Бабароза пасавала для сахнутаўцаў стоадсоткава. У Бабарозы ж, акрамя яе выбітнага імені, было належнае прозвішча. Пасля выхаду Дзедавасілія з турмы ў 1954 годзе нейкі міліцэйскі грамацей праглынуў тры апошнія літары, і запісаў новы пашпарт на імя Васілія Крэмера, замест Крэмерчука. Каб лішне не цвяліць уладу і не трапляць ёй на ясныя вочы, новае прозвішча Дзедвасілій вырашыў не абскарджваць. Мала таго – загадаў усім сямейнікам з Крэмерчукоў таксама зрабіцца Крэмерамі. І жонцы загадаў, і Бабанадзі (Бабагруня ўжо змяніла прозвішча на Дзядзюлевае Шапіра).
– Крэмер? Роза? Іванаўна? Гэта вас турбуюць з арганізацыі “Сахнут”, – звярнуўся на другім баку дроту да Бабарозы голас, чаканячы кожнае слова з прафесійнай картавасцю. – Роза Іванаўна, вы хочаце ў Ізраіль?
– Да хрыстазабойцы?
Вядома, яна мела на ўвазе “пракуратара” Дзядзюлю. Гэты “грушаўскі Понцій Пілат”, “гэты рымскі вупыр” толькі пераехаў туды на ПМЖ. Але сахнутавец пачуў па тэлефоне канчатак множнага ліку, “хрыстазабойцаў”, і ў слухаўцы пачуліся пакрыўджаныя кароткія гудкі. Вось як выйшла, што тады Бабарозу не запісалі габрэйкай.
І вось праз колькі гадоў Бабароза тэлефануе ў “Сахнут” ужо з уласнае ініцыятывы. Гэтым разам “Сахнут” быў настроены не так дэмакратычна: там сказалі, што гэткае прозвішча можа належаць і нямецкім нашчадкам. Супрацоўнік агенцыі патрабаваў пісьмовых доказаў: ці то выпіскі з рабінскіх кніг, ці то савецкага пашпарта з графой “нацыянальнасць”. Да таго ж, Бабарозе нагадалі пра яе гнеўную, антыізраільскую, каб не сказаць антысеміцкую, водпаведзь колькі гадоў таму, праз якую яна трапіла ў сахнутаўскія чорныя спісы.
Пару месяцаў паперажываўшы праз гэты адлуп, Бабароза прыдумала іншы хітрэцкі захад. Калі не ўдалося стаць дыпламаванай габрэйкай пры жыцці, тое можна зрабіць пасля смерці! Бо колькі ёй, амаль стогадовай, таго жыцця засталося перад бясконцасцю тагасвецця? Бабароза, якая колісь лічыла сябе расійкай па мужу, падумала: чаму яна не можа быць габрэйкай па былым зяцю? Бабароза схацела запісацца жыдоўкаю не на нейкіх там тленных паперках, якія, як вядома, можна згубіць ці падрабіць, а вычасаць сваю прыналежнасць да абранага народа на магільнай пліце. Вычасаць на іўрыце, без перакладу на мовы іншых гойскіх народаў, якія яе, Бабарозу, жахлівую і немажлівую, яўна не заслужвалі.
Адным словам, Бабароза намысліла пахавацца ў габрэйскім сектары з габрэйскім надмагіллем. Узлегчы на Маскоўскіх могілках на дзялцы, якая належала Дзядзюлю, бо на гэтых кладах ужо даўно не хаваюць. Каб увесь свет – і гэты, і наступны – даведаўся, што Бабароза не такая, як усе наўкола, што яна – адметная. Ёй хацелася стопудовага доказу.
І ў гэтай справе Бабарозе было за што схапіцца. Колькі гадоў таму яна ўжо пралабіравала, каб урну з прахам ейнай дачкі, Бабанадзі, пахавалі побач з Бабадорай, мамай Дзядзюлі. Тады Бабароза кінула спробны камень. Цяпер, усунуўшы ў прыадчыненую адтуліну нагу, Бабароза, так бы мовіць, прасоўвала ўсю сваю выгоністую паставу, падобную да тэлевежы. Бабароза хацела пахавацца побач з былой швагеркай, Бабадорай, з якой яны колісь разам шчасліва развялі дзяцей. Заставалася толькі пераканаць Дзядзюлю, уладальніка магільнай дзялкі.
І зноў для Бабарозы шанцаванне – у той самы момант Дзядзюля быў як ніколі ўразлівы ды нямоглы. Стаяла восень 1995 года. Ультраправы экстрэміст Ігаль Амір на тэль-авіўскай плошчы Валадароў Ізраілевых двума пісталетнымі стрэламі толькі што збавіў са свету прэм’ер-міністра Іцхака Рабіна.
