Роні перавяла дых.
– І ведаеш што? Нават смерць не разлучыць вас! Бабароза раней ці пазней пойдзе да Абрама на піва, але ты ўсё адно – да самага свайго скону! – застанешся яе ўласнасцю! Вось які яе план! Вось хто пераможа… Нават фашысцкае камандаванне са сваім планам “Барбароса” супраць тваёй Бабарозы – так, часовае бедства…
Я млява абараняюся:
– Не, Роні, ты памыляешся…Ты, ты – ідэальная для мяне. Я цябе хачу…
Яна раптам спыняе гістэрыку. Глядзіць на мяне і паволі вымаўляе:
– І мяне. Вядома. Я ідэальная для цябе. Бо ты хочаш, каб я адначасова належала і табе, і іншаму мужчыну. Хочаш мяне на адлегласці. Султан і еўнух, адразу ўсё і нічога, наступіць і пераступіць анучу… Нашто табе тая я, Персей, калі маеш… Nu, ty sam usio razumieješ…
Роні яўна перакручвае факты, блытае акцэнты, спрытна чаргуе болі на ўласную патрэбу, але я ўжо не ў змозе адказваць.
Ранішні Дунай дыхае сваімі вільготнымі лёгкімі. Другі келіх дапіты. Вось і канец. Хто вам сказаў, што ў жыцці заўсёды ёсць выйсце?
Ніхто не будзе любіць вас так, як дзяды. Так чыста і бескарысліва.
Бацькі? Яны на старасці захочуць у той ці іншай форме сваю выславёную шклянку вады, учэпіста хапаючы вас за руку і з дакорам зазіраючы вам у вочы. І калі яны не зробяць гэтага адкрыта, дык ваша развярэджанае сумленне згуляе з вамі злы жарт.
Дзеткі? О, не! Тыя вып’юць вашу маладосць і здароўе, не папярхнуўшыся, бо яны жнуць, дзе не сеялі, і збіраюць, дзе не рассыпалі.
Каханкі? Гэта тыя асобы, чыя гарачая любасць гэтак лёгка і нечакана ператвараецца ў яе сябровак-блізнятак – нянавісць ды абыякавасць. І яшчэ гэтыя бясконцыя словы, вымаўленыя закаханымі людзьмі, сцяна бясконцых словаў…
Калі ў дзяцінстве я рабіў камусьці нейкае балючае паскудства, на якое здатныя толькі малыя дзеці (ці то з усяе змогі шпурнуў ніштаваты кавалак асфальту ў лоб аднагодкі, ці то без дай прычыны расціснуў ботам бяскрыўдную яшчарку), дык Бабароза як ніяк -нідзе замілавана лашчыла мае бялявыя валосікі сваімі доўгімі пальцамі з зырка-бурачковымі пазногцямі. Пакуль дзесьці на фоне гучна злаваліся бацькі і курчыліся ў крыві мае ахвяры, Бабароза, паляпаўшы ўнука па шчацэ і выцягнуўшы вусны трубачкай, умільна выстрэльвала мне ў твар: “Я яго абажаю!”
Гісторыя замест эпілога
Усе памерлі
Урэшце, як зазвычай водзіцца, усе памерлі. Спярша Госпад, не выцерпеўшы суперніцтва з боку створанай паводле Ягонага вобразу і падабенства канкурэнткі, выдраў Бабарозу з гэтага хітрага суплёту людскіх целарухаў і камбінацыяў.
Варта заўважыць, што апошні акорд жыцця Бабарозы, яе фінальны выбрык, стаўся не менш галосным за ўсе яе прыжыццёвыя. Яна выгукнула сваё апошняе “фэ” тутэйшаму наваколлю, з якім яна не хацела мець нічога агульнага. Гэтай накарэлай халепе падчас адлігі, гэтаму парэпанаму да чэрствасці асфальту на сыходзе лета. Хіба выгук яе прынцыповай нязгоды з рэчаіснасцю – як стане відно ў канцы – прайшоў мутацыю ды зрабіўся падобным да лёгкага чмока паветранага пацалунка.
Бабароза цярпела ад унутранай эміграцыі больш за астатніх дзядоў. Яна тут нарадзілася і звекавала ўсё жыццё – прыгадваць акрамя тутэйшага побыту ёй, па вялікім рахунку, не было чаго. Ад продкаў Бабарозе не дасталася ўспамінаў з ілюзорнай прарадзімы, дзе рэкі сцякаюць малаком і мёдам. Не перапала хованкі ад зыркага свету, у якой яна пачувалася б гаспадыняй становішча.
