– Я, вядома, усяго не ведаю пра іх і толькі працую над гэтым, даследую іх. Але за гады сваіх назіранняў магу сказаць наступнае…
Тут мама зрабіла інтрыгоўную паўзу і зноў глянула на мяне са значэннем.
– Шмат у якіх аспектах шчасліўцы вельмі-вельмі падобныя да нас, – урэшце паволі вымавіла яна. – Але, Ігар, ёсць некаторыя рэчы, якімі яны ну моцна так адрозніваюцца ад астатняга чалавецтва…
Вызнаць чаго больш пра абсалютна шчаслівых людзей маме не ўдалося. Яе свёкар Дзедбарыс, прытворшчык з досведам, на вякі вечныя запхаў свае сапраўдныя пачуцці за дурнавата-мройную ўсмешку, а таксама за зрэжысаванае як след нядбальства і нягегласць. Другога круглага шчасліўца, Франіка Драбышэўскага з мамінага двара на Чкалава, адразу пасля школы прызвалі ў Аўган, дзе ён знік без вестак. А абсалютна шчаслівую (і ў шлюбе, і ў вучэбных дасягненнях) Рытку Камісараву, маміну аднагрупніцу, на чацвертым курсе пры выхадзе з рэстарана “Сузор’е” пераехаў трамвай.
(“Нялёгка быць шчаслівым”, – сказаў тата, які падслухаў нашу з мамай размову, і блазнавата мне падміргнуў).
– Аднак, Ігар, – сказала мама і пагразіла бацьку пальцам. – Згартаць рук у гэтай справе я не збіраюся, ой, не! Урачыста абяцаю табе, што да самай смерці буду шукаць і выяўляць шчаслівых людзей з двайным жыццём!
І зноў паглядзела на мяне са значэннем.
Дык вось, вяртаючыся да Бабамані – у Менску ёй збольшага нешчаслівілася. Да невыноснай адсутнасці татэмных корцікаў на сцёгнах сухапутных інжынераў дадалася страшная праўда – хвіліна скідання вайсковага кіцеля Дзедбарысам стала таксама пачаткам адліку яе смерці.
Бабаманя ўсё жыццё баялася смерці, гэта чыталася ў яе азёрных чухонскіх вачах, і потым, калі яна стала насіць акуляры, пры размове пра нябожчыкаў у шкельцах пачыналі танчыць агеньчыкі пустаты. Яна ведала, што памрэ, бо цывільныя паміраюць усе падчыстую. То бок сыходзяць з жыцця і вайскоўцы, але робяць гэта неяк годна, не балюча і незаўважна нават для саміх сябе.
І стуль у Менску яна жыць жыла, але дух яе быў падарваны назаўжды. Адзін атрыбут неўміручасці – вайсковую кар’еру мужа – Бабаманя незваротна страціла. Тады Бабаманя яшчэ мацней ухапілася за другі паратунак – здаровае харчаванне.
Колькі яе памятаю ўжо я, яна натхнёна гаварыла пра ежу, гатавала дні навылёт, жыла кухарствам. Ведала страваў з бульбы больш за карэннных бульбашоў. Яе кватэра на Кнорына была пазастаўляная кулінарнымі выданнямі, а на кухні, што нагадвала хутчэй будуар куртызанкі, сценкі былі аблепленыя выразкамі з рэцэптамі і нацюрмортамі.
На журнальным століку ў Бабамані заўжды ляжала ампірна-пампезная “Кніга аб смачным і здаровым харчаванні”, 1952 года выдання, у светла-карычневай вокладцы. З глянцаванымі старонкамі, хвалістымі і пукатымі ад нейкай вільгаці.
Я не памятаю, каб тую кнігу хоць нехта чытаў ці нешта гатаваў паводле яе рэцэптаў. Час ад часу яе гартаў я, разглядаючы дасканалыя кумпякі велічэзных памераў і гіганцкіх фаршаваных шчупакоў-левіяфанаў, што бліскалі сваімі падсмажанымі, срэбнымі з пазалотаю, бачышчамі.
Хвалістасць і пукатасць старонак не сапсавала выяваў. Наадварот – дадала аб’ёмнасці смачнаму і здароваму харчу, які цяпер, здавалася, сіліўся вырвацца з цяснотных старонак кнігі на шырокі разлог рэальнасці, як мячык з футбольнай сеткі. На банкетных сталах зухавата пузаціліся бутэлькавыя арміі каўказскіх вінаў і сітро. Прынадна выпіналіся ціснёнымі гранямі бляшанкі з дарамі мора, якія і дэманстраваць не трэба было. Дастаткова чатырох літараў “І-К-Р-А”, зробленых на этыкетцы залатымі віньеткамі, як да горла падкочваў дрыготкі камяк асалоды. У вазах узлягаў мясісты вінаград-патрыцый, а тонкія крышталёвыя ножкі ваз толькі падкрэслівалі ягоную скандальную тлустасць. Нават кветкі на банкетным стале хацелася з’есці. Струшчыць выварачаныя навонкі пялёсткі разам з аб’ёмным вазонам, які, здаецца, савецкія кандытары выплавілі з белай карамелі.
