Алексіевіч: Яшчэ дзесьці год патрэбны для гэтага. Справа ня ў тым, каб сабраць матэрыял, трэба сабраць філязофію. Сэнс сур’ёзнага пісьменьніка ў тым, каб штосьці пачуць на вуліцы. Флябэр сказаў, што ён чалавек-пяро. Я чалавек-вушы. Маё вуха на вуліцы. Я лічу, што пісьменьнік павінен першым сфармуляваць нейкія рэчы, якія знаходзяцца ў паветры. Першым сказаць пра гэта.
Струвэ: Наколькі важнае для Вас палітычнае жыцьцё?
Алексіевіч: Я ўвесь час удзельнічаю ў палітычным жыцьці. Хутчэй сымбалічна. Аднак вы заўсёды можаце даведацца пра маю пазыцыю. З-за гэтага я жыву ў Эўропе, я маю на ўвазе, з-за канфліктаў з уладай. Аднак для мяне як для мастака — гэта не галоўнае. Я спадзяюся, што сваімі кнігамі я гэта сфармулюю. У нас няма ідэяў, працуюць нейкія старыя ідэі культуры выжываньня. Культура барацьбы ўжо ня можа цалкам запоўніць сучаснага чалавека. Перад чалавекам адчыніліся зусім іншыя далягляды, і ён уступіў у зусім іншую прастору жыцьця. Гэтыя новыя людзі толькі зьяўляюцца ў нас.
Ёсьць таксама людзі, якія «чарка-шкварка». У мяне дом у вёсцы. Нядаўна там зьявіўся такі маленькі бізнэсовец, ён падманвае людзей, спойвае іх. Ён вельмі проста вырашае свае праблемы: мех мукі ці чагосьці іншага. Ён разумее, што вакол няма асобаў, а ёсьць культура выжываньня, сялянская такая хітрасьць. Трэба было выжыць гэтым людзям на балоце. Таму я з сумам слухаю нашых палітыкаў, тое, што было нядаўна на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Замест разьмеркаваньня ўлады, трэба думаць, дзе мы і да якога чалавека мы сёньня выходзім. Гэты чалавек стаў больш агрэсіўным. Бо ён нічога не разумее наконт расслаеньня грамадзтва, наконт магчымасьцяў, якія адкрываюцца — усё ёсьць, а ты нічога ня можаш. І трэба гэтаму нейкі сэнс надаць, каб не было простай сытасьці жывёліны. Вось з чым трэба выходзіць да людзей.
Струвэ: Для заходнеэўрапейскага чытача вы — беларуская пісьменьніца, якая прадстаўляе посткамуністычную Ўсходнюю Эўропу…
Алексіевіч: Чалавек з усходу… Бо я не займаюся выключна беларускай гісторыяй, а займаюся біяграфіяй імпэрыі, біяграфіяй утопіі. Гэтая імпэрыя размаўляла па-расейску і закранала вялікія прасторы, аднак з гледзішча мэнтальнага, біяфізычнага бачаньня сьвету, бо ёсьць таксама і такое бачаньне, я, вядома, не расейскі пісьменьнік. У мяне шмат такога беларускага бачаньня.
Струвэ: У Беларусі Вас не выдаюць больш як дзесяць гадоў. Таксама прадстаўнікі нацыянальнай апазыцыі ня лічаць вас беларускай пісьменьніцай. Ваша творчасьць для іх касмапалітычная. Вас гэта крыўдзіць?
Алексіевіч: Я думаю, што з часам я буду належаць да гэтай беларускай прасторы… Калі літаратура будзе ўвогуле кагосьці цікавіць. Я разумею, што нацыі трэба вызначыцца. І гэта вельмі няпроста рабіць у ХХІ стагодзьдзі. Праца складная і барацьба складаная. З аднаго боку, амэрыканская масавая культура, з другога — расейскі ўплыў. Пасьля Чарнобылю, калі ты адчуваеш сябе біявідам, які можа проста так зьнікнуць, я думаю, што нацыянальны погляд мусіць быць больш гнуткім і шырокім. Нацыянальнасьць — гэта ня толькі тое, што ты гаворыш па-беларуску і лаеш Лукашэнку…
8 ліпеня 2007
Юры Дракахруст, Прага
Што будзе пасьля Лукашэнкі? Ці можна збудаваць нацыю на каштоўнасьцях, супольных зь іншай нацыяй? Ці ёсьць у Беларусі супольныя грамадзкія інстытуты, на якіх можна будаваць грамадзянскую нацыю? Над гэтымі тэмамі ў перадачы «Праскі акцэнт» Радыё Свабода разважаюць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, рэдактар газэты «Советская Белоруссия — Беларусь сегодня» Павал Якубовіч і былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі.