А можа, яе шчаслівае жыццё скончылася ў чэрвені 1941-га, калі ў Менску немцы спынілі паказ апошняга сезона біблійнай “Санта-Барбары”? Ці, цалкам верагодна, яе краінай мрояў мог зрабіцца Ізраіль, зямны ці нябесны, населены людзьмі, звычкі якіх яна гэтак добра ведала? Ускосна пацвярджаючы гэтае дапушчэнне, Бабароза почасту казала: “Зайздрошчу я габрэям, гэтыя хоць могуць кудысьці з’ехаць”.
У сваім фінальным выбрыку, шматхадовай камбінацыі, якая пачалася ажно за пятнаццаць гадоў да смерці, яна разыграла ўсё як след. Недарэчна адной ісці вайною на цэлую краіну. Яно ўсё роўна што паўтараць учынак персідскага цара Ксеркса, які ў адплату за шторм, што знішчыў гіганцкі пантонны мост, загадаў адхвастаць пугамі мора. Як на яе, Бабароза моцна звузіла дыяпазон, выказаўшы сваю абуранасць толькі люду, які тую нялюбую зямлю насяляў. Бабароза адхвастала пугай свайго гневу дзесяць мільёнаў беларусаў.
Яна ўжо даўно перабывала ў веку, калі дзеля максімальнага медыйнага эфекту варта піярыцца на лавачцы перад пад’ездам. А інфармацыйная нагода падвярнулася выдатная – гэтымі днямі ў Менск на запрашэнне Македонскага прыехаў сярэднеазіяцкі дыктатар Багіеў, вышпурнуты сваім народам з краіны.
У той дзень Бабароза выйшла з дома і, стоячы на ганку панэлькі, усё роўна як на трыбуне, голасна звярнулася да іншых бабак, сваіх таварышак, якія сядзелі на лаўках:
– Ну, што, беларусЫ?..
Бабкі азірнуліся, маўляў, чаго табе, Іванаўна?
– Ну, чаго, беларусЫ… прыехаў Багіеў… І цяпер УСЕ ВЫ будзеце здароўкацца “салям алейкум”.
– УСЕ МЫ? – мазгі бабак заварушыліся, адчуваючы няўцямную абразу, але яшчэ не могучы яе цалкам зразумець. – Якое яшчэ салямі-млека, Іванаўна?
– Дык ВЫ ж, беларусЫ, заўсёды-заўсёды, калі да вас прыходзяць чужынцы, пачынаеце казаць на іхняй мове, – трыумфальна адказала за бабак Бабароза.
Што ж. Тут Бабароза ўрэшце і атрымала ў вочы сваю “жыдоўку”. За вочы яе даўно так называлі дзякуючы ейнаму былому сваяцтву з Дзядзюлем.
Вось яно. Тут, у горадзе, гэтае слова ўжо шмат гадоў гучала як абраза. Але Бабароза памятала час, калі гэтае слова ў яе родным Гатаве і даваенным Менску не выражала ніякіх адмоўных пачуццяў, жывучы нармальным жыццём наймення іншай нацыі. Што ж, яна, Бабароза – жыдоўка. Менавіта гэтага яна і дамагалася – першы раз наваколле амаль добраахвотна прызнала яе чужынкаю, іншаземкаю.
Аднак прызнання свайго пад’езда Бабарозе было мала. Стыхійны поспех у народных мас яна хацела замацаваць грунтоўным, адчувальным на дотык сведчаннем сваёй непадобнасці. Бабарозіна сэрца патрабавала дакумента, стопудовага доказу. Каб адчулі нават сваякі, каб аж чэрці вылі!
Спярша новаспечаная жыдоўка Бабароза тузанула ізраільскую лінію – маўляў, дайце саўку спраўку. Яшчэ даўней, на самым пачатку 1990-х ёй тэлефанавалі з ізраільскай агенцыі “Сахнут”. Тады “Сахнут” наўслепа збіраў базу дадзеных. Хто габрэй, а хто беларус – не разбяры-бяры. Чаму Голуб – габрэй, а Галубовіч – беларус, пры тым што Верабей – беларус, а Верабейчык – габрэй, зразумець прысланым сюды на працу карэнным ізраільцам ці выхадцам са Штатаў было цяжка. А раз рабінскіх кніг за савецкім часам амаль не засталося, супрацоўнікі агенцыі званілі па тэлефоннай кнізе наўздагад: да тых, у каго былі падазроныя (у добрым сэнсе гэтага слова) прозвішчы ці імёны.