Пра далейшае развіццё фемінізму ў нашай сям’і мама не апавядае. Бо тое, што яна замоўчвае, датычыць яе самой. Мама зненавідзела кухню, бо як на яе дзіцячыя вочы, усе жахі адбываліся менавіта там. Бацька, матка і бабулі выходзілі адтуль злыя, перасвараныя. Менавіта там у першы і апошні раз мама пачула, як Дзядзюля брудна лаяўся. Ён кінуў Бабагруні “kurwa kołchozna!” і са злосці шпурнуў аб сценку пусты рондаль.
Тады малая мама зрабіла памылковую выснову, што дружная (пра здрады Дзядзюлі яна, ясная рэч, праз свой малы век тады не здагадвалася) сям’я развальваецца менавіта праз знаходжанне на кухні, а яшчэ – праз вядзенне хатняй гаспадаркі.
Гэтак вірус раўнапраўя пачаў у нашай сям’і сваё пераможнае шэсце. Мая мама, толькі ажаніўшыся з бацькам, наадрэз адмовілася гатаваць. Даволі хутка гэтая адмова пашырылася і на іншыя хатнія заняткі: прыбіранне, пыласмактанне, мыццё бялізны і посуду. За кожным абавязкам мама бачыла прыхаваную абразу і спробу прынізіць гонар. За пралкаю, ракавінай і мехам з бульбай душыліся жахлівыя цені мінулага.
Згодна з мамінымі перакананнямі ў негалоснай шлюбнай дамове паміж мужчынам і жанчынай павінна значыцца адно рабленне сумесных дзяцей і дарэнне ўцехі адно аднаму. “Радуйся жыццю з жонкай тваёй, якую кахаеш, ва ўсе часіны жыцця твайго марнага”, – падтаквала ёй усюдыісная Біблія. Гаспадаранне ж, кухарства і прыбіранне мама прылічыла да факультатыўных забаваў кшталту шарлоткі на Дзень канстытуцыі.
Аднак праз непрыхаваны сабатаж мамы шлюб бацькоў не разваліўся – і зноўку дзякуючы ценям мінулага. Сітуацыю выправілі назапашаныя бацькам веды пра гаспадаранне. Гэтыя веды ён ўзяў ад Бабалюсі, сваёй бабулі, мамы Бабамані. Бабалюся шмат гадоў працавала асабістай кухаркай і пакаёўкай кіраўніка кампартыі Фінляндыі на выгнанні.
Непісьменная фінка, чыё сапраўднае імя было Лійса, Бабалюся большасць жыцця прабавіла на кухні спецдачы свайго суайчынніка, фінскага камуніста таварыша Кулерва Манера. Той у процівагу большасці рэпрэсаваных еўрапейскіх калег з Камінтэрна, шчасліва дацягнуў да пасляваеннай старасці. Таварыша Манера крамлёўскае кіраўніцтва да апошняга яго дня трымала сярод лясоў і азярын Карэліі, непадалёк ад мяжы з буржуазнай Фінляндыяй. (“На ўсякі пажарны”, – кажа мама).
Бабалюся амаль бязвыезна жыла на дачы, дзе служкамі і аховаю працавалі толькі яе суайчыннікі.
Яна вярталася да мужа, Дзедзьмінькі, і дзяцей у камуналку на Выбаргскай старане ў Ленінградзе толькі на адну нядзелю ў месяц (тады быў шасцідзённы працоўны тыдзень). Пасля смерці таварыша Манера і Дзядзмінькі яна так і засталася жыць каля дачы, у карэльскай глухмені. Вывучыць расійскую Бабалюся толкам не ўправілася.
Калі ў шасцідзясятыя, ужо пенсіянеркаю, Бабалюся ездзіла ў адведкі да дачкі Мані і ўнука Андрэя ў Беларусь, зразумець хоць нешта з яе фінскай трасянкі было амаль няможна. Напрыклад, Дзедбарыс з дурнавата-шчаслівай усмешкай імпэтна ківаў галавой на ўсё, што б ні сказала цешча, не надта асягаючы розумам няўцямны набор гукаў.
