– Нашто табе, Ігар, тая палюбоўніца, калі маеш нашу любоў? – на вушка шэпча мне мама.
– Нашто мне тая невядомая будучыня, калі маю вядомую мінуўшчыну? – думаю я і ваджу пальцамі па еўрапейскай мапе, закутай у ільды ламінацыі.
Я сам уключыў гэты аргазматрон. Я свядома выбраў несвядомае. Гэтыя вечныя містэрыі начніка “Агні Масквы”, колісь прывезенага Дзядзюлем з Вавілона. Няхітры механізм: ад цяпла лямпачкі ўсярэдзіне круціцца драцяны каркас з каляровымі палоскамі, пакідаючы на белых сценах спальні прыгожыя ценівыцінанкі. Тэст Шульмана як ён ёсць. Са сценак начніка праектуецца панарама горада, вежы ўніверсітэта, Вераб’ёвы горы, масты, зоркі, салют, сняжынкі, сонца. У меру хуткія аблокі. Змена паравінаў, краявідаў, пакаленняў, сямейных гісторыяў. Адвечная песня паўтараецца кожныя дваццаць секундаў. Прабабуля ператвараецца ў бабулю, бабуля ў маму, мама ў нашу з Роні дачку, якой ніколі не будзе.
А хмельная Роні скандаліць у бары.
– О, так! Я канчаюся, як хачу пачуць яшчэ раз гісторыю пра забойства актора Купалаўскага Яўгена Б.! Вы мяне звялі з розуму, доктар Ігарок Качуня!
Роні зноў плача, а бялградскія кельнеры ўжо не зважаюць на нас. Рашэнне прынятае: праз пяць, максімум сем хвілін нас вытураць на вуліцу.
Маімі сябрамі былі бабулі і дзяды, маімі цацкамі былі дзядоўскія гісторыі. Я гуляў з імі, калупаўся ў іх, дарыў ці абменьваўся з іншымі здзяцінелымі людзьмі. Роні плача і стараецца абняць мяне.
– Персейчык, дай ты мне веры, усе твае сямейныя гісторыі здараліся і апавядаліся з адной-адзінаю мэтаю – каб ты знайшоў мяне.
Я задуменна кручу галавою, нібыта кажу: “Старая песня, Роні”, але ўголас маўчу.
– Персей! Бабагруня падрабляла свае прысуды, Дзядзюля мяняў каханак як пальчаткі, Дзедвасілій прыдумляў свой хітрык з анучай, Бабаманя штодня плакала ў кнігу – усё было дзеля адной мэты: каб я засталася з табою. Увесь твой радавод – гэта пастка для аднаго чалавека, адной жанчыны. Усё жыццё тваіх бабуль і дзядоў – гэта падрыхтоўка да мяне! Да мяне, Персей, якая зачаравана будзе цябе слухаць, нават калі ты зробішся брыдкім алтэр поцэм з мазгамі дашкольніка! Гэта ўсё было для мяне, чуеш, для той, якая гатовая дзеля цябе на блінец распляскацца! Ты ўвесь час шукаў ідэальную слухачку.
Я не адказваю. У гэты момант у студнях маёй падсвядомасці сенільны Эрас і старэчы Танатас узяліся ў рожкі. Рукі, пабітыя рытвінамі зморшчынак і пігментных плямаў, цягнуцца да субтыльнага горла суперніка. З уваленага рота вылятае ваяўнічы рык, а скручаныя артрытам пальцы сутаргава сціскаюць зброю – булдавешкі інвалідных мыліц. Старпёрскае Ід і Эга паміж сервантам і лядоўняй “Сара” пільнуюць, каб аглушыць адно аднаго царкоўным фальцэтам і зрабіць засаду з калготак. Але вынік двубою ясны ад пачатку.
– Бабулі ў трунах, Роні, хапаюць жывых людзей учэпісцей, чым эфемерныя будучыя пакаленні… Успаміны мацнейшыя за планы на будучыню.
– Мінулае, біяграфію можна памяняць, Персей! Падладзіць іх дзеля інтарэсаў цябе-цяперашняга. У чым твая праблема?! Не падабаецца ў Беларусі – з’язджай, як гэта зрабіла я, калі ўцякла з Румыніі ў Нямечччыну.
Роні б’е дрыготка, і яна кусае свае пазногці.
