Дзейнічаюць:
ДУБ
САРОКА
СОЙКА
ГАЛКА
КРУМКАЧ
ДЗЯЦЕЛ
БУСЕЛ
БУСЛІХА
ВЯДУЧЫ
ВЯДУЧЫ. Пэўна не скажу, над якою рэчкаю векаваў магутны дуб: ці то над Нёманам, ці то над Свіслаччу. Ды гэта і не мяняе сутнасці справы. Важна тое, што год за годам над дуб навальвалалася старасць.
Лясная паляна. Вакол дуба сабраліся птушкі. С а р о к а гуляе з блішчустым ланцужком. С о й к а прыхарошваецца,
Г а л к а шэпчацца з В а р о н а й.
ГАЛКА (Вароне). Зірні, з чым наша Сарока гуляе... (Да Сарокі.)
Дзе ты ўзяла новую цацку?
САРОКА (загадкава). Знайшла.
ВАРОНА. Так мы табе і паверылі...
ДУБ (стогне). О-ох, о-ох...
ПТУШКІ. Дуб стогне. Што з ім? Што, што, што?
ДУБ. Старасць не радасць… І верхавіна ўжо лысець пачала, і галіны голыя ў небе свецяцца… Ох, жыццё маё гарапашнае…
САРОКА. Чуеце? Чуеце? Наш дуб старэе! Дуб старэе! Хутка, не тут кажучы, на дол небарака рухне.
СОЙКА. Такі быў магутны, такі моцны, жалудамі нас карміў – і на табе! Засыхае, бедненькі…
ГАЛКА. А як ваяваў з бурамі ды навальніцамі!
САРОКА. Так, так! Мы ўсе пад яго галінамі хаваліся.
Цяжка тупае стары згорблены К р у м к а ч з таўстою кнігаю пад пахай.
КРУМКАЧ. Ккруп… Ккруп… Ттруп…
САРОКА. Што ён кажа?
ПТУШКІ (разам). Што? Што ён сказаў? Труп?
ГАЛКА. А матачкі мае! Гэта ж крумкач варожыць, што скора наш дуб дуба дасць.
СОЙКА. І зусім не гэта хоча сказаць мудры прафесар. Ён проста дае параду, што хвораму дуб для папраўкі трэба круп.