Алексіевіч: І цяпер цяжка новая кніга пішацца, «Час second-hand», пра тыя 20 гадоў, якія мы пражылі пасьля катастрофы, пасьля вызваленьня, але найцяжэй мне давалася, вядома, «Чарнобыльская малітва». Таму што мой жанр, у якім я працую, зьвязаны ня з тым, каб перапрацаваць агромністую колькасьць матэрыялу, я не ствараю калекцыю жахаў — націсьні кнопку тэлевізара, і жахаў будзе больш чым дастаткова, будзе жахліва выходзіць на вуліцу і вечарам не захочацца слухаць музыку...
Матэрыял — гэта адно, хоць гэта цяжкая шахцёрская праца. Самае галоўнае — стварыць канцэпцыю, філязофію, прадставіць нейкі новы погляд на рэчы. Чарнобыль быў нейкай таямніцай, я адразу гэта для сябе вызначыла зь першых паездак. Тут была і мэтафізыка, і нейкая новая філязофія — мы зазірнулі далей за ўсіх, чалавецтва не было ў гэтай прасторы, і патрыярхальная нацыя сутыкнулася з зусім новымі выклікамі, да якіх нават супэрдзяржавы былі не падрыхтаваныя — і раптам беларускі і ўкраінскі селянін апынуліся з гэтым сам-насам і ўсё спазнавалі самі.
І ў мяне не было традыцыі, на якую абаперціся. Калі я пісала пра вайну, то божа мой — колькі людзі жывуць, столькі яны ваююць... Ёсьць цэлая традыцыя, «культура вайны», як пра яе пісаць... Калі ты нават пішаш іначай, то ты ад нечага адштурхоўваесься... Па Чарнобыльскай тэме я пісала кнігу гадоў 10-11, і складанасьць была менавіта ў гэтым — знайсьці нейкія новыя тэксты, сабраць іх, пачуць іх, а для гэтага трэба было выйсьці на новы давер да жыцьця, бо ў культуры гэтага не было...
І гэта вельмі цяжкая праца, мы рабілі яе разам з маімі героямі, бо я шукала чалавека агаломшанага — ня проста таго, хто ўскочыў на біялягічны канвэер, і яго панесла — ці няшчасьце, ці вайна... Мне патрэбны быў маленькі філёзаф, і насамрэч яны ў тыя дні былі агаломшаныя — яны думалі, пайшлі ў цэрквы, спрабавалі на штосьці абаперціся. Вельмі цікава было размаўляць са старымі — я раптам убачыла, што зь імі размаўляць цікавей, чым з вучонымі, генэраламі, таму што штосьці ў гэтай сялянскай культуры ёсьць наладжанае на выжываньне — тое, чаго ў сучаснай цывілізацыі няма. На многія пытаньні трэба было адказаць ці прынамсі паспрабаваць адказаць, вось я і спрабавала.
Добрага дня! Шаноўная Сьвятлана, на вашу думку, якая ўсё-ткі асноўная прычына недрукаваньня вашых кніг на Беларусі. Дзякую. З павагаю, Антось.
Алексіевіч: Любы таталітарны рэжым — гэта, канечне, прымітыўная сыстэма. Зь нізу да верху падбіраецца вельмі прымітыўная ўлада, заснаваная на боязі і на герархіі падпарадкаваньня. Ніхто нічога не бярэ на сябе. Узьнікаюць дзіўныя фігуры. Хто такі наш міністар культуры? Калі паглядзіш — будаўнік з выгляду. Твары міністраў, самога прэзыдэнта гавораць пра паветра культуры, культуру краіны, грамадзтва. Культура — гэта нейкія чаканьні, нейкія падзеі... Гэтага няма, хіба толькі моладзь сама штосьці выдае... А так — гэта нейкая машына паводле нейкага савецкага клішэ. Тэлебачаньне — поўная ідэалягічная машына. Здаецца, нібыта робяцца нейкія кнігі, нейкае кіно, нейкія прэм’еры — але нібыта мы існуем у нейкім вакуўме... Няма падзей, людзей, фігур, думак, ідэй... Калі вы ідзяце ў беларускае кіно, вы загадзя паводле назвы ведаеце, што гэта за канструкцыя — такі савецкі зьлепак...
Гэта самае страшнае, што адбылося — у школе, адукацыі, культуры, грамадзтве — зьнік нейкі рух, нічога не адбываецца... У Маскве наадварот, бачны нейкі прарыў — там нейкія сайты, нейкія ідэі, нейкія людзі... Адчуваецца — у іх ужо іншая адукацыя... У нас ёсьць таксама сайт «Новая Эўропа» — нібыта яго робяць у ЭГУ, там ужо іншы погляд.
