– Твой Менск, Персей, мяне не ўразіў, – дадае Роні. – І не захапіў па той простай прычыне, што ў ім я адчула, нібыта ўжо была там шмат разоў. Я б нават, напэўна, магла жыць там – я ж усіх там ведаю! Цябе, тваіх бацькоў, усю тысячу каханак Дзядзюлі, якія цяпер ператварыліся ў зусім старэнькіх фрау. Я іх усіх ведаю, а твае жанчыны са мною так і не пазнаёміліся!
– Дык ты ж сама схацела хавацца ад бабуль! Каб мы, як ты сказала, “заставаліся ў добрай шпіёнскай форме”.
– Я?! Нешта не дабяру памяці. Здаецца, гэта ты сказаў мне, што калі ў Еўропе над намі крукам згінаецца мой муж і сямейнае жыццё, дык у Менску – твая немажлівая Бабароза. Ад яе невядома чаго можна чакаць, і таму лепей быць асцярожнымі і не трапляць ёй да пары на вока.
– Роні, не ляпай абы-чаго! Ты сама катэгарычна не хацела знаёміцца з бабулямі, – кажу я.
А сабе думаю, што проста дзіўна! Бабароза і Бабагруня жылі са мной: штодня глядзелі мой знешні выгляд, раз на дзень кармілі нясмачным абедам з салатай, першым, другім (мяса + гарнір + падліва) ды ўзварам са штрудалем на дэсерт. Зазіралі ва ўсе куты майго жыцця. Тыцкалі нос у маю працу, паплёўваючы на мапу. Назіралі маю ўзбаламучанасць пасля еўрапейскіх камандзіровак. І нават не здагадваліся пра маю найвялікшую таямніцу. А мама, іх адданы сатэліт і заўзятая паляўнічая на шчасліўцаў пасля нашай выпадковай сустрэчы ў Вільні нічога ім так і не сказала.
– Адным словам, Персей, ты так і не паказаў мяне сваім жанчынам…
– Я паказаў цябе свайму бацьку.
– “Паказаў, паказаў”! – перадражнівае Роні. – Калі мы прыйшлі да яго ў арэндаваную аднапакаёўку, вы гутарылі міжсобку ўвесь вечар навылёт, а я нават слова не ўставіла. Нічога з вашай гутаркі не зразумела. Дарэчы, аб чым вы там?..
Сапраўды, пазнаёміцца як след бацьку з Роні так і не ўдалося. Так сталася, што гэты наш з Роні візіт быў маёй першай сустрэчай пасля яго такога раптоўнага разводу з мамай.
Ён разышоўся з мамаю на трыццаць трэцім годзе шлюбу (як мне падалося, без дай прычыны), пасля таго, як пражыў з Бабарозай і Бабагруняй два гады на адным паверсе ў панэльцы на Зялёным Лузе.
Бацька з’ехаў зусім. Зняў аднапакаёўку на нішчымнай ускраіне Менска, у прыватным сектары ў Чыжоўцы.
Падчас візіту ў чыжоўскую хату Роні спярша няўцямна клыпала вачыма, рэагуючы на нашу з бацькам славяншчыну. Потым з нуды ўвесь вечар аглядала абгрызеныя пазногці на дасканалых пальцах.
– Я персанальна для твайго бацькі перла кіршвальд-торт з Вены, але да таго торта так ніхто і не дакрануўся! – абураецца Роні. – А вечар знаёмстваў з бацькамі ператварыўся ў вашу сямейную разборку.
Але і цяпер я нізавошта не хачу сказаць Роні прычыну спрэчкі.
Разведзены бацька змяніўся. Больш сябе не даглядаў. Піць не стаў, але спартова-актыўны лад жыцця, любы ім, знік цалкам. Бацька кінуў хадзіць у басейн, стаў есці абы-што і абы-дзе. Ягоныя колісь прыстойнага фасону гарнітуры і пуловеры сталі выдаваць на працоўныя робы – ён не здымаў іх нават дома. Адпусціў даўгую бараду, якая з’ела гарманічны твар і, здаецца, стала ўплываць на ягоныя рацыянальныя звычкі. Бацька занурыўся ў чытанне палітычна-масавых газетаў і бясконцыя глядзенні навінаў па тэлевізары.
