Алексіевіч: Казулін пайшоў далей за нас усіх, ён хоча пайсьці да канца. Я мяркую, што ён — апошні прадстаўнік савецкага ідэалізму. Ягонае ўяўленьне пра барацьбу, пра формы барацьбы — яны сілкуюцца ідэаламі мінулага. І я б хацела сказаць, што гэта трагедыя– і нашага руху, і асабіста Аляксандра Ўладзіслававіча. І я б хацела яму сказаць, што час зусім іншы. Мяняюцца спосабы барацьбы. Сёньня мужнасьць патрэбная для таго, каб раней за іншых нешта сфармуляваць, зразумець, нарадзіць ідэі. Час Сьценькі Разіна, час вулічных герояў — ён прайшоў.
Я не хачу прынізіць подзьвігі тых людзей, якія выйшлі на наш беларускі Майдан, сілкуючыся водблескамі ўкраінскага пажару. Але я думаю, што сёньня патрэбныя іншыя мэтады барацьбы, мэтады паступовага будаўніцтва — партыяў, супраціву, ідэяў.
Казулін уварваўся на палітычную сцэну, для мяне ён быў супрацьвагой нашай плебейскай уладзе, яе прымітыўнасьці. Такіх людзей, як Казулін, вельмі няшмат. Я хацела б сказаць Аляксандру Ўладзіслававічу — ня трэба адчайвацца. Ягоны крок прадыктаваны адчаем, што нельга зламаць гэты мур, што людзі маўчаць, што ў той час, калі Вы гінеце, яны робяць рамонт, будуюць дамы, купляюць новую машыну.
Паколькі каналы інфармацыі закрытыя, манапалізаваныя — ягоны ціхі подзьвіг ня будзе вядомы. Гэта павінна быць відовішчам, а відовішча закрытае. Тое, што яму здаецца, што ён пракрычыць сьвету — гэта будзе задушаны крык, яго не пачуюць.
Сёньня патрэбная іншая мужнасьць, мужнасьць выжыць, мужнасьць прыйсьці да людзей і потым сабраць нейкую сваю каманду і пакрысе падточваць гэта. Гэта — не асабістае Лукашэнкі, гэта сядзіць у кожным чалавеку. Рэвалюцыю трэба зрабіць у галаве кожнага чалавека.
Я жыву ў тым самым доме, у тым самым пад’езьдзе, дзе Казулін. І я часта бачыла яго шчасьлівым: дзьве прыгожыя дачкі, ягоная жонка — было бачна, што там каханьне, заўсёды было радасна іх бачыць. Можа, героі рэвалюцыі, якая ў нас усё ніяк не адбудзецца, са мной не пагодзяцца, і, можа, Аляксандар Уладзіслававіч са мной не пагодзіцца, але я скажу: маленькае жыцьцё, Ваша асабістае жыцьцё, жыцьцё Вашых дзяцей — вышэй за тыя мэты, якія Вы ставіце. Ня трэба сьмерцю акупляць новыя ідэі. Толькі жыцьцём. Вяртайцеся да жыцьця! Адчай нам не памочнік.
Аляксандар Казулін спыніў галадоўку, якая доўжылася 52 дні, 11 сьнежня 2006 году.
31 траўня 2007
Алена Струвэ, Менск
Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая апошнім часам жыве і працуе ў швэдзкім Гётэборгу, прыехала ў Менск на вакацыі. Тут яна зьбіраецца працягнуць працу над кнігай «Дзівосны алень вечнага паляваньня» і завяршыць кнігу «Час second-hand». Пісьменьніца мяркуе сустрэцца зь некаторымі героямі сваіх будучых твораў і запісаць іхныя споведзі. Сёньня ў Сьвятланы Алексіевіч дзень народзінаў. Яго яна зьбіраецца сустрэць у сваім вясковым доме, у вузкім коле блізкіх людзей. Мы гутарым пра такую падзею, як дзень народзінаў. Ці правільна віншаваць з гэтым чалавека, які да свайго нараджэньня ў прынцыпе ня мае ніякага дачыненьня? Як ставіцца Сьвятлана Алексіевіч да сьвяткаваньня гэтай падзеі і да цяперашняй канкрэтнай даты?