Гэта цікава, але гэтага вельмі мала. Культурнае жыцьцё паралізаванае, і любы тэкст, які не ўкладаецца ў гэтае маленькае сьветаўспрыманьне, вядома ж, здаецца апазыцыйным, страшным. Але я лічу, што галоўнае — напісаць. Калі кніга зробленая, гэта ўжо форма інфармацыі і нейкай яе працы ў сьвеце... Галоўнае — зрабіць гэтую працу ў сабе.
Ствараюцца і руйнуюцца дзяржавы, абясцэньваюцца грошы і забываюцца героі, а што, на Ваш погляд, галоўнае ў жыцьці? Назавіце пяць кніг, якія, на Ваш погляд, павінен прачытаць кожны. Мікалай.
Алексіевіч: Я магу сказаць, каго я чытаю — Дастаеўскі, Герцэн, Розанаў, Чэхаў, Мамардашвілі. Гэта фігуры, да якіх я час ад часу вяртаюся, і яны чысьцяць мой сьветапогляд і намячаюць нейкія ніткі ў шляху, калі ты за нешта чапляесься, заходзіш у тыя закуткі, нешта абдумваеш, некуды ідзеш. Але насамрэч у такі час, час руйнаваньня, постмадэрн, калі сьвядома абіраюцца копіі і кажуць, што гэта нібыта сьвядома — у прынцыпе, няма нічога іншага, таму мы спрабуем знайсьці нейкія кропкі апоры, але гэта ня толькі ў нас, а ўсюды.
А што тычыцца сэнсу жыцьця, то гэта для мяне, вы ведаеце, нейкае пытаньне, на якое няма адказу. Я часта, калі завяршаю кнігу, думаю — гэтак плачам, гэтак пакутуем, а навошта гэта ўсё? Не забуду жанчыну ў кнізе «У вайны не жаночае аблічча» — які ў яе ашаламляльны аповед пра сьмерць, пра жыцьцё, пра тое, як яны апынуліся ў акружэньні — маладыя хлопцы, і яна адна дзяўчына між іх, і яны раніцай вырашаюць, што ў палон яны не здадуцца. І адзін падыходзіць да яе і кажа: «А ты бабу спрабавала?» А да вайны было такое пірожнае «баба», і яна кажа — спрабавала... А ён кажа: «Дурніца ты, вось раніцай загінем, і так і не даведаемся, што гэта такое...» І насамрэч іх толькі некалькі чалавек прарвалася, а гэты хлопец таксама загінуў... І ў яе столькі падрабязнасьцяў, вось ты нарадзіўся, і ўсё выкарыстаньне твайго жыцьця — упасьці са зьвязкай гранат пад танк... Так, нейкая ідэя, радзіма — але чалавек у такія хвіліны наагул думае пра боскую задуму: навошта ўсё гэта?
І раптам я прыходжу да гэтай жанчыны, якая потым мне ўсё гэта распавяла, і яна мне кажа: а вы ў савеце вэтэранаў спыталіся? А ў вас ёсьць дазвол на публікацыю? Мала таго, калі я ёй даслала тое, што я выбрала для кнігі, гэты расповед пра бабу яна выкрасьліла, і там былі такія клічнікі — гэта я табе расказала, каб ты паплакала са мной, а пісаць трэба зусім іншае... Я думаю, што столькі пакутаў, зазіраньне ў такія бездані, а чалавек гэтым не карыстаецца — гэта ня робіць яго ні свабодным, ні шчасьлівым...
У яе я не знайшла таго, што ёсьць у «Нататках ля ўзгалоўя» Сэй-Сёнагон, японскай пісьменьніцы — тысячу гадоў таму напісаных прыдворнай дамай. Вось там ёсьць такі лёгкі ветрык: ад яе сыходзяць каханкі, а яна кажа: вось пройдзе час, і ня будзе гэтага чароўнага цела, гэтага барвовага плашча... Потым яна сядзіць і думае, якія рэчы ёй больш за ўсё падабаюцца — як човен плыве па рацэ, як птушка раптам пралятае... Вось гэта схапіць для мяне сёньня важна, гэты чалавек у часе — ці ў Другой сусьветнай вайне, ці ў Чарнобылі, ці на парэштках імпэрыі...
І разам з тым для мяне галоўны сэнс як для пісьменьніцы — схапіць вось гэтае вечнае, гэты барвовы плашч, гэтае маладое цела, гэты човен, форма, прыдуманая чалавекам... Пра гэта здагадаліся грэкі, яны казалі: «майстэрства жыцьця». Ня сьвята жыцьця, паводле Хэмінгуэя, гэта крыху спрошчана, груба, а вось гэтае майстэрства жыцьця...