– Габрэй падняў руку на габрэя! – стагнаў Дзядзюля перад абліччам сваёй пятай (і апошняй) жонкі Бабафані і як наняты сноўдаўся па іхняй ерусалімскай кватэры.
– Каб жа я ведаў, што такое будзе дзеяцца ў святой Дзяржаве Ізраіль! Каб жа я такое ведаў наперад… Дык мы б з Фанечкай лепш паехалі ў Штаты!
– Не, Юлік, мы б паехалі ў Нямеччыну! – крычала ў адказ Бабафаня. Яна была сухенькай татаркай з чорнымі вачыма і сабранымі ў клубок валасамі. Поўная процілегласць колішняму Дзядзюлеваму ідэалу жанчыны.
– Галечка, трэба ехаць! – сярэдначы па міжнароднай лініі нервова мармытаў Дзядзюля маме ў слухаўку. Мама, якая цяпер матлялася па прадукты ў Польшчу і Літву, ужо зусім нічога не разумела:
– Татачка, ты ўжо з’ехаў!
Здавалася, большай абразы для Дзядзюлі, чым жыць у краіне, дзе габрэй забіў габрэя – да таго ж забойца носіць імя ягонага ўнука – было прыдумаць цяжка. Але тую абразу прыдумала Бабароза: у адзін з лістападаўскіх вечароў яна патэлефанавала ў Ізраіль і з прачулай, саладжавай інтанацыяй, якая ясна давала зразумець, колькі даляраў каштуе кожная хвіліна яе брыльянтавага часу, папрасіла ў “любенькага зяцёчачка” прабачэння за ўсе былыя грахі і спыталася згоды пахавацца побач з Бабадорай.
Дзядзюля ад нахабства ледзь не задыхнуўся. Па міжнародным дроце пайшлі гуляць яго трывожныя сыкі. Урэшце, склікаўшы сілы разам, ён на выдыху адказаў, што даўным-даўно з Бабагруняй не жанаты. І што калі ён, можа быць, і дазволіў пахаваць Бабанадзю, сястру Бабагруні побач з Бабадораю па парадзе Бабарозы, дык толькі дзеля Галечкі, сваёй дачкі, каб той было прасцей і зручней даглядаць бабульчыну і цётчыну магілы. А вось з Бабарозай, ужо пяцьдзясят гадоў як не ягонай цешчай, у яго ўжо дакладна нічога агульнага няма і быць не можа, выйшаў з цярпення Дзядзюля, і хай тая заграбае свае стогадовыя косткі і хаваецца дзе хоча, хоць у Ізраілі, хоць у Расіі, хоць на Храмавай гары ў Ерусаліме – адно па-за межамі ягонай кроўнай дзялкі на Маскоўскіх могілках.
Бабароза падазрона змаўчала. Тады, асмялеўшы, Дзядзюля ляпнуў быў яшчэ, што калі каханне сыходзіць, дык у прыстойных людзей застаецца пачуццё сораму і няёмкасці.
Тут ён і адкрыўся для ўдару. Даўняя і дасведчаная змагарка з каханнем (ды іншымі збыткоўнымі пачуццямі) Бабароза адным лёгкім пасажам разбіла гэтыя смеху вартыя Дзядзюлевы аргументы. Шматкроць адрэпетаваным довадам супрацьпаставіла эмоцыі сямейным повязям.
– Юлічачак, зяцічачак! Твая шчырая неўміручая праўда! – пяяла ў адказ Цукроза. – Сорамы з каханнямі прыходзяць і сыходзяць, а былой сям’і не бывае!
Дзядзюля толькі застагнаў у адказ.
Праз дванаццаць гадоў пасля вырванай абцугамі згоды на пахаванне, у 2008 годзе стодзесяцігадовая Бабароза шчасліва памерла. Цяпер, падчас сваіх ужо рэдкіх прылётаў у Беларусь, акрамя магілы любай мамулечкі, Дзядзюля быў вымушаны адведваць помнік ненавіснай экс-цешчы і яе малодшай дачкі-самагубцы. На гіганцкім помніку ў праваслаўнай Бабарозы надпіс быў зроблены выключна на іўрыце, і на шэсць бакоў свету пераможна пускала сваё праменне гіганцкая залатая зорка Давіда. У сярэдзіну зоркі, насуперак усім канонам юдаізму, быў уклеены медальён з партрэтам (Бабарозіна пасмяротнае пажаданне). Дзядзюля жаліўся мне, што яго нібыта мачаюць у ягоныя ж дзіцячыя сікі.
