І я мяркую, што вось гэтая ідэалёгія, пра якую казаў Павал, гэта вельмі дзіўная рэч. Ён — адзін з ідэолягаў сёньняшняга часу, і ягоныя словы мяне яшчэ раз пераканалі, наколькі наша ўлада не гатовая да новага часу. Ідзе вульгарны пэрыяд: людзі наядаюцца, робяць эўрарамонт, падарожнічаюць і сьпяшаюцца гэта рабіць, як былыя галодныя дзікуны, у якіх у мазгах сядзіць, што гэта хутка можа скончыцца. І вось гэты жывёльны пэрыяд трэба ж неяк ідэалягічна прыкрыць. Чым? Улада ж не задзейнічала інтэлектуальны патэнцыял нацыі. Калі даць свабоду дыскусіі, свабоду ідэалягічную, нешта б сасьпела ў грамадзтве. Нічога гэтага ня робіцца, а замест гэтага пачынаецца старое савецкае клікунства: вось у нас была вайна.
Цяпер я шмат ежджу па Расеі і па Беларусі. Мяжа ёсьць, але ўлада — савецкая, народ — савецкі, і ўсе атрыбуты савецкага мысьленьня. Гэта працуе і з расейскага, і зь беларускага боку. Проста там інтэлектуальны патэнцыял іншы і грошы іншыя. Пакуль гэта крыху прыхавана: там нафтадалярамі, тут — калгаснай хітрасьцю. Але за гэта давядзецца адказваць. Доўга гэты прамежкавы стан не пратрымаецца. І ня будзе беларускай дзяржавы. Што гэта за ідэалёгія — давайце накормім і напоім людзей? Прабачце, але гэта ж не жывёлагадоўчая фэрма.
Якубовіч: Я з глыбокай павагай стаўлюся да меркаваньняў Сьвятланы і Пятра. Але ў чым прадмет спрэчкі? Дзяржава павінна клапаціцца пра ўсё: і пра тое, каб людзі былі абутыя і сытыя, дакладней, людзі самі павінны сябе апранаць і карміць, а дзяржава павінна ствараць умовы, каб гэта было. Калі людзі сталі жыць крыху лепш, чым раней, дык гэта відавочна.
Сталі жыць лепш, нейкі спакой у людзей, у моладзі ёсьць альтэрнатыва — працаваць у Беларусі ці ў Польшчы ці Ірляндыі, вучыцца ў БДУ ці ў Варшаўскім унівэрсытэце. Калі такая сытуацыя ёсьць у краіне, гэта ўжо някепска. Можна лічыць уладу некультурнай. Але ёсьць розныя людзі і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і ў адміністрацыйных органах.
Я са Сьвятланай не зусім пагаджуся. Езьдзячы па Расеі і па Беларусі, можна ўбачыць шмат рознага. Але рабіць з гэтага выснову, што Беларусь ператвараецца ў жывёлагадоўчую фэрму — гэта занадта.
Мне самому ня надта падабаюцца некаторыя атрыбуты нашай ідэалягічнай працы, занадта просталінейныя плякаты, якія вісяць на вуліцах, спрошчаныя схемы ідэалягічнай працы. Часам дзеяньні прапагандыстаў улады проста пыл узьнімаюць з працаў 1970-х гадоў.
Але адносна апазыцыі гаварыць пра нейкі сацыяльны і грамадзкі крэатыў наагул не выпадае. Часам там проста «Менская газэта» 1941 году. Толькі мяняй прозьвішчы, а зьмест — той самы пячорны. Хоць ёсьць і цікавыя людзі, і цікавыя ідэі.
Але ня варта казаць, што ўсё у дзеяньнях улады грунтуецца на савецкім досьведзе. Вось я нядаўна апублікаваў артыкул пра тое, што ў Гомелі знайшлі месца пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1937 году. Чаму гэта трэба замоўчваць? Мне гэта зусім не зразумела. Некаторыя людзі ва ўладзе адразу кажуць — гэта супраць камунізму, а камунізм гэта... Мы, сёньняшнія людзі, грамадзяне Беларусі кажам, што хочам узяць з савецкай эпохі нешта пазытыўнае. Яно сапраўды там было. Але мы павінны з брыдотай адмовіцца ад таго нялюдзкага, што адбывалася ў 1930-я, часткова ў 1920-я і 1940-я гады. І вось тады зьявіцца нейкае паразуменьне.
