Але лёс зберагаў для яго сустрэчу з той, якая… У 1897 годзе ў Ялце, куды з’язджаліся сухотныя з усёй імперыі, Мяржынскі знаёміцца з дзяўчынай. Зрэшты, не тое, каб сам знаёміцца. Яго з ёй знаёмяць. Дзяўчына – ужо вядомая на ўсю Украіну паэтка, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч, непараўнальная Леся Украінка. Арэол залатога цяжару славы вакол далікатнай дзяўчыны, якая змагаецца са смяротнай хваробай. Дзіўныя прагулкі па вуліцах Ялты: каб не страціць прытомнасць ад болю ў сухотных касцях, Леся падае на траву і некаторы час ляжыць нерухома, збіраецца з сіламі. Размовы, якія больш няма з кім весці: Леся бездакорна адукаваная і выхаваная, ведае некалькі моў, начытаная так, як не начытаны ніхто ні ў Ялце, ні ў Мінску… Мяржынскі губляе галаву ад кахання.
А Леся застаецца халоднай. Ёй не да кахання. Яна змагаецца. Да таго ж скаргі глянцаванага мінчука на капрызы надвор’я і нясмачную ежу ў мясцовых рэстаранах здаюцца ёй зусім недарэчнымі – яна жыве іншымі думкамі і прыярытэтамі. Але Мяржынскі настойлівы. Візіты ў дом, лісты, падарункі… Мама ламае рукі: «Ларачка! Ну якое гэта каханне! Проста гэты жабрак дазнаўся пра нашыя грошы!» Мяржынскаму адмаўляюць ад дому. Пачынаецца перапіска. Сэрца Лесі растае.
І раптам – дзіўнае: Мяржынскі сам спыняе рух насустрач. Так, ён заўсёды знойдзе час для Лесі: прыедзе, напіша, падзеліцца патаемнымі марамі, нагрузіць марксісцкай літаратурай, будзе старацца, каб Леся яе чытала і разумела, ён слухае яе вершы, вычытвае артыкулы, але не больш. Ці справа ў Лесінай хваробе? Скалечаная, сухая рука, а зараз яшчэ і аперацыя на назе, Леся страшэнна кульгае. Ці тут зусім іншае? Мужчынам цяжка даецца гарачае каханне паэтычна ўзнёслых жанчын. Але Леся гатова прыняць любы расклад: яна любіць і больш ні на што не разлічвае.
«Твае лісты заўсёды з водарам ружаў, мой бедны. Жухлыя кветкі! Лёгкі, тонкі водар – быццам напамін пра нейкую каханую, якая засталася ў марах. І нічога цяпер так не раніць маё сэрца, як гэтыя водары; тонка, лёгка, але неадступна, няўмольна нагадваюць яны мне пра тое, пра што прарочым голасам кажа маё сэрца і чаму веры я не дамо. Мой сябар, любімы мой сябар, створаны для мяне, ці магчыма, каб я жыла цяпер, калі ведаю ўжо іншае жыццё? О, я ведала яшчэ і іншае жыццё, якое спальвала мяне, і мучыла, і гнала заламваць рукі, і біцца, біцца аб зямлю ў дзікім імкненні схавацца з гэтага святла там, дзе шчасце і гора так вар’яцкі перапляліся… А потым і шчасце, і гора абарваліся гэтак жа раптоўна, як дзіцячае галашэнне, і я ўбачыла цябе. Я бачыла цябе і раней, але не так выразна, а цяпер я пайшла да цябе ўсёй душою, як заплаканае дзіця ідзе ў абдымкі таго, хто яго шкадуе. Гэта нічога, што ты не абдымаў мяне ніколі, гэта нічога, што паміж намі не было і слова пра пацалункі; я пайду да цябе з наймоцных абдымкаў, ад найсалодкіх пацалункаў! Толькі з табою я не самотная, толькі ты ўмееш ратаваць мяне ад самой сябе…»
У 1901 годзе Леся Украінка тройчы прыязджае ў Мінск: Мяржынскі памірае, яго ўжо нікому не выратаваць. Ён не можа ўстаць, не можа сябе дагледзець. Побач з ім – Леся. Цяпер яна жыве ў доме Нарэйкі, які стаіць на няўтульным і халодным скрыжаванні дзвюх мінскіх вуліц, жыве і працуе – свет звузіўся да двух простых і безуважных слоў. Жыць і працаваць. Хоць бы колькі-небудзь – колькі яму адпушчана.
