Дзейнічаюць:
САРОКА
ЛІСА
МЯДЗВЕДЗЬ
ВОЎК
ВАВЁРКА
ВОЖЫК
Лясная паляна. Ранняя вясна, цвіце кветка-сон. Дзве шыльды:
Бюро “Навіны лесу” і Атэлье “Лясное дзіва”, апошняя крыж-накрыж перакрэслена надпісам “Зачынена”.
С а р о к а размясцілася каля бюро. Непадалёку Л і с а ў доўгай спадніцы прымярае капялюшык перад люстэркам аўтамабіля, прымацаваным да дрэва.
ЛІСА.
Нішто сабе… Я проста краля!
І хто сказаў, што ў бабкі крала
Я куранят? Я іх пасла.
САРОКА.
Ды штось не стала іх пасля.
ЛІСА.
Не ўберагла ад каршуна.
САРОКА (ўбок).
Манюка добрая яна…
Тупае М я д з в е д з ь у дублёнцы і аблавушцы.
МЯДЗВЕДЗЬ.
Дзень добры, рыжая!
(Сороцы.) Прывет!
ЛІСА.
Дзень добры, сябра і сусед!
Табе не горача выпадкам?
Ты б зняў кажух.
МЯДЗВЕДЗЬ (знімае шапку).
Гарачавата… Вясна…