Я нядаўна размаўляла са сваёй сяброўкай, яна чытала нейкую старую кнігу і кажа: божа, як мы агрубелі, колькі трэба ўсяго вяртаць сёньня ў літаратуры! Мы ведаем колеры — чырвоны, чорны, жоўты, а раней грэкі ведалі колер «хворай малпы», «колер ласося», «колер сонца, якое згасае ўначы» — маса рэчаў, якія мы страцілі па дарозе цывілізацыі... І ў чым складанасьць гэтай кнігі пра каханьне: у гэтым сюжэце няма нічога новага, ён, яна, ці то прыходзіць хтосьці яшчэ, ці то наагул гэтая істота, званая каханьне, прыходзіць і нечакана сыходзіць... Вось зрабіць новую інсцэніроўку, вярнуць гэты «колер ласося» і «колер хворай малпы», вось у гэтым пісьменьніцкі і чалавечы сэнс, бо побач ідзе ўласнае жыцьцё.
Спадарыня Алексіевіч, мне падабаецца Ваша творчасьць. Некалькі год таму я патрапіў у тэатар у Брусэлі. Са мной быў Тамаш Саевіч («Польскае Радыё»). Была пастаноўка па Вашай кнізе «Чарнобыльская малітва». Спэктакль мяне вельмі закрануў, хаця быў па-француску. Калі ў тэатры даведаліся, што я зь Беларусі, дык размова і вечарына працягнулася да 4-ай раніцы. У фае тэатру былі фатаздымкі з Чарнобыльскай зоны — старыя бабулькі зь дзядулькамі, кінутыя хаты. Я запытаў у кіраўніка тэатру, што яго натхніла зрабіць такі спэктакль? Адказ быў такі: сам твор і знаёмства з аўтарам. Мажліва, у Вас былі яшчэ нейкія цікавыя сустрэчы за мяжой? З павагай, Мікалай Раманаў. Антвэрпэн, Бэльгія.
Алексіевіч: Рэч у тым, што ў сьвеце ўсе мае кнігі маюць тэатральныя, кінаварыянты, і асабліва «Чарнобыльская малітва» — як ніводная з маіх кніг яна прайшла па сьвеце, было вельмі шмат яе тэатральных пастановак, і ў кожнай краіне было сваё прачытаньне... У Францыі больш за ўсіх ідуць спэктаклі, там нават у Бардо быў фэстываль, дзе з усёй Францыі прывезьлі 12 спэктакляў паводле «Чарнобыльскай малітвы», і гэта было вельмі цікава... Я думала, чаму менавіта чарнобыльская кніга мела такі масавы водгук і настолькі зацікавіла эўрапейскіх інтэлектуалаў... У мяне былі дыскусіі з Полем Вірыльё, якога называюць «філёзафам Апакаліпсісу», і ў нас былі такія дэбаты на сцэне, дзе зьбіралася па 600-700 чалавек, і нават фільм існуе з нашым дыялёгам... Мяне зьдзіўляла, што ў залі было шмат маладых людзей, былі цікавыя пытаньні...
Я думаю, што «Чарнобыльская малітва» — насамрэч, хроніка будучыні. Яна выйшла за межы досьведу нейкай адной сыстэмы, адной мэнтальнасьці, хоць тэма вайны таксама выходзіць за гэтыя межы, каб кніга была не мясцовага спажываньня, кніга павінна выйсьці на той пункт інтэлектуальнага назапашваньня, які існуе ў сьвеце, каб гэта было цікава ўсім, а ня толькі на «вясковым выгане». Іначай ня варта пісаць — чаму я настолькі доўга пішу свае кнігі. Я магла б зрабіць 10 такіх кніг, як у «У вайны не жаночае аблічча», я ж ужо дастатковы прафэсіянал, і не пісаць кнігу 7-10 гадоў... Але я хачу, каб кожная кніга была зусім іншай, я павінна вырвацца зь ёю ў зусім іншую прастору, а не паўтарыць саму сябе, тое, што я ўмею рабіць.