– Помніш, Персей, што ты напісаў пра Нарбута? Нарбут, калі даследаваў каўтун, калі ён яшчэ з ім змагаўся, то ўжываў электрычнасць, каб адвучыць ад завіўкі каўтуна, дзяўбаў хворых направа і налева токам! Было гэта насамрэч або не, я з ім салідарная!
Бо цябе, Персей, таксама трэба дзеўбануць як след, каб ты выйшаў са свайго пажыццёвага запою, змененай свядомасці, зрэзаў свой каўтун!
Роні шпурляе ў сценку пусты кухаль. Ён не разбіваецца. Кельнеры пераглянуліся, але да нас не падышлі. Паводле старой сербскай завядзёнкі, апошняму кліенту дазволена ўсё.
А я скарыстоўваю маўчанне, каб перадыхнуць. Для Бабарозы я праўнук, для Бабагруні – унук, для мамы – сын, для Роні – каханак. Я Ігарочачак, Ігарочак, Ігаль, Інгві, Ігар… Дык нашто множыць блытаніну? Не трэба дваіх, каб… Ну, вы самі ўсё разумее…
Роні ўжо адгармідэрыла і плача ў мяне на плячы.
– Персей, няўжо ты хочаш у гэтую сваю кватэрку на Зялёным Лузе, у падвойнае пекла, у лапы да прафесійных паляўнічых на шчасліўцаў? Туды, дзе pryjemny kjebiniet? Да тройчы жанчын, якія шчыра перакананыя, што яны – Госпад Бог?
Я маўчу. Роні таксама сціхла. Сядзіць, глытаючы смаркі. Потым глядзіць на мяне, як быццам ніколі раней не бачыла. І ўрэшце кажа:
– О Божа, я тут дапяла… Цяпер усё стала на свае месцы… Персей, ты такі Персей! Ты ж забіў свайго дзеда. Прароцтва спраўдзілася.
Я хапатліва выціраю вусны пальцамі.
– Персей, ты хэкнуў слабага на сэрца Дзедлёню пачкам гарбаты і гэтак прымусіў Бабагруню і Бабарозу пераехаць да цябе з Чкалава на Зялёны Луг!
Роні раптам адляпілася ад майго пляча і доўгадоўга глядзіць на мяне.
– Ты збудаваў свой уласны сераль на дзядоўскай крыві, каб перабываць у змененым стане не суботу-нядзелю і не толькі дзяцінства, а і ўвесь тыдзень, усё жыццё…
Я апускаю вочы долу. Роні, паволі, падбіраючы словы, кажа:
– …Тое, што было часткай цябе, зрабілася табой цалкам. Ты не хочаш суцяшэння па страчаным раі, ты хочаш туды ўсім целам назад. І не служкам, не госцем, а валадаром, царом Давідам, праўнукам Руфі Гатаваіцянкі. З усімі прывілеямі крэўнага спадкаемцы. Каб БАБАМАМА памазала цябе алеем на царства. Ты… ты…
З яе ангельскай ужо вывальваюцца ўсе ейныя мовы. Яна кладзецца на барную канапу, як пацыент на кушэтку псіхааналітыка і, гледзячы ў столь, пачынае нешта нязвязна гаварыць па-нямецку, перасыпаючы сечаныя фразы экспрэсіўнай і яўна нецэнзурнай румыншчынай. Я амаль нічога не разумею. Потым яна зноў сядае. Крышачку супакойваецца. І толькі потым робіць мне ласку – перакладае на ангельскую кагадзе прамоўленае:
– Якой жа я ўсё-ткі была закаханай, наіўнай fool! Чым я думала, калі ўчора расказала пра нас сапраўднаму доктару хірургіі Увэ Мітэльману? Чым ён заслужыў гэта – годны, прыстойны чалавек? І чым заслужылі гэта ўсе тры яго ўратаваныя пацыенткі? “План”! У мяне быў план! Бездакорны план амаль саракагадовай румынка-немкі стаць шчаслівай з самым дарагім чалавекам! Але чаго варты мой план на простае чалавечае шчасце супраць выхітраванага і старанна выпрацаванага Плана гэтай тваёй Бабарозы? Плана жыць і непадзельна валадарыць сваім ненаглядным unučyčkam, пакуль смерць не разлучыць вас?