Я стомлена апусціўся на крэсла:
– Ты ж усё далдоніла: “План”, “Той Самы План”, “План на цябе”…
Ну, далібог. Насамрэч усё было на сваіх месцах. Не варта тут нічога варушыць, не след замяняць ніводнай дэталькі ў дасканалай аркестроўцы нашых жыццяў. Мы пасуем адно аднаму дасканала. Роні тут са сваімі адвечнымі кельнеркамі, еўрапейскімі сталіцамі ды іх далікатным сэрвісам, я ж там – з беларускімі бабулямі і дзядамі ды іх бясконцымі гісторыямі. Але ж адначасна і тыя, і тыя – зарука нашага трывалага шчасця. Нашага раявання.
– Персей, то ж бо, у мяне больш не засталося змогі для rajavańnie! – кажа Роні. – Не хачу я абсалюту, не хачу карнавалу. Абрыдла падвойнае жыццё! Я вырашыла. Бо, ведаеш, мае ногі робяцца кісельныя, калі я бачу цябе. Кожная нашая сустрэча – гэта завершаная драма. З завязкай, развязкай, апагеем і катарсісам. Так моцна радавацца, калі я бачу цябе, і так горка плакаць калі мы раз’язджаемся, я больш не ў стане. Персей, маё сэрца можа не вытрымаць такой радасці. Чуеш, у яго ліміт на нашыя спатканні! Тры гады шчасця netto – зашмат.
– Ехаць у Нямеччыну? – абураюся я. – Дзе мне давядзецца разбірацца. У Беларусі, хай сабе ў бабульчынай хаце, я ведаю кожны рух, і чаму людзі паступаюць, так як яны паступаюць.
– Толькі таму, што пекла зразумелае для цябе, ты не хочаш яго пакідаць? – перапытвае Роні. – Ты вылекаваў мяне, – дадае яна і амаль плача. – Да цябе, Персей, я задыхалася – мне здавалася, жыццё закрылася на вызначаных загадзя параметрах. Канчаткова завязалася на марскія вузлы. Захрасла, зашчоўкнулася на нікеляваныя замочкі. Я лічыла сябе канчаткова знявечаным чалавекам, які мае толькі светлую цяпершчыну, і нічога за сабой. Бо пакінула ў Румыніі ўсё: сяброў, дзяцінства, мову. Я там ні разочку не была з 1989-га. Нават бацькоў я бачыла раз на два гады – яны прыязджалі да мяне ў Мюнхен. Я хацела ўсё перакрэсліць, але нешта ўва мне па дарозе зламалася. І вось калі ласка – ты і твая ўнукатэрапія мяне выратавалі. Мне лягчэй. Бачыш, я ўжо магу казаць, што я румынка. Бачыш, я ўжо маю сякую-такую мінуўшчыну.
Я нахіляю голаў.
– …Ты, Персей, не дадаеш у свет нічога новага. Усё прыгоды і нявыкруткі з тваіх сямейных гісторыяў, без сумневу, здараліся мільёны разоў да цябе і да тваіх бабуль. Ты проста расставіў звыклыя рэчы ў прынцыпова прыемным і патрэбным для мяне і такіх, як я, забывак, парадку. Ты, Персей, спрытна жанглюеш, чаргуеш розныя болі і ад гэтага не так балюча. І твае гісторыі пра бабуляў і дзядоў – самі па сабе казачная краіна – мроя з дзіўнымі назовамі, кліматам і ландшафтам. Я цяпер гляджу на свет тваімі вачыма. І ў галечы я бачу багацце, а ў бядзе – крыніцу шчасця. Я нават адзін раз пазваніла сваёй старэнькай румынскай бабулі Стэле.
Тут Роні глядзіць на свае рукі, нібыта бачыць упершыню. І дадае:
– І вось па мне, маім жываце, па маім мозгу разлілася чароўная вадкасць, якая затапіла мяне ўсю…
Роніны вочы, нібы пустыя басейны з бляклай ружовай кафляй, пакрысе запаўняюцца цёмна-вішнёвай вадкасцю.
– Ведаеш, Персей, тваё гарачае сочыва гісторыяў перамяшалася дазвання з цестам, з якога я зробленая. Я больш не адчуваю ні мазгоў, ні ўнутраных органаў. Мае беды зварыліся ўва мне жыўцом. Іх заліла твая духмяная патака. Ні гонару, ні тугі, ні рэўнасці, ні шкадавання няма ўва мне. Усё зліплася-змяшалася ў салодкай мешаніне. Я цяпер, Персей, ромавая баба, набрынялая тваімі хвацкімі аповедамі…
– Роні, Роні, зразумей! Пяцьдзясят дзён на год разам – не так ужо мала! Ты і так са мной, а я, мне пасуе… І ўрэшце выпальваю тую формулу, якую даўно надумаў:
– Не трэба дваіх, каб кахаць!
Па нядобрым бляску Роніных вішняў бачу, што сказаў залішняга. Яе рука цягнецца да нажа, які прынеслі да сырнай талеркі.
– Так, Персей, давай шчыра! – стомлена прамаўляе Роні і адкладае нож у бок. – Я хачу шлюб па разліку. Шлюб па разліку са сваім каханым. Я хачу, каб у мяне ўсё было спарадкавана. Каб мяне не размазвала па сценцы падчас расстання. Каб ты нікуды не сыходзіў зранку. Каб мы не хаваліся, як злачынцы па мікрараёнах. Я хачу сваё жыццё з напамаджанымі starówka’мі і цябе ў ім.
