Лесвічная пляцоўка была заўсёды ў руху: то Бабароза совалася з вываркай баршчу ў адзіную на дзве кватэры кухню, то мама з папрасаваным шмаццём клэпала да сваёй шафы, якая чамусьці засталася ў другой кватэры. Пакладзены перад ліфтам чырвоны кілім-дарожка, што мусіў сцішваць крокі, насамрэч увесь час дыбіўся пад нагамі, робячыся прычынай падзенняў і голаснай лаянкі. У абодвух тамбурах на стэлажах грувасціліся медыцынскія слоікі Бабагруні. Ці то з закаткамі патысонаў, ці то з зафармаліненымі сэрцамі. За кожны нашым рухам сачыла паўсотні мёртвых вачэй.
На сцяне лесвічнай пляцоўкі, па-над ліфтам Бабароза павесіла гіганцкі партрэт Дзядзмішы, свайго памерлага трохгадовага сына, брата-блізнюка Бабанадзі. Да сцёгнаў Дзядзмішы шыфернымі цвікамі прыбілі маю сінюю спадніцу. Рамку фотаздымка аздобіла гірлянда з пластмасавых гваздзікоў. За столькі гадоў аднавокі слонік у руках, у адрозненне ад самога абрысу Дзядзмішы, чамусьці не выцвіў, а наадварот – запунсавеў мацней. Усё гэтыя дэталі надалі партрэту падабенства да андрагеннага боства нейкага таямнічага індаеўрапейскага культу. А ўся пляцоўка пачала нагадваць залу далёкаўсходняга манастыра, дзе ліфт, паводле ўнутранай логікі, аўтаматычна рабіўся алтаром.
– Каб кожны госць мог адчуць сябе заезным Будам, – пракаментаваў аднойчы бацька.
Бацька бавіў дні тутсама, ля ліфта, за горамі мэблі, хаваючыся ад таталітарнага рэжыму Бабарозы, які прыйшоў да яго на родны парог. Бацька прынёс на пляцоўку свой улюбёны фатэль-гушкалку і цяпер голасна дэсідэнцтваваў у ім вечары навылёт. Усіх, хто выходзіў з ліфту, бацька з ходу бянтэжыў пытаннем, у якім вуху звініць.
З суседкай знізу, адзінокай работніцай трыкатажнай фабрыкі Таняй, пасля яе адмовы прадаць кватэру цяпер ніхто не цыркаўся. Усе тры нашы жанчыны нелітасціва грукалі па падлозе. Кідалі ўсякае-цяжкае. Нібыта знарок барабанілі абцасамі. І абавязковым чынам раз на тыдзень залівалі ёй столь. Калі ж Таня прыходзіла лаяцца і патрабаваць кампенсацыі, Бабароза бесцырымонна ёй тыкала, называючы Таню то “Воляй з камволя”, то “Аксанай з лаўсана”.
Дарма што Бабагруня і Баброза зрабіліся абсалютнымі гаспадынямі на ўсім паверсе і мелі ключы ад абедзвюх кватэр, – з’яўляючыся і там і тут па сто мільёнаў разоў на дзень, – дуумвірат не быў дружны. Бабулі ўступілі ў цягучую спрэчку, каму дэ-юрэ належыць адзіная на дзве кватэры кухня. Потым не падзялілі, якую кватэру менаваць “правай кватэрай”, а якую –“левай кватэрай”. Абедзве, натуральна, не хацелі выявіцца “левымі”.
Паказнік сцярвознасці ў абедзвюх бабуль цяпер набліжаўся да адной роўніцы, таму Бабагруня ўпершыню ў жыцці прыняла бой. Дзверы кватэраў ужо не зачыняліся, таму Бабагруня і Бабароза барукаліся лаянкай кантактна. То ў вітальні адной кватэры, то на адзінай нашай кухні. То праз сценкі бацькоўскай кватэры, адпаведна, седзячы ў ванне і туалеце. Маці і дачка атакавалі адна адну са стратэгічных вышыняў: кідаліся з табурэтаў, драбін і нават антрэсоляў. Або наадварот – падпільноўвалі ворага знізу, выпаўзаючы з-пад канапы і ніжніх аддзяленняў шафы. Усяляк выпрабоўвалі новыя плацдармы. Падладжваючы да сябе перавагі рэльефу і размяшчэнне пакояў. Бралі ў хаўруснікі цемру і нечаканасць. Адстрэльваліся крыкам, кідалі выбухоўку з соды і рабілі пасткі з панчох. Насылалі адна на адну дымавую завесу з пральнага парашку. Падмешвалі адна адной соль і воцат у шклянкі з зубнымі пратэзамі. Пры відавочнай перавазе суперніка ў жывой сіле, хаваліся за лядоўняй “Сара” ці шафай, занурыўшыся ў падпольшчыцкую вайну.
На час іхняга збройнага канфлікту ўся наша хатняя гаспадарка перайшла на ваенныя рэйкі – замест паўнакроўнага абеду з салатай, першым, другім (мяса + гарнір + падліва) ды ўзварам са штрудалем на дэсерт мне і бацьку выдавалі сухпаёк з ссохлым хлебам і няўежным сервелатам.
