У дадатак Бабаманя, шчырая атэістка, не верыла ў вышэйшыя сілы, якія верхаводзяць людскімі лёсамі. Ні ў Бога, ні ў цара, ні ў багатыра. Не спадзявалася яна, у адрозненне ад Дзядзюлі, таксама на абяцаныя землі.
Дзве рэчы, на алтар якіх яна свята ўскладала сваё жыццё: здаровае харчаванне і афіцэрскі кіцель. Бабаманя была перакананая, што чалавек – няважна, у якой краіне (абы было там сіняе мора і бравы марфлот), – які зранку апрануў чорны бушлат капітан-лейтэнанта, а потым шчыльненька паснедаў – цар і бог, ці калі хочаце, генсек і Ленін. Той, хто носіць корцік на сцягне, а на абед у адміралцейскай страўні бярэ першае, другое і кампот, а ўвечары трушчыць бульбу з рабрынкамі, прыгатаваную жончынымі рукамі – трапляе да Жыцця на асаблівы рахунак, як у хрысціянстве які-небудзь святы ці блажэнны. І ўсе ільготы пры такіх раскладах пашыраюцца таксама на жонку лёсіка.
Менавіта таму Бабаманіна версія ейнага выгнання з райскага саду (чытай – вымушанага ад’езду ў БССР) гучыць трохі інакш.
– Штосьці стрэльнула ў галаву твайму ўпартаму дзеду, – пачынае сваю адвечную скаргу Бабаманя. – Я жанілася з марскім афіцэрам – ён жа выявіўся нейкім беларусам!
Спачатку Дзедбарыс, кажа Бабаманя, без дай прычыны, пачаў скідаць свой шыкоўны кіцель адразу пасля працы. Не хадзіў у ім з жонкай у тэатр ці ў госці, аддаючы перавагу няўгледнаму цывільнаму гарнітуру. Але на гэтых ганебствах Дзедбарыс не спыніўся. У хуткім часе перастаў галіцца, як належала паводле негалоснага правіла прыстойнаму марскому афіцэру, і завёў скандальна-патрыярхальную бараду, нібыта які-небудзь геолаг ці яшчэ горш – інжынер. А аднойчы дык увогуле купіў на кранштацкай таўкучцы таўшчэзны даваенны фотаальбом “Беларусь ардэнаносная”. І пасля гэтага альбома, кажа Бабаманя, далейшае маральнае гніццё Дзедбарыса было ўжо перадвызначанае. Па нейкім часе пад уплывам настальгічнага фотаальбома ён пачаў вымаўляць “трАпка” і “гдЗе”. І казаць “бульба” замест “картошка”. І, натуральна, што наступным крокам, не параіўшыся з ёй, звольніўся з ВМФ. На заканчэнне купіў білет на цягнік і па-зверску, гвалтам звёз іх усіх, уключаючы “крошечного Андрюшу”, майго малалетняга бацьку, у “этот мінск”. Назва горада вымаўляецца з малой літары.
Бабаманя была перакананая, што ўсе мужчыны, якія не носяць формы, – нейкія няўдахі і зломкі, якім не пашэнціла ў жыцці. Калі мая мама жанілася з маладым фізікам, татам Андрэем, у 1975-м, дык выйшаў прыкры інцыдэнт. У кухні, на якой таўкліся маміны сяброўкі і сядзела ў вэлюме сама мама, Бабаманя, што зайшла глянуць на нявестку, без усякай задняй думкі вываліла:
– Ці з цывільных мужчыны? Ці з фізікам любоў? Не ведаю, не ведаю, дзяўчаты, як вы ўвогуле бераце шлюб са студэнцкай навалаччу! Вось афіцэры, вось марфлотаўцы…
Карыбскі ракетны крызіс 1962 года сям’я Дзедбарыса сустрэла ўжо ў Менску. Бабаманя з непрыхаванай зайздрасцю і шкадаваннем углядалася ў газетныя фотаздымкі савецкіх гандлёвых караблёў і баржаў, якія везлі на Кубу замаскаваную пад гуманітарны груз зброю і пераапранутых у цывільнае вайскоўцаў. Усё гэта вось-вось мусіла трапіць у мясарэзку трэцяй сусветнай вайны. Сярод размытых фатаграфіяў пераапранутых у працоўныя спяцоўкі пяхотнікаў і стрункіх марскіх афіцэраў, якія ўдавалі прадстаўнікоў Торгфлоту, яна так марыла пабачыць свайго Барыса!
