І гэтая Клава, і гэтая хустачка, і гэтая песня – такі шансонны дысананс побач з высокімі словамі першых радкоў! Так і бачыцца ніякае гэтае дзяўчо, якое балявала, як умела, на лецішчы ў Старым Крыме. Якая Клава – такія вершы.
Але ж можа быць, што Дамейка проста раўнавала.
О, як падабалася Марыне, што яна засталася адзінай гаспадыняй гэтай чароўнай літаратуры… І Багдановіча. Сама сабе літаратуразнаўца, сама сабе суддзя і вырак. Падабаецца ёй першая палова «Клавінага» верша? Так і запішам: шэдэўр. Не падабаецца другая? Спішам на Клаву. Усё так, як павінна быць. Канешне, Марына адчувала нейкі цень клопату, калі думала, што выпадковы ці невыпадковы чытач будзе бачыць беларускую літаратуру вачыма Дамейкі. Адказнасць. Але яе вочы не горшыя за вочы тых, хто апошнія сто гадоў забіваў літаратуру цвікамі пачварнага белліту.
Сёння Максім быў асабліва патрэбны Марыне. Яна, канешне, чакала і, канешне, баялася, бо ўвечары павінен быў прыехаць Сямёнаў. І гэта быў такі вір пачуццяў, успамінаў, думак, крыўд і, не будзем хлусіць, спадзяванняў, што не было ніякіх магчымасцяў пра яго думаць. Таму Марына думала пра Максіма.
Вось ягоны пакойчык у наўгародскім доме. Маленькі, няўтульны, халодны. На стале – такі страшэнны вэрхал! Але ж гэта толькі на недасведчаны погляд. Тут можна адшукаць усё, што патрэбна звычайнаму гімназісту дзеля шчасця: Верлена на французскай, Гейнэ на нямецкай, Шаўчэнку па-украінску, учорашні пераклад Пушкіна, сённяшні пераклад Пушкіна, Бракгаўза і Эўфрона і хіба што не ўсе экзэмпляры Александрыйскай бібліятэкі. А колькі тут гэтай «беларусікі», з якой так кпяць браты і якая так не падабаецца бацьку! Бо замінае ж хлопцу вучыцца! Ну каму спадабаецца кожны месяц хадзіць да дырэктара: ваш сын перашкаджае вучыцца іншым, ваш сын смяецца, калі адказвае, ваш сын смяецца, калі адказваюць іншыя, што з яго будзе, куды вы глядзіце…
Мамкі ў хлопца няма. Мачыха не сочыць. Бацька – тым больш. Нейкі самасшыты строй, заўсёды расхрыстаны, пацёўганы, незашпілены. Адзін, адзін, адзін. Сяброў не прывядзеш – не дазваляюць. Не, часам весела – калі прачытаеш што-небудзь гэткае ці сам напішаш.
