– Аднойчы, пару гадоў таму, калі твае бабулі толькі пераехалі да нас – працягнуў бацька і ўсеўся на свой улюбёны фатэль-гушкалку, які ён забраў з лесвічнай пляцоўкі дзявятага паверха на Зялёным Лузе. – Я з ванны паклікаў маму, каб яна пацерла мне спінку. У прасвеце дзвярнога вушака мільганула постаць. Вочы ў мяне былі замыленыя, і адзінае, што я згледзеў увобмільг, – гэта зыркія бурачковыя пазногці, якія скрэблі мой скальп. Калі я вярнуўся ў наш з мамай пакой, дык яна сядзела з сухімі нераспаранымі рукамі, і казала, што зараз, мыючы мяне, бачыла, як на макаўцы ў мяне прасвечвацца плёх.
– Ну і што?
– Нічога. Проста ў тваёй мамы фарбаваных пазногцяў ніколі, ні разу ў жыцці не было! Ты ж ведаеш, яна надта ганарлівая для макіяжу, хоча, каб мужчыны прымалі яе такой, якая яна ёсць.
– Тата! – з дакорам кажу я зноў. – Ляпаеш абы-што!
– Ды ты глянь на іх! – Бацька ад раз’ятранасці нават падскочыў, трохі спалохаўшы Роні. – Яны гарлаюць у тры горлы, тупаюць па залітай падлозе кухні ў шэсць ног, цягнуцца да навясной шафы жменяй у пятнаццаць пальцаў! Адна пара рук забірае скіслы торт “Ленінградскі” ў гасцей, другая адначасова лашчыць фарбаваныя валасы гора-каханка Яўгена К. на празектарскім ложку, трэцяя тут жа побач – перабірае кантрабандныя калготкі з віленскага рынка.
Зняможаны выплескам энергіі, бацька сеў і паволі дадаў:
– Я слабец, Ігар, гэта праўда. Але не настолькі, каб застацца з БАБАМАМАЙ сам-насам! Я нізавоштачкі не ператваруся ў ідзьёцкага Паўлінавіча. Я не хачу блытаць жанчын, блытацца і дараваць!
Зацятасць – яшчэ адна рыса, якой у бацькі раней ніколі не было. Гарачыцца цяпер, як школьнік. А яшчэ вылезла гэтая непрадуктыўная рэўнасць да мінулых каханкаў мамы. Колькасць новых бацькавых хібаў аж зашкальвала.
– Нам усім, сынок, капцы, – супакойваў мяне бацька. І лашчыў мой локаць:
– І таму самае слушнае ў гэтай сітуацыі прынамсі адысціся ў бок, каб ужо не раструшчыла ўшчэнт. Як варыянт – перасаплівіцца халасцяком. Адно важна – падалей ад жанчын. Раз ужо ў той шалёнай кватэрцы на дзявятым паверсе нават лядоўню завуць Сара. І яшчэ. Калі табе кажуць, што астматычны Дзедзэлік захварэў па дарозе ў эвакуацыю і, каб не быць цяжарам для сваёй сям’і, павесіўся ў сельскай дрывотні, веры не давай!
І далей бацька высунуў дапушчэнне, што вайна і хвароба былі ідэальнай адчэпкаю, якая дазволіла Дзедзэліку, бацьку Дзядзюлі, не быць больш са сцярвознаю Бабадораю. Пры першым зручным выпадку, калі рэальнасць дала папустку, вызваліўся ад кантролю і, саслізнуўшы ў іншы, лепшы свет, павесіўся.
Мае вочы расплюшчыліся яшчэ шырэй. Дзядзюля, працягваў набіраць абароты бацька, гэты шматмудры пячкур, нават не змог трапіць у асноўны склад ордэна Тых, Хто самі Ўсё Разумеюць, – цяпер вымушаны гібець на лаўцы запасных у Ізраілі. Дзедлёня – адно яго бяззубая копія, таксама не вытрымаў сардэчнага жыцця з Бабагруняй.
– Ігар, усе мужчыны ў нашай сям’і загінулі або збегліся, як памыты швэдар, – гарачыўся бацька. – Яны зрабіліся шэрымі і незаўважнымі, як Дзедбарыс, мой бацька, які праседзеў у Бабамані ўсё жыццё пад фартухам са сваёй ідзьёцкай усмешкай, і толькі таму выратаваўся. І ты, ты…
– Што я, тата?..
– БАБАМАМА зробіцца табе жонкай!
– Тата!
– Тата я ўжо трыццаць два гады, – зусім спакойна сказаў бацька. – Дык вось, Ігар, праўда такая: яны хутка ажэняць цябе на сабе. Бабароза алейным памазаннем спаралізуе тваю волю. А потым сваёй ерыхонскай трубой прасвідруе дзірку ў галаве. Мама нашпігуе тую дзірку даўжэзнымі макаронінамі гісторый і сваіх тлумачэнняў да іх, ад якіх у цябе канчаткова загусцеюць мазгі і сапсуецца каардынацыя ў прасторы. А Бабагруня ўрэшце прафесійна падмахне любую экспертызу – прызнае ўнука прыдатным жаніхом і паставіць штампік на лоб. Уцякай, Ігар!