Не, яна зусім не жадала смерці роднаму мужу.
– Проста “ўдава марскога афіцэра” гучыць значна лепш за “жонку беларускага інжынера”, – шэптам зласлівіць мама.
Падчас Карыбскага крызісу Бабаманя знарок пакідала разгорнутыя газеты навідавоку. Але ўжо цалкам цывільны Дзедбарыс і тады не спакусіўся.
Прыехаўшы ў Беларусь, скінутая з неба сям’я колішніх небажыхароў адно мяняла колы пекла, жаліцца Бабаманя. Яны арандавалі веранду ў доме, які належаў улюбёнаму шафёру Якуба Коласа, Дзмітрыю Коласаву. Якуб Колас падарыў свой стары дом шафёру, калі пераехаў у адмыслова пабудаваны для яго новы дом у цэнтры горада, за Акадэміяй навук. Бабаманіны начлегі на выстылай верандзе нарпаэта, ясная рэч, не дадалі балаў беларусам і іхняй культуры. Крошечный Андрюша пастаянна хварэў.
Пераезд з Санкт-Пецярбурга ў Беларусь стаў адзіным гераічным учынкам Дзедбарыса ва ўсёй яго біяграфіі, пасля якога той так і не ачуняў. Па вяртанні на бацькаўшчыну ўсё стала валіцца ў Дзедбарыса з рук (ці наадварот, не трапляла ў іх): і хлебныя месцы, і ўпарадкаванне побыту, і ўхарашэнне жыцця. Усе савецкія бонусы – машыну і дачу, ён здабыць так і не змог. Нават крыштальны сервіз і дываны на сценку ў іхняй хрушчоўцы на Кнорына, па меркаванні Бабамані, былі нейкія “не па-багатаму”. Да канца жыцця Дзедбарыс працаваў на адным і тым жа месцы, у канструктарскім бюро завода “Калібр”, што на вуліцы Маскоўскай.
– Дзедбарыс збегся, як швэдар пасля прання, – каментуе бацька.
У Беларусі Бабаманя сутыкнулася з цяжкім побытам: дзед Барыс пайшоў працаваць на завод простым радыёінжынерам, якія паводле савецкай завядзёнкі атрымлівалі заробак нават меншы – о, ганьба нам! – за простых матросаў (у сэнсе, рабочых).
Усё, што зрабіла засмучаная Бабаманя для інтэграцыі ў беларускае грамадства і культуру, – з жалю купіла рускі пераклад рамана Івана Шамякіна “Сэрца на далоні”. Прачытала – засмуцілася ўшчэнт і далей жыла, як жыць не збіралася. За паўстагоддзя свайго жыцця выкшталцоная курсістка ні разу не адведала цэнтра Менска. Ніводнай тэатральнай пастаноўкі ці выставы. Не аднавіла сваёй акторскай кар’еры.
Калі Бабаманю на працы пыталі, чаму яна не бывае ў людзях, тая зазвычай адказвала ў сваёй рытарычнай манеры:
– Ці з Купалаўскага тэатр? Ці з Машэраўскага праспект? Ці з Коласа паэт? Вось Марыінскі тэатр, вось Неўскі праспект, вось Пушкін…
Яна бавілася ў межах тадышняй ускраіны, сваёй Кавалерыйскай вуліцы і совалася адзінымі звыклым маршрутам: праца – крама – дом.