Алексіевіч: У некалькіх пакаленьнях я — дачка вясковых настаўнікаў. Я вельмі ўдзячная гэтай сваёй культурнай генэтыцы. Я маю такую вясковую цьвярозасьць у дачыненьні да сябе, да ўсіх маіх датаў, посьпехаў, славы. Гэта ня ёсьць маім гонарам і гэта не кранае мяне ні на грам. Мне ўсё цікава на ўзроўні нейкай радасьці, якую я пражываю асабіста. Што да гэтага дня… Ну, існуюць формы, традыцыі. Нават час людзі прыдумалі. Бо часу няма — ёсьць нейкае касьмічнае існаваньне. Ці ня так? А дзень народзінаў — ну, проста добра, што нейкім чынам ты зьявіўся на сьвет. З гадамі толькі становіцца сумна, што жыцьцё так хутка праходзіць.
Струвэ: Што Вам не падабаецца ў гэты дзень?
Алексіевіч: Калі мне мае аднагодкі пачынаюць казаць, што ў «нашым узросьце» трэба тое і тое, і што «галоўнае здароўе»… Я думаю: «Бог мой, тут цяпер столькі адкрываецца розных дзівосных рэчаў. Я вось нядаўна прыехала зь Ляпляндыі, дзе ўражваюць і пэйзажы, і алені, якія тысячамі ідуць уверх у горы. Ты столькі пражываеш і адкрываеш за кароткі час, а табе кажуць: ну, здароўя... Мне заўсёды хочацца пачуць нечаканае слова, хочацца сустрэць нечаканага чалавека. Мне азартна жыць».
Струвэ: У часе цяперашняга наведаньня Беларусі Вы зьбіраецеся сустрэцца зь людзьмі, якія ідуць на такі азартны крок як зьмена твару, цела…
Алексіевіч: Так, адзін з кавалкаў кнігі будзе пра гэта.
Струвэ: Як непісьменьніцу Вас цікавіць гэтая праблема?
Алексіевіч: Я гэта ніяк да сябе не прыстасоўвала. У мяне такой праблемы не было. Аднак гэта цікава… Ну, напрыклад, нос я сабе б паправіла. Тым больш, гледзячы на майго старога бацьку, я ўяўляю, што гэты нос будзе і ў мяне ўсё жыцьцё расьці… (сьмяецца)… Але, калі сур’ёзна... Я сустракала ў Маскве адну жанчыну, моднага фатографа, і яна казала, што сёе-тое памяняла з дапамогай хірурга. У яе быў дэфэкт вуха і такі даўгі, з гарбінкай, нос. І яна расказала, што ёй зрабілі «модны нос». Аказваецца, ёсьць такое паняцьце — модны нос. І тады я падумала, што ў гэтым ёсьць рацыя, калі чалавек належыць да публічнай прафэсіі. Я зразумела, што людзі сёньня маюць нейкія іншыя ўяўленьні пра праблемы цела, чым раней. Маральныя, чалавечыя, эстэтычныя.
Струвэ: З чым гэта зьвязана?
Алексіевіч: Гэта зьвязана са стаўленьнем да жыцьця. Чалавек ужо не зьбіраецца залежаць ад таго, што яму дадзена Творцам. Калісьці Фройд сказаў: «Нос — гэта лёс» Аднак цяпер ты і гэта можаш зьмяніць. Чалавек сам бярэ на сябе місію Творцы, пачынаецца нейкая іншая Творчасьць. Я ўчора сядзела ў чарзе да зубнога лекара. Гэта ўсё былі жанчыны за 50. Менавіта для іх, для іх разуменьня жыцьця праблема прыгажосьці стаіць вельмі жорстка. Яны ўсьведамляюць, што ім патрэбныя біялягічныя падпоркі. Мяняецца працягласьць жыцьця, ты жывеш даўжэй, аднак ня маеш зубоў...
Струвэ: Як Вы ставіцеся да «біялягічных падпорак»?