Хто б іншы і пакінуў у спакоі сваю туземную бабулю, але толькі не мой бацька. Бацька ўжо змалку быў чалавек аператыўнага складу: усе рэчы, нават стасункі між людзьмі, ён прымаў як механізм. У ягоным свеце ўсё можна было наладзіць, аптымізаваць і адрэгуляваць. Адносіны паміж людзьмі выглядалі для яго як часам няспраўная машына, якой патрабуецца невялікі рамонт – і толькі таго. Тое самае, дарэчы, і з арганізмам чалавека. Дастатова напаіць хворага гарбатай з цытрынай і мёдам – і на раніцу ён будзе ў поўным парадку. У бацькі да ўсякай з’явы была свая прылада. Вось пасатыжы, вось цытрамон, а вось пяшчотныя словы.
Гэта не значыць, што ён бачыў людзей выключна ў інструментальнай плоскасці, – дужа амбітным кар’ерыстам яго не назавеш. Проста найбольш бацька любіў, каб любая праца была выкананая, а пачатае – завершанае. Цягнік заўжды павінны трапіць з пункта А ў пункт Б, дзеля гэтага трэба: а) пабудаваць рэйкі і б) закінуць вуглю ў топку. Любая Імперыя Зла, што прыносіць людзям пакуты і смерць, павінна быць разбураная, дзеля гэтага патрэбна а)…, б)… і г.д.
– Ігар, у жыцці, – сказаў бацька аднойчы, – толькі тое набывае сэнс, што мае план работ і пашпарт аб’екта.
І вось тады ў шасцідзясятыя з бабуляй малы бацька дадаў розуму, ён зрабіў план работ і каштарыс. Ён заўважыў, што толькі калі Бабалюся кранала кухонныя і гаспадарчыя тэмы, як то зрабіць курыны суп ці адмыць плямы ад малінавага сочыва, у яе голасе з’яўлялася яснасць і моўная чысціня. Тады, каб наладзіць кантакт са сваёй чухонскай бабуляй, малы тата стаў пытаць яе пра стравы і пакаёўства, не лезучы ў іншыя цяжкія для Бабалюсі тэмы. Кантакт наладзіўся. У падзяку за паразуменне і пяшчоту Бабалюся старанна перадала ўнуку ўсе свае вялікія кулінарныя і прыбіральніцкія сакрэты.
І вось цяпер, калі яго жонка Галя адмовілася займацца гаспадаркай, малады бацька, замест таго каб скандаліць і лаяцца, узважыў усё як след і ўзяўся за хатнюю працу сам. Ён проста ўспомніў усё, што колісь выкладала яму Бабалюся. Цяпер ён стаў хатнім служкам: выконваў ці не ўсе працы і нават гатаваў маме аўсянку з яечняй у пасцель.
І, зачэплены гэтай зубчатай перадачай, шлюбны механізм маіх бацькоў запрацаваў, як гадзіннік. У падзяку за зняцце гаспадарчай праблемы мама аддзячыла бацьку шматкроць. А яшчэ, не абцяжараная побытам, яна стала падымацца па кар’ернай і прафсаюзнай лесвіцы. І ў выніку заняла сякія-такія кіроўчыя пасады і атрымала ніштаваты заробак.
Статус-кво ў маіх бацькоў выглядаў так: бацька, хатні гаспадар на паўстаўкі, сустракае жонку ў вітальні. У хвартуху і з пыласмокам напагатове. Здарожаная маці, зашпурнуўшы брудныя калготкі пад фатэль, паўляжыць у прафсаюзна-дзелавым касцюме на канапе. Лянотна пасмоктваючы піва з рыльца і драпежна закусваючы курынай нагой, глядзіць “Масква слязам не верыць”. Не дачакаўшыся канца кінаэпапеі, мама засынае перад экранам, голасна пахропваючы. Бацька тым часам асцярожна раздзявае маму і далікатна захінае коўдрай.
– У Галечкі не сям’я, а бабская сходка, – з нутраным неспакоем казала Бабароза пра гэткае гіперэмансіпаванае жыццё маіх бацькоў. Але шлюбу ўнучкі яна не кранала.