Я не даваў веры вачам – колісь мройлівая і пазбаўленая амбіцый Бабагруня стала аспрэчваць Бабарозіна вяршэнства, парушаючы вячыстую іерархію. Знянацку ў найвышэйшую лігу да звышчалавекаў захацелася і ёй.
Урэшце гэты закалот мне абрыд, і я паспрабаваў урэзоніць бабуляў, сказаўшы, што ўсё адносна, бо назвы “левая” і “правая” залежаць ад таго, як паглядзець. Напрыклад, калі выходзіш з ліфта, то кватэра, дзе жывуць бацькі і Бабароза – “левая”, а калі заходзіш у ліфт – то тая ж кватэра робіцца “правай”. У дадатак я прапанаваў менаваць нашы кватэры паводле часу пакупкі: “першай” і “другой”.
Пасля маіх словаў яны і памірыліся. Памірыліся, дзеля таго, каб стаць поплеч супраць супольнага ворага. Неўзабаве бабулі абрынулі ўвесь гнеў аб’яднаных сілаў дзвюх сцярвозаў на мяне. Гнеў, памеры якога гэты сціплы твор апісаць папросту не ў стане. Таму тым вечарам я палічыў за лепшае даць дзерака і зашыцца ў мамін пакой, замкнуўшы за сабою дзверы. А наўздагон мне яшчэ доўга нёсся пранізлівы крык, царкоўны фальцэт, раскладзены цяперака на два галасы.
Раздзел 9
Мама апавядае
Мама апавядае, а я ўсё ўяўляю. Як у 1950-м годзе Дзядзюля вяртаецца з тадышняга Вавілона, імперскай Масквы, дзе вучыўся паралельна на юрыста і гісторыка.
– На адным курсе з дачкой Сталіна Святланай Алілуевай, – драматычным шэптам дадае мама.
Вяртаецца ў па-ранейшаму раскурочаны бамбаваннямі Менск. Дзядзюля не можа схаваць захаплення і шчыра дзеліцца з пакуль яшчэ прыязнай цешчай пра ці-лі-ві-зар, такое вынаходства, якое дома паказвае фільмы з кінатэатра. А Божа ж мой! Бабароза бярэцца ў бакі, заломвае і так высока намаляванае брыво. Яе губны банцік дасканалы, як ніколі.
– Юлічачак, зяцічачак, ты ж разумны хлопец, якія яшчэ зебры ў скрыні?.. Якая “Волга, Волга” ў зале? Ты што, верыш гэтым яйцакрутам?
Мама не ў курсе (а знакам тым, ужо ніхто ніколі не будзе ведаць), хто гэта такія, гэтыя яйцакруты, якіх мае бабулі і дзяды гэтак не любілі і якім гэтак дружна і незалежна адно ад аднаго казалі не даваць веры. Але і я на ўсякі выпадак узяў завядзёнку не верыць ім ні ў чым, гэтым яйцакрутам.
Апавядае мама і пра бацькоў Дзядзюлі, Бабадору і Дзедзэліка, якія трапілі сюды з Украіны ў 1928-м. Тады Бабадора, колішняя выпускніца выкшталцонай іўрыцкай гімназіі “Тарбут” у Роўна, і спецыяліст па гідраўліцы Дзедзэлік разам з малым Дзядзюлем прыехалі з паўднёвага боку. Ураджэнцы Драгобыча, неафіцыйнай сталіцы свету, прыбылі ў афіцыйную сталіцу БССР Менск. Дзедзэлік пасля пасадаў у царскай Расіі і савецкай Украіне атрымаў павышэнне – пост галоўнага інжынера менскай гарбарнай фабрыкі, чые змрочна-таямнічыя карпусы і цяпер высяцца за стадыёнам “Дынама” на вуліцы Кастрычніцкай, былой Ніжне-Ляхаўскай.
І вось Бабадора, яе муж Дзедзэлік – дарэчы, старэйшы за жонку на дваццаць пяць гадоў, – а таксама малы Дзядзюля з велічэзным фанерным чамаданам у руках упершыню ступілі на менскую Прывакзальную плошчу.
“Менск-Mińsk-Минск-קסנימ” – на фасадзе вакзальнага будынка красаваліся надпісы на 4-х дзяржаўных мовах БССР: беларускай, польскай, расійскай ды ідышы. Па разбітым пляцы сярод збольшага драўляных будынкаў нетаропка пахаджалі запрэжаныя ў фурманкі коні, а ў лужынах, якія ўтварыліся ў выбоінах, бестурботна купаліся гусакі.
Бабадора з разгону села на фанерны чамадан. Акінула позіркам усю гэтую пастараль. І роспачна выдыхнула сваё, цяпер ужо гістарычнае, выказванне:
– Готэню, рэбойнэ-шэлойлэм! Зэлык, алтэр поц міт юнгер моех вус ду біст! Куды, в яко закалдыччо мы потрапылы?! Афілэ шылдн зэнэн ду гешрыбн офн жаргон![4] Астматычны Дзедзэлік падумаў у адказ праклён, але ўголас толькі закашляўся ад менскай вільгаці.