Цяпер для бацькі, чалавека аператыўнага складу, свет і стасункі паміж людзьмі перасталі выглядаць, як часам няспраўны механізм, якому ўсяго толькі патрабуецца невялічкі рамонт. Сапсаваўшы адносіны хоць з якім сваім нешматлікім знаёмым (сяброў у яго ніколі не было), бацька ўжо ніяк не імкнуўся іх наладзіць. Цяпер ён не званіў ім, як раней, каб прабачыцца ці апраўдацца.
Бацька раптам палюбіў абгаворваць знаёмых і сваякоў. Разважаць пра прыроду людскіх адносінаў, адцягнена філасофстваваць. Першы ж пасаж, сказаны ім пры нашай сустрэчы, мусіў мяне насцеражыць:
– Вось, Ігар, ёсць такі выраз: “уцякае, як пацук з тонучага карабля”. Дык вось, у мяне пытанне. Куды той пацук уцячэ, хочацца ведаць? Вакол жа мора!
У мове безагляднага пазітывіста раптам сталі пракідвацца неўласцівыя ноткі містыцызму. У дадатак, усё роўна як нейкі прыпад’езны пенсіянер, бацька заняўся актыўным пошукам вінаватых. Камуністаў, Македонскага, амерыканцаў, расійцаў. Бязвольнай апазіцыі, залішняй памяркоўнасці або нават Усявышняга, які, як вядома з Бабарозінага выслоўя, “нашую гаротную зямельку любець-та любець, токі шчасцейка не даець”.
Бацька папоўніў шэрагі гэтай бязлікай арды. Далучыўся да мільённай арміі зямлян, якая бачыць у светабудове адно ўсёпажыральную нелагічнасць і трагічнае бязладдзе. А ўсім вядома, што калі механікі пачынаюць сумнявацца і абгрунтоўваць этычныя аспекты сваёй машыны, тая адрамантаванай не будзе.
Развод з мамай адбыўся з яго ініцыятывы.
– Тата-тата! Што з табою сталася? – у прысутнасці Роні я адчуў сілу выбавіць бацьку з павучыння заняпаду. – Ты ж быў самы моцны і непахісны з нашых мужчынаў! Пасля вяселля ты перажыў наймацнейшыя маміны выбрыкі з нежаданнем кухарыць і гаспадарыць. Ты зачараваў Бабагруню – ну, не тое, што яе было цяжка зачараваць мужчыну, канечне, – але ўсё ж… Ты быў дастаткова памяркоўны, каб не лезці на ражон да Бабарозы – усю дарогу ў цяні мамы ўхіляўся ад любых сварак, элегантна ўдаваў адданага сатэліта. Тата-тата, ты быў таленавітым хамелеонам! Убіўся ў жаночую ласку як ніхто з нас: ні Дзедлёня, ні Дзядзюля, ні Дзедвасілій, ні Дзедзэлік, ні я.
Слухаючы маю палымяную прамову, бацька адно ціха перавёў позірк на Роні. Пажаваўшы бараду, неяк сарамяжліва і бажавольна ёй усміхнуўся. Потым паглядзеў у акно. На падаконні занядбанай чыжоўскай хаты шыхтаваліся полчышчы кактусаў разнастайнай формы – новая бацькава забаўка. Раней яму падабаліся гладыёлусы.
Але мне падалося, што бацька слухае і нешта там з майго сказанага ўсё ж бярэ да галавы, таму я палка працягнуў:
– Тата, ты шчыра кахаў маму, не чакаючы нічога наўзамен! Дык што, менавіта цяпер, калі праз столькі гадоў яна стала адказваць табе той жа манетай, ты, у адплату за гады нелюбові, развёўся?! Рыцар дабіўся прынцэсы, і яму стала нецікава?
– Рыцару зрабілася страшна, – аўтаматычна прашаптаў бацька. І потым дадаў уголас:
– “Дабіўся прынцэсы”? Ляпаеш, Ігар, абы-што…
– Тата-тата, успомні прыклад Дзедвасілія, як пасля турмы ён перастаў размаўляць з жонкай і дочкамі. Заленаваўся па гаспадарцы. Занурыўся ва ўнутраны свет. Не стаў даглядаць сябе. Жыў, як адлюдак. Адно ладзіў свой ідзьёцкі выбрык з белай анучай, – кажу я. – І ён, як ты памятаеш, даволі хутка памёр…
– Ну, не дэманізуй, Ігар, адлюддзе і ціхае вар’яцтва… – сказаў бацька. – Дзедвасілія прыбраў Чорт.
– Ча-го?!