Максімюк: Я скажу так: хацелася б, каб ён спраўдзіўся, каб яна аб’яднала, хоць, што тычыцца такога палітычнага падзелу беларусаў, у мяне ёсьць сумневы, што яна можа да гэтага прычыніцца. Калі наступіць нейкае паразуменьне ці збліжэньне, то, хутчэй за ўсё, я б сказаў, у сфэры культуры, бо Сьвятлана Алексіевіч даказвае сваёй творчасьцю, сваёй асобай і тым, пра што яна гаварыла ў Стакгольме на гэтым тыдні, што магчыма быць выхаваным у расейскай культуры, магчыма ў Беларусі пісаць па-расейску, і ўсё ж быць беларускай пісьменьніцай і сказаць у сваёй творчасьці пра свой народ, а ня толькі пра расейцаў ці пра савецкі народ агульна.
Ціхановіч: Сяргей, а як вы пракамэнтуеце той погляд, што некаторыя беларусы лічаць Алексіевіч апазыцыйнай пісьменьніцай? Памятаеце, які страх быў і разгубленасьць беларускага тэлебачаньня, якое адмовілася трансьляваць Нобэлеўскую лекцыю? Але па сутнасьці ў лекцыі не было нічога, чаго нельга было б паказаць па беларускім тэлебачаньні. Там не было ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Вы сказалі, ну і добра — лекцыя павінна быць апалітычнай. Якія важныя акцэнты дадала тая разьвітальная прамова?
Навумчык: Я не лічу, што лекцыя павінна быць апалітычнай, я проста бачу, што могуць быць розныя лекцыі, і з палітычным ухілам, і зь нейкім тлумачэньнем творчага мэтаду. Алексіевіч выбрала апошні варыянт, гэта яе права. Нічога дзіўнага ў такім падыходзе некаторых людзей, апытаных на вуліцы, няма, таму што ўжо больш як дваццаць гадоў існуе ў Беларусі такая тэндэнцыя, якая навязваецца ўладамі праз дзяржаўныя СМІ. На гэтым вырасла пакаленьне, нават можа ўжо другое расьце пакаленьне, што тыя, хто не з Лукашэнкам, — тыя супраць усяго. Вось не пайшла яна на паклон да Лукашэнкі — значыць, яна апазыцыянэрка, хаця якраз-такі я б сказаў, калі прааналізаваць інтэрвію Сьвятланы Алексіевіч, пачынаючы з 90-х гадоў, яна далёка не ва ўсім падтрымлівала, напрыклад, Беларускі Народны Фронт. Я б сказаў, што яна ўвогуле БНФ не падтрымлівала. Крытыкавала пэўных лідэраў Народнага Фронту, пры тым, што яна, безумоўна, чалавек дэмакратычных перакананьняў.
Наш калега Юры Дракахруст трапна заўважыў: калі б там у адміністрацыі сядзелі больш разумныя людзі, яны б «Час second-hand» друкавалі двух-трохмільённым накладам і зрабілі б абавязковым чытаньнем у школах, бо яна паказвае 90-я гады як сапраўды гады абсалютнай трагедыі. А мы ведаем, што 90-я гады былі і іншыя...
Ціхановіч: Мы ведаем, што ў тых спадзяваньнях, якія выказваліся сучаснымі беларусамі, якраз рабіўся націск на тое, што не хапае сучасных рэалій, не хапае іх ацэнкі. Яна гэта зрабіла ў сваёй разьвітальнай прамове.
Навумчык: Калі вы маеце на ўвазе творчасьць, то як пісьменьніца яна мае права выбіраць любую тэму, паказваць як ёй хочацца. Мы ня можам прад’яўляць прэтэнзіі, прабачце, да Дастаеўскага, што ён паказаў нейкія цёмныя бакі Пецярбургу ці таго часу. Я думаю, што цяпер мы павінны ўспрымаць і Нобэлеўскую лекцыю, і яе банкетную прамову ў комплексе. Нобэлеўская лекцыя была больш пра творчы мэтад і гуманістычныя ідэалы, а вось прамова ўжо мела больш актуальны, больш палітызаваны і, як мы бачым у завяршэньні, ужо нацыянальны ўхіл. Адзінае, што я скажу, я пагадзіўся б з тымі яе крытыкамі, якія сказалі, што ўсё ж у Нобэлеўскую лекцыю, паколькі яна застаецца назаўсёды, усё ж можна было сказаць пра праблемы беларускай мовы, пра праблемы нацыі.