Яна спускаецца па лесвіцы, адчайна кульгае, брыдзе ў краму, у аптэку, прагна хапае марознае мінскае паветра, падымаецца ў кватэру, дзе ў паўтрызненні ляжыць Мяржынскі – у яго ідзе горлам кроў, ён упадае ў непрытомнасць. А Леся жыве – у страшным шчасці кахання быць з ім у ягоныя апошнія хвіліны – і працуе – таму што выказаць і выплюхнуць усё, што адбываецца, можна толькі ў словы. Лепшую сваю драму – «Апантаная» – Леся Украінка напісала ў ноч, у якую памёр Сяргей Мяржынскі.
На наступны дзень Леся апране жалобу і не здыме яе больш ніколі.
Пасля пахавання, Леся вернецца ва Украіну. У Мінску яна больш не будзе. Праз шэсць гадоў, змучаная і зусім хворая, яна пабярэцца шлюбам з цудоўным чалавекам – Кліментам Квіткам, вучоным-фалькларыстам, маладзейшым за яе на дзевяць гадоў. І зноў мама будзе стаяць сцяной: «Ларыса, ды паглядзі на сябе, хто цябе такую пакахае, яго цікавяць толькі твае грошы!» і зноў Клімент будзе дамагацца сваёй каханай праз усе перашкоды і забароны. Усё будзе ізноў – акрамя аднаго. Акрамя кахання.
Шчаслівага сямейнага жыцця, напоўненага не запалам, але спачуваннем і вялікай павагай, спакоем і радасцю «единомышленничества», ім будзе дадзена шэсць год. У трынаццатым годзе Леся памрэ. Клімент Квітка пражыве яшчэ доўгае і даволі шчаслівае жыццё – сур’ёзны навуковец, аўтарытэтны даследчык, бясстрашны чалавек. Калі яго арыштуюць у трыццаць сёмым, нават следчыя махнуць на яго рукой: у велізарнай перанаселенай камеры ён возьмецца збіраць турэмны фальклор і будзе з нецярпеннем чакаць допытаў, таму што пасля іх звычайна суткі-двое нікуды не выклікаюць, а значыцца, можна працаваць, запісваць песні, шукаць у іх вытокі і дэльты… «Якое шчасце, сёння мяне зноў пыталіся пра тое, чаго я зусім не ведаю!» – казаў сукамернікам Квітка і браўся за аловак: «А яшчэ якія песні памятаеце?» Малахольнага вучонага адпусцілі – і ён перажыў і сталіншчыну, і вайну, і памёр у пяцьдзясят трэцім знакамітым этнографам і музыкам.
Чалавечыя гісторыі сыходзяць на чорнае дно гісторыі, павольна апускаюцца пад уласным цяжарам, хаваюцца ў прыдонны пясок, пакрываюцца ракавінкамі, убудоўваюцца ў выспы… Дзве вуліцы на карце Мінска, два каменьчыкі каля падножжа велізарнай выспы, проста лініі на маршруце, бетонныя літары на шэрай пліце: «Жылі і працавалі».
6
– Ну што, Мара, акупавала беларушчыну? – Сямёнаў пастарэў, пасівеў, сапсаваўся. Той маладой прывабнасці нібы і не было. – Усё зараз па-твойму, Мара, так? Крута. Гэта варта таго, каб забіць. Я б таксама забіў. Ты малойца, Мара. Цяпер у цябе ўласны Дзень Святога Патрыка на ўсё жыццё. Святкуй кожную раніцу.