Жонка, ця молода пустэма із бабусыною джораю[5], як заўжды, мела рацыю.
– Ад Голысыі да Голыцыі он козакс ун інквізіцыя, – потым часта напявала маме ў дзяцінстве саматужны куплет Бабадора. І ў куплеце хавалася не толькі горыч, а і прыхаваная – прыхаваная лепш за папярэдняе гістарычнае выказванне – шпілька ў бок Дзедзэліка. Бач ты – пасля колькіх стагоддзяў годнага жыцця продкаў, яму, самавітаму альтэр-поцу, у чыім радаводзе былі шанаваныя грамадою аптэкары, мараходы і могэлі, собіла трапіць за белы свет, саслізнуць па-за межы гэтага шчаслівага іспана-ўкраінскага дыяпазону! Запраторыцца з абяцаных земляў у дагістарычныя барбарскія нетры, дзе нават шыльды – на мужыцкім ідышы. Бабадора да самай сваёй смерці ў 1980 годзе гэтага Дзедзэліку дараваць не магла. Не магла яму прабачыць таксама, што ён саскочыў ад яе ў 1941 годзе ў найлепшы свет. Збег туды, павесіўшыся ў дрывотні прыдарожнага сяла, калі яны ўцякалі ад немцаў.
Бацькавы бацькі, Дзедбарыс і Бабаманя, таксама прыехалі ў Менск на цягніку, толькі ўжо з паўночнаўсходняга боку. У 1952 годзе ў Ленінградзе менчука Дзедбарыса залічылі ў тамтэйшую марскую вучэльню. На адным з курсанцкіх баляў ён пазнаёміўся з Бабаманяй, бялявай чухонкай, а дакладней дзяўчынай з абруселай фінскай сям’і.
Усё, што ленінградка, выпускніца акторскіх курсаў Бабаманя ведала на той час пра беларусаў, можна было сабраць у адну ахайную гурбачку: някрасаўскае апісанне знешнасці з акцэнтам на ўпалых грудзях і вышэйпамянёным каўтуне, расійскую народную дражнілку “трус-трус-белорус”. Яшчэ па людзях Бабаманя набралася пару слоў на “іхняй” мове (“трАпка”, “гдЗе” і “бульба”). З такім багажом яна і прыехала ў Менск, дзе з сям’і не было ніводнага чалавека, за выключэннем самога Дзедбарыса. Бацькі Дзедбарыса загінулі падчас бамбавання Менска ў чэрвені 1941-га, і пасля вайны ён, нягеглы лядачы юнак, што выпадкова апынуўся ў Ленінградзе, трапіў у прэстыжную вайсковую вучэльню з сіроцкай квоты.
У 1955-м Дзедбарыс і Бабаманя ажаніліся, у 1956-м Дзедбарыс атрымаў размеркаванне ў Кранштат, і ў яго нарадзіўся сын Андрэй, мой бацька, а ў 1960-м годзе Хрушчоў правёў масавае скарачэнне савецкага флоту. Дзедбарыса, адслужылага адно тры гады, неспадзявана спісалі на бераг. На яго жыццёвым шляху паперадзе жар-птушкай мільгала бліскучая кар’ера савецкага марскога аташэ ў Лондане, аднак ад усёй прынаднай відзежы засталася толькі арандаваная веранда на ўскрайку Менска, у раёне цяперашняй плошчы Бангалор, дзе маладая сям’я кватаравалася ў былога персанальнага шафёра Якуба Коласа.
Аднак у сваім падзенні з вяршыняў кар’еры Бабаманя Хрушчова не вінаваціла. У ніякага Хрушчова яна не верыла і проста не бачыла тут сувязі: ну, так, ёсць там нейкі сухапутны курдупель у нейкай сухапутнай Маскве. Нядошлы карузлік, якога хлебам не кармі, дай пагрукаць лакаваным чобатам па трыбуне. Як увогуле цывільны гамункул можа кіраваць лёсамі элітных прыгажуноў, улюбёнцаў Фартуны і начальства? Як нейкі дзівакаваты свавольнік, кату па пяту, здольны выпраўляць у адстаўку стрункіх марскіх афіцэраў ды іх чароўных абранніц?!
– Ці з Хрушчова цар? Ці з Масквы сталіца? Вось наш Пётр Першы, вось наш Санкт-Пецярбург… – усё не верачы сувораму выраку, паўтарала Бабаманя.
Навіна пра мужава звальненне лавіравала па звілінах Бабаманінага мозгу і ні да чаго не магла прышвартавацца. Куды прасцей было не даць веры ўвогуле і прыдумаць іншую, больш важкую прычыну, чым скарачэнне флоту.
[4] Божа ж мой, Божа! Зэлік, стары ты пярдун з мазгамі дашкольніка! Куды, у якую глухмень мы патрапілі?! Тут жа нават шыльды пішуць на мужыцкім ідышы! (ідыш і ўкр.).
[5] Гэтая маладая дурніца з паганым ротам бабкі (укр. і ладына).