Ціхановіч: Тое, што мая краіна — Беларусь.
Навумчык: Так, яна казала пра гэта, што Беларусь яе краіна, а вось банкетная прамова — я таксама вельмі эмацыйна яе ўспрыняў, асабліва калі пачуў, што яна прыгадала — у Нобэлеўскай лекцыі яна прыгадала Адамовіча, а тут яшчэ Васіля Быкава.
Ціхановіч: Аляксандра, у мяне пытаньне да вас, таму што, як я ўжо згадала, Алексіевіч выбрала вас як мэдыятара, які б адказаў за яе на крытыку. Як вы думаеце, мы ведаем Алексіевіч, што яна чалавек поглядаў, чалавек цьвёрды, верная сабе. Кароль хацеў, каб яна прыйшла ў вечаровай сукенцы да падлогі. Гэтага патрабуе і рэглямэнт Нобэлеўскага камітэту. Алексіевіч зручней ў штанах — яна прыйшла ў штанах. Беларусы хацелі, каб больш сказала пра Беларусь, каб сказала па-беларуску, і яна праявіла гнуткасьць. Як вы думаеце, чаму?
Дынько: У Сьвятланы Аляксандраўны ёсьць такія якасьці, якімі хацелася б, каб валодалі нашыя палітыкі. Яна сапраўды ідэальна ўмее фармуляваць праблемы сучаснасьці, і калі ёсьць закіды наконт таго, што яна неяк недасканала і недастаткова выказалася пра сваю палітычную пазыцыю, то гэта абсалютна ня так. Кажуць, што яна па-над палітыкай — ну гэта проста несправядліва, бо вакол гэтых падзеяў былі раздадзены мільёны інтэрвію, у якіх яна была празрыстая ў сваім стаўленьні да таго, што адбываецца і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай. У яе вельмі вялікае палітычнае чуцьцё, уменьне бачыць праблему, бачыць, чаго хочуць людзі, уменьне шчыра і ясна зьвяртацца да гэтых людзей. Я мела магчымасьць назіраць яе ў розных аўдыторыях, яна для кожнага знаходзіць свае словы.
Ціхановіч: Нельга яе абвінаваціць у тым, што яна, як Лукашэнка, трошку папуліст?
Дынько: Абсалютна не. Абсалютна няма такога ўражаньня, я ўжо казала, што ўсе зьвярталі ўвагу на яе шчырасьць, на яе вернасьць сабе, і вы толькі што сказалі, што гэтую вернасьць сабе можна і вонкава прасачыць. Заўважу, што падчас гэтай банкетнай прамовы яна мусіла зьвярнуцца да караля паводле этыкету — яна гэтага не зрабіла.
Ціхановіч: У адным з інтэрвію Свабодзе Алексіевіч ужыла такую фразу: калі б я была прэзыдэнтам. Можа быць, гэта такая моўная фігура? Сяргей, як вы ацэньваеце палітычныя амбіцыі Алексіевіч?
Навумчык: Я вельмі слаба асабіста ведаю Алексіевіч, знаёмы з ёй, але 22 гады таму апошні раз сустракаўся з ёй. Ну, акрамя па тэлефоне. Мне цяжка сказаць, але я адчуваю, яна абсалютна чалавек індыфэрэнтны да актыўнай палітыкі. У яе была магчымасьць сто разоў удзельнічаць у палітыцы, ісьці на нейкія выбары, дэпутатам і гэтак далей, яна гэтага не рабіла. Я думаю, яна проста адчувае сваё пакліканьне — гэта літаратура. Безумоўна, ніхто не аспрэчвае, што Нобэлеўская прэмія — гэта гістарычная падзея для Беларусі, гэта тое, што застанецца, і ўжо ад нас, ад грамадзянаў Беларусі залежыць, ці зможам мы скарыстацца тым, што дае прэмія Сьвятланы Алексіевіч.
