Неанацысты, відаць, былі настолькі ашаломленыя негасцінным прыёмам, ажно забыліся ўжыць сваё ўлюбёнае паскудства – не сталі вымазваць надмагіллі дзёгцем. Не тое што гэта дапамагло б – помнікі наўмысна выбіраліся з чорнага, як тая ж смоль, камення. Адзінае, што такі здолелі ўчыніць кутняму Бабарозінаму помніку неанацысты – на непадатлівым палескім граніце ў бяссільнай злосці нейкі бэйбус пакінуў сталёвым ланцугом сярод квадратных іўрыцкіх літар малазначныя вышчарбіны.
Далей на далей – пару гадоў таму да Бабарозінай магілы завітаў Петэр Чарны, дзівакаваты чэх, якому прысніўся сон, у якім Божы анёл загадваў яму аднаўляць і чытаць памінальныя малітвы над усімі габрэйскімі магіламі ў Беларусі. Два гады Петэр сумленна той загад выконваў. Я ўжо вярнуўся ў Менск, і аднаго дня мне пазванілі з адной дабрачыннай арганізацыі і папрасілі суправаджаць іўрытамоўнага Петэра, дайшла чарга да Маскоўскіх могілак. Я пагадзіўся.
Былі Дзяды, надзвычай цёплы і сонечны лістапад. Першай справай я, вядома ж, падвёў Петэра да супольнай магілы Бабадоры, Бабагруні і Бабарозы. З гонарам паказаў іўрыцкія надпісы і зорку Давіда з уклееным партрэтам на самым вялікім з помнікаў. Пра тое, што Бабароза не была юдэйкай, Петэру я не сказаў. Я хацеў, каб ён прачытаў кадыш і па ёй. Каб пасмяротны трыумф Бабарозы замацаваўся. Каб на тым свеце анёлы зладзілі ёй крыламі нябесную авацыю, ці што там у іх прынята.
Петэр, з цяжкім усходнееўрапейскім акцэнтам, пачаў агорваць іўрыцкія літары на помніку:
“Кан ніквэра ружа карма, бат рэб іван, егудыя цнуа ў-това. нолада ТаРНаХ. ніфтэра ТаШСА”, “Тут пахаваная Ружа Карма, дачка шаноўнага спадара Івана, габрэйка сціплая і крыштальна чыстая. Нарадзілася ў год 5658 (1898). Памерла ў год 5769 (2009)”.
– Якая яшчэ Ружа Карма? – стрывожана запытаў я Петэра на іўрыце.
– Прачытай сам, агаласоўкі на імені, – адказаў Петэр. – Дарэчы, а чаму ў габрэйкі бацьку звалі некашэрным Іванам?..
Я прыгледзеўся. І сапраўды:
Імя прабабулі зрабіла яшчэ адзін віток – і Руф-Роза зрабілася Ружай. Я ўжо не кажу пра гэтую дзіўную метамарфозу – “Крэмерчук-Крэмер-Карма”.
З квадратным іўрытам так заўсёды: дадалі кропачку ці чупрынку – і сталася ўжо зусім іншая літара. Літара “ו”, “ваў”, фактычна гарызантальная палка, у залежнасці ад кропачак-агаласовак ці іх адсутнасці можа быць “о”, “у” ці нават “в”. І вось тут, пры дапамозе кропкі злева, тая “ваў” чыталася як “у”. Эрэн’ешны ланцуг выбіў свежую чупрынку наўскасяк па-над літарай “зайн”, і “з” ператварылася ў “ж”. Гэтак Роза ператварылася ў Ружу.
З пераходам “Крэмер” у “Карма” было нешта падобнае. А калі яшчэ да гэтага іўрыцкага фокусу дадаць, што, паводле законаў мовы, некаторыя галосныя ў сярэдзіне слова час ад часу не пішуцца зусім, дык робіцца ясна, чаму пастаўленыя неанацыстамі вышчарбіны-агаласоўкі паслужліва падказвалі Пэтру прачытаць слова як “карма”.
Гэтак Руф Крэмерчук зрабілася Ружай Кармай. Гэтак, з дапамогай неанацыстаў, Бабароза насуперак сваёй волі беларусізавалася пасля смерці. З такім лёгкім індуісцкім акцэнтам. Але гэта ўжо, відаць, гісторыя для наступнай рэінкарнацыі.