Потым Кавалерыйскую перайменавалі ў Кнорына, на гонар бальшавіка Вільгельма Кнорына-Кнорыньша. Адзін з першых кіраўнікоў БССР, які колісь сказаў такія словы: “Мы лічым, што беларусы не ёсць нацыяй, і тыя этнаграфічныя адметнасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх расійцаў, належыць выкараніць”. Калі б Бабаманя прачыталі гэткае сцверджанне, яна б яўна схацела плюнуць тому Кнорыну ў твар. Бо яна на сваёй скуры зазнала тыя адметнасці, праўда, не этнаграфічныя, а сутнасныя. Бабаманя часта шчыра казала, што не мае аніякіх сантыментаў да шурпатай тутэйшчыны, адмаўляецца разумець “іх” мову (“другую паводле мілагучнасці… з канца”, – кпіла яна), “іх” беспрынцыпнае надвор’е, якое накідваецца на цябе адразу па выхадзе на вуліцу ўсё роўна як нейкі назольны цюцька. Нават мясцовыя бярозы, на думку Бабамані, раслі тут няправільнага, кававага колеру. Усё чыста тут ёй падавалася чужым і малапрыемным.
Пасля незалежнасці 1991 года Бабаманя дэманстратыўна паказвала, што не мае таксама ніякага дачынення да новай краіны, Рэспублікі Беларусь. Да канца жыцця наўмысна ўсяляк крыўдна перакручвала, нібыта выпусціла з галавы, прозвішча Македонскага, якое за столькі гадоў навучыліся правільна вымаўляць нават немаўляты. У апошнія гады жыцця Бабаманя зрабіла дома маленькі культ другога расійскага прэзідэнта, ураджэнца Ленінграда Уладзіміра Пуціна. Навідавоку, на журнальны столік, паставіла ягоны партрэт у пілотцы падводніка. Казала пры ўсіх, што бялявы Пуцін з праніклівым позіркам пасаджаных блізка вачэй нагадвае ёй невядомага мне Дзядзьсашу, колішняга яе ленінградскага кавалера, яшчэ да Дзедбарыса, за якога Бабаманя не выйшла замуж толькі таму, што ён вучыўся ў тамтэйшым палітэху на інжынера.
Бабаманя цалкам перакваліфікавалася ў іншую галіну, навуковую. Адзінай аддушынай у Беларусі для яе, малодшай навуковай супрацоўніцы інстытута торфу, было Палессе. Усё жыццё Бабаманя пісала дысертацыі на тэму схаваных гідрарэсурсаў гэтага краю. Толькі тады, падчас камандзіровак у балотныя нізіны і даследчых выездаў на веснавыя разлівы Ясельды і Прыпяці, Бабаманя абуджалася. Цікавілася ўсімі і ўсім навокал. Здавалася, яна шчыра паверыла ў Герадотава мора, якое паводле сведчання старажытнагрэцкага навукоўцы колісь рассцілалася на месцы Палесся. Бабаманя была, напэўна, адзіная ў БССР, хто прамаўляў на поўным сур’ёзе гэтакае смешнае словаспалучэнне “беларускі флот”. Яна доўга і моцна ўпрошвала млявага Дзедбарыса, каб той падаўся на працу выкладчыка ў Пінскую мараходную вучэльню. Нягледзячы на тое, што гэтая ўстанова дажывала свае апошнія дні, бо Прыпяць праз меліярацыю зрабілася вераб’ю па калена. Дарма што зазвычай бязвольны, у гэтым пытанні Дзедбарыс сказаў цвёрдае “не”.
Улетку штогод Бабаманя ездзіла ў санаторый “Юнацтва” пад Менскам. З нейкай такой засяроджанасцю яна днямі навылёт стаяла на беразе зацвілага вадасховішча з гучнай назвай Менскае мора, углядаючыся ў яго індыгавыя глыбіні.