Дракахруст: Існуюць дзьве мадэлі пабудовы нацыі: на культурна-этнічным адзінстве — нямецкая мадэль, і на грамадзянска-палітычным адзінстве — француская мадэль. Хіба не найбольш яркім прыкладам апошняй мадэлі зьяўляюцца Злучаныя Штаты Амэрыкі, там этнічнага адзінства як такога няма, а мова — супольная з былой мэтраполіяй. Але ёсьць тое, што называюць «грамадзянскай рэлігіяй» амэрыканцаў. Дарэчы, амбітным, хоць і няўдалым, праектам пабудовы грамадзянскай нацыі была ідэя савецкага народу.
Цяперашняя беларуская ўлада культурна-этнічны праект пабудовы нацыі адкідае. Як мы чулі ад Паўла Якубовіча, улада зводзіць культурна-этнічны праект да досьведу калябарацыі часоў вайны. Гэта азначае, што выбар робіцца на карысьць мадэлі грамадзянскай нацыі. Але ж для пабудовы грамадзянскай нацыі патрэбныя моцныя, паважаныя грамадзкія інстытуты, якія і могуць злучыць людзей у супольнасьць, і злучаюць, скажам, у тых самых ЗША. Ці ёсьць у Беларусі, у беларусаў такія інстытуты, на якіх можна ўгрунтаваць грамадзянскую нацыю? Спадар Садоўскі, як Вы мяркуеце?
Садоўскі: Я пачаў бы адказ з парадаксальнай прымаўкі: каб эканоміць ваду, яе трэба больш піць. Людзі ахвотна п’юць кока-колу, піва і гарэлку. Але каб зрабіць 1 літар піва, трэба страціць 7 літраў вады, на кока-колу — 4, а на біяпаліва этанол — 4650 літраў вады. Мы гаворым пра эканамічныя і сацыяльныя посьпехі, пра простае, штодзённае жыцьцё, якое задавальняе абывацеля, а абывацелі складаюць у любой краіне працэнтаў 75, думае 10-15 працэнтаў, актыўна працуе 4 працэнты людзей. Я мяркую, што нам лепш апэраваць эўрапейскімі прыкладамі, вось нават і Павал кажа, што мы — Эўропа.
Вы, Юры, некалькі разоў ужывалі тэрмін «грамадзкія інстытуты» і ўзгадвалі Злучаныя Штаты. Я паўтаруся, што ня ведаю нацыі, дзяржавы, дзе грамадзкія інстытуты былі б збудаваныя без нацыянальнай ідэі. Праўда, цяпер гэта ўжо нібыта нямодна, кажуць, што нацыянальная ідэя скончылася ў ХХ стагодзьдзі. Але мы — недабудаваная нацыя, і наш прэзыдэнт — люстэрка гэтага. Ён мае посьпех, таму што адлюстроўвае стан электарату. Але відавочна, што трэба ўжо пайсьці наперад.
Калі паглядзець на эўрапейскія краіны, такія, скажам, як Нямеччына, то мы бачым, што ў эпоху глябалізацыі робіцца актуальным патрыятызм, і ня толькі канстытуцыйны, але й нацыянальны. Я як германіст магу сказаць, што калі б немцы не былі нацыяй у звыклым сэнсе, яны б усе свае інвэстыцыі вывезьлі туды, дзе танная працоўная сіла, і беспрацоўе ў Нямеччыне было б яшчэ большым, чым цяпер. У апошнія 2 гады беспрацоўе зьмяншаецца. І гэта ў значнай ступені вынік таго, што нямецкія прадпрымальнікі, якія быццам цалкам урасьлі ў глябалізацыю, паводзяць сябе як патрыёты, думаюць ня толькі пра свае прыбыткі, а пра тое, як заняць працай іх землякоў.
Паглядзіце на паводзіны нямецкіх энэргетычных канцэрнаў адносна Францыі, Італіі, Расеі, балтыйскіх краінаў. Яны паводзяць сябе патрыятычна. Крэольская нацыя такога ня зробіць. Калі Вы паглядзіце на Лацінскую Амэрыку, то ўбачыце, што там няма стрыжнёвай нацыянальнай ідэі і многія краіны застаюцца бананавымі рэспублікамі.
