ЦЁТКА ТЭРЭСА. Сірацінка мая гаротная... (Абдымае яго.) Навіна ёсць, Юрка.
ЮРКА. Якая навіна?
ЦЁТКА ТЭРЭСА. У цябе зноў будзе мама.
ЮРКА. Вернецца, так? З гасцінцам? (Радуецца.)
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Другая ў цябе будзе мама, дурненькі. Новая.
ЮРКА. Не хачу я чужой мамы! Я сваю чакаць буду.
Цётка выцірае фартухом вочы.
У хаце Юркі. Стол з бутэлькамі і караваем. За сталом Б а ц ь к а з пышнай маладзіцай, перад імі стаіць пануры Юрка.
Чуваць галасы гасцей.
БАЦЬКА. Вяселле ў нас, Юрка. Садзіся, госцем будзеш.
Юрка не скрануўся з месца. Бацька працягвае яму шклянку.
На, хлабысні.
ЮРКА (пакаштаваўшы). Горкая і смярдзючая. Я гэта піць не буду.
БАЦЬКА (смяецца). Што ты разумееш, малеча!
МАЧАХА. Падрасце – рассмакуецца…
БАЦЬКА (Юрку). Ну, пакажы, дзе твая мама?
ЮРКА. Мая мама па гасцінец пайшла і хутка вернецца.
БАЦЬКА (паказвае на Мачаху). Вось твая мама!
ЮРКА. Гэта не мама, а Параска Дзяцел, наша суседка.
БАЦЬКА. Не заві яе больш Параскай. Мамай заві! А то папружкі паспытаеш.
МАЧАХА. Бачыш, неслух які… Упоперак бацьку становіцца…
БАЦЬКА. Нічога, я яго навучу. Вось табе, вось! (Ганяецца за сынам з папружкай.)
ЮРКА. Параска яна, Параска, а не мама мая!.. (Уцякае.)
ВЯДУЧЫ. Так і рос ён – нялюбым, закінутым хлопчыкам, без ласкі і прывету. Бывае, і пакарміць яго забывалі. Падаўся неяк Юрка ў каморку.
У каморцы. На сцяне вісіць кумпяк. На паліцах – збанкі і кашолкі.
ЮРКА. Цёмна тут, як у склепе. Мышы скрабуцца… Што б гэта з’есці, пакуль нікога дома няма? А, ведаю! Тут стаяў збан з малаком. Адап’ю крышачку, ніхто і не заўважыць. Дзе ён, той збанок?
Юрка шукаў, шукаў збан, а потым незнарок скінуў яго з паліцы.
Збан разбіўся.
ЮРКА (паднімаючы чарапкі). Авой, разбіўся! І не хацеў, а шкоду зрабіў! Цяпер біць мяне будуць, у кут паставяць… Лепей зусім не выходзіць з гэтай каморкі. Пакуль агледзяцца…
Юрка кладзецца на паліцу і засынае.