САРОКА. Цішэй вы! Прафесар скажа прамову.
СОЙКА. Не проста прафесар – акадэмік! Пачынайце, шаноўны.
Крумкач выйшаў у цэнтр і акінуў вокам усю птушыную грамаду.
КРУМКАЧ. Ккрак! Усім ясна, паважанае грамадства: наш паважаны дуб цяжка хворы. Галава яго аблысела, а збоку пачало ўтварацца дупло. Трэба даследаваць, у якім стане знаходзіцца сэрцавіна дрэва.
САРОКА. Так, так! Даследаваць!
КРУМКАЧ. Я не ўсё сказаў. (Пракашляўся.) Прыйдзецца, шаноўнае птаства, запрасіць на кансультацыю Дзятла.
СОЙКА. Якая мудрая думка!
ПТУШКІ (разам). Дзятла! Дзятла! Доктара! Хірурга!
САРОКА. Ціха вы! Дзяцел зараз адпачывае – зрабіў аперацыю хворай сасне.
СОЙКА. Але наш хворы ў цяжкім стане.
КРУМКАЧ. Хто ўстане?
ГАЛКА (як глухому). Мы кажам: дуб упадзе і не ўстане.
КРУМКАЧ. А-а-а...
САРОКА. Ну, калі ўсе так рашылі, трэба клікаць Дзятла. (Галцы.) Злётай, Галка, і запрасі далікатненька.
СОЙКА. Лепей я. Я, Сойка, да ўсіх падыход маю.
КРУМКАЧ. Ляціце разам.
САРОКА (аддаючы свой ланцужок Сойцы). Гэта доктару, каб не адмовіў.
Д з я ц е л дрэмле ўсваім пакоі. Галка з Сойкай стукаюцца ў дзверы.
ДЗЯЦЕЛ (прахапіўся). Хто там?
ГАЛКА. Бяда ў нас, доктар.
ДЗЯЦЕЛ. Вас многа, а я адзін. Пазней прыходзьце. (Прыадчыніў дзверы.)
ГАЛКА. Але наш дуб хворы!
СОЙКА (штурхае яе). Ды не так! Табе ж сказалі – далікатненька! (Дзятлу.) Міленькі ты наш, даруй за клопат. Мы прыляцелі ад імя ўсёй птушынай грамады. Дуб стары, карміцель наш, заняпаў, занядужаў. Слаўны такі быў, ты сам не раз да яго прылятаў. (Разам.) Адведай хворага, калі ласка!
ДЗЯЦЕЛ (думае). У два візіт, у пяць – таксама...
СОЙКА. Мы ўсе без цябе як без рук. Прымі падаруначак ад нас, птушак. Так, дробязь... (Перадае ланцужок.)
ДЗЯЦЕЛ. Добра, адведаю. (Збірае прылады, адзяе белую шапачку.)
Дзяцел абстуквае і аглядае Дуб з усіх бакоў.
Птушкі сочаць за кожным яго рухам.
КРУМКАЧ. Ккрум… Ці будзе жыць?
ДЗЯЦЕЛ (паправіў акуляры і вынес вердыкт). Дуб сапраўды хворы, але не настолькі, каб можна было трывожыцца за яго жыццё. Патрэбен поўны спакой. Дзіркі пазатыкаць, жалуды пазнімаць, лісты… Не, лісты хутка самі адваляцца. Галоўнае, ад восеньскага ветру посцілкай захутаць.