Тут бацька паглядзеў урэшце Роні ў вочы:
– З ёй во і ўцякай!
Раздзел 10
Кніга будучых камандзіраў
Калі мне споўнілася шэсць гадоў, Бабаманя падарыла мне “Кнігу будучых камандзіраў” аўтарства А. В. Міцяева, выданне 1979 года. Там быў такі малюнак: вакол мапы новаспечанай РСФСР – а былая Расійская імперыя скурчылася тады да памераў некалькіх губерняў – скакалі прадстаўнікі варожых сілаў. Пятлюраўцы, махноўцы, афіцэры белай арміі, брытанскія жаўнеры-інтэрвенты. Савецкі мастак-прапагандыст пастараўся ўдыхнуць у гэтыя фігуркі як мага больш раз’юшанасці і гневу. У бяссільнай злосці праціўнікі рабоча-сялянскага ладу тыцкалі ў абрыс малюпасенькай Расіі свае вінтоўкі і наганы. Урангелеўцы накіроўвалі на РСФСР кулямёты. Злавесна патрасалі Маскве і Петраграду крывымі палашамі экзатычныя басмачы ў чалмах, а лубочна-вусатыя белапалякі пагражалі наетымі кулакамі Смаленску. Злаваліся, нерваваліся, уваходзілі ў шал – але гэтыя нікчэмнікі відавочна нічога не маглі зрабіць чырвонаму грыбу (як высвятляецца, так у 1919 годзе выглядала савецкая Расія на мапе. Тонкая ножка гэтага грыба сілкавался ад Каспійскага мора).
Вось і мне падумалася, што, не раўнуючы тыя інтэрвенты, мае бабулі з дзядамі скакалі сабе, толькі вакол іншай краіны. Вырваныя з наседжаных месцаў, сцяўшы зубы і жаданні, яны заўзята танчылі жарсны і толькі ім зразумелы танец непрыняцця вакол Беларусі. Не ў сілах ступіць на гэтую зямлю і пайсці сабе звыклымі чалавечымі сцежкамі. Не ў змозе агледзецца, спыніць свой танец. Паводзіліся так, нібыта празрыстая, але трывалая агароджа абараняла ад іх новую радзіму.
Бабулі і дзяды так і не змірыліся са сваім наканаваннем. Працягвалі жыць у асабістых краінах-мроях. Курылі опіум згадак і спачывалі ў летаргічным одуме. Аддавалі перавагу вясёлкаваму мінуламу перад зрэбнай цяпершчынай, рэфлексіі перад дзеяннем. І разам з тым, не ўрымсціліся, не насыціліся. Не напіліся раз’ятранасцю падманутага. Вялі вечную бітву ні за што, усё напроці чагосьці. А яно ўсё пайшло на іх.
Час іх не лекаваў. Нянавісць да цяперашняй рэінкарнацыі была іх любасцю. І да канца жыцця бабулі і дзяды, паводле звычкі, захоўвалі гэтаму пачуццю вернасць. Нягледзячы на прымірэнчыя сігналы з боку рэчаіснасці, ні на які кампраміс з ёй не ішлі. Убачыўшы на менскім вакзале чатырохмоўны надпіс, у якім было столькі родных ім закаручак, што віталі і мусілі супакоіць іх, маўляў, не ўсё так дрэнна тут, аднак бабулі і дзяды – от хоць ты што! – усё роўна згледзелі ў ім нейкую каверзу.
А калі і сапраўды ўпадабалі яны тут нешта, дык толькі так, як падабаюць больку, якую можна час ад часу падкалупваць, а потым моцненька плакаць ад шчымення і злосці на сваю дуроту. Да апошняга свайго ўздыху бабулі і дзяды ўпарта сядзелі на сваім фанерным чамадане пасярод недабрукаванай Прывакзальнай плошчы ды не адчулі, як ягонае днішча пусціла карэнне.
Нават зрываючыся ў невараць, бабулі і дзяды не адпускалі ўхопу, які нічога не хапаў. Як самае каштоўнае, сціскалі яны пусты кулак сваёй нетутэйшасці. Бо якраз тутэйшае было для іх увасабленнем усяго таго, што пайшло ў іхнім жыцці “не так”: няслушна, нешчасліва, няшчыра, непраўдзіва.
Мой пераезд настала адсюль у іншы горад, у іншую краіну, быў перадвызначаны яшчэ за два пакаленні да нараджэння. Інакш і быць не магло. Я, Ігаль, “той, які будзе збаўлены”, стаўся адзінай надзеяй бабуль і дзядоў на іхняе збаўленне з абдоймаў тутэйшчыны пасля іх фізічнай смерці. Ім усім гэта было вядома.
Але з невядомых прычынаў, выпіхваючы мяне з “гэтага закалдычча”, яны не толькі нікуды не адпускалі “ў харашмяную краіну”, а і наадварот – бралі ў абцугі. Нават паміраючы, сціскалі сваё інтэрвенцкае кола вакол мяне мацней і мацней.
– Нашто табе, Ігарочачак, тыя бацькі, калі маеш прабабулечачку? – трубіць мне наўздагон Бабароза.
– Нашто табе, Ігарочак, тыя сябры, калі маеш сям’ю? – мурлыкае мне ў твар Бабагруня.