Дракахруст: Сёлета Беларусь ў 11-ты раз сьвяткавала Дзень незалежнасьці 3 ліпеня. Гэтая дата — нагода паразмаўляць пра ў чымсьці дзіўную прыроду той дзяржаўнай, а можа нават і нацыянальнай ідэалёгіі, якую прышчапляе беларусам дзейная ўлада. Справа тут ня толькі ў тым, правільная яна або не, а ў тым, чаму яна нагул працуе.
Звычайна, нацыянальная ідэнтычнасьць — нешта паводле вызначэньня ўнікальнае і асобнае, і будуецца на такіх самых унікальных, асобных ад іншых каштоўнасьцях, гістарычных і культурных падзеях: французы сьвяткуюць гадавіну сваёй Францускай рэвалюцыі, амэрыканцы — абвяшчэньня сваёй незалежнасьці ад Брытанскай імпэрыі і гэтак далей.
Разам з тым, паводле афіцыйнай вэрсіі, гістарычны і культурны падмурак цяперашняй беларускай нацыянальнай незалежнасьці — не асобны беларускі, а супольны зь іншымі народамі, у першую чаргу расейскім. Савецкая ўлада? Дык яна і была ўладай супольнай дзяржавы. Вялікая Айчынная вайна? Дык Айчынай тады быў Савецкі Саюз. Ці можна пабудаваць трывалую нацыянальную ідэнтычнасьць на такім падмурку? Сп. Якубовіч, як Вы лічыце?
Якубовіч: Я мяркую, што чым менш грамадзкая думка будзе разважаць пра нацыянальную ідэнтычнасьць, тым, магчыма, хутчэй Беларусь выйдзе з глыбокага крызісу, які дастаўся ў спадчыну і яшчэ не пераадолены. І мне здаецца, што няма нічога страшнага ў тым, калі больш думаць пра тое, што аб’ядноўвае, а не разьядноўвае.
Ці варта сёньня думаць пра тое, што Вялікая Айчынная ці Другая ўсясьветная вайна адбывалася ў Беларусі такім чынам, як яна адбывалася, некаторыя кажуць нават пра грамадзянскую вайну? Гэта тэма для дасьледчыкаў, але калі гэтыя жарсьці пераносяцца на людзей, якія жывуць дастаткова цяжкім жыцьцём, ні да чога добрага гэта не вядзе.
Мне здаецца, што ў Беларусі спакойна высьпявае нейкая добрая ідэя, хаця я і не люблю слова «нацыянальная ідэя». Асабліва гэта бачна ў моладзі, якая ўжо абсалютна ўпэўнена лічыць, што Менск — гэта сталіца іх роднай краіны, а Масква, як і Варшава — гэта сталіцы суседніх дзяржаваў, што мы — частка Эўропы і гэтак далей.
Дракахруст: Сп. Якубовіч, прабачце, я Вас перапыню. Вы гаворыце крыху як прапагандыст. Я ўчаплюся за Вашы апошнія словы, калі Вы гаворыце, што моладзь уяўляе, што Менск — гэта сталіца сваёй краіны, а Масква — гэта сталіца іншай краіны. Чаму? Чаму гэта іншая краіна, калі паводле афіцыйнай дзяржаўнай ідэалёгіі гэтыя дзьве сталіцы нічога не падзяляе?
Якубовіч: Чаму? Тут я з Вамі, Юры, нязгодны абсалютна. Менск — гэта сталіца Беларусі, а Масква — сталіца Расеі. Гэта дадзенасьць, і калі глядзець на гэта спакойна, то якая тут супярэчнасьць і да чаго тут чапляцца, як Вы сказалі?
Ёсьць людзі, якія мэнтальным чынам яшчэ з Савецкім Саюзам разьвітацца ня могуць. Але для большасьці, якія 15 гадоў жывуць у сувэрэннай дзяржаве, гэта ўжо не праблема. А наступнае пакаленьне наагул пра гэта наўрад ці будзе разважаць. Іншая справа, якія канфігурацыі будуць выбудоўвацца ў будучыні — ці будзе гэта саюз або нешта іншае. Ніхто не выключае, што Беларусь праз пэўны час можа быць у Эўразьвязе. Але ў любым выпадку, я сёньня ведаю няшмат людзей, якія блытаюць сталіцы нашых дзяржаваў. І я кажу гэта не як прапагандыст, а як самы просты абывацель.
Дракахруст: Пятро Садоўскі, Павал Якубовіч сказаў, што гэта не праблема, але, на мой погляд, праблема тут палягае ў тым, чаму гэта перастала быць праблемай. І чаму гэта перастала быць праблемай на тым грунце, які на першы погляд здаецца даволі хісткім. Такая мадэль дзяржаўнай ідэалёгіі, як у Беларусі, мае месца хіба ў непрызнаным Прыднястроўі, цяжка прывесьці іншы прыклад. Дык чаму ж гэта працуе, чаму, як сказаў сп. Якубовіч, людзі ўсё ж уяўляюць, што Менск — гэта сталіца наша, а Масква, пры ўсёй любові ці іншых пачуцьцях да яе — ня наша. Чаму?
