Калі, расследуючы забойства лекара, органы ОГПУ пачалі шукаць Нарбуціху, ніякай жонкі з загоеным каўтуном не аказалася ў наяўнасці, а згадкі пра яе не знайшлося ні ў касцельных кнігах, ні ў гросбухах сабеса, ні на групавых здымках браслаўскай эліты.
Апошні эпізод маёй кнігі. Па вуліцы сучаснага Менска ідзе дзяўчынка-падлетак. На яе заплечніку шыльдачка з імем “Кася Нарбут”. Вялікія навушнікі на галаве. У руках – улётка з запрашэннем на прэзентацыю часопіса “Арт-каўтун”. На галаве ў яе шыкоўныя, разгалінаваныя дрэды.
…Праз няпоўныя тры гады вандровак па свеце стэнд-партал kautun.by трапіў у зеніт сваёй славы. Нас узводзілі ў ранг “Абмасады праўдзівай Беларусі”. Спярша цікаўныя наведнікі выставаў ды фэстаў прыходзілі да нас, каб сфоткацца ў вышыванках з фальшывым каўтуном, потым заходнія віпы сталі наносіць нам афіцыйныя візіты. Журналісты, багема, еўрапалітыкі. Аднойчы да нас падышоў, каб паціснуць руку, нават прэзідэнт Ісландыі. Экзістэнцыйны псіхолаг з адукацыі, ён выявіўся шчырым фанатам Нарбута.
(“Канечне, той прэзідэнт там у сваёй малюпацкай Ісландыі паціснуў руку ўсім ісландцам і цяпер во перабраўся на мацярык”, – зазначыла ты).
Разам з тым, ужо было чуваць шмат кепскіх галасоў, што стэнд-партал kautun.by – суцэльнае шарлатанства. Нас ганілі, маўляў, канцэпцыя арт-каўтуна – антынавуковая, а ідэя ментальнай бацькаўшчыны – аблуда. Пісаліся выкрывальніцкія лісты, з’яўляліся няўхвальныя допісы ў прэсе. Нам закідалі, што мы замест прасоўвання дэмакратычных каштоўнасцяў і спрадвечных традыцыяў, якія нясорамна паказаць замежнікам, выкалупваем хібы беларусаў, “выпінаем нерв”. І што, мусячы дэманстраваць дасягненні, наадварот – выстаўляем супярэчнасці і балючыя нестыкоўкі.
Хвалю незадавальнення падтрымалі ўкраінцы. Любімы l’enfant terrible Еўропы на нашым тле раптам стаў непатрэбны, нечакана для сябе зрабіўшыся нумарам два. Львоўскі Пан Грыц са сваёй тростачкай, дагледжанай бародкай клінцом, прыдбаным на кракаўскай таўкучцы пенснэ і з зачасанымі назад пры дапамозе брыяліну валасамі, неспакойна пахаджаў вакол нашых выцінанак. У яго геданісцкіх зморшчынках хаваўся знішчальны сарказм. Бародка пана Грыца нервова мільгацела сваімі серабрынкамі, і ўвесь яго выгляд красамоўна казаў: “Як так, прычым тут беларусы? Мы ж весялейшыя, зразумелейшыя! Тыя ж не могуць падабраць словаў – недарэкі і нябогі – а вось мы, а вось я…” Пан Грыц расказваў пра Майдан і драгобыцкі палімпсест, актыўна удаваў busіness as usual, але ўвечары з гора заліваў вочы і гразіў паўночнаму куту бара сваім сухім белым пальчыкам.
“Беларускі стэнд – прафанацыя і арт-эскапізм”. З “Абмасады праўдзівай Беларусі” нас спускалі да “Пасольства анармальнай апазіцыі”.
У гэтым была доля праўды. Тэст Шульмана выявіўся падробкай. Фактычна, копіяй нямецкага тэста Роршаха (хіба што ў немца сэнсы былі зашыфраваныя ў чарнільных плямах адвольных формаў, а не ў выцінанках). Папулярнасць “Жаніцьбы Цярэшкі” выявілася звычайным псіхозам эпохі. Да нас валілі валам, як у Лас-Вегас. Кожны прыезд беларускага стэнда ў Еўропу чакалі закаханыя парачкі, адвакаты па разводах і падманутыя мужы. Адвакаты голасна настойвалі, што Ciareška marriage не мае ніякай юрыдычнай сілы. З намі судзіліся.
