Дык вось, ля прыдунайскіх хмызоў мы, прыводзячы прыклады з мінулага, запэўнілі адно аднаго, што наша каханне забароненае, бессэнсоўнае, бесперспектыўнае – і яшчэ там нейкі нядобры прыметнік. На думку ўзлезла ўсё кепскае, што нясе нашым лёсам гэтае знаёмства. Раскіданыя сем’і, дзеці раскіданых сем’яў, слёзы дзяцей раскіданых сем’яў… Нязмыўныя віны, сорам, брыдкасць, садом і гамора.
– Мы нават ні разу не прыгатавалі адно аднаму абед! – роспачна шаптала Роні. Асабіста я падумаў не пра абед, а як, мусіць, эфектна выглядае яе профіль за стырном аўто. Відзежа, якую праз адмысловы характар нашых сустрэч мне ніколі не давялося ўбачыць.
У дадатак, мы не маглі частаваць адно аднаго тымі слодычнымі катаваннямі, якімі почасту абменьваюцца каханкі. Наш раман мусіў працякаць пры поўнай каардынацыі партнёраў, дзе няма месца дэманстратыўным нетэлефанаванням і надзьмутым губам. Наша “так” заўжды павінна было заставацца “так”, а “не” ніколі не магло ператварыцца ў “можа быць”. Нават надакучыць адно аднаму мы былі не ў стане. Адно мусілі бясконца таяць ад любасці, не раўнуючы штучны снег па розныя бакі манітора.
Я жахнуўся – сапраўды было столькі ўсяго, дробнага і буйнога, вельмі важнага для нас абаіх, чаго мы ў гэтым нашым вандроўным жыцці не маглі дазволіць.
Так вось, слова па слове, думка па думцы, мы ўзбіліся на выснову, што трэба задушыць каханне самаруч.
– Персей, разважай цвяроза, я прашу цябе, абапірайся на рэальнасць!
– Роні, мы падышлі да краю бездані!
Ля скалістага берага Дунаю мы, стоячы адно насупроць аднаго, урачыста прысягнуліся, што гэта наша апошняя сустрэча. Пакляліся не званіць, не пісаць, не бачыцца. У той дзень мы нарэшце супалі па фазе.
Па прыездзе дадому дамоўленасці трымаліся: не тэлефанавалі адно аднаму тыднямі, месяцамі. Нават не заходзілі ў камп’ютар, каб не было спакусы адчыніць скайп, чат і фэйсбук, – гэтыя прафесійныя вынаходствы для сямейнай здрады. Сцерлі нумары адно аднаго са сваёй і тэлефоннай памяці. Якая рацыя доўжыць і моцніць пакуту?
Але былі часам, вядома, і зрывы. Раз-пораз адзін з нас дасылаў роспачны крык аб дапамозе – усе гэтыя эсэмэскі са шматлікімі клічнікамі і словамі кшталту: “love”, “pain”, “hurt”, “never”, “forever”. А раз мы амаль заўжды не супадаем па фазе, дык другі каханак у той момант вытрымліваў характар, знаходзіў у сабе сілы перарваць гэтую гістэрыку адчайным скрайнім намаганнем волі. Напрыклад, у маім выпадку я накідваў на мабільнік падушку, гэтак задушыўшы сардэчныя парыванні Роні.
Урэшце адпакутаваліся. Цяпер, зрэдзьчас пішучы падкрэслена сяброўскія лісты, мы былі халодныя і ясныя, як студзеньскі ранак. Радкі без ціску і расчуленасці, дзе няма месца двухсэнсоўнасцям. У тых лістах мы стараліся быць ветлымі, прыязнымі, далікатнымі. Дробнымі моўнымі хітрыкамі ўсяляк намагаліся падтрымаць шляхецкую размову і адначасна ўшчэнт вытруціць найменшы подых любасці. Цырк на дроце.
І што? Урэшце ў нашых адносінах замест кахання неўпрыкмет нарадзілася і ўстаткавалася іншае, тонкае пачуццё. Звонкая, як струна, спагада. Дружба сяброў па няшчасці. Далікатнае таварыства. Ціхае братэрства былых каханкаў-інвалідаў. Згуртаванне пачуццёвых калек. Нібыта асцярожна трымаеш у пальцах статуэтку свайго партнёра, ператворанага ліхой вядзьмаркай-любоўю ў крохкую парцаляну.
І нарадзіліся лісты трэцяга гатунку, у якіх запал проста як бы растапіўся ў другасных, на першы погляд, няважных словах. Каханне пратачалася ў прарэджанае ліставанне паасобнымі словамі ці нават знакамі прыпынку. Мы неўпрыкмет перанеслі цэнтр цяжкасці на інтанацыі. Паўзы казалі больш за словы. Усе гэтыя чуллівыя “трымайся!” і шкадоблівыя “як ты?”, адчайныя прадухі і прасветы маўчання, якія раз-пораз праскоквалі на халодным камп’ютарным полі, ад якіх па ўсім целе магутнай хваляй разлівалася сардэчнае сочыва, затапляючы нутро.