Дракахруст: Сп-ня Алексіевіч, Вы ўжо назвалі адзін інстытут, на якім цяпер спрабуюць збудаваць беларускую нацыю. Гэта прэзыдэнт, прычым не пасада прэзыдэнта, а канкрэтная асоба, якая гэтую пасаду займае — Аляксандар Лукашэнка. У пэўным сэнсе ўлада будуе беларускую нацыю як народ Лукашэнкі. Пакуль гэтая мадэль неяк працуе. Што будзе, калі ён сыдзе — так ці іначай? Ці не атрымаецца так, што ня толькі палітычная сыстэма, але і нацыянальнае адзінства можа пахіснуцца і нават рассыпацца, збудаванае толькі на гэтым стрыжні?
Алексіевіч: Фэномэн Лукашэнкі трымаецца ня толькі на ягоных асабістых якасьцях. І адзінае, у чым я згодная з Паўлам, што апазыцыя ў нас кволая і кепска вучыцца, яна не жыве ў сьвеце сучасных выклікаў. Трэба аддаць належнае Лукашэнку, што ён вучыцца хутка, ён тое, што Арыстоцель называў палітычнай жывёлінай. І тут мы ўсе атрымалі паразу. Ён інтуіцыяй спаралізаваў уласны народ, накінуў яму ніжні ўзровень, узровень спажываньня. Нацыю нівэлявалі да вульгарнага ўзроўню спажываньня, таго, наконт чаго ўвесь сьвет крыкам крычыць, што гэта шлях у пустату. А ў нас гэта яшчэ называецца прагрэсам.
Лукашэнка зьмікшыраваў пераход у гэтую новую, незразумелую, страшную прастору, і ягоныя асабістыя якасьці супалі з часам. Ён даў адчуваньне, што нічога ў сьвеце не памянялася. Пётра ўжо казаў, што гэта было за чужы кошт, але савецкасьць у ім — гэта тое, на чым трымаецца і сам ён, і ілюзіі народу.
У мяне ёсьць дом у вёсцы, каб жыць сярод нармальных людзей, а не на пісьменьніцкіх лецішчах. І там адзін селянін мне сказаў: «А вось сыдзе Лукашэнка, і будзе ж жахліва, будзе ж хаос». І я ўбачыла, чаго баяцца людзі, чаго баіцца намэнклятура, якая, магчыма, і ненавідзіць яго, паколькі ён прыніжае яе і трымае ў страху, чаго баяцца сяляне, якія атрымліваюць мізэрныя заробкі, але ж хочаш — дзьве каровы трымай, хочаш — дзесяць. Яны баяцца, яны чуюць той хаос, які прыйдзе. Бо здушаная ўсялякая сіла супраціву, сіла ідэі, сіла альтэрнатывы. Застаецца тое, што ёсьць у моладзі. Павал казаў, што людзі, асабліва моладзь, адчуваюць сябе ў асобнай дзяржаве, што мы тут — беларусы, а там — расейцы. Гэта як у Расеі. На чым трымаецца сёньня расейскае антызаходніцтва, асабліва сярод моладзі? На крыўдзе — падмануў Захад, не падтрымаў, не прыняў на роўных. На чым трымаецца адчуваньне, што мы беларусы? На крыўдзе на расейцаў: яны багатыя, а мы... Крыўда — гэта кепскі падмурак. Няздольнасьць мяняцца спараджае ахвяру, а гэта вельмі агрэсіўная істота. І я думаю, што нас чакаюць вельмі цяжкія часы. І яны будуць.
Дракахруст: Сп. Якубовіч, для Вас гэтае пытаньне, магчыма, далікатнае, але які Ваш адказ на яго? Ці не атрымаецца так, што калі Лукашэнка раней ці пазьней, з тых або іншых прычынаў сыдзе, то беларуская дзяржава сыдзе разам зь ім?
Якубовіч: Сьвятлана істотна падняла планку размовы. Я зь ёй шмат у чым згодны, але хачу сёе-тое ўдакладніць. 10 гадоў таму я браў вялікае інтэрвію ў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І ён тады сказаў: «Я ў чымсьці разумею канцлера Льва Сапегу. Перад мною стаяць ў пэўным сэнсе тыя самыя праблемы». І сапраўды, у Беларусі шмат у чым праблемы тыя самыя, што былі ў Вялікага Княства Літоўскага. Сьвятлана гаворыць пра крыўды. Я б ня стаў пераводзіць іх у эмацыйную плоскасьць. Але ж сапраўды ў студзені сёлета нашу краіну — і левых, і правых, і праваслаўных, і каталікоў — «Газпром», як браніраваны кулак, спрабаваў паставіць на калені. Прычым вельмі прагматычна: або здавайце вашу прамысловасьць нашым прадпрымальнікам, або мы адключаем вам газ. Дзякаваць Богу, у адказ гэтыя людзі атрымалі цьвёрдую і халодную непахіснасьць, хаця, зразумела, ні праблема ня вырашаная, ні больш шырокае пытаньне гістарычнага выбару.
