Ніколі раней, ні пры якіх акалічнасцях, нізавошта бацька не апераваў гэткімі катэгорыямі! Ён любіў найперш дзеясловы. “Схадзіў”, “зрабіў”, “пачакаў”, “пашукаў”, “паспеў” – толькі і чуў я ад яго раней. А назоўнікі, пагатоў такія гучныя, кшталту “чорт”, “Бог”, “жыццё”, “вар’яцтва” ў яго слоўнік ніколі не траплялі.
– А-ну, паўтары! Які-такі чорт, тата?
– А звычайны такі, – адказаў бацька і, пачухаўшы сваё барадзіска, закінуў шыю і задумліва ўперыўся ў столь. – З рагамі і хвастом.
Калі ён зноў апусціў вочы, я зірнуў у іх цяпер больш уважліва – яны не смяяліся. “Бацька яўна не ў сабе”, – падумаў я.
А бацька прыпусціў далей. 1962 год. Аднойчы спадар Чорт, лётаючы ў сваіх справах па вуліцы Лодачнай, абсалютна выпадкова згледзеў сляпуча-белую анучу Дзедвасілія. Прыгледзіўся… Запаволіў хаду… Так і стаяў Чорт ля парога нейкі час, адкінуўшы пільныя справы. Аглядаючы анучу. Усяляк ацэньваючы сітуацыю. Развязваючы невырашальную галаваломку – наступіць ці пераступіць.
Урэшце Чорт прыняў адзінае годнае, адзінае прымальнае для свайго статусу рашэнне – пацягнуў да сябе стваральніка нявыкруткі, Дзедвасілія. Запраторыў у свае змрочныя хорамы таго, хто з дапамогай нікчэмнага кавалка тканіны здолеў ператварыць увесь людскі род разам з ім самім у безумоўных дурняў, а ў увесь наш свет – у бясконцую бяссэнсіцу.
Такую гісторыю апавядае бацька. Бацька! Фізік-тэарэтык, чыім найвялікшым метафізічным словаблудам колісь была жартоўная фраза: “Атамы паўстаўляныя ў малекулы, як разынкі ў кекс”.
– Тата-тата, які яшчэ чорт? Ніякага чорта няма!
– Ёсць! Ты сам падумай, як інакш растлумачыць гэтую раптоўную смерць Дзедвасілія?
Так, канец быў раптоўны, не спрачаюся. Знянацку Дзедвасілій, выпусціўшы лыжку, на вачах сямейнікаў уваліўся тварам у гарачы рондаль з падобнай да баланды капустай, якую ён сам толькі што і прыгатаваў, і больш ужо не падняўся. Пасцяліўшы быў сваю выславёную белую анучу, бо тым днём чакаў сваіх турэмных сябрукоў.
Я глянуў на бацьку з дакорам. У яго вачах пракінуўся нездаровы бляск. Мы надоўга замаўчалі. Роні зло і весела насвіствала нейкую нямецкую народную песеньку.
– Я не хацеў гаварыць табе, але, Ігар, скажу…
– Га?
У бацькі раней была цудоўная рыса – ён ніколі не прамаўляў загадкамі.
Бацька прымружыўся:
– Памятаеш гэтую гісторыю пра Паўлінавіча, калі ён па тэлефоне блытаў галасы тваёй мамы, бабулі і прабабулі?
– Так.
– Дык вось, сынок, слухай уважліва. Яны – сапраўды АДЗІН чалавек.
– Татачка, хто “яны”?! – я канчаткова страціў цярпенне. – Што ты такое вярзеш?! Напрамілы Бог, прашу – згалі бараду, з’ездзь з гэтага клапоўніка і вярніся да мамы! Яна цябе чакае, я з ёй гаварыў… Вярніся да каханай жонкі, здзейсні сваю мару.