Стэнд “Лігі вольных паўзуноў” выказаў з нагоды кракадзілавых прароцтваў свой афіцыйны пратэст. А калі стала вядома, што кракадзіл быў насамрэч кракадзіліхай, прадстаўніцы стэнда “Лігі вольных пазунак” (цалкам адрозны ад прыгаданых вышэй “Паўзуноў”) апрануліся ў фальшывую кракадзілавую скуру і, пахаджаючы ў ёй вакол нашага стэнда з антыплакатамі, лілі кракадзілавы слёзы з клізмаў, усталяваных пад скурай.
З майстар-класам па таемным слэнгу шклоўскіх шапавалаў таксама выйшаў пракол. Мы пераблыталі парушніцкі лемез, слэнг шклоўскіх шапавалаў, з любецкім лементам, таемнай мовай палескіх жабракоў. Насамперш апошні прывезены палескі жабрак адразу вывучыў ангельскую. Потым хутка навучыўся еўрапейскаму дыскурсу пра захаванне каштоўнасцяў, дыскрымінаванай меншыні і абароне культурнай спадчыны. Ён стаў прасіць пэўныя сумы грошай – узрослыя на некалькі парадкаў – менавіта пад гэта: каб гадаваць палескую галоту. Ён прасіў фінансавання так, нібыта прасіў міласціну: паліфанічна, з распевам. Важныя еўрапейцы плакалі і зноў жа, уваходзячы ў гіпнатычны стан, проста на стэндзе адшпільвалі яму неабходныя сродкі, расплачваліся не толькі гатоўкаю, але і крэдыткамі. Камісар па культуры спадарыня Заліхвасер у стане глыбокага месмерызму ўласнай рукою ўнесла гэтага лемеза ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.
У маіх жахах мне ўжо крозіўся пан Грыц. Ён сядзеў на гары фальшывых каўтуноў з сена і трыумфаваў, калупаючы сваёй тросткай у высозным стосе асобнікаў маёй кнігі “У краіне райскага каўтуна”. У спаборніцтве, хто самы арыгінальны народ сярод усіх еўрагаротнікаў, Украіна зноў мелася адолець Беларусь.
Адным словам, на чацвёртым годзе існавання стэнд-партал kautun.by, нягледзячы на росквіт, дажываў апошнія дзянькі. Пакуль што, дзякуй Богу, ніхто не ставіў пад сумнеў праўдзівасць маёй версіі жыццяпісу Станіслава Нарбута, але гэта было пытаннем часу…
…Пасля зацяжнога і безвыніковага шпацыру па Васілеўскай выспе мы з Роні спім у пецярбургскай гасцініцы. За вокнамі ў родным горадзе Бабамані варочаецца снежная віхура. Набрынялыя зледдзю аблокі рушаць з дакладна вызначанай Наркевічам-Ёдкам хуткасцю, кірунак – паўднёвы захад: Орша, Мазыр, Львоў.
У нагрэтым сплеценымі целамі ложку нам абодвум сніцца зіма на нашым стэндзе-партале. Усё квітненне і буянне нашага махлярства скончылася, пануе сцюжа забыцця. Квяцістыя шыльды і плакаты паздзіраныя, каўралінавая падлога і дах адарваныя. Усё і ўсе ў сне пакрытыя маціцовай беллю. Плакаты, паштоўкі, закладкі, пакункі запарушыла снегам. Прысыпала магніцікі з выявамі Нарбута, арнаменты, тэсты Шульмана. Дрэвы, сады, бажніцы, жывёліны, крамяныя маладухі, мажныя маладзёны, чэрці, пачвары, райскія птушкі, папараць-кветка, купальскае кола, калядная зорка.
У выразаных карцінах гняздзіцца неадназначнасць, двухсэнсоўнасць. У абрысах чапляў, які вядуць шлюбныя танцы, торкаючы доўгімі ножкамі на беразе Белай рэчкі, хаваецца Сталін: нястрашны, у фраку і з малочнай скурай, яго ніцая белая люлька нагадвае параходны комін. З папяровага кустоўя вытыркаюцца абсыпаныя мукой вусікі Македонскага. Сярод пялёстак расцвілай белаватай папараць-кветкі ў парадных мундзірах гуртуюцца менскія энкавэдысты, якія на Лодачнай разбіраюць свежа вапнаваную печку Бабарозы. Каля печкі яе сястра-галандка – якая нікога ніколі не грэла, таксама халодна-заснежаная. З-за круглых бакоў яе вызірае альбіносы твар Інгвары Эрыксан, шведскай інжынеркі-першапраходніцы, чужынкі ў чужой краіне, поўнай вар’яткі. Брат міністра інфармацыі і прапаганды лезе з чэрава самога міністра. У браце ўгадваецца Дзядзміша, які памёр у трохгадовым веку ад тыфусу. Бледныя, бялёсыя, зусім не падобныя да сябе Бабагруня ў хрэстаматыйнай хустцы (я бачыў яе такую на адной паваеннай фатаграфіі) і Дзядзюля ў не менш выславёнай аблавушцы, што з’ехала на адну скронь (я бачыў яго такога на фатаграфіі з расійскай эвакуацыі), – усе яны вывяргаюць з папяровых вуснаў выразаны нажніцамі моўны арнамент: руны, арабескі. Шэпчуцца сабе на дзіўных гаворках. Аднак нам усё ясна, бо, між намі, што яны могуць сказаць? “Шу-шу-шу… Марная марнасць… шу-шу-шу… пагоня за ветрам… ну, вы самі ўсё разумееце…” Гіпнатычна шаргацяць папяровыя бакі фігурак, і кардонны вецер злёгку кратае вершаліны абсыпаных снегам ялінаў і соснаў. Нерушна-белыя сценкі стэнд-партала kautun.by атуляюць, спавіваюць нас сваімі шоўкавымі крыламі бусла.