Садоўскі: Я тут дзесьці нязгодны з Паўлам, у чымсьці хацелася б паспрачацца. Калі мы гаворым пра тыпы дзяржаўных ідэалёгій, нам не абысьці такія паняцьці, як крэольства, канстытуцыйны патрыятызм, паноўная культура. Я ня ведаю, ці можна адразаць мінуўшчыну ад сёньняшняга дня, як часткова робіць Павал. Я ня ведаю, ці можна пабудаваць устойлівую мадэль дзяржавы без інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, якія могуць быць збудаваныя, абапіраючыся на мінулую гісторыю. Я ня ведаю краіны, нават крэольскай, якая б збудавала ўдалую, устойлівую дзяржаву, адкінуўшы старую гісторыю і культуру.
У Эўропе мы гаворым пра постнацыянальную эпоху, але калі праект эўрапейскай Канстытуцыі быў тарпэдаваны Францыяй і Галяндыяй, дыскусіі ішлі па ўсёй Эўропе. І старшыня нямецкага парлямэнту, бундэстагу, крытыкуецца за ягоную тэзу пра «паноўную культуру» (Leitkultur), якая павінна быць у Нямеччыне. Немцы спрачаюцца з паняцьцем «канстытуцыйны патрыятызм».
Ёсьць такая краіна, як Ізраіль, якая ня мае ні канстытуцыі, ні сталых межаў. Яна рэалізавалася ідэалягічна ў часе, а не ў прасторы. І цяпер змагаюцца дыяспарысты зь сіяністамі. Прынамсі 4 мільёны габрэяў, якія жывуць у ЗША, лічаць, што яны працягваюць мэсіянскую ідэю, што абраны народ павінен быць гумусам для разьвіцьця іншых цывілізацый.
Калі адказваць наўпрост на Ваша пытаньне, ці можна пабудаваць трывалую ідэнтычнасьць на такім падмурку, варта пералічыць, з чаго складаецца ў нас гэты падмурак. Гэта ідэалёгія праваслаўнага хрысьціянства, ідэалёгія ізаляцыянізму, нейкай фобіі адносна Захаду. Трэба таксама казаць пра сацыяльную дзяржаву, і пра карпаратыўную дзяржаву, і пра міты, на якіх трымаецца гэтая сыстэма. Вы пытаецеся, чаму яна трымаецца. Трымаецца на добрай прапагандзе і на пакуль што трывалым падмурку, які трымаўся дзякуючы добрым цэнам на энэрганосьбіты.
Каб скончыць адказ на гэтае пытаньне, я скажу, што мне ўпершыню за апошнія 12 гадоў стала трывожна. Я пэнсіянэр, і мне хапае з жонкай пэнсіі на 3 тыдні толькі есьці і заплаціць за кватэру. Мы зараз пачалі наладжваць адносіны з трэцім сьветам, нарэшце загаварылі пра сапраўдную эканомію і дывэрсыфікацыю паставак энэрганосьбітаў, гаворым пра «Белую Русь» і «За незалежную Беларусь». Наша кіраўніцтва шукае.
Я сёньня не хачу па-беларуску крытыкаваць Лукашэнку, я хачу, каб мы ў нейкім кансэнсусе спрабавалі знайсьці адказ на тое пытаньне, якое Вы, Юры, задалі.
Дракахруст: Сьвятлана Алексіевіч, падчас усіх апошніх крызісаў у беларуска-расейскіх адносінах расейцы разважалі прыкладна гэтак: «Беларусы ж — такія як мы, у іх і ідэалёгія трымаецца на тым, што ў нас супольнае. Прыкрыем кранік, і будуць яны нашымі». І кожны раз расейцы з гэтымі развагамі гараць «сінім полымем». Чаму?
Алексіевіч: Я ня думаю, што расейскія палітыкі і культуролягі ня маюць рацыі ў гэтых сваіх развагах. У іх будзе шанец, і няма тут, у краіне, унутранага супрацьстаяньня. Я не прыхільніца Лукашэнкі, але Беларусь, як тое ні дзіўна, трымацца на ім ды яшчэ на ілюзіях і спадзяваньнях моладзі. Але нашая ўлада збудавана на старой савецкай, славянскай харызматычнасьці лідэра. Ён маласымпатычны нам, інтэлігенцыі, але ён акумулюе сялянскую боязь прагрэсу, перамен і разам з тым такую сялянскую цьвярозасьць.
Улада малакультурная, а сёньня нават на інтуіцыі моцнага лідэра нельга доўга ўтрымацца. Працэсы глябалізацыі, рэлігійнага супрацьстаяньня, нарастаюць, і Беларусь павінна да чагосьці далучыцца. Кубай у Эўропе ўжо нельга быць.