Алексіевіч: Я добра стаўлюся да гэтага, да таго, што чалавек працягвае сабе жыцьцё. Зь гледзішча старажытных рымлянаў, мы жывем вельмі шмат. Ня выключана, што чалавек будзе жыць 200 гадоў. У зьвязку з павелічэньнем працягласьці жыцьця зьяўляюцца нечаканыя праблемы — старыя людзі. Калі вы ходзіце па эўрапейскіх вуліцах, то старых людзей болей за астатніх. Гэтыя людзі хутка зьменяць сьвет, сыстэму каштоўнасьцяў, паколькі ў той самай Эўропе яны не зьяўляюцца нейкай «гароднінай», нейкім прыдаткам да жыцьця дзяцей. Чаго нельга сказаць пра палову людзей на постсавецкай прасторы. У прынцыпе, і тут чалавек прыйдзе да іншага асэнсаваньня свайго жыцьця. Павінна быць уласнае жыцьцё зь нейкім уласным сьвятам, сэнсу якога мы дагэтуль не зразумелі.
Струвэ: Цягам 30 гадоў Вы запісваеце споведзі былых савецкіх людзей, і гэтыя споведзі «маленькіх людзей», паводле Вашых словаў, складаюць біяграфію імпэрыі альбо біяграфію ўтопіі. Новая кніга «Час second-hand» — гэта працяг тэмы?
Алексіевіч: Калісьці ў мяне была кніга пра самагубцаў «Зачараваныя сьмерцю». Пра тое, як многія людзі шчыра верылі ў вечную ідэю сацыялізму і як у сваім бальшавіцкім варыянце вечная ідэя аказалася вельмі крывавай і трагічнай для іх. Там было 17 гісторый. Цяпер для «Часу second-hand» я пакінула 10 найбольш паказальных гісторый. Дадаю разьдзел, пра што мы думалі і марылі ад 1986 па 1996 і пра што — у 1996-2006. І гэтае сумяшчэньне дае падставы для асэнсаваньня, што з намі адбылося, чаму замест вялікіх ідэяў прыйшоў геданізм, то бок цяга людзей да камфорту? Ці ёсьць наш пэрыяд вульгарным альбо мы вяртаемся да нейкай нормы? Усё гэта вельмі сур’ёзныя пытаньні. У мяне ў кнізе пра гэта разважаюць дзясяткі і нават сотні людзей.
Струвэ: Вы доўга пішаце свае кнігі?
Алексіевіч: Друкаваць, як на варштаце, усё новыя гісторыі — бессэнсоўна. Я доўга працую над кнігамі. Напрыклад, гісторыю каханьня «Дзівосны алень вечнага паляваньня» пішу болей за 10 гадоў. У мяне будзе 100 апавяданьняў пра каханьне. Трэба да сябе прыслухацца, што ты павінен сказаць.
Струвэ: Напэўна, гэта складана — сказаць сваё слова пра каханьне?
Алексіевіч: З каханьнем усё складана. Сам досьвед экзыстэнцыяльны вельмі складаны. Бо ў мяне ж ня проста каханьне. Цяпер гэтых любоўных расказаў — усе спосабы, розныя рамантычныя гісторыі — у вялікай колькасьці на кніжных паліцах.
Я хачу далей працягнуць свае дасьледаваньні. Кожны з нас ставіць перад сабой гэтае пытаньне — самае таямнічае, самае карэннае пытаньне жыцьця: «навошта?» З аднаго боку, каханьне «дано нам в утешенье», каб было ня страшна памерці, а зь іншага боку, дае сэнс нашаму жыцьцю, бо чалавек мае нейкую большую місію, чым толькі прызнаць сябе часткай біялягічнага ланцужку — нарадзіць дзяцей, працягнуць свой род. Калі нашы людзі вырашаць матэрыяльныя пытаньні, наядуцца, для іх гэтыя пытаньні стануць вельмі сур’ёзнымі, бо яны галоўныя ў жыцьці.
Наперадзе ў мяне гэтая кніга і яшчэ кніга пра старасьць. Я хачу шмат выясьніць пра сваё пакаленьне ды сябе і прайсьці з гэтым да канца.
Струвэ: Як хутка Вы плянуеце завяршыць кнігу пра каханьне?