Якое шчасце, што побач Какуевы – вялікі ўтульны панскі дом, хлопцы, дзяўчаты, прыгожая хударлявая Аня, спевы, гарадкі ды «каша» на вуліцы. Ён жа не пустэльнік, гэты чарнявы гімназіст, звычайнае дзіця, якое адначасова спасцігае радасць апошняй дзіцячай гульні і першае напаўдзіцячае, горкае…
І яшчэ – той жа пакойчык, але ў ім госці. Акуратны, далікатны, але ж прыкметна раззлаваны хлопец і Максім. Тут, людцы мае, ледзь ужо не бойка: Максім грукае кулакамі па стале, падвышае голас. «Так? Так?» – запытваецца ў суразмоўцы пасля кожнай сваёй тэзы. «Не так!» – сурова адказвае той. «Як не так?» – узвіваецца Максім і пачынае зноў: доказы, доказы, доказы, ён прыхінае кулакі да грудзей, нібыта выціскаючы з сябе тыя самыя, патрэбныя словы…
І іншыя пакоі – той, нашаніўскі, дзе яны з Палуянам уладкоўваюцца на старых падшыўках спаць, але ж размаўляюць, і размаўляюць, і размаўляюць да світанка, і той, бядулінскі, дзе ўжо васкова белатвары Максім стрымлівае кашаль і імкнецца сядзець прама, не горбячыся, бо навошта ж дэманстраваць кожнаму сваю хваробу. І той, апошні пакой у белым доме ля сіняй бухты, як і тады, халодны і непрыбраны, як заўсёды, адзінокі, адзінокі…
І акерманскія стэпы там, паміж ім і зямлёй, на якой хацелася б памерці, сухі акіян ссівелай ад сонца травы, воз гіне, нібы чайка на вадзе, у хвалях шумных траў між кветкамі брыдзе, мінуючы кусты калючага бур’яну. Змяркаецца. Ня знаць ні шляху, ні кургану. Глядзіць на небасхіл, мо, зорка блісне дзе. Вось хмарка там – на ёй свет водбліскі кладзе: то за Днястром маяк мігціць ля Акерману. Спыніліся. Плыве крык жораваў у цішы, а іх і сокала не ўгледзець быстры зрок. Чутно, калі матыль сцяблінкі траў калыша, як склізкі вуж паўзе і крыецца ў змрок. Такі спакой, што каб паклікаў хто ў Літве – пачуў бы ён… Дарма! Ніхто не пазаве.
Марына паставіла на паліцу знакаміты трохтомнік – ільняная вокладка, сінія валошкі, побач – рэпрынт «Вянка» (хутка прыбудзе груз з мінскай бібліятэкі, там будзе і той «Вянок», першы, «з друкарні пана Мартына Кухты», але ж ён пойдзе не на паліцы, а ў архіў, дзе клапатлівыя інжынеры шыкоўнага памяшкання Калегіі зрабілі найлепшую ў свеце сістэму вентыляцыі і тэмпературнага абмену для захоўвання кніжак). Сюды ж – знакаміты аднатомнік з «Залатой калекцыі», там ёй, па-за іншым, надта ж падабаліся пераклады рускамоўных вершаў Максіма, зробленыя Юрасём Пацюпам. Дадала шыкоўны зборнік успамінаў пра Багдановіча, выдадзены за два гады да знішчэння іх кафедры. Тут і нататкі Адама Ягоравіча, і ўспаміны Ластоўскага і Бядулі, і «Дарогамі Максіма» Алеся Бачылы, і «Шляхі» Ніны Ватацы, і нават «Тое лета» Янкі Сіпакова. І апошняе – выпакутаванае выданне «Інтымнага дзённіка», апошняе, што паспелі падрыхтаваць у музеі Багдановіча перад тым, як яго расфармавалі і перавялі ў адзіны на краіну Музей гісторыі славянскіх літаратур.
Марына раптам ледзь не ўскрыкнула. А Палуян! Забылася пра Палуяна! Так, ягонае месца менавіта тут – больш нідзе не паставіш, бо нічога ж не засталося ад хлопца, толькі чужыя ўхваленні, чужыя згадкі ды колькі вершаў у нашаніўскім друку, але ж без Палуяна не было б Багдановіча!
Дамейка надта любіла гэтую гісторыю: як Сяргей Палуян выпадкова бачыць у нашаніўскім архіве сшытачак з вершамі, дастае, гартае – і накідваецца на шаноўную рэдакцыю: гэта ж паэзія! Гэта ж шэдэўры! Чаму не друкуеце?
Нашаніўскі архіў. Спарахнелая скрыня, з якой ва ўсе бакі лезе жоўтая, шэрая, мурзатая папера – гэта архіў? Гэта сметніца, а не архіў! Менавіта там і бавіў час сшытак з Максімавымі вершамі, бо рэдакцыя вырашыла: гэтае гарадское эстэцтва просты беларус не зразумее. «Народ не зразумее!» – і шварк сшытак Багдановіча ў архіў.