Захад гэтак сама холадна паставіўся да гэтай сытуацыі, маўляў, вы там блізкія адзін да аднаго, дык і вырашайце свае справы, а мы з плота паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца. Гэта першае маё удакладненьне. Другое — наконт расейскага князя Івана Каліты. Ён у гісторыі застаўся неадназначнай фігурай, але, на мой погляд, галоўнае ў ягонай дзейнасьці было ня тое, што ён далучыў некалькі княстваў да свайго Маскоўскага, а тое, што захаваў дзяржаўнасьць і выхаваў у людзей, асабліва ў моладзі, поўную адсутнасьць страху перад Ардой. І таму, калі ён памёр, зьявіліся і Сергій Раданежскі, і Дзьмітры Данскі.
Мне здаецца, галоўная заслуга Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў тым, што ён захаваў Рэспубліку Беларусь, захаваў чалавечы, духоўны патэнцыял, зь якога ўсё потым створыцца: і грамадзянская супольнасьць, і ўпэўненасьць, што мы беларусы і Масква для нас — сталіца вельмі дружалюбнай дзяржавы, але ня больш таго. Гэтак, як і Варшава. Што мы — частка Эўропы. Але гэта пэрыяд трэба перажыць.
Сьвятлана як буйны літаратар выказала тое, што хвалюе нас усіх — нас чакаюць цяжкія часы. І рыхтуючыся да гэтых часоў, неабходная ўнутраная кансалідацыя. І тое, што такая кансалідацыя ёсьць, на мой погляд — галоўная заслуга Лукашэнкі і часу Лукашэнкі, пры ўсіх экстравагантнасьцях прапаганды, нехлямяжасьці літаратараў і кампазытараў, адсутнасьці агульнанацыянальных дыскусій. Я, дарэчы, за іх. Польшча сваім «круглым сталом» паказала, як гэта важна. Але самае галоўнае, што вырастае новы народ.
Дракахруст: Пятро Садоўскі, а ці Вы згодны з такой аптымістычнай ацэнкай? А ці ня можа атрымацца наадварот, што сыстэма, збудаваная на адной асобе, можа рассыпацца пасьля яе зыходу? І не такі квітнеючы сад застанецца пасьля яе, як абмаляваў нам Павал Якубовіч, а пустыня?
Садоўскі: Мне здаецца, што Павал усё ж не казаў пра квітнеючы сад. А што да Вашага пытаньня, то мне здаецца, што нічога страшнага ня будзе. Мы проста вернемся ў нейкі 1990–1991 год і будзем шкадаваць пра страчаны час. Але наша шкадаваньне, а таксама выгляд квітнеючага саду ці развалін будзе залежаць ад таго, як доўга мы будзем жыць так, як жывем, як здолее вырасьці бізнэс, і ня толькі буйны, а той, што ў вёсках і райцэнтрах.
Я думаю, што пасьля зыходу нашага прэзыдэнта будзе развал маленькага Савецкага Саюзу. Нічога страшнага ня будзе. Мы павінны разумець тое, што па-расейску называецца «привходящие обстоятельства».
Мы вось глядзім на Расею і зайздросьцім ёй. Але хай Расея скажа дзякуй Злучаным Штатам за тое, што яны ваююць на нафтаносным Усходзе. Расейцы разумеюць, што некалі гэта скончыцца, і дай Бог ім свае шалёныя даляры разьмясьціць як трэба. І мы ж тое самае. Маем расейскі рынак, які пакуль што-нішто ў нас купляе, і мы 12 гадоў тут трошкі жыравалі. Усё залежыць ад гэтых зьнешніх абставінаў.
Дракахруст: Спадар Садоўскі, я б хацеў пагаварыць як раз пра тое «жыраваньне», пра якое Вы казалі.
Садоўскі: Ну, жыраваньне вельмі адноснае.
Дракахруст: Так, але шмат эканамістаў кажуць цяпер пра сапраўдны спажывецкі бум, які назіраецца ў Беларусі, сьведчаньне чаму — значны рост куплі аўтамашын і неверагодны рост цэнаў на нерухомасьць, асабліва ў сталіцы