– Нематэрыяльная культурная спадчына, нематэрыяльная спадчына, нематэрыяльная… – шэпчаш ты ў паўсне, і я ўздымаюся, каб захінуць цябе калматай гатэльнай коўдрай. Тваё тулава трапечацца, як злоўленая ў цянёты птушка.
– Бездань чалавечай псіхікі, – выразна вымаўляеш ты яшчэ.
– Ыгым, – кажу я. Мне заўжды падабаліся змоўніцкія ноткі ў тваім голасе.
Праз нейкі час ты манерна прачынаешся, крыху бяздумна глядзіш у акно і дадаеш:
– І, вядома, з нацыянальным каларытам, шаноўны гер.
І праз хвіліну засынаеш насамрэч – назаўжды.
Раздзел 7
Шлюб Бабагруні і Дзядзюлі
Адзінай рэччу, якая бянтэжыла Бабарозу ў яе новым габрэйскім зяцю, было ягонае імя – Юлій.
– Што за Юля такі? – усё ніяк не магла даўмецца Бабароза. Яна ў думках гартала старонкі ўлюбёнай кнігі, але адказу не знаходзіла.
– Ну, Юлій, старажытнае мужчынскае імя! – аднойчы не вытрымала Бабагруня. – Як Юлій Цэзар, рымскі імператар.
І гэта быў канец.
– Рымлянін? – Бабароза падазрона ўскінула і так высока намаляванае брыво. Адзінага рымляніна, якога яна добра ведала, прычым з нядобрага боку, быў Понцій Пілат.
Згэтуль нібыта чорная котка прабегла між ёю і Дзядзюлем. Дарма што наяўных правінаў у Дзядзюлі вялася процьма, аднак Бабароза пачала падазраваць зяця ў грахах іншага парадку. Грахах, як на дробнага геданіста Дзядзюлю – надта непадумных, грахах смяротных. Дзядзюля больш не быў адурманеным кайфунчыкам, ахвяраю наканаваных абставінаў, пастанавіла Бабароза. А наадварот – самім іх аўтарам, творцам жахаў. Вахлаком, злыдухам, люцыпарам. Трупажэрам з пекла родам.
Мядовы месяц з цешчай скончыўся. Дзядзюля толькі-толькі прыступіўся да практыкі ў пракуратуры ў якасці судовага выканаўцы, але Бабароза ўжо пляла грушы на вярбе пра сотні нявінных душаў, якія той нібыта паспеў там загубіць. Маўляў, у сваёй пракуратуры “пракуратар Юлій” укрыжоўваў людзей: планаваў масавыя знішчэнні, наўмысна падвышаў артыкул крымінальнага кодэксу: дамушнікам шыў рабаванне, рабаўнікам – забойствы, забойцам – шпіянаж на карысць Амерыкі. Дзядзюля, дамарослы грэхаводнік, дэманізаваўся ўвачавідкі. Не дапамагала нават прыналежнасць Дзядзюлі да іншай рэлігіі, у якой няма месца пеклу і нячысціку.
Бабароза атакавала найбліжэйшага служку вельзевула паўсюдна: дома, па тэлефоне, пры суседзях. Калі Бабароза бачыла Дзядзюлю за кухонным сталом, дык мусіла сыкнуць: “Ну, што? З ног грахі збілі?! Забойца!” Ад абурэння Дзядзюля падскокваў, а Бабароза працягвала згінаць зяця ў казіны рог: “А-а, грахі сядзець не даюць?! Крывасмок!”