачыць друку, на старонках самай прававернай газеты!
А «Мядзведзь» з «Пялёсткаў»? Гэтага «Мядзведзя» аднойчы нават далі ў якасці тэксту для кантрольнага пераказу, а гэта ж не проста жарцік з таёжнага жыцця, гэта ж метафара ўсёй гісторыі Дубоўкі. Марына вельмі любіла гэтае сваё назіранне.
Той «Мядзведзь», калі чытаць яго звычайным вокам, дык наогул не варты ўвагі. На дзве старонкі – расповед: ішоў аўтар, пабачыў сляды, нібыта ў лапцях, і думае: ну што за лапці ў тайзе? Паглядзеў далей, пабачыў узвышша, а на ім – мядзведзь стаіць на задніх лапах і правай лапай, нібы правадыр, наперад паказвае. Ну, аўтар ціхенька, бокам, бокам, міма, міма, мінаць мядзведзя, глядзіць – а то стары абгарэлы пень. «Каму, можа, смешна, а я напужаўся». Дамейка адразу адчула: э-э-э, не такі просты гэты аўтар, гэты сівабароды паэт, які сеў пісаць успаміны. Узвышша, правадыр, лапці… Як лёгка і прыгожа дэшыфравалася Дубоўкава загадка! Гэтак жа лёгка і бездакорна, як ягоныя ідэальна створаныя паэтычныя метафары дваццатых…
Але не заўсёды ўдавалася скарыстацца эзопавай мовай. Марына не любіла пейзажнай лірыкі ўвогуле, і асабліва не любіла яна пейзажную лірыку старога Дубоўкі. Хаця менавіта ў ёй ён, здаецца, павінны быў стаць майстрам – узрост усё ж такі. Але ж гэтая ганебная кніжка, за якую ён атрымаў Купалаўскую прэмію, – не Дубоўкава. Гэта не хада волата, гэта рыпенне колцаў інваліднага вазка. «Палескую рапсодыю» яна прачытала аднойчы – і болей не адкрывала. Пакінуць яе на паліцах ці не? Захаваць Дубоўку маладым, асляпляльным у сваёй паэтычнай прывабнасці і сваёй найпрамяністай моцы ці мець яго ў гэтай музейнай вечнасці такім, якім ён усё ж быў?
– Мара, ты не Дубоўку там кансервіруеш? – Сямёнаў сунуў галаву ў дзверы.
– Ну і прыдурак ты, Багдан. Што за слова?
– А што? Давай называць рэчы сваімі імёнамі. Але ж не збівай мяне з панталыку. Дык ты з Дубоўкам зараз? Мне ж ён таксама патрэбны, што рабіць будзем, дубляваць ці як?
Яны ўжо тыдзень працавалі разам. Вырашаць любыя пытанні з Рычардам Дамейцы было лёгка і проста: зайшла, усміхнулася, распавяла, атрымала згоду. Магчыма, справа была не толькі ў асабістай сімпатыі боса да таленавітай супрацоўніцы – Дамейка ідэальна валодала мастацтвам перамоваў з адэкватным кіраўніцтвам. Недзе паміж аспірантурай і абаронай дысертацыі ў пошуках фінансавага дабрабыту ёй пашанцавала колькі год працаваць у камерцыйнай фірме, дзе кожнае ўдалае рашэнне прыносіла мільярды прыбытку, а кожнае няўдалае – мільярды стратаў, і тут не да марлезонскіх балетаў, на якія заўсёды быў такі шчодры беларускі навуковы свет. Сфармулюй праблему, ацані рызыку, прапануй выйсце, аргументуй думку. Усё. Калі Марына стала працаваць за мяжой, менавіта гэты навык адчыняў ёй любыя дзверы. Тыдзень таму ён адчыніў дзверы і перад Сямёнавым, зараз – афіцыйным экспертам па беларускай лінгвістыцы Камісіі па захаванні мёртвых моў. Калегія выдала новаму супрацоўніку ключы ад службовай кватэркі – на два паверхі вышэй Дамейкі, і Сямёнаў кожную раніцу бібікаў пад Марынінымі вокнамі.
– А я і не ведаю. Слухай, а як, сапраўды? І наогул, гэта ж не з адным Дубоўкам – а што, Купала мову не рэфармаваў? Крапіва, нарэшце, не рэфармаваў?