– Што ты блазнуеш, Багдан… Я проста раблю сваю справу. Як умею і разумею.
– О, канешне. Сарамлівая працаўніца Мара Дамейка. Ну-ну. Слухай, а вазьмі мяне ў памагатыя. Я ведаю, вам патрэбны лінгвісты. Ты ж літаратуразнаўца. Ты ж там літаратуру закатваеш, так? А трэба і мову. Я магу.
– Ты што, сур’ёзна? Гэта не я вырашаю, Багдан.
– Ну канешне, сур’ёзна. І наогул, спадарыня кансерватарша, у мяне ёсць для цябе прапанова, ад якой ты не здолееш адмовіцца. Я таму і прыехаў. Гэта калі без жартаў. Але ж давай потым, га? Я зараз галодны, халодны і не бачыў цябе сто гадоў. Давай, даставай, што вы там п’яце.
Марына дастала каньяк, бакалы, шакалад, яблык, парэзала лімон. Знайшла ў лядоўні паўфабрыкатныя бліны і кінула на патэльню. Ёй падавалася, што яна і сама нагадвае гэты заледзянелы блін – усё неяк запеклася, спарахнела ў снег, не кранай – пасыплецца. Асцярожна-асцярожна яна шукала недзе ўнутры сябе якую-небудзь адзіную бяспечную думачку, якую можна было б ціхенька думаць да тае пары, пакуль Сямёнаў сыдзе.
Ён глыкнуў каньяку, схапіў лімон.
– А я чытаў твае нарысы па Багдановічу, Мара. Мне не падабаецца. Ведаеш, у цябе заўсёды гэта было, ты ўжо даруй мне, сябровачка, але ж ты шмат чаго на сябе бярэш. Раздаеш ярлыкі, фарміруеш думкі. Што табе гэтыя людзі, гэтыя вершы, гэтыя біяграфіі? Ты захапляешся тым, што ты, Марына Дамейка, пра іх думаеш. Ай-яй-яй, якая смелая дзяўчынка, наехала на Адама Багдановіча. Усё дзяцінства марыла наехаць на ўласнага бацьку – не здолела, дык адыгралася на чужым. А ты ведаеш, што такое – восем дзяцей, двое з якіх ужо хворыя на сухоты, а над астатнімі – стоадсоткавая рызыка? А ўсіх накарміць-апрануць? А павезці піць кумыс? А ўладкаваць у Старым Крыме? А пахаваць аднаго за адным – Вадзім, Аляксандр, Раман, Максім, Леў… Што ты ведаеш пра гэта, Мара? Хто ты такая, каб выносіць яму свой вырак? Людзі неяк жылі, неяк стараліся, а яна тут прыйшла, жыцця не нюхаўшы, і вырашае. Не, мне падабаецца, што ты відавочна закаханая ў Максіма. Табе гэта пасуе – каханне. І я ўпэўнены, ён бы зацаніў. І ты кахала б яго значна лепш за Клаву Салтыкову. Але гэта – твая асабістая справа, Мара. А ты з яе робіш справу беларускай літаратуры. Але што казаць… Зараз твой час, Дамейка. Мо, гэта не самы благі час для літаратуры, але шкада, што апошні.
Марына моўчкі выпіла і нетаропка крышыла на маленькія скібачкі палову яблыка.
– Не, ты маеш рацыю, Мара. Не будзем тут мянціць языком пра тое, што ўжо не зменіш. Ні цябе не зменіш, ні статус-кво. Давай лепей я табе распавяду, як я жыў усе гэтыя гады і чаму прыехаў.
Марына хітнула галавой у сэнсе «давай», але так, каб атрымалася «ну, калі лепшай прапановы няма»…
– Ну, слухай. Мы ж с табой апошні раз бачыліся на Патрыка, так? Во, бачыш, я памятаю. Я ўсё памятаю, Дамейка. Не буду запытвацца, ці памятаеш ты, хопіць сёння табе непрыемнасцяў.