Толькі ў 1999 годзе, за два гады да яго смерці, па знаёмстве Бабаманя ўмагчымілася ўладкаваць Дзедбарыса бліжэй да марскіх справаў. Па знаёмстве ўпіхнула яго ў “Куток беларускай марской славы” пры новаствораным музеі “Лінія Сталіна”. Ужо пенсіянер, Дзебарыс зрабіўся музейным служкам.
Тут мама павабіла мяне пальчыкам і прашаптала на вушка, што за сваёй заўсёднай пасіўнасцю і абыякавасцю Дзедбарыс хацеў схаваць той факт, што ўсё сваё жыццё ў Беларусі ён быў абсалютна, бязмежна, невымоўна шчаслівым чалавекам. Дзедбарыс баяўся прызнацца сямейнікам, мурлыча мне мама, што яму моцна прыпала да душы быць цывільным інжынерам у Менску, горадзе свайго сіроцкага дзяцінства.
Мама дадала яшчэ, што Госпад часам жартуе гэтак: на выпадковых людзей зніадкуль, без дай прычыны, раптоўна абрынае струмень безумоўнага шчасця. Выгнаны з Кранштата ў Менск, урэшце вярнуўшыся дадому пасля вайны і бежанства, сваю бітву за шчасце, якую зацята вядуць сыны чалавечыя ўсё жыццё навылёт, Дзебарыс выйграў. Выйграў, не напінаючы жылаў, за адзін ход. Выпадкова і нечакана для самога сябе.
Мама апавяла яшчэ, што на свеце ёсць трохі такіх, абсалютна шчаслівых людзей. Проста пра іх ды іхні гэты мілотны стан мы, звычайныя людзі, мала чаго ведаем. Не ведаем, бо, баючыся праведнага гневу напаўшчаслівай большасці, усё жыццё гэтыя шчасныя хітруны ўпотай сам-насам водзяць карагоды вакол сваёй усцешанасці. Лёсікі старанна маскуюцца пад небаракаў, няўдахаў, нездаровых ды іншых лішэнцаў і сіротаў.
Разам з тым жыццё абсалютных шчасліўцаў, дадала мама, даволі турботнае і нагадвае трывожную долю шпіёнаў. Звонку адрозніць вельмі шчаслівага чалавека ад ускрай няшчаснага няможна ніяк. Бо дваццаць чатыры гадзіны на содні шчасліўцы жывуць падвойным жыццём: з большым ці меншым поспехам курчаць на публіцы гаротную грымасу і безупынку ўдаюць, што ўсё ў іх валіцца з рук.
Гаротнай грымасы ў Дзедбарыса, як мы ведаем, ніяк не выходзіла, затое ў другой справе сякія-такія вынікі былі. Напрыклад, Дзедбарыса ніколі не абыходзілі ўмовы яго жыцця і не турбавала месца працы. Ён пляваць хацеў на самарэалізацыю і кар’ерны рост. Ніколі не выбіваў сабе прафсаюзных дабротаў для ўхарашэння побыту. У дадатак ён патураў абсалютна ўсім: сваім начальнікам, якія круцілі ім як хацелі, уладнай жонцы. Нават яго сабака, бязродны Воўк, абсалютна вольна цягаў бязвольнага гаспадара за шворку па сумнеўных і брудных завуголлях, ад чаго Дзедбарыс штодня прыходзіў дадому з завэдзганымі ўшчэнт калашынамі і брудным палітонам. Але ад няўдачы да няўдачы ён ішоў са сваёй фірмовай дурнавата-мройнай усмешкай.
Мама апавяла мне яшчэ па сакрэце, што ўжо з старэйшых класаў, прыглядаючыся да такіх людзей, як Дзедбарыс, яна зрабілася прафесійнай паляўнічай на шчасліўцаў, даследчыцай гэтых незвычайных людзей. Нягледзячы на сваю стараннасць у пошуку носьбітаў шчасця, за ўсё сваё жыццё, дадае мама, на пэўню яна выявіла толькі траіх такіх асобаў. Дзедбарыс – трэці, кажа мама.