– О, так, Мара, маеш рацыю. Купалу ўсё ж з твайго спісу выкрэсліваем, Крапіву заносім. Не хочацца, але заносім. Праўда, у чорны спіс.
– А з Купалам што не так?
– Ай, Мара, адчапіся. Паэту – паэтава, лінгвісту – лінгвістава. Давай з Дубоўкам вырашым. Я хачу таксама ўключыць у рэестры і «Строму», і «Трысьцё», і «Налю», і дадаць Куліковіча «Праект Уладзіміра Дубоўкі». І слухай, як мне падаць гэтыя словы, якія ён у мову дадаў? Мо, табліцу асобна зрабіць? Бо гэта ж неверагодна, каб адзін паэт столькі слоў у мову насыпаў: і на табе «дабрабыт», і на табе «апантаны», а «водар», а «мэтазгодны», а «дойлід», а «збочыць», а «знічка», а «наканаваны», «талака», нарэшце… Не, Мара, не ведаю, як ты, а я ад яго ў захапленні. Во чалавек быў. А ты што ставіш?
– Я пакуль што толькі во гэтае знайшла. Зафіксую як узор выдавецкай дзейнасці. І двухтомнік выбранага.
Сямёнаў цяпер увайшоў у пакой цалкам, агледзеў паліцу, абвёў вачамі партрэты, якія зусім нядаўна Марына развесіла па сценах – Багдановіч, Бабарэка, Гарун, Трус, Дубоўка, – і распачаў:
– Я, канешне, не ведаю, Мара, ты рабі, як цяміш, але гэта не Дубоўка – твой гэты блакітны падручнічак і выбраныя творы. Ты ж, ліха твае матары, захоўваеш літаратуру. Але ж ты, Дамейка, яе не захоўваеш, ты яе кансервуеш. Што гэта за абы што на вокладцы? Карціна нейкага невядомага асабіста мне мастака «Летуценнік»? Нейкая рудая зямля, на ёй нейкі шахцёрскі тэрыкон, а на ім нейкі мінарэт? Што значыцца – гэта нібыта ўзвышша? Рудое з мінарэтам? Якое дачынне гэтае выдавецкае трызненне мае да беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі? Што?! Дзеля партрэта? Слухай, мне часам падаецца, што ты збіраешся валодаць гэтым архівам сам-насам. Ты што, дзеля сябе гэта робіш? Ці дзеля літаратуры? Яны, гэтыя хлопцы – ўсе, што, пакутвалі і паміралі, каб потым для Марыны Дамейка на палічках стаяць у дэбільных кніжках, адно з партрэтамі? Ты, Дамейка, як не разумела нічога, так і не разумееш. Ты хлопцаў гэтых пасаромейся. Яны жыццё клалі за гэтыя вершы. А ты іх кансервуеш. Па партрэтах.
Сямёнаў ляснуў дзвярыма і выйшаў.
Дамейка раптам адчула, як нешта ўнутры абарвалася, пакацілася, затрымцела ўнізе, як пахаладзела ў грудзях, а затым і ў жываце, села за стол, жалобна, шукаючы падтрымкі, зірнула на паліцы – і загаласіла.
Яна не плакала, мо, гадоў дваццаць – з таго самага Дня Святога Патрыка.