«Такім чынам, – думала Дамейка, – на кожнага беларускага Багдановіча над кожным беларускім рэдактарам павінен быў быць свой Сяргей Палуян».
Нават побач з гісторыяй Максіма ягоная гісторыя падавалася Дамейцы жахлівай.
Трагедыя пачыналася з імён. Сяргей Епіфанавіч Палуян… Гэтае цудоўнае, у любым часе прыгожае «Сяргей» і цяжкае, непахіснае «Епіфан». Ягоны бацька такім і быў – цяжкім, суворым і непахісным. Епіфаніў па поўнай, як толькі ўмеюць епіфаніць бацькі. Зачыняў дома, абшукваў рэчы, з гімназіі ў гімназію сына прымусова пераводзіў, каб той кінуў дурное – усялякую рэвалюцыю. А як яшчэ выбіць яе з хлапечай галавы? Рэвалюцыя ўсё не выбівалася (бо не бывае хлапечай галавы без рэвалюцыі), таму Епіфан нарэшце проста пагнаў хлопца з двара паганай мяцёлкай. З васямнаццаці год Палуян – на вольных хлябах. Не надта, зразумела, сытных ды прапечаных. Бадзяецца па свеце: Кіеў, Вільня, зноўку Кіеў… Піша ў «Нашу Ніву» і «Украінскую хатку», перабіваецца з хлеба на ваду, але ж які пільны крытычны погляд, які публіцыстычны талент, якое распаволенае мысленне! Ну самі ўявіце. Прыязджае такі «чоловік» з Кіеву, малако на губах не абсохла, да грунтоўных беларускіх дзядзек Луцкевічаў і адразу: «А ну, што вы там у скарбонку сваю ганебную схавалі? Дзе архіў ваш, панове? Што зноўку выкінулі, хаваеце ад народа? А? О! А гэта што? Ды як вы можаце гэта не друкаваць?!»
Добра, што Луцкевічы не крыўдавалі. Паважалі Палуяна. Праўда, здаралася: то артыкул палуянаўскі згубіцца недзе ў нашаніўскай рэдакцыі, то нейкая незразумелая трасца надрукаваць вершык перашкаджае… Але Бог з імі. Без Палуяна ўжо немагчыма было ўявіць сабе літаратурны працэс.
Палуяну дзевятнаццаць – а ён ужо аўтар вершаў, прозы, п’ес, крытычных аглядаў, літаратуразнаўчых артыкулаў, працуе, працуе, як шалёны, і да чаго ж цікава яго чытаць!
Але ж не такіх ламалі аб калена… У дзевяцьсот дзясятым – як маланка: Сяргей засіліўся! Дваццаць год хлопцу. «Жыццё не вартае таго, каб жыць. У марах жыццё – казка, а спраўдзi – гнiццё раба i вечная незабяспечанасць. Перадайце шчыры прывет беларусам. Багата я думаў зрабiць, ды не зрабiў нiчога. Шкода памiраць так марна, але трэба. Няхай… I яшчэ адна драбнiца: я ўмiраю «пошло», павесiўшыся. Бо не было змогi купiць рэвальвера».
Дзіўна: Максім, які і сам пайшоў рана, паспеў адпець нябожчыка сябра:
Марына паставіла на паліцу побач з рэпрынтам «Вянка» Палуянавы «Лісты ў будучыню» – зборнічак, выдадзены ў восемдзесят шостым, і невялічкую брашурку ў сорак староначак. Палуян: біяграфія, пара артыкульчыкаў, вершы, аповедзік. Гэты аповедзік быў яе гонарам: гэта яна, Дамейка, адшукала яго ў віленскім архіве перапісаным нейкай Наталкай Мазынскай у дзявочы сшытак з вершамі Надсана і Лахвіцкай. Чым ёй спадабаўся Палуян? Ці, можа, не ў творчасці справа? Хто ж даведаецца цяпер.