Адзінае, чым змог адпомсціцца Дзядзюля, – ён наняў самага таннага ў Менску фотамайстра, эмальшчыка ці каго там, які перакруціў прапорцыі як след: вочы ў Бабарозы выйшлі завялікія, на выкаце, астатні ж твар – наадварот, здрабніўся.
Але Дзядзюлевы пакуты не трывалі доўга. Праз год пасля Бабарозы выправіўся да Абрама на піва і ён. І зрабіў ён гэта ў паветры, пасярод рэйса “Менск – Тэль-Авіў”, па-над сваёй роднай Галіцыяй. Я пры ўсёй павазе – маёй да Дзядзюлі і Дзядзюлевай да Галіцыі – не перакананы, што Дзядзюлеў разлік быў гэткі.
Блага Дзядзюлю зрабілася яшчэ ў горадзе. Але ён усё роўна не адмяніў паездкі ў аэрапорт “Менск-2”, які месціцца кіламетраў за трыццаць ад гарадской рысы. Сам зялёны, учапіўшыся збялелымі пальцамі ў сядзенне кіроўцы, сінімі губамі Дзядзюля горача шаптаў у бацькава вуха: “Давайце, Андруша, хутчэй!” За ўсякую цану Дзядзюля прагнуў трапіць на борт самалёта. Надта ўжо яму не хацелася пахавацца тут, побач з Бабарозай, “гэтай, Ігаль, грандыёзнейшай сіяністкай”. Цяпер Дзядзюлю не цешыла нават прысутнасць на дзялцы любай мамулечкі, Бабадоры.
Дзядзюлю пахавалі каля Бэтлеема, у паселішчы Тэкоа, колішнім старадаўнім горадзе Юдэйскага валадарства. Дзядзюлевы помнік вылучаецца сярод іншых магілаў габрэйскіх пасяленцаў. На яго паверхні, паводле педантычнага адвакацкага тэстаменту, – выключна кірыліца.
…У той апошні прыезд з Ізраіля ў Менск Дзядзюля, адчуваючы блізкую смерць, грунтоўна парадкаваў магілы. Мы падмазалі залатой фарбай надпісы на помніках Бабадоры, Бабанадзі і Бабарозы. Мы забетанавалі кветнік перад надмагіллем. Яшчэ там сёе-тое… Побач, з рулеткай у руках, увіхаліся мама і Бабагруня – выгадоўвалі будучае месца для сябе. Потым яны, кажучы амаль што ў адзін голас, далі мне апошнія ц/у, як трэба рабіць, каб не плацячы за пахаванне і ні з кім не ўзгадняючы, пранесці урну з іхным попелам праз заднія веснічкі і, выкапаўшы ямку метр на метр, цішком-нішком падхаваць іх да астатніх жанчын.
(“Нават пасля смерці БАБАМАМА хоча быць разам”, – даведаўшыся пра гэта, пракаментаваў бацька).
Побач у цярплівай моўчы габрэйскага сектара стаялі такія ж пакінутыя на вякі вечныя, надзейна закансерваваныя іншыя магілы-саркафагі.
Праз пару гадоў неанацысты, сябры групоўкі “Рускае нацыянальнае адзінства”, святкавалі дзень народзінаў Гітлера. Калі яны зайшлі адведаць габрэйскі сектар, дык нябожчыкі былі гатовыя да атакі. Габрэйскія помнікі з чорнага граніту ўзвышаліся, як вежы Мордара. У чэраве і фундаменце іх былі ўжыўленыя чыгуначныя рэйкі і жалезабетон – не расхістаць. Але і проста падысці да помнікаў не выпадала: дзверкі ў агароджах былі намертва прывараныя. Каб трапіць у сярэдзіну, патрэбна было рызыкнуць мужчынскім начыннем і агораць далёка не нізкі металічны плот, ушпіляны вострымі (а сям-там – і адмыслова навостранымі) пікамі. На некаторых дзялках паміж пікамі напіналася калючка. Заліты пад агароджамі метровы слой бетону ўпэўнена прадухіляў падкоп. А яшчэ вандалаў чакалі гразкія пасткі ў выглядзе замаскаваных леташнім лісцем ямаў – тое былі выкапаныя, але не выкарыстаныя магілы.
Тут не ставала толькі дратоў пад электрычнасцю і памежнікаў з сабакамі. Так, гэта быў архіпелаг самастойнай Рэспублікі Жыдовіі, тры на тры кожная выспа, з дзяржмяжою і нацыянальнымі сімваламі на збудаваннях. Юдэйскае валадарства на выгнанні. Абяцаная зямля для Бабарозы, Бабадоры і ўсіх-усіх-усіх.