Яна плакала і адчувала, што насамрэч у яе няма за душой нічога, акрамя гэтых стэлажоў і гэтых хлопцаў, з партрэтамі і без, і што яна ўвесь гэты архіў робіць выключна для сябе, і што гэта несправядліва, але па-іншаму яна не можа. Яна плакала, бо ўсё ў жыцці было не так, і ўсе яны, чые кніжкі яна ставіла на паліцы, былі зусім іншымі, і ні кніжкі, ні ўспаміны, ні разважанні Дамейкі не мелі нічога агульнага з сапраўднымі Багдановічам і Дубоўкам, Бабарэкам і Трусам. Сапраўдныя яны даўно ўжо ператварыліся ў пыл, адразу, як перасталі біцца сэрцы, але ж яна хацела захаваць іх жывымі, жыць побач з імі, дыхаць адным з імі паветрам, марыць, што і яна, Дамейка, мае дачыненне да іх лёсаў, дачыненне вышэйшай, справядлівай сілы, што менавіта яна зберагае іх для Вечнасці. Але каго яна зберагала? Іх? Не іх? Яна плакала ад таго яшчэ, што ніколі не была – і не будзе – для Сямёнава чалавекам, вартым павагі, бо ён разумнейшы і мацнейшы, у яго ўсё, за што бралася Дамейка, атрымалася б значна лепш, але так складалася жыццё з таго самага Дня Святога Патрыка, што ўсе справы, якія павінны былі б рабіць людзі накшталт Сямёнава, рабілі людзі накшталт Дамейкі. І ў выніку замест бязмежнага космасу, створанага хлопцамі, якія моўчкі назіралі за Марынай, ад іх заставаўся мікракосм, памерам якраз з не надта адукаваную галаву Дамейкі. Ніколі Сямёнаў не будзе кахаць яе, павучыху. Яна плакала ад таго яшчэ, што кожны, кожны, хто калі-небудзь пераступіць парог кабінета, кожны, хто падыдзе да паліц – кожны дасведчаны, калі такія яшчэ засталіся і калі ў іх яшчэ ёсць сілы ездзіць па свеце і падымацца на паверхі – кожны кіне ёй у твар тыя ж самыя словы, што і Сямёнаў. Здавалася б, ну і што? Яна – апошні эксперт па беларускай літаратуры і можа пасылаць усіх, з любой дасведчанасцю, па вядомых адрасах. Але чамусьці Марына плакала, гучна, і ніяк не магла суцішыцца, і нават калі прыбег Сямёнаў, і нешта казаў, і абдымаў, і перапрашаўся, усё роўна плакала, і плакала, і плакала.
І хлопцы з партрэтаў глядзелі на яе з нечаканым і нябачным ёй разуменнем.
Часам мне падаецца, што хутка я выб’юся з розуму.
Не, а што б вы cказалі пра цётку, якая выкручвае галаву ў дваццаць чацвёртым аўтобусе, калі ён паварочвае з Камуністычнай на Купалы, каб паглядзець, ці апрануў Багдановіч шалік.
Не, я не жартую, далібог. Еду неяк у дваццаць чацвёртым, свядома еду, па дарослых журналісцкіх справах, кастрычнік, холад, пранізлівы вецер чакае мяне на наступным прыпынку, але я пакуль што не думаю пра прыпынак, я спрабую разгледзець праз акно, як там Багдановіч. Вунь-вунь, шэрае паліто за дрэвамі скверу, во нягоднікі, куды помнік запёрлі, раней было куды лепш, зірнуў у акно – вось ён. Нарэшце, бачу знаёмую постаць, і першае, інстынктыўнае, несвядомае жаданне – выпрыгнуць прыпынкам раней і збегаць да Максіма, пазашпільваць яму гузікі, бо я ж ведаю: стаіць там, як заўсёды, расхрыстаны, а ў хлопца ж сухоты!
І справы мне, што архітэктар усе гузікі і без мяне пазашпільваў, робячы з сапраўднага Максіма, больш занятага вершамі, чым уласным выглядам, шляхетнага грамадзяніна для галоўнага помніка. Я проста ведаю, што Максіму ўсё ягонае сіроцкае жыццё не ставала жаночай рукі, а я – ёсць, і рукі ў мяне ёсць, і Максім – вунь ён, стаіць.
І зноў жа не жарт, а суворая праўда жыцця: тэлефануе неяк сяброўка, маўляў, даўно не сустракаліся, пайшлі па кубачку кавы сербанём. А я мыкаю ў слухаўку і не магу ёй сказаць, што насамрэч якраз на сёння мы з Бабарэкам дамовіліся наконт «Узвышша» тое-сёе перацерці. Гэта звонку выглядае, нібыта я проста чытаю таўшчэзны том са збору твораў, гэта мы канспіруемся з ім, каб людзі чаго нядобрага не падумалі, а па праўдзе якраз сёння ўранку я сказала яму: «Гэй, Адаме, ну колькі ж можна, калі ты ўжо мне распавядзеш, як там усё па праўдзе было?» і ён мне ў адказ: «Замётана, пані Ганна, сёння – і ні днём пазней».
А як я аднойчы замест дзявочніка пайшла на творчую сустрэчу?
Асабіста я там, канешне, не сустракалася ні з кім, сядзела ля печы, пільна сачыла за наяўнасцю ежы і разнастайнасцю пітва, ціхенька, каб не перашкаджаць, падносіла марынаваныя гуркі і зялёную цыбульку, раз-пораз прымала кампліменты «руплівай гаспадыньцы» – і глядзела, глядзела, склаўшы рукі на хвартушку і пасміхаючыся ад замілавання.