Роні робіць паўзу і глядзіць на мяне. Вочы ўжо густыя-густыя, з бялёсымі абадкамі, як пераваранае вішнёвае сочыва. Яна дадае:
– Персей, час узяць сабе жанчыну. Сапраўдную жанчыну, з якой ты будзеш жыць па-сапраўднаму ў адной краіне, у адным горадзе, у адным доме. І я гатова гэтай жанчынай стаць…
Я моўчкі гляджу на цёплы дождж за цёмна-сінім акном.
Раздзел 8
Кароткая гісторыя фемінізму
Вось кароткая гісторыя фемінізму ў нашай сям’і. Па-першае, насіў ён вымушаны характар. Па-другое, усё адбывалася даволі выпадкова і нечакана для саміх феміністак, якія і ведам не ведалі, што гэтак іх колісь будуць менаваць.
Як казалася вышэй, Бабарозу яе ультраправаслаўныя бацькі рыхтавалі да рэлігійнай кар’еры, якую парушыла неспадзяванае замуства. Дзедвасілій ведаў, на што ідзе, калі браў у жонкі напаўманашку. У побыце ён не надта ціснуў на бязрукую Бабарозу і заўсёды ў ахвотку выконваў хатнюю працу, недаробленую жонкай.
Таму па гаспадарцы сваім дочкам, Бабагруні і Бабанадзі, Бабароза перадаць нічога не змагла. Бабанадзі, ёй – што?! Тая ніколі не жыла з мужчынам (і не збіралася), таму і пакутаў праз няўмельства не зазнала. Але гэта сталася праблемай для любовелюбкі Бабагруні. У прынцыпе, калі б Бабагруні ў сваю чаргу трапіўся закаханы, непатрабавальны і рукасты мужчына, такі самы, як Дзедвасілій, рамантычная няўмека Бабагруня магла б неяк перасаплівіцца да сівых валасоў. У Бабагруні, мусіць, быў шанец шчасліва дажыць да тае паравіны жыцця, калі кулінарная ліхаманка і акуратыстыка захапляе нават самых непрыхільных і няздатных да хатняй гаспадаркі жанок. Аднак Бабагруніну дарожку ў маладосці перасякерыў Дзядзюля.
Дзядзюля гадаваўся ў прыстойнай галіцыйскай сям’і, дзе на абед штодня прынята было падаваць салату, першае, другое (мяса + гарнір + падліва) ды ўзвар са штрудалем на дэсерт. У сям’і, дзе месца жанчыны вызначана строга і непарушна.
Распешчаны Дзядзюля быў яўна не падрыхтаваны да няўцямных посных зацірак, якім Бабагруня навучылася ад маці. Прыйшоўшы пасля працы і ўбачыўшы пліту, пазастаўляную пустымі патэльнямі, ён спярша папросту губляўся. Гойсаў з пакоя ў пакой, дапамагаючы сабе рукамі, нібыта павіян. Але хутка запяклася і сапраўдная злосць.
Маці, Бабароза, як магла, залагоджвала выхаваўчыя хібы. З рэстарана “Рэстаран” цягала для зяця комплексныя абеды і нават сякіх-такіх прысмакаў. На жаль, дапамога не заўсёды паспявала аператыўна. Варта Дзядзюлю было прыйсці дадому хоць на адну хвілінку раней за Бабарозу, як усё завяршалася пагана. Раз’юшаны Дзядзюля збягаў да Бабадоры, сваёй мамы, на вячэру і начлег.
У вачах жа Бабадоры нявестчына няўменне гатаваць было горшае за жаночую неўрадлівасць. (“У Галіцыі гэта лічыцца грахом, нечым сярэднім паміж прастытуцыяй і інцэстам”, – меланхалічна шэпча мне мама).
Калі Бабадоры даводзілася трапляць з інспекцыяй на Бабагруніну кухню ў хрушчоўку на Чкалава, дык свякруха магла пры сведках, дэманстратыўна, са смакам плюнуць у пусты, падзёрты бялёсай плесняй рондаль. Словаў пры гэтым Бабадора не выбірала таксама. Яна не для таго нарадзіла на гэты свет свайго адзінага “кляйнэ сынонейку”, каб той зрабіўся ахвярай “ціей гатовівькі (ад слова Гатава) та йійі готування”. Не кажучы ўжо пра маю маленькую маму, яе ўнучку. Бабадора імпэтна ўганяла сваякам у вушы, што “Грунька, ця донька бандытывкі та бегема эйн форма дэ бэн-адам”[3] мае на розуме змарыць голадам таксама малую Галечку.
І вось, калі ласка: Бабагруню свякруха абвінаваціла ў замаху на жыццё ўнучкі, а Дзядзюлю цешча – у масавых рэпрэсіях. Балазе ключы ад кватэры дзяцей былі ў абедзвюх матак, і свацці ўрэшце сышліся на кухні. Каб паразмаўляць, як мужчына з мужчынам.
Гэта была, кажа мама, эпічная дуэль Ахіла з Гектарам. Паранармальны двубой звышрозумаў са шпурляннем бліскавіц і патэльняў. Сцярвознасці ў свякрухі і цешчы было пароўні. “Але Бабароза перамагла па пенальці”, – падсумоўвае мама. Вынікам слаўнай перамогі зрабіўся шлюбаскасавальны працэс Дзядзюлі і Бабагруні.
[3] Грунька, гэтая дачка крымінальніцы і быдлячая натура (укр. і ладына).