– Ну, зараз! Усё кіну і буду здзяйсняць сваю мару, – зноў прабурчэў бацька сабе пад нос. І працягнуў гучна:
– Ты не разумееш, Ігар… Яны ўвабраліся ў моц і пачалі сцякацца… Злучацца ў адно. У адну жанчыну. Спярша пасля смерці Дзедвасілія Бабароза пераехала да Бабагруні, а цяпер яны ўдзвюх пераязджаюць да мамы.
Тату было не стрымаць.
– Нашы жанчыны, Ігар, – вяшчаў ён, – адно цэлае. Адна БАБАМАМА. Жахлівая і немажлівая. Адна яна слухала Паўлінавіча, адна прыязна падтаквала ягонай рамантычнай лухце, адна крычала, каб ён сціх, адна замілавана плакала над яго акардэонавым гарланнем.
Ад здзіўлення мой рот ужо не закрываўся. Я адчуў, што таксама пакрысе ўвальваюся ў змененую свядомасць. Як мною апаноўвае ачмур крамольнага летуценніцтва, слоўнай атруты, якую ліе мне ў вушы – і хто? – мой родны тата, мой колісь разважлівы і мудры тата, фізік-тэарэтык! Мой старэйшы брат у змаганні з бабульчыным рэжымам.
…Вось яна, БАБАМАМА. Пад самую кухонную столь яе выгнала, дзе пачынаюцца жырандоля і аблокі. Нехлямяжая ў сваёй непрапарцыйнасці. Ручаямі і ручаінкамі, словамі, жэстамі, дзеямі, яна пачынае свой шлях дадому, з Лодачнай на Чкалава, з Чкалава на Зялёны Луг. Злучаецца, зліваецца, зрастацца ў адну кабету. Сценкі дзвюх нашых кватэр-анклаваў на Зялёным Лузе, як намагнічаныя, ссоваўюцца бліжэй. Пакоі са скрыгатам дэфармуюцца і выгінаюцца ў бок адзін аднаго. Кроплі жаночай іртуці па найкарацейшай дарозе шукаюць іншыя кроплі, перакочваюцца і зліваюцца да шаблона. Часткі цела шукаюць сабе падобных. Ногі да ног, тулава да тулаваў, твар да твараў. Цяпер целы маладосці, спеласці і старасці будуць разам, адным наборам. БАБАМАМА робіцца падобнай ці то да станожкі, ці то да шматгаловага цмока. Цяпер трыяду можна будзе ўбачыць адначасова ва ўсе дні жыцця яе, пры ўсякай нагодзе, прыгодзе, пры ўсякім занятку. Адна – незадаволеная і задаволеная тэлефанаваннямі Паўлінавіча. Адначасова чуллівая і чэрствая ў дачыненні да каханкаў. Уладная і бязвольная. Юная і старэнькая. Хутка, хутка адбудзецца гэтае перамяненне, злучэнне ў адно…
– А мы боўтаемся ў гэтай станожкі пад нагамі! – тут бацька зусім ужо нясцерпна затрос сваёй маскавіцкай барадой і гэтым вывеў мяне са ступару. – Бабароза, Бабагруня і мама робяцца БАБАМАМАЙ, а сама БАБАМАМА ператвараецца па чарзе ва ўсіх трох паасобку. Мама перакідваецца ў Бабагруню, а Бабагруня – у Бабарозу!
– Тата-тата! Узаемнае каханне – гэта ж радасць! – я ў адчаі ўчапіўся ў бацьку абрыдлівым цюцькам. – Ты, можа, не ведаеш, дык з некаторых часоў ведаю я! Упершыню ў жыцці мама шчыра кахае цябе. Тата, ты чуеш, гэта ж выдатна, што мама з узростам ператварылася ў рамантычную і слепа закаханую Бабагруню!
– Але ж ты разумееш, Ігар, што пасля Бабагруні яна па чарзе ператворыцца ў знішчальную Бабарозу?
На гэта мне няма чаго адказаць.
Пакуль мы лаемся, Роні адно пазірае на бацькаву бараду і дэманстратыўна п’е пусты кіпень, бо за спрэчкамі мы нават не запарылі гарбаты. Кіршвальд-торт беззваротна кісне ў скрынцы.