Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
У сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Verba et scripta
Сьвятлана Алексіевіч была супраць кнігі з эфіру:
Інтэрвію, дыскусіі, рэпартажы
пра чалавека
Мы — людзі эпохі войнаў, рэвалюцыяў, развалаў, і іншага досьведу ня маем. Мы — людзі культуры барацьбы, культуры вайны, скажам так — супрацьстаяньня і разбурэньня. Але ўсё ж нягледзячы на ўсе гэтыя жахі, якія чамусьці бясконца пашыраюцца, чалавек створаны ня толькі для таго, каб закрыць дзот, падняцца на дах рэактара, скончыць самагубствам з-за таго, што ідэя загінула. Напэўна ж, Божы замысел іншы. (Cакавік 1999)
пра нечаканасьць
Сьвет настолькі нечаканы сёньня, што прагназаваць яго практычна немагчыма. (Сьнежань 2002)
пра барыкады
Я даўно зразумела, што барыкада — вельмі небясьпечнае месца, і ня толькі для мастака, але і для чалавека ўвогуле. Калі мы ўжо апынуліся на барыкадзе, то трэба не захлынуцца жарсьцямі і памятаць, што на барыкадзе вельмі цяжка застацца чалавекам. Я таксама лічу вельмі небясьпечнай справаю шукаць беларуса сярод народу. Мне бліжэй Сакрат, які днём зь ліхтаром шукаў чалавека. Давайце шукаць чалавека. (Сьнежань 2002)
пра маленькага дыктатара
Дыктатура маленькага чалавека — гэта самае жахлівае, што адбываецца сёньня, асабліва ў нашай краіне. (Лістапад 2004)
пра стабільнасьць
Калі гаварыць пра стабільнасьць, то самае стабільнае месца ў сьвеце — гэта турма. Гэта тое, што з намі і адбываецца — турэмная сьвядомасьць, турэмная пайка, ізноў жа самыя чэсныя людзі — гэта наглядчыкі. Гэта мысьленьне ўчорашняга й пазаўчорашняга дня. Уявіце сабе, якім гэты чалавек выйдзе з турмы, з гэтай талеркай баршчу, з татальнай, як яму здаецца, абароненасьцю. Гэты чалавек будзе няздольны да будучыні, гэта дзіця, ён выйдзе ў агромністы сьвет, які ад яго зачынялі, якога яго прывучалі баяцца, бо наглядчыкі самі разуменьня ня мелі пра гэты сьвет. (Лістапад 2004)
пра ідэі
Патрэбныя ідэі. Але чым больш я слухаю і гавару, тым болей чую тое самае — або ілюзіі, або суцяшэньні, або канфармізм. Можа, нам усім трэба памаўчаць і прыставіць вуха да вуліцы? (Лістапад 2004)
пра душу
Гераізм як такі — не прадмет маіх кніг і майго інтарэсу. Я займаюся дасьледаваньнем чалавечага духу, чалавечых пачуцьцяў. Я дасьледую, што чалавек знаходзіць у гэтым вар’яцтве, калі ён можа забіць іншага, калі нават абавязаны забіць дзеля чагосьці. Мяне цікавіць тое, што адбываецца не на тэрыторыі дзяржавы, а на тэрыторыі чалавечай душы. (Травень 2005)
пра палітыкаў і народ
Нас нічому не навучыў нават досьвед паразаў 90-х гадоў, калі мы мелі такую моцную фігуру, як Пазьняк. Паставіўшы дэмакратыю ззаду, а мову наперадзе, мы прайгралі нават у той час, калі быў вялікі запас веры ў людзях, калі была вельмі моцная хваля антыкамунізму. І мяне зьдзіўляе, што высновы ня зробленыя, і гэта прымушае думаць — у нацыянальным крыле няма палітыкаў, я чую галасы культуролягаў, а не рэальных палітыкаў. Яны не ўяўляюць рэальны народ, яны ўяўляюць уласную мару аб народзе. (Жнівень 2005)
пра дзяржаўнае будаўніцтва
Трэба падзяляць дзьве задачы: дэмакратычная дзяржава і нацыянальная дзяржава. І гэта ня толькі дзьве розныя задачы, але і два этапы — спачатку дэмакратычная дзяржава. Калі б мы гэта сказалі ў 1990 годзе, мы б мелі дэмакратыю, а потым і Беларускі ліцэй, і Беларускі ўнівэрсытэт, і беларуская студэнцтва, і беларускі садок. (Жнівень 2005)
пра выпрабаваньне
Мы вучым іншы сьвет, як ня трэба жыць. Гэта — нашае наканаваньне. Гэта — пастка нашай культуры, але ў мяне ёсьць надзея, што Чарнобыль павінен вызваліць чалавека. Нам дадзенае гэтае выпрабаваньне, каб мы яго прайшлі. Незразумела, чаму першыя павіны гэта прайсьці мы — найменш падрыхтаваныя да гэтага. Можа, таму, што мы такая нявінная, дзіцячая нацыя, можа, таму нам дадзенае такое выпрабаваньне. (Красавік 2006)
пра Чарнобыль