Ціхановіч: А калі казаць пра яе даволі жорсткія ацэнкі, якія гучаць? Перад адлётам у Стакгольм яна сказала: мы жывем як у партызанскім атрадзе, іншыя рэчы. З другога боку, яна выказвае спадзяваньне, што грамадзтва прыйдзе ў рух. Сам гэты Нобэль, сама Алексіевіч, якой яна стала, здольнае гэта быць такім штуршком, каб грамадзтва прыйшло ў рух?
Максімюк: Напэўна, так. Калі казаць пра пэрспэктывы ўдзелу ў палітыцы Алексіевіч, я б сказаў, што я сабе магу ўявіць, што яна можа прыйсьці на мітынг, дзе зьбіраюцца людзі і сказаць сваё слова зараз ужо ў іншай зусім якасьці, але я ня думаю, што яна б належала да тых, хто такі мітынг арганізаваў. Калі я зь ёй гаварыў два гады таму, яна сказала, што ёй яшчэ хочацца напісаць дзьве кнігі, а ведаючы, як Сьвятлана Алексіевіч працуе, не сьпяшаючыся, перапісваючы ўвесь час, энэргія, якая застаецца, у яе на гэтыя дзьве кнігі і пойдзе. Пра палітыку я тут не гаварыў бы.
Ціхановіч: Аляксандра, хто цяпер самы знакаміты беларус?
Дынько: Я вярнуся да вашага папярэдняга пытаньня, я шчыра лічу, што на дадзены момант Сьвятлана Алексіевіч ужо перамагла Аляксандра Лукашэнку. І цяпер людзі, якія будуць прадстаўляць Беларусь у сьвеце і казаць «Я зь Беларусі», першае, што людзі будуць згадваць — не Лукашэнку, не апошнюю дыктатуру Эўропы, а тое, што Беларусь — краіна Нобэлеўскага ляўрэата. Гэта зрабіла Сьвятлана Алексіевіч.
Ціхановіч: Сьвет ацаніў Сьвятлану Алексіевіч за тое, што пачула, што сабрала галасы жыхароў савецкай утопіі, што падзяляла іх боль і ілюзіі, што ўрэшце сама з гэтымі ілюзіямі разьвіталася. Ну а беларусы атрымалі маральнае задавальненьне, што сказала і пра краіну, і пра мову, што вынесла нашу крыўду, нашы спадзяваньні, як Купала казаў, на сьвет цэлы. Адно з найважнейшых пытаньняў, якое ўзьняла пісьменьніца ў сваёй Нобэлеўскай лекцыі, застаецца адкрытым: чаму ўсе нашы пакуты і крыўды не канвэртуюцца ў свабоду? Гэта адно з пытаньняў, пра якія мы думаем, спрачаемся, шукаем адказы разам.
Сьвятлана Алексіевіч
Нарадзілася ў Станіслававе (цяпер Івана-Франкоўск) ва Ўкраіне, маці — украінка, бацька — беларус. У 1950 сям’я пераехала ў Беларусь. Скончыла Капаткевіцкую сярэднюю школу Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці, а ў 1972 — факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працавала ў раённых газэтах у Нароўлі і ў Бярозе, у «Сельской газете», была загадчыкам аддзелу нарысу і публіцыстыкі часопісу «Нёман». Член Саюзу пісьменьнікаў СССР (1983). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру (1989).
Аўтар кніг «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сьведкі» , «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя сьмерцю», «Чарнобыльская малітва», «Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)».
У 2015 Сьвятлане Алексіевіч прысуджаная Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры — за «яе паліфанічныя творы, якія зьяўляюцца помнікам пакутам і адвазе ў нашы часы».
Summary
In 2015, the Swedish Academy honored Sviatlana Alexievich with the Nobel Prize in Literature, distinguishing the Belarusian author “for her polyphonic writing, a monument to suffering and courage in our time.”
In current day Belarus, Alexievich’s books remain unpublished by state presses, and are absent from recommended reading lists of schools and universities. An outspoken critic of the Lukashenka government, Alexievich is persona non grata on Belarusian state radio and tv.
Since the early 1990s, Sviatlana Alexievich has been a frequent guest of RFE/RL. She has been the subject of interviews and reports, and has participated in numerous discussions and on-line conferences.
Compiled on these pages are transcripts of those appearances, critiques of her works by various reviewers, and reports on her meetings with RFE/RL audiences.