Было балюча, балюча, балюча, але пакрысе мы ўрэшце ампутавалі ўсё, што трэба. Наша касамозгая тактыка, здаецца, дала плён. Пачуццё сканала, падрыгваючы лапкай. Мы радасна канстатавалі смерць кахання ў выніку замятання яго пад кілім. Усё, капут, канец, алес, гамон.
Як там што, але недзе восем месяцаў пасля расстання пастанавілі, што мы ў стане ўрэшце сустрэцца ў якасці афіцыйных толькі-сяброў. Зноў быў Берлінскі культурфэст. На ім мы з Роні, як звычайныя толькісябры, пайшлі з бельгійскімі партнёрамі выпіць у бар каля Александэрпляца, у цэнтры ўсходняга Берліна.
Пасля бара прагуляліся, ужо ўдваіх. Не хаваючыся. Як толькі-сябры. Потым яшчэ раз выпілі па піве ў тайскай забягалаўцы. Я прапанаваў падняцца да мяне ў гатэльны нумар.
У нумары Роні яшчэ раз праніклым голасам спытала: “Як ты, Персей?” Я адказаў, што цяпер лепей, я амаль пра яе не думаю, і што маё сэрца ўжо не шчэміць, як у першыя пасля расстання тыдні. Роні ўсю дарогу мне падтаквала сваімі вішаньковымі вачыма і высокімі бровамі, падобнымі да спуджаных птушак, маўляў, так, я не думаю таксама, мяне таксама адпусціла.
На радасцях ад таго, што мы цудоўна паразумеліся і ўсё шчасліва мінулася, Роні папрасіла ў мяне сяброўскіх абдымкаў. Абняўшыся, я нягегла тыцнуўся ёй у шыю і пацёрся носам. Пасля – ейная толькі-сяброўская-буська, маё абсалютна прыяцельскае лашчанне яе спіны. Аднекуль з’явіўся сяброўскі язык у маім роце…
…Ад заўтра ўсё закруцілася па новым коле – паездкі, сумежныя стэнды, утойванні ад яе мужа і маіх бабуль, сакрэтныя мэйлы. Мультыкультурныя фестывалі з даўжэзнымі і амбітнымі назвамі. Еўрапейскія ўскраіны з зялёнымі прысадамі, шырачэзныя гатэльныя ложкі.
Стуль у нашых стасунках мы зусім занядбалі тэму прызнанняў і тлумачэнняў. Сапраўды, як гэта ні назаві, як ні ігнаруй, усё заканцоўваецца адным. Мы проста сустракаліся, а на наступны дзень планавалі наступны прыезд. Словы былі цяпер зваленыя ў купу ля гатэльнага ложка разам з нашымі майткамі і шкарпэткамі.
– Я кахаю цябе, Персей, – кажа Роні і мружыцца, бо проста за цёмным акном бялградскага бара расцвіў першы начны ліхтар. – Але табе сёння трэба вырашыць.
“Ну, што яшчэ?” – пытаюся я вачыма. Роні ніяк не ўрымсціцца.
– Я наважылася. Учора перад ад’ездам я кінула майго мужа, сапраўднага доктара хірургіі Увэ Мітэльмана, і планую быць з табой, – кажа Роні.
Я лыпаю вачыма:
– Га?..
– Але ты, Персей, павінны зрабіць для мяне саступку, – Роні не дае мне перавесці дых. – Аднуадненькую саступачку. Пераехаць да мяне ў Мюнхен. Ты ж ведаеш, у мяне пасада і двое дзетак… І ўвогуле, якая табе розніца, дзе не мець кліентаў – там ці тут?..
Я, відаць, пабялеў, бо Роні хутка дадала:
– Жартую, жартую, вядома ж, розніца ёсць. Ты пераедзеш. Проста, я хацела сказаць, не забывайся, у Нямеччыне большы попыт на ўсякае такое, псіхааналітычнае. І калі не ўнукатэрапія, дык класічны Фройд, га?
– Стоп, стоп, стоп, Роні! Жыць разам? У Нямеччыне? Размаўляць з пацыентамі пра іх нікчэмных бацькоў? Роні, шайзэ, гэта адразу тры саступкі! Не, не саступкі, саступішчы! – я упершыню зглытваю сліну.
– Нашто ты гэта заварыла? Нам добра як ёсць… Можа, please, памірышся з мужам? Бо разам мы не зможам цешыцца адно адным так, як мы цешымся цяпер…