А ў Чарнобылі заходняя публіка, заходнія інтэлектуалы знаходзяць адказы на гэтыя страхі будучыні, яны робяцца агульнымі — ужо нельга, як раней, калі вайна ішла ў Эўропе ці ў Савецкім Саюзе, а хтосьці адседжваўся ў Амэрыцы ці ў Аўстраліі, сёньня гэта немагчыма. То бок, страх — гэта новая, паўсюдная культура. Я аднойчы на працягу месяца была ў чатырох краінах: у Францыі паліцэйскія кідаліся да кожнага пакета ў мэтро, у Гішпаніі якраз былі выбухі здарыліся, у Маскве ў мяне 10 разоў праверылі пашпарт... Вось гэтая культура страху, у якой мы жывем, яна ахапіла ўвесь сьвет, і пра страх гавораць больш, чым пра любоў. І безумоўна ў чарнобыльскай кнізе ёсьць гэтае супрацьстаяньне: да чаго ідзе прагрэс, што прагрэс — гэта форма новай вайны, — усе ваююць з прыродай і ў выніку гінуць...
Дзень добры. Вашыя кнігі нясуць у сабе боль чалавека. Вы яго прапускаеце празь сябе. Што Вам дапамагае у гэтым: унутраныя рэсурсы, вера, упэўненасьць у тым што гэта неабходна людзям? Што людзі павінны зразумець, для чаго невыносны боль Вашых кніг? Дзякуй.
Алексіевіч: Ведаеце, у нашай сям’і была такая трагедыя — калі памерла мая сястра. Ёй было 35 гадоў, яна вельмі хутка згарэла, за чатыры месяцы ад страшнай формы раку. І я тады ўсутыч сутыкнулася зь лекарамі-анколягамі. І пасьля таго, што я бачыла (я практычна не сыходзіла з гэтага шпіталю), калі, напрыклад, прывозяць дзіця, яму робяць апэрацыю, але ў яго няма шанцаў, і я памятаю дактароў, прафэсара Кацярыну Вішнеўскую, Галіну Канстанцінаўну Тагрунскую, — ніколі я цяпер не скажу, што мы, пісьменьнікі, больш за ўсіх нясем нечы боль, што мы больш за ўсіх нагружаныя гэтым цяжарам сусьвету, трагічнасьцю чалавечага існаваньня... Ніколі я сабе гэтага не дазволю, таму што калі я бачыла, як працуюць гэтыя людзі, як гэтыя лекары вяртаюцца пасьля апэрацыі, зь якімі тварамі, і як яны потым павінны казаць нешта гэтаму дзіцяці, ягоным бацькам...
Я ня думаю, што я больш перажыла і перадумала — хоць я была на вайне, перажыла суды над сваімі кнігамі, і перажыла ўсялякага кшталту пагрозы і канфлікты з уладай. Гэта ўсё ж можна ў нейкай ступені перавесьці у інтэлектуальны бок. І ў той час я б не сказала, што такія кнігі лёгка пісаць, і што гэта мне проста даецца. Зусім не.
Ну вось, напрыклад. Я ў Афганістане, вакол адны мужыкі, да мяне прыстаўлены нейкі падпалкоўнік, мы на нейкай выставе сучаснай зброі, якую яны захапілі ў маджахедаў. Зброю паказваюць заходнім карэспандэнтам, каб сказаць, што Амэрыка дапамагае маджахедам. І сапраўды, па-свойму прыгожая сучасная зброя. Якраз тады памерла мая сястра, і я думала — калі б усе гэтыя інтэлектуальныя высілкі, што пайшлі на зброю, накіраваць на выратаваньне людзей, а не на забойства — можа, мая сястра была б жывая? І вось я падыходжу да такой міны, яна як навагодняя цацка, мне кажуць, што гэта міна італьянская. Я кажу? «Як навагодняя цацка!» А афіцэр побач са мной кажа: «Калі на яе наступіць — ад чалавека застаецца паўвядра мяса». Праз дзень альбо два ён мне тэлефануе ў гатэль (гэта быў гатэль Генштабу ў Кабуле) і кажа: «Хочаце пабачыць, што ад хлопцаў засталося, якія праехалі па такой міне?» — «А што?» — «Лыжкамі з брані зграбаюць». На вуліцы сьпёка 40 градусаў. Ісьці альбо не? Але ж я выхаваная ў традыцыях расейскай культуры — ісьці да канца. «Ты павінен ісьці да канца», як казаў Алесь Адамовіч, мой настаўнік, мой любімы беларускі пісьменьнік. І я еду. І бачу ўвесь гэты жах, што, сапраўды, зграбаюць па пяску, каб хоць нешта даслаць маці разам з адзежай. І няма чаго рабіць зь сябе гераіню — я страчваю прытомнасьць, ці то ад таго, што я ўбачыла, ці то ад узрушанасьці гэтай чалавечай бессэнсоўнасьцю — што мы робім у гэтых чужых пясках? А дзе-небудзь у Разані сядзіць гэтая бабулька і ня ведае, што ўжо тут ёй зьбіраюць... Альбо сьпёка? Я ня ведаю.