Хоць, вядома, крануць карцела. Аднак яе дачка Бабагруня ўрачыста прысягнула, што калі Бабароза разваліць таксама і Галеччын шлюб, як колісь ейны, Бабагрунін, дык пасля смерці ў графе аб прычынах смерці менская судмедэкспертыза абавязкова напіша Бабарозе “атручванне ў выніку добраахвотнага прыёму смяротнай дозы мыш’яку”. І ўжо тады, абяцала Бабарозе Бабагруня, ніводная царква ні ў Менску, і нідзе больш не пагодзіцца адпяваць самагубцу. Бо самагубства, як вядома, – смяротны грэх.
– Не, ты не зможаш, Грунечачка, так напаскудзіць матулечцы! – працягвала торг Бабароза. – Ніхто не дасць верачкі, табе, простай урачысе. Як гэта можна ж, што пабожная жанчынка забіла сябе?!
– Дасць-дасць, можна-можна, змагу-змагу, – упэўнена адказвала Бабагруня. – І калі мне, простай урачысе, не павераць, матулечка, дык майму настаўніку і сябру прафесару Гулькевічу павераць абавязкова.
Менскі прафесар Юры Гулькевіч быў для тадышніх патолагаанатамаў нечым накшталт маршала Жукава для тадышніх вайскоўцаў. Яшчэ даўней, вясною 1945 года, Гулькевіч анатамаваў у Берліне напаўапаленае цела Гітлера і здолеў апазнаць дыктатара па ягоных зубах і каронках.
Пайсці ў зямлю не адпетай ультраправаслаўнай Бабарозе яўна не хацелася, таму ўлазіць у сямейнае жыццё ўнучкі яна ўстрымалася.
– Персей, кінь на секунду свае бясконцыя гісторыі! Умаляю, задумайся над маёй прапановай! Ты ператварыўся ў пакорлівага служку немаладых жанчын! У маўклівы персанал сераля! – Шматмудрая і ўзважаная Роні зноў саступіла месца пацанцы-нецярпячцы. – …З султана выходнага дня перакінуўся ў пажыццёвага еўнуха!
І не супакойваецца:
– Іх робіцца ўсё больш, а цябе ўсё менш. Жывучы з табой, цябе яны ядуць, а самі множацца! Ты глянь на сябе – з цягам часу ты зрабіўся кавалерам у кубе – жывеш не тое што са сваёй мамай, а яшчэ з бабуляй і прабабуляй!
Я маўчу, трываючы націск. Ну, так, я жыву з мамай, бабуляй і прабабуляй. Здараецца з мужчынам у жыцці ўсякае-рознае.
Вялікае перасяленне жанчын адбылося восем гадоў таму, яшчэ да нашага з Роні знаёмства, калі Бабагруня і Бабароза пераехалі з кватэры на Чкалава ў Зялёны Луг, да бацькоў. Пярэбары пачаліся з ініцыятывы Бабагруні.
Нешта памянялася ў Бабагруні пасля смерці другога мужа, падцягнутага падпольшчыка Дзедлёні. 94-гадовы Дзедлёня памёр ад інфаркту падчас любошчаў, якія яны з Бабагуняй зладзілі проста на кухні. Гэта адбылося ў 2002-м годзе.
Наконадні я вырашыў папесціць Дзедлёню – з Лонданскага сімпозіуму псіхааналітыкаў я прывёз яму пачак сапраўднага “Графа Грэя”. І ў той жа вечар Дзедлёня, які гадоў дзесяць як закінуў запарванне чыфіру, з гэтае нагоды вырашыў аднокраць ажывіць старое. Бабагруня, якая паўшчувала мяне на публіцы дзеля прыстойнасці, маўляў, Дзедлёня слабы на сэрца, перад маім сыходам насамрэч мне падміргнула. Была, пэўна, радая, што Дзедлёневы жаданні сёння вечарам стануць упоравень з яго магчымасцямі.
Аднак у той жа вечар слабае сэрца Дзедлёні не вытрымала падвойнай асалоды – чыфіру і любошчаў, і недзе паміж гэтымі двума заняткамі разарвалася.