Аднойчы, падняўшыся рана ранкам у прыбіральню, я заспеў Бабаманю, у цямрэчы пры журнальным стале: унурыўшы ў разгорнуты фаліянт амаль увесь твар да патыліцы, ціхенечкім, тупамерным голасам яна бубніла нейкія, як мне падалося, магічныя заклёны. Яе цела ўздрыгвалася ў малітоўным рытме. Я на дыбачках праследаваў куды трэба і назад у спальню. Лёгшы ў ложак, я стаў з хваляваннем чакаць дзівосаў на сняданак.
Але цуду не адбылося – тым ранкам Бабаманя падала мне банальную курыную сасіску (яна казала “сасіську”) з перасоленай яечняй. Твар Бабамані быў распухлы і пачырванелы. Калі я вярнуўся ў гасцёўню, дык убачыў усё яшчэ разгорнутую “Кнігу аб смачным і здаровым харчаванні”. Хвалістыя і пукатыя старонкі фаліянта брынялі свежай вільгаццю.
У 1998-м мы з мамай трапілі ў аварыю ля Беластока. Тады я дапамагаў ёй вазіць чаўночны тавар з падляшскіх рынкаў. Маршрутка з п’яным кіроўцам перакулілася, і мы цудам засталіся жывыя. Я ляжаў у больніцы. Мае загіпсаваныя рукі былі складзеныя на грудзях, як крылцы аскубанага бройлера. Мама, што абышлася сполахам, сядзела пры маім ложку. Яна набрала нумар на цяжэзным мабільніку, пазычаным у знаёмага братка з рынку, і трымала яго каля майго вуха ўвесь час, што я размаўляў, бо мне трымаць не было чым. Бабаманя паслухала пра ўсе мае цяжкія пераломы і гематомы. І з таго боку дроту завісла паўза. Я спытаў, чаму бабуля маўчыць. І Бабаманя ўрэшце выплеснула з сябе тое, што хвалявала яе найбольш:
– Ігорь, мне здаецца, ты і мама балбочаце пра пераломы, каб прыхаваць, як паскудна вас харчуюць у той больніцы.
Я змаўчаў. Вытрымаўшы колькі імгненняў, Бабаманя заскандаліла – ажно ўсё пачула мама:
– Ці з Польшчы краіна? Ці з Беластока горад? Там, у тваім Падляшшы, ці ведаюць, напрыклад, што такое катлеты? А пюрэ? Вось Ленінград, вось катлеты па-ленінградску…
Я далікатна адказаў бабулі, што яна ўсё блытае – “катлет па-ленінградску” няма, ёсць або “катлета па-кіеўску”, або “торт “Ленінградскі”. На што Бабаманя ўжо зусім раз’юшылася:
– Ці з унука інжынера ўнук? Вось унук арапа Пятра Вялікага…
Паводле Бабамані, чалавек з поўным страўнікам памерці не мог ніяк. Калі ў 2000 годзе Дзедбарыс загавеў душою ў сне, Бабаманя была моцна ашаломленая. Як такое ўвогуле ўмагчымілася, ён жа напярэдадні лёг спаць ладна паеўшы?
Калі Дзедбарыс памёр, Бабаманя стала прадстаўляцца ўсім як “удава марскога афіцэра”.
Яна сканала згодна са сваёй тэорыяй. Відаць, нарэшце да яе прыйшло разуменне, што яе скінулі з ленінградскага неба на беларускую зямлю дажываць свой доўгі век звычайнай смяротнай жонкай інжынера. Далей можна было не цярэбіцца – усё было вызначана наперад. За месяц да сваёй смерці пасля інсульту яна наадрэз адмовілася прымаць ежу і ўрэшце аддала Богу душу.
Роні дабівае трэці кухаль сербскага піва і чакае майго рашэння. Бялградскія бармэны ўжо гатовыя выставіць нас прэч – адно чакаюць адмашкі метрдатэля. Мы тут даўно ўжо апошнія наведнікі.
– Памятаеш, Роні, як ты прыехала да мяне ў Менск? – пытаюся я, абы выгадаць час, бо адказу на Роніну прапанову пакуль што няма. За акном парная бялградская ноч. Воды Дунаю хочуць у неба.
– Памятаю. Мы не паехалі да цябе дамоў на Зялёны Луг. А жылі ў жахлівым менскім гатэлі, які называўся ці то “Планета”, ці то “Галактыка”…
– “Арбіта”!
– Так, і хто мог падумаць: у тваім родным горадзе мы будзем хавацца, як у астатняй Еўропе! – Роні абводзіць стомленым позіркам наўколле. – Такія ж доўгія шпацыры. Такія ж рабочыя ўскраіны з піўнухамі. Пацалункі пад паркавымі ліпамі. І гэты стары раён з таполямі, Hru-šaŭ-ka, які, ты кажаш, хочуць зруйнаваць. Дарэчы, “Грушаўка” – гэта ад таго, што там жыла Бабагруня?..