Потым я вяртаюся дамоў, і мне трэба ўсе гэтыя дыялёгі зьняць з касэты... І вось — павінна я гэта рабіць ці не, да якой мяжы ісьці? Усе гэтыя карціны — перада мной. Не, гэта ня лёгкая праца. Але я думаю, што ўвогуле жыцьцё само па сабе — трагічнае. І гэта трэба сабе спакойна ўяўляць. Трагічнае хаця б таму, што як Нагібін пісаў на вышыні закаханасьці ў сваіх дзёньніках — «Божа, як страшна ад адной думкі, што гэты сьвет трэба пакінуць...» Так што я ня думаю, што мне цяжэй жыць, чым ўсім астатнім. Думаць, можа, цяжэй
Сп-ня Алексіевіч, што для вас было самым станоўчым і самым непрымальным у СССР? Дзякуй. Віктар.
Алексіевіч: Ведаеце, на гэтае пытаньне ў новай кнізе вельмі добра адказвае адна з маіх гераіняў. Яна кажа: вось я была як матылёк у цэмэнце — было адчуваньне адарванасьці жыцьця, вырванасьці зь нейкага сусьветнага кантэксту... Я, напрыклад, да сёньня шкадую, што я ня ведаю шмат моў, бо калі б іначай склаўся час, калі б я сёньня вучылася, я б, вядома, вывучыла больш моваў, адкрыла для сябе філёзафаў нашмат раней, што прыйшлося рабіць даволі позна, бо гэта ўсё было закрыта... Цяпер, калі гэта нават перакладаецца на расейскую мову, то вельмі фрагмэнтарна, у залежнасьці ад нейкіх інтарэсаў... І прыходзіцца некаторыя рэчы дадумваць інтуітыўна.
Я і цяпер яшчэ ня ведаю добра ніводнай мовы, і калі я жыву ў нейкай краіне, то многія рэчы я ўхопліваю інтуітыўна, вышукваю інфармацыю з краявідаў, намёкаў, з архітэктуры... Гэта больш складаная праца, а потым чытаеш нейкага філёзафа, і разумееш, што гэты самы шлях можна было прайсьці хутчэй і раней... І вось гэты акварыюм — гэта было самае прыгнятальнае.
Я памятаю і сваю журналісцкую працу ў газэтах — вечнае адчуваньне «ката ў пастцы», што ты ня можаш — тое, што мне было цікава, было непатрэбна. Думаю, у гэтым трагедыя нашай літаратуры, вясковай, як яе называлі, і ваеннай літаратуры, таму што там увесь час прысутнічала спачатку «вайна-ідэя», гэта сталінскае стаўленьне, потым пачала прабівацца праўда пра вайну, гэткае народнае стаўленьне «вайна-бяда», але мы так і ня ўзьняліся да таго, што яшчэ Анры Барбюс рабіў, калі пісаў свае кнігі пра першую ўсясьветную вайну — «вайна-шаленства», экзыстэнцыяльныя праблемы. Ня тое, колькі каштавала вайна, які страшны Сталін, а наагул, як чалавек робіць выклік Богу, забівае іншага чалавека ў такой колькасьці, як ён застаецца сам-насам з гэтым пачуцьцём, з гэтай думкай. Я да гэтага здолела прабіцца толькі дзякуючы жаночаму стаўленьню да вайны і дзякуючы таму, што я сама была ў Афганістане («Цынкавыя хлопчыкі»), бачыла, як гэта адбываецца, але гэта было ўжо вельмі позна, мне было трыццаць зь нечым, каля сарака... І я здолела нейкім шляхам узяць гэтую ўсясьветную культуру...
Мы былі зачыненыя, я адчувала прыніжэньне як інтэлектуал, як чалавек, у якога не было гэтага выйсьця... Я памятаю, калі я хацела прачытаць Ніцшэ і Фройда, у студэнцкія часы, я пайшла ў дэканат па нейкую паперку — я павінна была атрымаць дазвол, мне яе не далі. То бок, я не змагла зразумелым для іх чынам патлумачыць, навошта мне Ніцшэ і Фройд, ім было гэта незразумела. Мы павінны былі вучыць, калі газэта «Правда» выходзіла, калі там што... Я сказала, што гэта патрэбна мне для разуменьня сьвету. Акрамя жаху — я была неблагой студэнткай — я нічога ня бачыла ў вачах свайго дэкана Булацкага...
Навумчык: Завяршаем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вашае, спадарыня Сьвятлана, уражаньне ад пытаньняў і Вашыя пажаданьні слухачам і наведнікам вэб-сайту Свабоды.