ПТУШКІ (разам). Дзякуем! Дзякуем, дарагі доктар!
КРУМКАЧ. Прыемна ведаць, што ў нашым лесе ёсць такія спецыялісты. (Паціскае Дзятлу руку.)
СОЙКА. Мы вас правядзём, даражэнькі. (З Сарокай праводзяць яго.)
КРУМКАЧ. Што ж, будзем лячыць старога. Перш за ўсё абаронім яго ад ветру.
ВАРОНА. Я! Я буду дапамагаць!
ПТУШКІ (разам). І я! І я!
Птушкі адзяюць Дубу вязаны каптур і рукавіцы, ахінаюць посцілкай і зверху завязваюць шалікам.
ПТУШКІ. Вось так. Так добра будзе… Цудоўна. Поўны парадак.
ДУБ. Ох, зусім няма чым дыхаць…
САРОКА. Пацярпі. Увесну будзеш як новенькі!
Птушкі, задаволеныя сабою, водзяць вакол дрэва карагод.
ВЯДУЧЫ. Застаецца сказаць нямнога, каб закончыць казку. За зімою, як вядома, ідзе вясна. Вярнуліся з выраю буслы. І што ж яны бачаць?
Ідуць з рукзакамі стомленыя б у с л ы.
БУСЕЛ. Нарэшце мы дома… Вярнуліся. Гняздо падновім, дзетак выведзем…
БУСЛІХА. Авой, зірні, што сталася з нашым дубам! У яго каптур, як у старой бабкі.
БУСЕЛ. Праўду жонка кажаш, сам на сябе непадобны стаў.
Збуцвеў, ледзь на нагах трымаецца…
БУСЛІХА. Дык што з нашым домам будзе? Дзе нам жыць цяпер?
КРУМКАЧ. У буслоў праблема з жыллём. Ккрум…
Буслоў акружылі птушкі.
СОЙКА (буслам). Ой, мілыя! Зусім наш дуб увосень занядужаў...
ГАЛКА. Аслабеў...
ВАРОНА. Мы так стараліся, так яго лячылі!
САРОКА. Самае дарагое аддалі...
БУСЕЛ (дражніць). Стараліся яны… Лячылі… Перастараліся і пералячылі. Давай, жонка, расхутваць будзем дуб.
Буслы знімаюць з Дуба рукавіцы, шапку, посцілку.
Птушкі вакол мітусяцца, крычаць… Дуб удыхнуў паветра і расправіў грудзі.
ДУБ (буслам). Дякую вам, дзеці мае! Адсланілі вы мне свет белы.
ВЯДУЧЫ (у залу). А вось і мараль гэтай гісторыі: усюды і ва ўсім трэба мець розум і ведаць меру.
Хто рашучы – той герой