«Болей на Максімавай палічцы нічога не будзе», – вырашыла Дамейка.
Дзве мінскія вуліцы… Чаму іх раскідалі па розных кутках вялікага горада? Пытанне без адказу. Як і тое, якое трэба было задаваць першым: чаму гэтыя закаханыя не змаглі быць разам, хаця разам павінны былі быць? Гісторыяй гэтага кахання, нібыта нацягнутымі спружынамі, звініць мапа гарадскіх вуліц…
Па пяшчотнай Вяснянцы, заўсёды напоўненай свежым ветрам і пранырлівымі скразнякамі, струменіць вуліца Лесі Украінкі. Зусім побач шуміць і стогне пад коламі транспарту працавітая і нястомная вуліца Ціміразева, а тут – цішыня беластвольных бяроз і няўпэўненасць палахлівых асін. Асабліва хораша тут увосень – празрыста і залаціста.
На другім канцы горада паралельна несупыннай борці галоўнага праспекта сталіцы бяжыць вуліца Мяржынскага – спакойная забудова, двары з арэлямі і горкамі, крамы, атэлье, ціхі цэнтр. Не, не такой павінна была быць вуліца яго імя – няхай сабе невялікай, але густазаселенай, перагружанай аўтамабілямі, насычанай цяжкавагавікамі, а ўночы – нават апанаванай адчайнымі байкерамі. Але яна бяжыць ад завулка Калініна да бульвара Талбухіна ціхім, мерным бегам ранішняга фізкультурніка, прыстойнага сем’яніна, вось зараз дабяжыць да рога, паверне назад – і дадому, на ўтульную кухню, піць гарбату і паблажліва ўсміхацца маладой жонцы. О, якая нязбытная мара для таго, хто аддаў гэтай вуліцы сваё імя!
І паміж імі, у самым цэнтры мапы – дом па вуліцы Куйбышава, 10. Не «той самы» дом, а дом, які стаіць на месцы «таго самага» дома. Менавіта тут да рэвалюцыі быў дом спадарыні Нарэйкі, у якім здымаў кватэру палымяны марксіст Сяргей Мяржынскі. Менавіта сюды прыязджала да яго вядомая ўкраінская паэтка Леся Украінка, менавіта тут пісалася трагедыя кахання.
О, гэтыя цнатлівыя мемарыяльныя дошкі! На іх не пішуць праўды. Мінай, не чытай! Мінай гэты шэры чатырохкутнік з ілжывым надпісам «У гэтым доме жыла і працавала…». Зрэшты, а як напісаць інакш? «Кахала і пакутавала»? «Любіла таго, хто памірае»? «У ноч ягонай смерці напісала сваю лепшую кнігу»? Усё гэта не падыходзіць для мемарыяльнай дошкі. Таму два словы: «Жыла і працавала». Бо і сапраўды жыла. І сапраўды працавала.
Сяргей Мяржынскі нарадзіўся ў Мінску. З яго імем звязаны яшчэ адзін мінскі адрас – знакамітая «хатка РСДРП» на плошчы Перамогі, каля Свіслачы. Тут прайшоў першы з’езд РСДРП, адсюль пайшла Камуністычная партыя бальшавікоў, і Сяргей Мяржынскі, адзін з першых марксістаў у Расійскай імперыі, быў яго арганізатарам. Таму і пачалася гісторыя партыі менавіта адсюль, бо тут быў Мяржынскі.
Інтэлектуал, барацьбіт, юнак з палымяным сэрцам і адчайнай галавой. Да жыцця яго прывязвала толькі мара пра рэвалюцыю – на большае, накшталт кахання ці сямейнага цяпла, ён не разлічваў. Мяржынскі быў смяротна хворы – сухоты. Каго ты ашчаслівіш, калі горлам ідзе кроў?