Ну, і пацягнулася. Сага пра тое, як Сямёнаў бадзяўся па свеце, усталёўваючы вакол сябе свой уласны парадак. Выходзіла так, што Сямёнаў усё прадбачыў, усё разумеў і быў наогул нешта накшталт псіхічна трывалага Настрадамуса. Ён, па ягоных расповедах, паспяваў паўсюль: і растлумачыць нацыяналістам, чаму народ іх не падтрымае, і распавесці народу, чаму лепей падтрымаць нацыяналістаў, чым касмапалітаў, і заступіцца за мову, і правесці цыкл радыёперадач пра літаратуру, і пры гэтым добра разумеў, што ўсё безнадзейна, а за намаганнямі ягонымі сочаць ну няхай сабе 500 чалавек – ягоныя фрэнды ў сацсетках. Рабі, што можаш. Карацей, усё ён ведаў, але ж змагаўся проста так, дзеля змагання, а калі з краіны з’ехалі апошнія і ягоная фрэндстужка стала складацца з жыхароў Тэль-Авіва, Барселоны, Нью-Ёрка і астатніх прыдатных для жыцця гарадоў планеты, Сямёнаў склаў лапкі і падумаў, што ўсе яны самі вінаватыя. А што было рабіць? Нікога і нічога болей не было. Пакуль ён змагаўся па прынцыпе малых справаў дзеля сваёй фрэндстужкі, свет змяніўся.
Марыны ў той час ужо не было ні ў адной сетцы. Таму яна не бачыла Сямёнава. Часам чытала ягоныя палымяныя артыкулы, пакуль яшчэ выходзіла папяровая «Наша ніва», але калі і тая сышла ў сеціва, а потым у нябыт, гэтая скабка перастала турбаваць без асабістага Марынінага на тое жадання.
– Добра, Мара, што тут казаць. Без мацюкоў не скажаш. Як ты жыла і жывеш – я ведаю. Я адсочваў. І я магу табе распавесці, чаму я тады сышоў. Я ж павінны гэта зрабіць, перш чым пацягнуць цябе ў ложак?
Пакуль Дамейка ўнутрана мітусілася, як адрэагаваць… А сапраўды, як? Жарцікамі? Аплявухай? Слязьмі? Хацелася, канешне, аплявухай і слязьмі, але ж, напэўна, у сорак гадоў трэба вучыцца неяк жарцікамі… Карацей, яна проста выпіла.
– Разумееш… Тут будзе крыху лірыкі. Я потым шмат думаў. Спачатку не думаў, канешне, а проста сышоў, бо раззлаваўся, але потым думаў. Ведаеш, Дамейка, ты – павучыха. Памятаеш, мы бачылі аднойчы на Ляўкова ў ванне – такая сімпатычная павучыха бегла некуды хаваць ідэальна авальнае яйка. Знойдзе прыдатны кут, спляце павуцінне, такое, ведаеш, у якое нават муха не патрапіць, бо муха не лётае ў прыдатных для павукоў кутах, во туды, у гэтае павуцінне, яйка пакладзе – і сядзіць. Ты так хацела збегчы са мной. Заматаць, заматаць, каб роўненька, і збегчы. А зараз ты так збягаеш з Максімам. І ўсю літаратуру ў свой гэты куток зацягнеш. Але ж ведаеш, вы ўсе такія. Нават не ведаю, чаму я з вамі злыгаўся, з беларускімі інтэлігентамі. Спадзяваўся дапамагчы. Яйка адабраць, павуцінне прасушыць, у прыдатным месцы павесіць, мух тлустых налавіць – еш, павучыха, красуй, нараджай павучанят на вольным ветрыку. М-да.
Сямёнаў змоўк. Марына перавяла дух.
– Дзе мне легчы, Мара? – неяк сумна, стаміўшыся прамаўляць, запытаўся Сямёнаў.